РУА́НДА (Ruanda, Rwanda), Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda),
дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМІРАВАННЕ РЭЛЬЕФУ.
Рэльеф Беларусі ўтварыўся ў выніку ўзаемадзеяння экзагенных і эндагенных фактараў на працягу ўсёй геалагічнай, асабліва мезазойска-кайназойскай, гісторыі развіцця зах. часткі Усходне-Еўрапейскай платформы, а ў апошні час і тэхнагенных працэсаў. Вялікую ролю адыгралі ледавіковыя покрывы, якія ў чацвярцічны перыяд неаднаразова насоўваліся ў межы рэгіёна, што прывяло да значнай змены агульнага араграфічнага аблічча.
У канцы перадледавікоўя тэр. Беларусі ўяўляла сабой пераважна спадзіста-хвалістую дэнудацыйную раўніну, паверхня якой мела форму амфітэатра, адкрытага на ПнЗ, і была складзена з карэнных парод. На ПдЗ пераважалі азёрна-алювіяльныя, месцамі забалочаныя нізіны. Перасечанасць рэльефу была невялікая. Паўсюдна сустракаліся азёры тэктанічнага і старычнага паходжання (асабліва на ПдЗ Беларусі). На Пн і У яны займалі невялікія плошчы, і толькі ў раёне сучаснага сярэдняга цячэння Прыпяці знаходзіўся вялікі вадаём або група вадаёмаў.
У нараўскі час значную частку тэр. Беларусі перакрывалі ледавіковыя покрывы, мяжа распаўсюджвання якіх праходзіла па лініі Шарашова—Любань—Глуск—Жлобін—Клімавічы. У выніку дзейнасці ледавіка ўзнік складаны комплекс марэнных, флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых адкладаў, якія ў наш час пашыраны толькі ў зах. і цэнтр. частках краіны. На астатняй тэр. ўтварэнні нараўскага ўзросту ў значнай ступені размыты або здзёрты наступнымі ледавіковымі покрывамі. Морфагенез нараўскага часу на тэр. Беларусі ў генетычных адносінах значна адрозніваецца ад даледавіковага: павялічылася агульная расчлянёнасць зямной паверхні да 120—140 м, паўд. частка (Палессе) пачала набываць выгляд катлавіны. Узніклі краявыя ледавіковыя ўзвышшы, якія прымеркаваны да плошчаў распаўсюджвання сучаснага ўзгоркава-градавага рэльефу. Плошчы гэтых стараж. узвышшаў былі невялікія, найбольшыя з іх — міжлопасцевыя ўтварэнні ў раёне Гродна, Навагрудка і на Пн ад Мінска.
На тэр. Беларусі трапляюцца адклады белавежскага міжледавікоўя ў выглядзе азёрных, азёрна-алювіяльных і балотных комплексаў, размешчаных у паніжэннях на ледавіковых адкладах, у лагчынах — на больш стараж. гарызонтах. Рэльеф стаў больш разнастайным: дэнудацыйныя паверхні змяніліся пераважна ледавіковымі. Дэнудацыйныя раўніны зберагліся толькі на Пд і У Беларусі. На астатняй тэр. рэльеф складалі пераважна спадзістахвалістыя зандравыя раўніны і нізіны, над якімі на 40—60 м узвышаліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы і на 5—10 м — марэнныя раўніны. Ніжэй зандраў (на 5—10 м) размяшчаліся азёрна-ледавіковыя нізіны, атаксама азёры і рачныя даліны (Пра-Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, Сож і інш.). Бярэзінскі ледавік амаль цалкам перакрыў тэр. Беларусі. У пазаледавіковай зоне засталіся толькі тэрыторыі на Пд ад лініі Столін—Петрыкаў—Ельск. Паверхня бярэзінскіх адкладаў у цяперашні час залягае ніжэй абсалютных адзнак 90—150 м, зрэдку апускаецца да 30—70 м або падымаецца на асобных участках Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град вышэй за 150 м. Шматлікія лагчыны і ўрэзы таго часу сведчаць пра вял. выворвальную дзейнасць ледавіка. Пасля адступання бярэзінскага ледавіка павялічыліся плошчы спадзістахвалістых марэнных раўнін і асабліва плоскіх азёрна-ледавіковых раўнін і нізін. Сфарміраваліся ледавіковыя ўзвышшы на месцы амаль усіх сучасных град (акрамя Мазырскай грады). Зменшыліся плошчы дэнудацыйных раўнін, складзеных з карэнных (палеаген-неагенавых) парод.
Александрыйскае міжледавікоўе папярэднічала самаму значнаму (прыпяцкаму) ледавіковаму покрыву на тэр. Беларусі. Густая сетка прыледавіковых азёр, што ўзніклі пры адступанні бярэзінскага ледавіка, прадоўжыла сваё развіццё. Яны сталі тыповымі вадаёмамі гуміднай зоны. На ПдЗ Беларусі азёрнасць складала да 20%. Даволі шырока распаўсюджваліся выраўнаваныя і паніжаныя прасторы, інтэнсіўна дрэніраваныя густой сеткай рэк (Пра-Дняпро, Прыпяць, Сож, Нёман, Бярэзіна і інш.). Рэкі мелі шырокія даліны, не падобныя на сучасныя вадацёкі. Ваганні адносных вышынь сталі больш значнымі: узвышшы, якія адпавядаюць сучасным Гродзенскаму, Навагрудскаму, Мінскаму, перавышалі ўрэз вады на 60—100 м. Астатнія ледавіковыя ўзвышшы мелі адносныя вышыні 20—40 м. Значную ролю на асобных участках пачалі выконваць азёрна-ледавіковыя нізіны, асабліва ў басейне Пра-Нёмана. Ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату пры адноснай стабільнасці тэктанічнага становішча ішло паступовае агульнае выраўноўванне тэрыторыі.
У пачатку прыпяцкага этапу на тэр. Беларусі насунуўся самы магутны з ледавікоў, які ў дняпроўскую стадыю амаль цалкам яе перакрыў. У час перарывістай дэградацыі гэтага ледавіка мелі месца працяглыя спыненні яго краю. У выніку ўзніклі субшыротныя ланцугі ўзвышшаў, якія вызначылі своеасаблівасці сучаснага размяшчэння рэк, азёр, балот. Гэтыя краявыя ледавіковыя комплексы на тэр. Палесся захаваліся ў межах Загароддзя, Мазырскай, Юравіцкай град, фрагментарна ў раёне Брэста, Маларыты, Рэчыцы, Чачэрска і інш.; самая вялікая і своеасаблівая паводле генезісу Мазырская града. У цэнтр. і паўн. Беларусі дняпроўскі ледавік надбудаваў узвышшы, што ўзніклі раней, паглыбіў ужо створаныя і ўтварыў новыя лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Пры раставанні і адступанні ледавіка на месцах паніжэнняў развіваліся вадасцёкі, фарміраваліся азёры.
