ГІПС

(ад грэч. gypsos мел, вапна),

1) мінерал класа сульфатаў, CaSO4·2H2O. У чыстым выглядзе мае 32,6% аксіду кальцыю CaO, 46,5% сернага ангідрыду SO3 і 20,9% вады H2O. Механічныя прымесі пераважна ў выглядзе гліністых і арган. рэчываў, сульфідаў і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей слупкаватыя або прызматычныя, часта ўтвараюць двайнікі («ластаўчын хвост»). Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, парашкападобныя, канкрэцыі, валокны, іголкі, друзы. Афарбоўка ў залежнасці ад прымесей — ад бясколернай і белай да шэрай, жоўтай, чырвонай, ружовай, бурай і чорнай. Бляск шкляны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 2,3 г/см³. У вадзе прыкметна растваральны (20,5 г/л пры 20 °C). Па паходжанні хемагенны, радзей гідратэрмальны. Разнавіднасці: селеніт (валакністы гіпс), гіпсавы шпат (пласцінкавы гіпс) і інш. Выкарыстоўваецца ў цэментнай прам-сці, буд-ве, медыцыне, папяровай вытв-сці.

2) Асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з мінералу гіпсу і прымесей даламіту, ангідрыту, цэлесціну, гідраксідаў жалеза, серы, кальцыту і інш. Паводле ўмоў утварэння адрозніваюць радовішчы гіпсу пярвічныя, што ўтварыліся ў лагунах ці азёрах, і другасныя, што ўзніклі пры выветрыванні (гідратацыі ангідрытаў), радовішчы вышчалочвання («гіпсавы капялюш»), метасаматычныя і інш. Прамысл. значэнне маюць пярвічныя лагунныя радовішчы гіпсу. На Беларусі да такіх належыць Брынёўскае радовішча гіпсу.

Гіпс будаўнічы, алебастр, вяжучы матэрыял паветранага цвярдзення, 2CaSO4·H2O. Выкарыстоўваюць пераважна для ўнутр. апрацоўчых работ.

Гіпс у скульптуры і архітэктуры, адзін з гал. матэрыялаў скульптуры. Выкарыстоўваецца для стварэння рабочых мадэлей, якія потым павялічваюць да памераў скульптуры, а таксама для вырабу пустых формаў пры адліўцы копій, тоесных арыгіналаў, пераходных мадэлей скульптур для пераводу іх у іншыя матэрыялы, пры рэпрадуктаванні ўзораў сусв. скульптуры для музеяў, інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вядомы з часоў Стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма.

На Беларусі як матэрыял станковай скульптуры пашырыўся ў 19 ст. У гіпсе выкананы барэльеф Т.Зана (Р.Слізень, 1-я пал. 19 ст.), «Алегорыя скульптуры» К.Ельскага (1858), бюст Т.Касцюшкі (Я.Астроўскі, 1860), партрэты М.Багдановіча (А.Грубэ, 1927) і інш.

Літ.:

Одноралов Н.В. Скульптура и скульптурные материалы. 2 изд. М., 1982.

У.Я.Бардон, І.М.Каранеўская (у скульптуры і архітэктуры).

т. 5, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл. Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл. Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл. Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл. Геатэхналогія) і інш.

Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл. Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА «Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.

Літ.:

Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.

Б.А.Багатаў, М.І.Беразоўскі.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́Г,

Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення, у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНК СССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец. Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр. СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн. чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУС СССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс. чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс. чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.

Пасля выхаду ў свет кн. А.Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.

Літ.:

Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;

Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте... »: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;

Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;

Кузнецов И. Без грифа «секретно». Мн., 1997.

У.І.Адамушка, І.М.Кузняцоў.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́К

(Białystok),

горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц. Беластоцкага ваяводства. 275 тыс. ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.

Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст. наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн. руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач. яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел. паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦК КПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.

Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамайвежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).

У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-ва бел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел. т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-р муз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж. яўр. т-р БССР (1940).

У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац. т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм. т-р (1958, 1965).

А.П.Госцеў (гісторыя), Н.К.Мазоўка (архітэктура).

т. 3, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНЛА́НДЫЯ

(эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),

аўтаномная частка Даніі на найб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс. км². Нас. 58 тыс. чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц. мовы — эскімоская і дацкая.

Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн. км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва на ПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр. ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы ад -7 °C на Пд да -36°C на Пн, ліп. адпаведна ад 10°C да 3°C. У цэнтр. ч. вострава сярэдняя т-ра студз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў на Пд 800—1100 мм за год, на Пн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, на Пн арктычная пустыня. На ПнУ Грэнландскі нацыянальны парк.

Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на паўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, на ПнЗ жыве толькі 1,5%, на ўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.

Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс. г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд. ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс. англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена на Усх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі на Усх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап. эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.

Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс. т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс. галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс. галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.

Літ.:

Возгрин В.Е. Гренландия и гренландцы. М., 1984.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ

(да 1961 Сталінградская вобласць),

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс. км². Нас. 2673,2 тыс. чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г. Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.

Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд. ч. Прыволжскага ўзв. (выш. да 358 м), паўн. ч. Ергені, паўд.-ўсх. ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.

Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у тым ліку таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. т·км, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у тым ліку 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.С.Міленькі.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня), на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

форма арганізацыі вытв-сці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Дае магчымасць аб’яднаць дробныя капіталы акцыянераў для вырашэння маштабных вытв.-гасп. праблем (буд-ва чыгунак, буйных прадпрыемстваў і інш.), аператыўна манеўраваць сродкамі, дэмакратызаваць капітал, зацікавіць акцыянераў у павелічэнні прыбытку. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў). Акцыянернае таварыства — юрыд. асоба, мае свой статут. Вышэйшы орган — агульны сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктароў). Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў акцыянераў (уласны капітал), назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску аблігацый. Па абавязацельствах акцыянернае таварыства адказвае толькі сваёй маёмасцю (абмежаваная адказнасць), акцыянеры — толькі коштам іх акцый. Удзел акцыянераў у кіраванні акцыянернага таварыства абмежаваны. Вырашальная роля ў прыняцці рашэнняў належыць уладальніку кантрольнага пакета (51%) акцый. Але ва ўмовах распылення акцый сярод. вял. колькасці акцыянераў для атрымання большасці галасоў фактычна дастаткова 15—20% акцый.

Першыя акцыянерныя таварыствы ўзніклі ў 1600 у Англіі і ў 1602 у Нідэрландах, дзякуючы сваім перавагам сталі асн. формай прадпрымальніцкай дзейнасці сярэдніх і буйных прадпрыемстваў. У Расіі да рэформы 1861 было 120 акцыянерных таварыстваў, да 1914 — 2235 (дамінуючае становішча займалі ў фабр.-заводскай прам-сці).

На Беларусі ў 1913 было 20 акцыянерных таварыстваў, у 1914 ім належалі 34 буйныя прадпрыемствы: ільнопрадзільныя ф-кі ў Віцебску («Дзвіна») і ў Высачанах (Аршанскі р-н), віцебскі трамвай, з-д сухой перагонкі драўніны ў Выдрыцы (Аршанскі р-н), запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, Гродзенская тытунёвая, Дубровенская тэкстыльная ф-кі і інш. Доля акцыянерных таварыстваў у аб’ёме валавой прадукцыі ў 1914 складала 14,8%. У перыяд новай эканам. палітыкі ў БССР ствараліся дзярж. (пры ўдзеле некалькіх гасп. наркаматаў), мяшаныя (дзярж.-каап. і дзярж.-прыватныя), каап. і прыватныя акцыянерныя таварыствы. У розных галінах дзейнічалі Белкамунбанк, Бел. т-ва с.-г. крэдыту, Дзяржгандальбел, Віцебскгандаль, Палесгандаль, Хлебапрадукт. У 1923—28 зарэгістравана 20 прыватных акцыянерных таварыстваў. У канцы 1920-х г. яны рэарганізаваны ў буйныя дзярж. прадпрыемствы. Зноў пачалі ўзнікаць з пач. 1990-х г. з фарміраваннем рыначнай эканомікі, пераважна на базе дзярж. прадпрыемстваў з удзелам сродкаў працоўных калектываў. Як акцыянерныя таварыствы ўзнікаюць і камерцыйныя банкі, біржы і інш. рыначныя структуры. На на Беларусі зарэгістравана 1021 акцыянернае таварыства, у т. л. 780 закрытых.

Л.А.Лобан.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я

(араб. Аль-Іскандарыя),

горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн. ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца 4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш. Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.

Засн. ў 332—331 да н.э. Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст. н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст. н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.

Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч. арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).

Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц. скульпт. А.Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац. б-ка.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)