ГУК (Hooke) Роберт (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),
англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл.Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ЙГЕНС (Huygens) Крысціян (14.4.1629, г. Гаага, Нідэрланды — 8.6.1695),
нідэрландскі фізік, механік, матэматык і астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663) і Парыжскай АН (1966). Вучыўся ва ун-тах Лейдэна (1645—47) і Брэда (1647—49). У 1665—81 працаваў у Парыжы. Сфармуляваў асновы хвалевай тэорыі святла (гл.Гюйгенса—Фрэнеля прынцып), даследаваў рух цел пад дзеяннем удару, вывеў формулу цэнтраімклівага паскарэння. Вынайшаў маятнікавы гадзіннік (1657), удасканаліў падзорную трубу, адкрыў кольцы Сатурна і яго спадарожнік Тытан. Сканструяваў акуляр (акуляр Гюйгенса), вызначыў (з Р.Гукам) пастаянныя пункты тэрмометра (пункт раставання лёду і пункт кіпення вады).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о свете... М.; Л., 1935;
Три мемуара по механике. [Л.], 1951.
Літ.:
Франкфурт У.И., Френк А.М. Христиан Гюйгенс, 1629—1695. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ЎСКАЯ Апалонія (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Генадзь Васілевіч (1885, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 1937 ?),
бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т. З 1911 настаўнічаў. У 1916—19 справавод Мін-ва (з кастр. 1917 Нар. камісарыят) поштаў і тэлеграфаў. У 1917 увайшоў ад Бел.сацыяліст. грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закону аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі. На пач. 1918 заг.юрыд. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Петраградзе. З 1919 настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай бел. гімназіі, рэдагаваў газ. «Незалежная думка». У 1924 эмігрыраваў у СССР. Працаваў выкладчыкам віцебскіх пед. тэхнікума і ветэрынарнага ін-та. У 1930 арыштаваны, прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Слабадскі Кіраўскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ,
удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.
Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв.Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.К.Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.
Літ.:
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ФІЛАСО́ФСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
добраахвотная навук.-грамадская арг-цыя. Аб’ядноўвае навукоўцаў і інш. грамадзян, якія распрацоўваюць фундаментальныя філас. праблемы, умацоўваюць сувязі філас. навукі з грамадскай практыкай або актыўна садзейнічаюць гэтаму. Створана ў 1992 (з 1973 існавала як Бел. аддзяленне філас.т-ваСССР). Асн. задачы: дапамога членам т-ва ў пашырэнні і паглыбленні спец. ведаў, павышэнні іх ідэйна-тэарэт. і метадалагіч. ўзроўню, удзел у рабоце навук. форумаў, укараненне ў практыку вынікаў навук. распрацоўкі праблем філасофіі, актыўных метадаў яе выкладання і прапаганды дасягненняў бел. філосафаў; ажыццяўленне навук. сувязяў з філас. т-вамі інш. краін і міжнар.навук. арг-цыямі ў галіне філасофіі; ажыццяўленне выдавецкай і рэкламнай дзейнасці. Т-вам выдадзены зб. «Праблемы развіцця сучаснай філасофіі» (1994), «Праблемы грамадскай свядомасці» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Вовк) Фёдар Кандратавіч
(17.3.1847, с. Крачкоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1918),
украінскі этнограф, антраполаг, археолаг. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэскім) і Кіеўскім ун-тах. За ўдзел ваўкр.нац. руху цярпеў ганенні. У 1879—1905 у эміграцыі ў Францыі. З 1907 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. Удзельнічаў у выданні «Кабзара» Т.Р.Шаўчэнкі (Прага, 1876), «Матэрыялаў да ўкраінска-рускай этналогіі» (з 1899), якія выпускала Этнагр. камісія Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове. У працах «Антрапалагічныя асаблівасці ўкраінскага народа» і «Этнаграфічныя асаблівасці ўкраінскага народа» (абедзве 1916) адмаўляў агульнасць культур укр., рус. і бел. народаў, лічыў, што ўкраінцы па антрапал. прыкметах складаюць адзіны тып, які рэзка адрозніваецца ад антрапал. тыпу рускіх і беларусаў. Даследаваў палеаліт. Мезінскую стаянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙЦЫЯ (Deutzia),
род кветкавых раслін сям. гідрангіевых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ваУсх. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 16 відаў, з іх для зялёнага буд-ва рэкамендаваны Д. пышная (D. magnifica), пурпуровая (D. purpurascens) і шурпатая (D. scabra). Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Пераважна лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце простае, яйцападобнае, даўж. да 12 см, зубчастае, зверху ўкрытае зорчатымі валаскамі. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, да 2 см у дыям., сабраныя ў шчыткі, гронкі або мяцёлкі, рэдка адзіночныя. Плод — шматнасенная шарападобная каробачка. У бат. садах і парках Беларусі трапляюцца таксама Д. зграбная (D. gracilis), драбнакветная (D. parviflora), Шнейдэра (D. schneideriana), Максімовіча (D. maximowicziana) і інш.Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз.стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял.Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗВОН»,
штодзённая паліт.-эканам. і літ. газета. Выдавалася з 25 жн. да 19 кастр. 1919 у Мінску на бел. мове. Рэдактар Я. (Ядвіга, Іадвіга) Луцэвіч. [Подпіс «Рэдактар-выдавец І.Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (А.Лойка, Ю.Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам газеты быў Я.Купала (І.Луцэвіч)]. Фактычна газетай кіраваў «кансорцыум» у складзе Я.Лёсіка, Ю.Фарботкі, А.Прушынскага (А.Гаруна), М.Касцевіча (М.Краўцова). Змяшчала хроніку жыцця ва ўмовах польскай акупацыі. Выступала за адбудову бел. дзяржаўнасці, адраджэнне яе гаспадаркі і культуры, прапаноўвала канкрэтную праграму дзярж.буд-ва і ўзаемаадносін з суседнімі краінамі (Польшчай, Расіяй і інш.). Асвятляла дзейнасць па стварэнні нац. школы, выказвала пратэст супраць захопу польскімі ўладамі памяшканняў бел.навуч. устаноў у Мінску. Мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Мінскія навіны», «Беларускі тэатр» і інш. Публікавала маст. творы Я.Купалы, З.Бядулі, Лёсіка, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота і інш.