У сожскую стадыю льды пашырыліся на паўд. частку Беларусі, да лініі Шарашова—Бяроза—Івацэвічы—Даманава—Баранавічы—Старобін—Любань—Глуск—Бабруйск—Рагачоў—Клімавічы. З сожскім зледзяненнем звязваецца канчатковае афармленне ўзвышшаў і град цэнтр. Беларусі (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Капыльскае, Ашмянскае, Мінскае). Пры стабілізацыі краю ледавіка ўзніклі шырокія, часта 2-узроўневыя зандравыя раўніны Перадпалесся і Палесся; сярод іх існавалі тэрмакарставыя азёры. У пазаледавіковай зоне намнажаліся перыягляцыяльныя адклады, фарміраваліся рачныя тэрасы, яры, лагчыны. Паступова адраджалася рачная сетка, адбываліся шматлікія перахваты рэчышчаў.
У пачатку муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі, асабліва на Пд, існавала мноства азёр. На месцы самых глыбокіх іх участкаў і зараз існуюць азёры Чырвонае, Спораўскае, Бабровіцкае, Чорнае, Белае, Арэхаўскае. На астатняй тэр. сустракаліся меншыя па плошчы азёры. Іх катлавіны і зараз вылучаюцца ў рэльефе ў выглядзе неглыбокіх паніжэнняў. Паступова фарміравалася рачная сетка, блізкая да сучаснай. Найб. узвышанай была тэр. ў цэнтры рэгіёна. На Пд і Пн пераважалі марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя раўніны і нізіны.
Апошняе (паазерскае) ледавіковае покрыва пранікла толькі на Пн Беларусі. Межы пашырэння льдоў праходзілі па паўн. схілах Гродзенскага ўзвышша, паміж Скідзелем і Астрыной, на З ад Радуні, каля Астраўца, на Пн ад Вілейкі і Докшыц, па лініі азёр Шо, Сялява, каля Оршы і ўздоўж шыротнага адрэзка Дняпра выйшлі за тэр. краіны. Гэта быў самы кліматычна суровы час за ўвесь чацвярцічны перыяд, што абумовіла інтэнсіўнасць працэсаў перыягляцыяльнага марфагенезу. На пачатку і ў сярэдзіне паазерскага этапу на Пн працягвалася развіццё рачных далін, пашыраліся балоты. У басейне Нёмана і Зах. Дзвіны фарміраваліся алювіяльныя адклады і адпаведныя ім тэрасы, якія на большай частцы тэрыторыі з’яўляюцца пахаванымі. На адрэзку, што завяршае паазерскі час, узніклі паўн. схілы Гродзенскага ўзвышша, Свянцянскія грады, Кубліцкае, Віцебскае і паўн. часткі Лукомскага і Аршанскага ўзвышшаў. На Пд ад іх утварыўся пояс зандравых раўнін, якія месцамі дасягаюць шырыні 50 км. Ледавік перапыніў сцёк вод Нёмана і садзейнічаў фарміраванню ў межах яго даліны вялікіх прыледавіковых азёр. Пры яго адступленні на Пн Беларусі з’явіліся вялізныя прыледавіковыя вадаёмы (Полацкі, Дзісенскі, Суражскі, Лучоскі). Тут жа сфарміраваліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы: Браслаўскае, Віцебскае, Гарадоцкае. З адступаннем ледавіка ўзровень азёр зніжаўся, на схілах іх катлавін фарміраваліся тэрасы. Паступова аднаўляўся сцёк рэк Балтыйскага басейна. З’явіліся верхнія цыклавыя надпоймавыя тэрасы Нёмана і Зах. Дзвіны. У позналедавікоўі інтэнсіўна развіваліся тэрмакарставыя працэсы, узнікла густая сетка азёр, фарміраваліся ніжнія надпоймавыя тэрасы, актыўна адбываліся балотаўтварэнне. эолавыя, саліфлюкцыйныя, абразійныя і інш. працэсы.
У пазаледавіковай зоне ў пачатку і сярэдзіне паазерскага часу намнажаліся тарфянікі, азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя адклады, ішло яраўтварэнне. У час зледзянення на тэр. Палесся з басейна Нёмана і па далінах рэк Бярэзіна і Дняпро паступала значная колькасць вод, што спрыяла ўтварэнню скразных далін на водападзелах, даволі шырокіх другіх надпоймавых тэрас, шматлікіх азёр і азёрна-алювіяльных нізін. У гэты ж час фарміраваліся покрывы лёсападобных адкладаў. Падняцце тэрыторыі пазаледавіковай зоны выклікала ўразанне рэк і спусканне многіх палескіх азёр. У басейне Дняпра змыкаліся паверхні першай надпоймавай тэрасы і адпаведных зандраў. У канцы паазерскага этапу завяршылася акумуляцыя лёсападобных адкладаў, выпрацаваўся ўступ ад першай надпоймавай тэрасы да поймы. Рэліктамі познапаазерскага часу на Пд Беларусі з’яўляюцца катлавіны найбольшых азёр.
