адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМА́ЛІЯ (грэч. anōmalia),
1) адхіленне ад нормы, ад агульнай заканамернасці, ненармальнасць.
2) У біялогіі і медыцыне — адхіленне ў будове ці функцыях асобнага органа або ўсяго арганізма, абумоўленае парушэннямі яго эмбрыянальнага развіцця. Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю, пашкоджаннем зародка пад уплывам мех., інфекц., таксікагенных, радыяцыйных і інш. фактараў. Напр., шасціпальцасць, парок сэрца, заечая губа, альбінізм, гемафілія. Крайняя форма анамаліі — пачварнасць.
3) У метэаралогіі — адхіленне велічыні пэўнага метэаралагічнага элемента ў пэўным месцы ад нормы. Адрозніваюць адхіленне ад шматгадовай сярэдняй велічыні (напр., сярэдняй т-ры месяца за асобны год) і шматгадовай сярэдняй велічыні таго ж элемента для ўсяго шыротнага круга, дзе знаходзіцца гэтае месца (напр., для 55°паўн. ш.). Размеркаванне анамаліі вывучаецца з дапамогай картаў ізанамал (лініі, што злучаюць пункты з аднолькавымі велічынямі). Анамаліі бываюць адмоўныя, калі велічыня меншая за сярэднюю шматгадовую, і дадатныя, калі велічыня большая. На Беларусі (Мінск) адмоўная анамалія сярэднямесячнай т-ры паветра 6,3 °C, дадатная 5,5 °C. Асабліва вял. тэмпературныя анамаліі ўласцівы мацерыкам Паўн. паўшар’я (напр., зімой у Верхаянску адмоўная анамалія складае 26 °C, у Паўн. Амерыцы — 16 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАКНЯ́ЖАЦКІ СУД, гаспадарскі суд,
вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы аб дзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 17 ст. Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найб. тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама. На аснове развітога нар. ткацтва ў 18—19 ст. былі засн.Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры (гл.Гродзенскія дываны), паясы (гл.Гродзенскія паясы) і інш. У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысл. арцелі, а пасля Айч. вайны нар. майстры працавалі ў сістэме ф-к маст. вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыц. формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.
Дз.С.Трызна.
Гродзенскае ткацтва. Посцілка. Вёска Малая Воля Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,
навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.В.Кантаровіч, Дж.Б.Данцыг, Р.Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКА́ЗНІК,
участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,
у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРО́ГЛІФ (ад грэч. hieros свяшчэнны + glyphē тое, што выразана),
пісьмовы знак у некаторых відах ідэаграфічнага пісьма, які мае выгляд якога-н. аб’екта (чалавека, жывёлы, прадмета). Служыць для абазначэння асобных слоў і паняццяў, часам І. можа быць і фанетычным сімвалам (абазначаць склады і асобныя гукі). І. выкарыстоўваліся ў егіп. пісьме з 4-га тыс. да н.э. Вядома каля 5 тыс.егіп. І., аднак у кожную эпоху ўжывалася каля 700—800 знакаў.
Сярод егіп. І. адрозніваліся аднакансанантныя (абазначалі зычныя гукі егіп. мовы), двух-, трохкансанантныя (для фанет. перадачы марфем), ідэаграмы (для абазначэння цэлых слоў), дэтэрмінатывы (дапаможныя ідэаграфічныя знакі для ўдакладнення значэння слоў).
І. называюць таксама знакі стараж. (2-е тыс. да н.э.) і сучаснага кітайскага пісьма, выяўл. разнавіднасці хецкага пісьма (2—1-е тыс. да н.э.), японскага пісьма і інш.
Літ.:
Шампольон Ж.Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр. [М.], 1950;
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. 2 изд. М., 1965;
Павленко Н.А. История письма 2 изд. Мн., 1987.
Да арт.Іерогліф. Іерагліфічны надпіс на сцяне грабніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́ЛЬНЫЯ ЎКЛАДА́ННІ,
сукупнасць затрат матэрыяльных, працоўных і грашовых рэсурсаў на пашыранае ўзнаўленне асн. фондаў нар. гаспадаркі; сума аднаразовых затрат на павелічэнне аб’ёму і паляпшэнне структуры асн. і абаротнага капіталу. Асн. прызначэнне К.у. — увод новых і падтрыманне дзеючых вытв. магутнасцей, паляпшэнне ўмоў і павышэнне прадукцыйнасці працы, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, асваенне новых відаў прадукцыі і павышэнне яе якасці. Уключаюць затраты на буд. матэрыялы, канструкцыі і дэталі, механізмы, транспартныя сродкі, тэхн. дакументацыю і інш. Могуць быцьагульнымі і складаюцца з агульнай сумы ўкладання ў пэўны аб’ект; новымі — без уліку выкарыстання дзеючых вытв. фондаў; дадатковымі — вызначаюцца розніцай агульных К.у. па 2 варыянтах рашэння гасп. задачы (напр., пры выбары варыянтаў новай тэхнікі, рэканструкцыі прадпрыемстваў і інш.); спалучанымі — тымі, што павялічваюцца ў сумежных галінах пры адсутнасці ў іх рэзерваў магутнасцей; спадарожнымі — неабходнымі для нармальнага функцыянавання сродкаў працы ў спажыўца (напр., затраты на буд-ва новых памяшканняў для работы новай тэхнікі, пашырэнне рамонтнай базы або яе мадэрнізацыя і інш.). Крыніцай фінансавання К.у. з’яўляюцца крэдыт, сродкі дзярж. бюджэту, прыбытак прадпрыемства, амартызацыйныя адлічэнні і інш.Гл. таксама Інвестыцыі.