ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл.таксамаНадмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл.таксамаПартрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,
галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).
Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст.н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл.вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).
На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд.ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах.ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.
Літ.:
Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ.М., 1982;
Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,
сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш.юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн.гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт.Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.
Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл.Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НЧЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
штучныя перашкоды, прызначаныя для доўгатэрміновай абаронынас. пункта ці пэўнай тэрыторыі ад праціўніка.
Найб.стараж. абарончыя збудаванні — агароджы з дрэва, зямлі ці камянёў, равы, валы. У Стараж. Рыме стваралі ўмацаваныя ваен. пасяленні — лагеры. На ўскраінах Рым. імперыі будавалі т.зв. рымскія валы (Адрыянаў вал, Антанінаў вал, Траянаў вал). Разнастайныя тыпы абарончых збудаванняў ствараліся ў сярэднявеччы: для абароны замкаў, манастыроў (земляныя валы, равы, крапасныя драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі і машыкулямі, брамы з герсамі, барбаканы), аховы вял. тэрыторый (Вялікая Кітайская сцяна, «Вялікая засечная мяжа» на паўд. межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. і інш.). Своеасаблівыя тыпы абарончых збудаванняў — дзядзінец, крэмль, замак.
Першыя абарончыя збудаванні на тэр. Беларусі — гарадзішчы, з’явіліся ў жал. веку (7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). Паступова яны ўскладняліся ад простых драўляных агароджаў па краях да шматрадных драўляна-земляных умацаванняў. З развіццём гарадоў (9—13 ст.) гал. Абарончымі збудаваннямі сталі равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). У 12 ст. з’явіліся мураваныя вежы з выкарыстаннем у муроўцы валуноў (Гродна). З пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў 13 ст. сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой была вежа-данжон у драўляным ці мураваным замку (гл.Навагрудскія замкі, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш.). У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем агнястрэльнай зброі ствараліся замкавыя комплексы (Мірскі замак, Нясвіжскі замак), узнікла фартыфікацыя, удасканальваліся традыц. драўляна-земляныя ўмацаванні. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы і інш. існавала некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі цэнтр горада і пасады. Абарончыя прыстасаванні мелі многія грамадзянскія збудаванні — ратушы, сядзібы, дамы-крэпасці, а таксама цэрквы, касцёлы, кляштары, манастыры, сінагогі. Іх сцены будаваліся высокія і тоўстыя, па кутах будынкаў ці над уваходам ставіліся баявыя вежы з байніцамі, уваходы дадаткова засцерагаліся бабінцамі, каванымі дзвярыма, пад’ёмнымі кратамі-герсамі. Вакол будынкаў узводзіліся валы з драўлянымі ці мураванымі сценамі, вежамі або бастыёнамі. Адзін з першых умацаваных храмаў на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор. Аналагічнымі абарончымі храмамі былі Супрасльская царква-крэпасць, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць, Камайскі касцёл і інш. У 19 ст. ўзніклі фортавыя абарончыя збудаванні (гл.Крэпасць) з вынесенымі на 1—2 км наперад ад цэнтр. ўмацавання фортамі (Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць). У 1-й пал. 20 ст. ствараліся ўмацаваныя раёны і палосы абароны (напр., Беларуская прыгранічная паласа абароны).
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;
Яго ж. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Абарончыя збудаванні. Навагрудскі замак. Пачатак 16 ст. Рэканструкцыя.Да арт.Абарончыя збудаванні. Лідскі замак. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Абарончыя збудаванні. Брэсцкая крэпасць. З карціны мастака М.Залескага. 1840.Да арт.Абарончыя збудаванні. Замак Крак-дэ-Шэвалье ў Сірыі. 12 — пач. 13 ст.Да арт.Абарончыя збудаванні. Крэпасць у Каркасоне (Францыя). 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВКБССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.Ф.Карскі, прафесары В.П.Волгін, Л.С.Мінор, У.І.Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.М.Пранішнікаў, Ф.Ф.Турук, А.Ф.Фартунатаў, К.А.Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.І.Барычэўскі, Ц.М.Годнеў, М.В.Доўнар-Запольскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, М.А.Янчук і інш. Для работы ў БДУтаксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук.л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел.політэхн.ін-т. У гады Вял.Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.
У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд.навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв.геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук.час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).
У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел.рэсп.навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж.гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),
вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст.маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш.франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.
Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст.маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.
На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар.нац. габелена.
Літ.:
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Да арт.Габелен. П.Бондар і Н.Пілюзіна. Беларусь. 1982.Да арг.Габелен. В.Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.Да арт.Габелен. Г.Стасевіч. Купалле. 1982.Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (сапр.Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч
(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
бел.тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар.арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел.прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел.дзярж. т-ры (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж.бел.нар.т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял.культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛТрайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш.Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял.кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.