Сучасны этап (галацэн) характарызуецца невялікімі ваганнямі клімату, рэльефаўтварэнне адбывалася ва ўмовах, блізкіх да сучасных. Вядучую ролю ў змене зямной паверхні адыграў флювіяльны фактар. У выніку яго праяўлення сфарміраваліся нізкія надпоймавыя тэрасы і поймы рэк басейна Балтыйскага мора, некалькі поймавых узроўняў у рачных далінах Чарнаморскага басейна. Інтэнсіўна працякалі працэсы балотаўтварэння, яраўтварэння і інш., у 19—20 ст. адным з самых актуальных геамарфалагічных працэсаў стаў антрапагенны морфагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Ручное ткацтва, выраб сукна, аўчын, скур вядома на Беларусі са старажытнасці. Сяляне здаўна апрацоўвалі лён і каноплі, шылі адзенне і абутак; пазней частку тканін і інш. вырабаў лёгкай прамысловасці выраблялі ў шляхецкіх маёнтках. Першыя мануфактуры лёгкай прамысловасці пабудаваны ў 1-й пал. 18 ст. У 1751 князь М.І.Радзівіл заснаваў у Слуцку прадпрыемства, дае вырабляліся знакамітыя слуцкія паясы. У 1750—60-я г. ўзніклі суконныя мануфактуры ў Нясвіжы і Бабоўні (Слуцкі пав.), у 1760—90-я г. — суконныя, палатняная, шаўкаткацкая, гарбарная, панчошная мануфактуры Тызенгаўза ў Брэсцкай і Гродзенскай эканоміях; вялікія суконная мануфактура ў Дуброўне, парусінавая ў Горках і інш. У 1805 на Беларусі дзейнічалі 104 мануфактуры, у т. л. 46 суконных, на якіх працавала 2420 рабочых. Першыя ф-кі лёгкай прамысловасці ўзніклі ў канцы 18 ст., напр., суконная фабрыка ў мяст. Парэчча (Пінскі пав.); з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы і паравых рухавікоў — У 1820-я г. ў мяст. Хомск і Косава (Кобрынскі пав.). Лёгкая прамысловасць як фабрычна-заводская вытв-сць пачала складвацца ў пач. 20 ст. У 1900 пабудаваны лёнапрадзільныя і ткацкія ф-кі ў Віцебску (1054 рабочыя), у мястэчках Высачаны (495 рабочых) і Дуброўна (488 рабочых), суконная ф-ка ў мяст. Ружаны (Слонімскі пав., 705 рабочых), шоўкакруцільная ф-ка ў мяст. Альбярцін (Слонімскі пав., 141 рабочы) і інш. У 1910 у Мінску працавалі 2 абутковыя ф-кі Маскоўскага акц.т-ва «Шаўрахром» і 5 гарбарных заводаў. У 1913 на Беларусі дзейнічала 16 цэнзавых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. На долю лёгкай прамысловасці прыпадала 22,6% валавой прадукцыі і 23,3% рабочых цэнзавай прамысловасці. Найб. развіццё атрымала льняная прамысловасць, якая вырабляла пражу і невялікую колькасць тканін. Яе доля ў тэкстыльнай прамысловасці Беларусі складала каля 48%. У 1919 у Віцебску створана трыкатажная ф-ка, дзе мелася 36 машын для вязання панчох. У 1922 у Віцебску на базе майстэрні па пашыву ваен. адзення і ф-кі цывільнага адзення арганізавана ф-ка «Віцшвей», а ў Мінску ў 1923 4 майстэрні па пашыву адзення аб’ядналіся ў ф-ку «Міншвей». За 1919—41 на тэр. Беларусі пабудавана больш за 90 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, у т. л. абутковыя ф-кі ў Гомелі (1922), Віцебску (1923), 2 у Мінску (1924, 1930); швейныя ф-кі ў Гомелі (1928), Мінску (1929), Бабруйску (1930); гарбарныя заводы ў Мінску (1927) і Магілёве (1930), панчошна-трыкатажныя ф-кі ў Гомелі (1930), Віцебску (1931), 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1937) і інш. Развіццю лёгкай прамысловасці спрыяла наяўнасць сыравіннай базы, кваліфікаваных прац. рэсурсаў, вял. патрэба насельніцтва ў таварах гэтай галіны. Умацаванню сыравіннай базы садзейнічала не толькі пашырэнне пасеваў лёну-даўгунцу, але і ўвод у дзеянне ў 1930 Магілёўскага завода штучнага валакна. У 1940 на Беларусі выраблена 9,1 млн. пагонных метраў баваўняных тканін, 15,8 млн. пагонных метраў ільняных, 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкатажнай бялізны, 9,8 млн. пар абутку. У пасляваенны час адноўлены разбураныя і пабудаваны новыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці на перадавой тагачаснай тэхн. аснове. У іх ліку тонкасуконныя камбінаты ў Гродне (1947) і Мінску (1945—50), дывановы камбінат у Віцебску (1947), камвольны камбінат у Мінску (1951—1959), баваўняны камбінат у Баранавічах (1960—69), дывановы (1963—65) і панчошны ў Брэсце (1965—67), бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне (1963—67), 2-я (1963) і 3-я (1973) чэргі Аршанскага льнокамбіната, новыя льнозаводы, абутковыя ф-кі ў Лідзе, Баранавічах, Маладзечне, трыкатажныя ф-кі ў Жодзіне і Салігорску, ф-ка па вытв-сці штучнага футра ў Жлобіне і інш.
Лёгкая прамысловасць займае важнае месца ў структуры прамысл. комплексу краіны. У 2002 функцыянавала 459 прадпрыемстваў гэтай галіны, а іх доля ў структуры валавой прадукцыі краіны складала 7,4%, у структуры асн. фондаў — 5,4%, колькасці занятых — 13,9%. У 1991—95 назіраўся спад вытв-сці ўсіх відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці, што было звязана з недахопам прывазной сыравіны, зніжэннем попыту і экспарту, паступленнем на Беларусь больш таннай і эстэтычна прывабнай прадукцыі па імпарце і ад індывід. прадпрымальнікаў. Паступовы выхад галіны з крызісу пачаўся пасля 1996, але аб’ёмы яе прадукцыі яшчэ не дасягнулі ўзроўню 1990 (гл.табл.). Асн. прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Беларусі ўваходзяць у канцэрн «Беллегпрам», створаны ў 1992 на базе Мін-ва лёгкай прамысловасці. На яго долю прыпадае 87,5% прадукцыі лёгкай прамысловасці краіны, ён выпускае больш за 100 відаў прадукцыі больш як 5 тыс. найменняў: найперш тканіны (баваўняныя, ільняныя, шаўковыя, шарсцяныя), пражу баваўняную і шарсцяную, дываны і дывановыя вырабы, жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне, абутак, скургалантарэйныя вырабы, верхні і бялізнавы трыкатаж, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, штучнае і натуральнае футра і інш. Прадукцыю лёгкай прамысловасці вырабляюць таксама прадпрыемствы «Белкаапсаюза», «Белмясцпрама», падпарадкаваныя абласным і Мінскаму гарадскому выканкомам, «Белнафтапрама», «Бел. чыгункі» і інш. У галіне назіраецца зніжэнне вытворчасці, што звязана з павелічэннем цяжкасці збыту прадукцыі ў сувязі з яе нізкай канкурэнтаздольнасцю, няпоўным выкарыстаннем вытв. магутнасцей і зносам актыўнай часткі вытв. фондаў, высокім сабекоштам прадукцыі. Экспарт тканін і тэкстыльных вырабаў у 2002 склаў 6,1% ад усяго экспарту Рэспублікі Беларусь.
