КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.
Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш.дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ на Зямлі, працэсы ператварэння і перамяшчэння рэчываў у прыродзе, якія шматразова паўтараюцца. Маюць розны маштаб і цыклічны характар у межах кожнай асобнай геасферы (біясферы, атмасферы, гідрасферы, літасферы) і паміж імі. Агульны кругаварот складаецца з асобных працэсаў (кругаварот вады, газаў, хім. элементаў), якія не поўнасцю абарачальныя (адбываецца рассейванне рэчыва, змена яго складу і інш.). У сучасны перыяд абмен рэчываў паміж геасферамі па вертыкальным напрамку назіраецца ў межах 10—20 км ад паверхні Зямлі (месцамі да 50—60 км). Вял. ролю ў К.р. адыгрываюць жывыя арганізмы, што ўдзельнічаюць у кругавароце асобных хім. элементаў (кіслароду, вугляроду, кальцыю і інш.). Глабальнае ўздзеянне на К.р. аказвае дзейнасць чалавека, у выніку якой узнікаюць новыя шляхі міграцыі рэчываў, і мяняюцца тыя, што склаліся ў прыродзе, з’яўляюцца рэчывы з новымі ўласцівасцямі. Вял. ўклад у вывучэнне К.р. зрабіў У.І.Вярнадскі, які вылучыў геахім. групу т.зв. цыклічных хім. элементаў (да іх адносяцца вельмі пашыраныя і многія рэдкія хім. элементы); В.Р.Вільямс і інш. разглядалі біял. цыклы азоту, вуглекіслаты. фосфару і інш. ў сувязі з вывучэннем урадлівасці глеб. Гл. таксама Ахова прыроды, Прыродакарыстанне.
Да арт.Кругаварот рэчываў на Зямлі. Схема кругавароту фосфару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧКО́ЎСКІ,
(Kruczkowski) Леан (28.6.1900, г. Кракаў, Польшча — 1.8.1962), польскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыў Вышэйшую прамысл. школу ў Кракаве (1918). У 2-ю сусв. вайну ў лагеры ваеннапалонных у Германіі. Ў 1945—48 нам. міністра культуры і мастацтва ПНР. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. У першым зб. вершаў «Молаты над светам» (1928) адлюстраваў крах ідэалаў маладога пакалення Польшчы. У рэаліст.гіст. рамане «Кардыян і хам» (1932) асэнсоўвае ролю шляхты ў паўстанні 1830—31. Раман «Паўлінава пер’е» (1935) пра галіцыйскую вёску напярэдні 1-й сусв. вайны. Раман «Цянёты» (1937), п’еса «Немцы» (паст. 1949; Дзярж. прэмія Польшчы 1950) антыфаш. накіраванасці. У п’есах «Помста» (1948), «Юльюш і Этэль» (1954), «Наведванне» (1955), «Першы дзень свабоды» (1960), «Смерць губернатара» (1961) філас.-псіхал. і маральная праблематыка. У зб.апавяд. «Эскізы з пекла праўдзівых людзей» (1963) гістарызм спалучаны з маральнымі аспектамі. Аўтар публіцыстычных кніг «У атмасферы дыктатуры» (1938), «Сустрэчы і супастаўленні» (1950), «Сярод сваіх і чужых» (1954) і інш.Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1955. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Брыль, П.Пестрак, Я.Міско.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл.Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,
прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл.Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЭ́ВІЧ (Васіль Феафілавіч) (24.1.1897, в. Кальнікі Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.3.1969),
бел. вучоны ў галіне батанікі, заснавальнік глебавай энзімалогіі; дзярж. дзеяч Беларусі. Чл.-кар.АНСССР (1953). Акад.АН Беларусі (1952), д-рбіял.н. (1942), праф. (1950). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў нар. асветы (Масква, 1931). З 1934 у Ін-це біял.навук. Беларусі. З 1938 у Бат. ін-це АНСССР (з 1949 дырэктар). З 1952 прэзідэнт АН Беларусі, адначасова з 1953 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1958 у Аддзеле фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, сістэматыцы грыбоў. Выявіў пазаклетачнае выдзяленне ферментаў у аблігатных паразітаў і кончыкамі каранёў вышэйшых раслін, даказаў магчымасць засвойвання раслінамі вуглекіслаты, якая трапляе ў каранёвую сістэму з вадою з глебы. Яго імем названы Ін-тэксперым. батанікі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА (Акіра) (23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш.Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).