Тэкстыльная прамысловасць займае 53,2% у аб’ёме валавой прадукцыі лёгкай прамысловасці. На яе ў 2002 прыпадала 3,8% валавой прадукцыі краіны, 3,3% асн. фондаў і 8,1% занятых рабочых. Яна прадстаўлена вытв-сцю тканін, трыкатажных вырабаў, дываноў і дывановых вырабаў. У тэкстыльнай прамысловасці каля 200 прадпрыемстваў і вытворчасцей, на якіх занята 145 тыс. чалавек. У 2003 выраблена 256 млн.м² тканін усіх відаў, у т. л. баваўняных 64 млн.м², ільняных — 29, шаўковых — 48, шарсцяных — 5 млн.м², трыкатажных вырабаў — 40,8 млн. штук. (гл.табл.). Буйнейшыя прадпрыемствы галіны: Баранавіцкае вытв. баваўнянае аб’яднанне, Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, ААТ «Камволь» і «Сукно» ў Мінску, «Стужка» і «Магатэкс» у Магілёве, «Аршанскі льнокамбінат», Брэсцкі і Віцебскі дывановыя камбінаты, т-вы з абмежаванай адказнасцю «8 Сакавіка» ў Гомелі, «Вясёлка» ў Жодзіне і інш.
Швейная прамысловасць выпускае каля 20% аб’ёму прадукцыі лёгкай прамысловасці. Займаецца пашывам верхняга адзення (мужчынскага, жаночага, дзіцячага), бялізны, галаўных убораў, прадметаў тэхн. прызначэння. На Беларусі (2003) дзейнічае больш за 250 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Найб. з іх: акц. т-вы «Камінтэрн» у Гомелі, «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, «Прагрэс» у Мінску, сумеснае прадпрыемства «Мілавіца» ў Мінску, Магілёўская ф-камаст. вырабаў і інш. У 2002 экспарт верхняга жан. адзення склаў 63,2 млн.дол., у т. л. ў Расію 21,3 млн., у ЗША 14,6 млн., у Германію — 7,1 млн., у Нідэрланды — 5,3 млн.; іншага жан. адзення — 36,6 млн.дол., у т. л. ў ЗША — 14,3 млн., Германію — 1,4 млн., Нідэрланды — 5,4 млн., Расію — 3,6 млн.дол. і інш.
Гарбарная, абутковая і футравая прамысловасць займаецца пашывам скуранога абутку, вырабам натуральнага і штучнага футра, апрацоўкай скур. Буйнейшыя прадпрыемствы: абутковыя акц. т-вы «Прамень» у Мінску і «Гроднаабутак», Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Гомельскае абутковае ВА «Праца», Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Бабруйская футравая фабрыка, Жлобінская фабрыка штучнага футра, «Белвест» у Віцебску і інш. На прадпрыемствах «Беллегпрама» ў 2002 выпускалася 68% абутку, большая частка футравых і гарбарных вырабаў.
Літ.:
Планирование и прогнозирование экономического развития. Вып. 12. Легкая промышленность. Мн., 1976;
Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;
Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. Мн., 2004.
П.І.Рогач.
Выпуск асноўных відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА КАНЦА 16 — СЯРЭДЗІНЫ 18 ст.
У гэты перыяд на Беларусі, як і ў многіх краінах Еўропы, быў пашыраны стыль барока. У храмавым дойлідстве ён звязаны з эпохай контррэфармацыі і новым часам. На Беларусі барока бярэ пачатак ад касцёла езуітаў у Нясвіжы (1587—93, арх. Дж.М.Бернардоні, купал — Дж.Брызіо). Узорам для яго паслужыў касцёл Іль Джэзу (Ісуса) у Рыме, толькі ў нясвіжскім касцёле бакавыя нефы не падзелены на асобныя капліцы, што, магчыма, тлумачыцца яго прыходскімі функцыямі і густам М.К.Радзівіла. Касцёл — першы ў Рэчы Паспалітай 3-нефавы крыжова-купальны храм з трансептам. Пазней у стылі барока пабудаваны касцёл св. Казіміра (1604—18, арх. Дж.М.Бернардоні і Я.Франкевіч), Святадухаўская царква (каля 1638) у Вільні, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на (сярэдзіна 17 ст.), касцёлы езуітаў у Брэсце (сярэдзіна 17 ст.), Гродне (1678—1705) і Полацку (закончаны ў 1745). На працягу 17—18 ст.найб. пашыранай была 3-нефавая базіліка: касцёлы бернардзінцаў у Нясвіжы (1598), Гродне (1602—18); францысканцаў у Гродне (апошняя чвэрць 17 ст.); Петрапаўлаўская царква ў Мінску (1620-я г.), касцёлы езуітаў у Магілёве, Мінску (абодва пач. 18 ст.), в. Юравічы Калінкавіцкага р-на (1755), бернардзінак у Мінску (1642) і інш. Каталіцкія ордэны арыентаваліся пераважна на ўзоры рымскіх храмаў, пры якіх знаходзіліся рэзідэнцыі генералаў іх ордэнаў. У адрозненне ад вышынных касцёлаў Польшчы прапорцыі езуіцкіх касцёлаў Беларусі набліжаны да рымскіх. Структура бакавых нефаў касцёла Іль Джэзу паўторана ў касцёлах дамініканцаў у Стоўбцах (1621—42, арх. К.Тэнкала) і францысканцаў у Пінску (1705—21). У перыяд станаўлення барока (1-я пал. 17 ст.) многія храмы адзначаны спалучэннем рэнесансавых рыс з гатычнымі. Дж.М.Бернардоні адначасова з езуіцкім касцёлам у Нясвіжы ў традыцыйных гатычна-рэнесансных формах пабудаваў касцёлы фарны ў Гродне (1584—87), у в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на (пасля 1588), бенедыкцінак у Нясвіжы (1590—96), г.п. Мір Карэліцкага р-на (1599—1605), в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, Клецку (абодва да 1607). У гэтых храмах гал. нефы часта перакрываліся паўцыркульнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі, з’явіліся падпружныя аркі. Пераходную шматстылёвасць увасабляе група аднанефавых касцёлаў з контрфорсамі, шчытавымі фасадамі і часам са своеасаблівым дэкорам цыліндрычнага скляпення: св. Міхаіла ў Вільні (1596—1627), у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на (1617—20), Слоніме (1635—50), у в. Вішнева Валожынскага р-на (1637—41), г.п. Друя Браслаўскага р-на (1646), г.п. Свір Мядзельскага р-на (1653), Брэсце (2-я пал. 17 ст.). Да познарэнесансавай плыні адносяцца нешматлікія храмы з адной вежай на фасадзе: касцёлы бернардзінцаў у Слоніме (1639—70), в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на (пач. 17 ст. ці 1630), царква ў в. Чарэя Чашніцкага р-на (17 ст.). Сярод раннебарочных тыповымі былі аднанефавыя касцёлы з 2-вежавым фасадам і паўцыркульнай або гранёнай апсідай: у г. Дзятлава (1624—46), брыгітак у Гродне (1642—51), в. Міхалішкі Астравецкага р-на (1653), дамініканцаў у Клецку (1680-я г.). Прыкладам сціплага ранняга барока можа служыць езуіцкі касцёл св. Ігнація ў Вільні (1622—47; 3-нефавы, са шчытавым фасадам, падзеленым пілястрамі і плоскай апсідай) і касцёл св. Тэрэзы (1633—54, арх. К.Тэнкала). Сярод іншых ранніх узораў барока касцёл кармелітаў у г. Глыбокае (сярэдзіна 17 ст.), ансамбль кляштара картузаў у Бярозе (1648—66, 1689, арх. Дж.Гіслені). Для перыяду сталага барока характэрны рэгіянальныя архітэктурныя школы, з якіх найбольшай самабытнасцю вылучаецца Магілёўская школа дойлідства. Да яе належаць правасл. храмы Падняпроўя: саборы Успенскі Куцеінскага манастыра (каля Оршы, 1630-я г.), Богаяўленскі (1633—36), цэрквы Мікалаеўская (1665—72) і Пакроўская (1670; усе ў Магілёве). Гэта крыжова-купальныя храмы з кароткімі бакавымі нефамі, 3 апсідамі і фасаднымі шчытамі, дэкарыраванымі радамі арачных нішаў накшталт іканастасных.
Адметнасць і самастойнасць царкоўнай архітэктуры відавочная пры параўнанні іх з магілёўскімі барочнымі касцёламі езуітаў (1699—1725) і кармелітаў (1740). Сінтэз архітэктуры і пластыкі сталага барока рэалізаваны італьянскімі і мясц. майстрамі-штука́тарамі ў віленскіх касцёлах Пятра і Паўла (1668—82) і трынітарыяў (1694—1717), капліцах св. Казіміра ў Вільні і латэранскай у Гродне.
У 1-й пал. 18 ст. сінтэз закрануў і разьбяную скульптуру (касцёл францысканцаў у Пінску, езуітаў у Гродне). У 2-й пал. 18 ст. паліхромны стука становіцца асн. дэкаратыўным матэрыялам манументальных алтароў. Укладам у еўрапейскую архітэктуру з’яўляюцца помнікі т.зв. віленскага барока 1740—70-х г. Для іх характэрны дынамічныя формы фасадаў: хвалістыя ў плане, з ажурнымі стромымі вежамі і фігурнымі шчытамі. Вызначальны ўклад у фарміраванне гэтага стылю зрабіў архітэктар Я.К.Глаўбіц. Яму належаць: у Вільні — рэканструкцыя касцёла бенедыкцінак (1741), касцёлы св. Казіміра (пасля 1749, з Т.Жаброўскім), св. Яна (1760-я г.), брама базыльянскага кляштара св. Тройцы (1761); дамініканскі касцёл у Забелах каля в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на (1760-я г.), архірэйскі палац у Магілёве (1762—85); відаць, касцёл францысканцаў у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1740-я г.). Ён перабудаваў Сафійскі сабор у Полацку (1738—50), пабудаваў царкву манастыра базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага р-на (1756—63), Спаскую царкву ў Магілёве (1756—62). Для храмаў позняга барока характэрна пластычная распрацоўка інтэр’ера з выкарыстаннем архітэктуры малых форм (напр., царква ў Беразвеччы). Да храмаў позняга барока належаць касцёл св. Андрэя ў Слоніме, базыльянскія цэрквы ў вёсках Баруны Ашмянскага (1747—57) і Вольна Баранавіцкага (1768) р-наў. Апошнім выдатным помнікам стылю лічыцца манументальны касцёл у в. Будслаў Мядзельскага р-на (1767—83); яго архітэктар, відаць, Дж.Фантана, які зрабіў значны ўклад у познабарочную архітэктуру на Пн Беларусі. Недастаткова вывучана барока ў драўляных храмах з прычыны слабай захаванасці помнікаў; яго рысы праглядаюцца ў пластыцы 2-вежавых фасадаў 2-й пал. 18 ст. Касцёлы 17—18 ст. (пераважная большасць разабрана ў пач. 20 ст.) адметныя манументальнымі памерамі і простым 2-зрубным планам. Такую ж структуру з мураванага дойлідства перанялі уніяцкія цэрквы 18 ст., хоць майстэрства мясц. цесляроў надало ім своеасаблівыя рысы. Больш выразны сілуэт маюць 3-зрубныя цэрквы. Шэдэўрамі лічацца правасл. храмы на У Беларусі: цэрквы Ільінская і Троіцкая ў Віцебску, Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра. У іх спалучыліся традыцыйны крыжовы 4-зрубны план з манументалізмам і маляўнічасцю барока. На Палессі такі тып, атаксама 3-зрубны з барочнымі купаламі, выкарыстоўваўся аж да пач. 19 ст. (вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага, Старая Беліца Гомельскага р-наў). Барочны стыль больш выразна выявіўся ў маст. афармленні інтэр’ераў (жывапіс, разьба, скульптура). Да дасягненняў барока належаць і драўляныя сінагогі 18 ст. на З Беларусі. Яны адметныя надзвычай складаным шматслойным купальным перакрыццём інтэр’ера (в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Гродна). У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. магнацкая рэзідэнцыя фарміруецца як палацава-замкавы комплекс рэнесансавага тыпу (Нясвіжскі замак Радзівілаў, Гальшанскі і Быхаўскі замкі Сапегаў, Смалянскі замак Сангушкаў, палац Януша Радзівіла ў Вільні). У 2-й пал. 17 ст. інтэр’еры набываюць багатае жывапісна-скульпт. аздабленне ў стылі барока (палацы Слушкаў і Сапегаў у Вільні). Сядзібы, што складаліся з палаца і 2 афіцын, набылі сіметрычны П-падобны план. У найб. развітых кампазіцыях яны злучаюцца каланадамі (Ружаны). Характэрнымі становяцца высокія ламаныя дахі, вежы з гадзіннікамі і флюгерамі, рызаліты, алькежы з купаламі (Ганута каля в. Ручыца Вілейскага р-на; Дзятлава). У 2-й пал. 18 ст. значны ўклад у палацавае буд-ва зрабілі архітэктары саксонскай (М.Д.Пёпельман, І.Яўх, Я.С.Бекер) і італьянскай (А.Гену) школ.
Петрапаўлаўская царква ў Мінску.Касцёл і кляштар бернардзінак у Мінску. Сучасны Святадухаўскі кафедральны сабор.Касцёл і кляштар бернардзінцаў у Гродне.Мікалаеўская царква ў Магілёве. 1665—72.Ратуша ў Віцебску. 1775.Архірэйскі палац у Магілёве. 1762—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮГАСЛА́ВІЯ,
дзяржава ў паўд.-ўсх. Еўропе ў 1918—2003; да 1991 на тэр. сучасных Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі і Славеніі, з 1992 — толькі Сербіі і. Чарнагорыі. Тэр. 255,8 тыс.км² (1990), нас. 23,1 млн.чал. (1986). Сталіца — г.Бялград.
Напярэдадні 1-й сусв. вайны Сербія (у яе складзе Македонія) і Чарнагорыя былі незалежнымі каралеўствамі. Харватыя, Боснія (з Герцагавінай), Славенія і Ваяводзіна знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі, якая ў ходзе вайны ў 1915—16 акупіравала і Сербію з Чарнагорыяй. Сербскі кароль Пётр I Карагеоргіевіч [1903—21] з урадам і арміяй эвакуіраваўся на грэч.в-аў Керкіра (Корфу), дзе са згоды ўрадаў краін Антанты сербскі прэм’ер-міністр Н.Пашыч і старшыня Паўднёваславянскага камітэта (засн. ў 1915 эмігрантамі з Харватыі, Славеніі і Босніі) А.Трумбіч падпісалі 20.7.1917 Корфскую дэкларацыю 1917 пра стварэнне пасля вайны адзінага каралеўства паўд. славян на чале з сербскай каралеўскай дынастыяй Карагеоргіевічаў.
Пасля вызвалення Сербіі і Чарнагорыі і канчатковага ваен. паражэння Аўстра-Венгрыі 1.12.1918 абвешчана аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Каралеўства СХС), да якога далучылася і Чарнагорыя. Паводле Рапальскага дагавора 1920 частка тэр. сучасных Харватыі і Славеніі (порт Задар, п-аў Істрыя, шэраг астравоў у Адрыятычным м.) адышла да Італіі, а харвацкі порт Рыека з акругай вылучаны ў «незалежную дзяржаву». Каралеўства СХС было шматнац. (39% насельніцтва — сербы, 23,9% — харваты, 8,5% — славенцы, 6,3% — баснійцы-мусульмане, 5,3% — македонцы, 2,8% — чарнагорцы, 12,2% — албанцы, венгры, туркі, румыны і інш.) і шматканфесіянальнай (46% насельніцтва праваслаўныя, пераважна сербы, чарнагорцы і македонцы; 39% — католікі, пераважна харваты, славенцы і венгры; 11% — мусульмане, пераважна баснійцы і албанцы) дзяржавай. Вельмі неаднародным было Каралеўства СХС і ў эканам. адносінах. Найб.прамысл. развітымі яго часткамі былі Славенія, Харватыя і Ваяводзіна; імкліва развівалася прам-сць Сербіі. Эканам. адсталымі землямі заставаліся Чарнагорыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна. У цэлым эканоміка краіны насіла агр. характар (76% насельніцтва заняты ў сельскай гаспадарцы), прычым 67% сял. гаспадарак лічыліся бесперспектыўнымі, бо мелі менш чым па 5 га зямлі. У выніку прынятай устаноўчым сходам т.зв. Відаўданскай канстытуцыі Каралеўства СХС (28.6.1921; Дзень св. Віда) яно стала парламенцкай манархіяй на чале з каралём Аляксандрам I Карагеоргіевічам [1921—34] і скупшчынай (парламентам). Паводле канстытуцыі і «палажэння» ад 26.4.1922 уведзены адм.-тэр. падзел на 33 жупаніі.
6.1.1929 Аляксандр I усталяваў у краіне манарх. дыктатуру: ён атрымаў выключнае права выдаваць законы і ні перад кім не нёс адказнасці за свае дзеянні. Каралеўства СХС было перайменавана ў Каралеўства Ю. Новая назва дзяржавы павінна была сімвалізаваць не толькі дзярж., але і этн. адзінства яе народаў. Уведзены новы адм.-тэр. падзел на 9 буйных абласцей — банавін на чале з каралеўскімі намеснікамі — банамі. Іх межы не супадалі з традыц. межамі зямель, з якіх складалася Ю. Паводле ініцыіраванай каралём «дараванай зверху» канстытуцыі 3.9.1931 абвешчана існаванне адзінага народа — югаславаў як надрэліг. супольнасці. У кастр. 1934 Аляксандр I забіты харвацкімі усташамі ў час візіту ў Францыю. Пры яго малалетнім сыне Пятру II [1934—45] краінай кіраваў рэгенцкі савет на чале з прынцам Паўлам.
У гэты час Ю. адышла ад ранейшага цеснага знешнепаліт. супрацоўніцтва з Францыяй і пачала збліжацца з Італіяй. У 1935 заключаны канкардат з Ватыканам, які даваў вял. правы каталіцкай царкве ў Ю. У 1937 заключаны дагаворы з Італіяй аб нейтралітэце і з Балгарыяй «аб вечным сяброўстве». 26.8.1939 прэм’ер-міністр Д.Цветкавіч падпісаў з лідэрам Харвацкай сял. партыі В.Мачакам пагадненне аб вылучэнні Харватыі ў асобную банавіну з аўт. правамі; яе бан (І.Шубашыч) нёс адказнасць не толькі перад каралём, але і перад харвацкім парламентам — сабарам. У чэрв. 1940 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. 25.3.1941 урад Цветкавіча—Мачака падпісаў у Вене дакументы аб далучэнні Ю. да Берлінскага пакта 1940.
27.3.1941 група апазіцыйна настроеных і звязаных з брыт. разведкай ваенных скінула рэгента Паўла і ўрад Цветкавіча. Кіраўніком дзяржавы абвешчаны як «паўналетні» 17-гадовы Пётр П. Новы, кааліцыйны, урад на чале з ген. Д.Сімавічам адмовіўся ад удзелу Ю. ў Берлінскім пакце і 5.4.1941 падпісаў у Маскве дагавор аб сяброўстве і ненападзенні з СССР.
У ходзе Балканскай кампаніі 1941герм., італьян., балг. і венг. войскі 6.4.1941 з тэр. Аўстрыі, Італіі, Албаніі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі (практычна з усіх бакоў) без абвяшчэння вайны напалі на Ю. і неўзабаве прымусілі яе армію да капітуляцыі (17.4.1941). Кароль і ўрад эвакуіраваліся на Б. Усход, потым у Лондан. Тэр. Ю. была раздзелена. Славенію падзялілі Германія і Італія. Да Італіі таксама адышлі Чарнагорыя і ч. Далмацыі, да Венгрыі — ч. Ваяводзіны, да Балгарыі — паўд.-ўсх. Сербія і б.ч. Македоніі. Косава і зах. Македонія ўвайшлі ў склад створанай Італіяй «Вял. Албаніі». 10.4.1941 усташы абвясцілі аб стварэнні на тэр. Харватыі, Босніі і Герцагавіны «Незалежнай Дзяржавы Харватыя» (НДХ), якая была ў цесным саюзе з Германіяй і Італіяй. Усташы праводзілі ў адносінах да правасл. славян (асабліва сербаў), яўрэяў, цыганоў палітыку адкрытага генацыду, імкнучыся стварыць нац. і рэліг. «аднародную» харвацкую дзяржаву. Сярод шматлікіх канцлагераў асабліва вял. колькасцю знішчаных людзей і найб. жорсткім рэжымам вызначаліся Ясенавац, Госпіч, Стара-Градзішка. Сербія і ч. Ваяводзіны знаходзіліся пад прамым герм. кантролем, тут быў створаны калабарацыянісцкі ўрад М.Недзіча.
Югасл. рух Супраціўлення, які разгарнуўся з першых дзён акупацыі, неўзабаве перарос у народна-вызваленчую вайну ў Югаславіі 1941—45, якую вялі розныя паліт. сілы пры дамінуючай ролі Камуніст. партыі Югаславіі (КПЮ, засн. ў 1919) на чале з харватам І.Ціта. Падпарадкаваны каралеўскаму эмігранцкаму ўраду рух чэтнікаў на чале з палк. (пазней ген. і ваен. міністр) Д.Міхайлавічам напачатку выступаў за стварэнне Вял. Сербіі, пазней — за аднаўленне старой каралеўскай Ю. Узаемна варожыя адносіны паміж КПЮ і чэтнікамі неўзабаве набылі характар грамадз. вайны ўнутры вызв. руху. У 1944 чэтнікі пачалі супрацоўнічаць у сумеснай барацьбе супраць КПЮ з «урадам» Недзіча, што прывяло іх да разрыву адносін з эмігранцкім урадам, які пачаў збліжацца з камуністамі. У ходзе нар.-вызв. вайны на аснове партыз. атрадаў сфарміравалася рэгулярная Нар.-вызв. армія Ю. (НВАЮ) пад камандаваннем Ціта, якая вызваліла многія раёны краіны. У ліст. 1942 у г. Біхач створаны агульнаюгасл. паліт. орган — Антыфаш. веча нар. вызвалення Ю. (АВНВЮ), якое ў ліст. 1943 на сваёй II сесіі ў г. Яйца прыняло дэкларацыю аб асновах новай дэмакр. Ю. АВНВЮ абвясціла сябе часовым заканад. органам улады, функцыі ўрада выконваў Нац.к-т вызвалення Ю. (НКВЮ) на чале з Ціта. Сесія абвясціла, што новая Ю. будзе раўнапраўнай федэрацыяй усіх яе народаў. 16.6.1944 на в-ве Віс у Адрыятычным м. Ціта і прэм’ер-міністр эмігранцкага ўрада Шубашыч падпісалі пагадненне пра сумесныя дзеянні. Урад Шубашыча абавязваўся арганізаваць ваен. дапамогу НВАЮ з боку зах. дзяржаў, прадстаўляць Ю. на міжнар. арэне, а ўнутры краіны — прызнаць рашэнні АВНВЮ. 20.10.1944 сав. войскі 3-га Укр. фронту сумесна з часцямі НВАЮ вызвалілі Бялград (гл.Бялградская аперацыя 1944). 11.4.1945 падпісаны дагавор аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве паміж СССР і Ю. Да 15.5.1945 НВАЮ цалкам вызваліла Ю. ад акупантаў і іх памагатых. За час вызв. вайны ў Ю. загінула 1 млн. 700 тыс.чал., у т. л. 305 тыс. воінаў НВАЮ і партызан.
Устаноўчая скупшчына 29.11.1945 скасавала манархію і абвясціла краіну Федэратыўнай Нар. Рэспублікай Ю. (ФНРЮ), зацвердзіла ранейшыя пастановы АВНВЮ, а 31.1.1946 прыняла канстытуцыю ФНРЮ. У склад федэрацыі ўвайшлі 6 рэспублік: Сербія з аўт. краем Ваяводзіна і аўт. вобласцю Косава і Метохія (з 1963 аднайм.аўт. край, з 1969 аўт. край Косава, з 1974 сацыяліст.аўт. край Косава), Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Чарнагорыя. Этн. прынцып пры вызначэнні міжрэсп. межаў не быў захаваны. Асабліва шмат засталося па-за межамі сваёй нац. рэспублікі сербаў. Паводле канстытуцыі вышэйшым органам улады Ю. была Нар. скупшчына, якая складалася з 2 палат: Саюзнага веча і Веча народаў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў адказны перад скупшчынай урад ФНРЮ (да 1963 старшыня Ціта). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 да Ю. адышлі г. Рыека і слав. землі, набытыя Італіяй у адпаведнасці з Рапальскім дагаворам 1920 (п-аў Істрыя і інш.). У 1945—47 у Ю. праведзены пераўтварэнні на сав. ўзор: ліквідавана шматпартыйнасць і ўстаноўлена аднапартыйная сістэма, нацыяналізаваны прам-сць, фінансы, сувязь, транспарт, гандаль, ствараліся с.-г. задругі (таварыствы) на ўзор сав. калгасаў. У крас. 1947 зацверджаны 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі. Імкненне Ціта праводзіць незалежную ад СССР знешнюю палітыку (спробы дамовіцца з Балгарыяй пра больш цесныя ўзаемаадносіны, умяшацца ў грамадз. вайну ў Грэцыі, увесці войскі ў Албанію), яго праект стварэння на Балканах федэрацыі дзяржаў пад эгідай Ю. і інш. дзеянні прывялі ў 1948 да рэзкага абвастрэння і поўнага разрыву сав.-югасл. адносін. Значная ч.югасл. камуністаў выступала супраць лініі Ціта, за цеснае ўзаемадзеянне з СССР. Ціта і яго прыхільнікі шырока ўжывалі супраць апазіцыянераў рэпрэсіі, у т. л. зняволенне ў канцлагеры, з якіх найб. вядомы «Голы Востраў» («Голи Оток») у Адрыятычным м. Сярод ахвяр гэтых рэпрэсій нач.вярх. штаба НВАЮ ген.-палкоўнік А.Ёванавіч, чл. Палітбюро ЦК КПЮ старшыня Дзяржплана А.Хебранг (загінулі), старшыня Нар. фронту Югаславіі С.Жуёвіч (зняволены да 1956). У 1948—52 І.Ціта, Б.Кідрыч, Э.Кардэль, М.Джылас і інш.югасл. кіраўнікі і тэарэтыкі распрацавалі канцэпцыю самакіравання, паводле якой югасл. грамадства дэмакратызавалася і пераходзіла да т.зв. таварнай эканомікі, адмаўлялася ад планавання ў форме дзярж. загадаў і пераходзіла ў эканоміцы да сродкаў чыста эканам. прымусу. У 1950 прыняты закон аб перадачы фабрык і з-даў у кіраванне працоўным, паводле якога на прадпрыемствах ствараліся рабочыя саветы. Гэты закон паклаў пачатак укараненню ў Ю. самакіруемага сацыялізму. На VI з’ездзе КПЮ у 1952 партыя атрымала новую назву — Саюз камуністаў Ю. (СКЮ). У 1955—56 нармалізаваны сав.-югасл. адносіны на ўмовах прызнання кіраўніцтвам СССР і КПСС права Ю. на самаст. развіццё. У крас. 1963 Саюзная скупшчына ФНРЮ прыняла новую канстытуцыю, краіна атрымала новую назву — Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Ю. (СФРЮ). Паводле канстытуцыі 1974 вярх. органам дзярж. улады і грамадскага самакіравання была Скупшчына СФРЮ, якая складалася з Саюзнага веча і Веча рэспублік і краёў. Нягледзячы на значныя эканам. поспехі, ужо пры жыцці Ціта (з 1953 прэзідэнт Ю.) нарасталі крызісныя з’явы ва ўсіх галінах жыцця грамадства, у т. л. міжнац. канфлікты. Пасля яго смерці (май 1980) Ю. кіравалі Прэзідыум СФРЮ і Прэзідыум ЦК СКЮ, кіраўнікі якіх прадстаўлялі адну з рэспублік (па чарзе) і змяняліся штогод.
З пач. 1980-х г. Ю. ахапіў глыбокі крызіс. Узнікла канцэпцыя «нац. эканомікі», калі кожная рэспубліка імкнулася абараняць ад канкурэнцыі свае прадпрыемствы за кошт інш. рэспублік. Цэнтр. ўрад паступова траціў кантроль над сітуацыяй у краіне, рэспублікі ўсё больш траплялі ў залежнасць ад замежных пазык. Да канца 1985 беспрацоўе складала 15%, інфляцыя — 100%, знешнія даўгі набліжаліся да 20 млрд.дол. Крызіс узмацняўся падзеямі ў Косаве, дзе з 1981 адбываліся дэманстрацыі албанскай этн. большасці з патрабаваннямі надаць краю статус рэспублікі. У Бялградзе гэта было ўспрынята як першы крок да аб’яднання Косава з Албаніяй. Славенія адкрыта стала на абарону алб. сепаратысцкага руху. На XIV надзвычайным з’ездзе СКЮ (1990) дэлегацыі Славеніі і Харватыі абвясцілі аб незалежнасці сваіх рэсп. Саюзаў камуністаў. Распад СКЮ паскорыў распад СФРЮ, які адбыўся ў 1991.
27.4.1992 Сербія і Чарнагорыя стварылі новую федэратыўную дзяржаву — Саюзную Рэспубліку Югаславію (СРЮ) на чале з 2-палатнай Саюзнай скупшчынай (Веча грамадзян і Веча рэспублік) і прэзідэнтам. Менавіта на яе міжнар. супольнасць усклала адказнасць за этн. канфлікты ў Босніі і Герцагавіне (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.) і Харватыі, у час якіх кіраўніцтва Ю. і югасл. армія актыўна падтрымлівалі мясц. сербаў. Нягледзячы на відавочную аднабаковасць такіх падыходаў (паводле афід. звестак Ю., у 1991—96 у Босніі і Герцагавіне існавала 536 канцлагераў для сербаў, у Харватыі — 221), 30.5.1992 Савет Бяспекі ААН увёў эканам. санкцыі супраць «трэцяй» Ю. Былі заблакіраваны трансп. і транзітныя перавозкі, закрыты марскія гавані Чарнагорыі і сербскія парты на Дунаі, перакрыты газаправоды, замарожаны за мяжой рахункі югасл. фірм, арг-цый і банкаў. Пасля 3 гадоў жорсткіх баёў у Босніі і Герцагавіне ў г. Дэйтан (ЗША) 21.11.1995 падпісаны план мірнага ўрэгулявання ў гэтай б.югасл. рэспубліцы. У кастр. 1996 санкцыі з Ю. часткова зняты. Аднак Ю. і надалей не атрымлівала сучаснай зброі, у т. л. сродкаў ППА, што абумовіла яе ваен. слабасць. У канцы 1990-х г. ЗША і інш. краіны НАТО узмацнілі націск на Ю. ў сувязі з канфліктам у Косаве, дзе югасл. армія спрабавала падавіць узбр. рух алб. сепаратыстаў. Пад выглядам абароны албанцаў Косава ад «генацыду» з боку сербаў ЗША і іх саюзнікі патрабавалі ад югасл. кіраўніцтва вывесці свае войскі з Косава і пагадзіцца на мірнае ўрэгуляванне з удзелам войск НАТО. Мірныя перагаворы ў Рамбуе (каля Парыжа) у лют.—сак. 1999 былі сарваны па віне ЗША. Пачаліся бамбардзіроўкі Ю., якія працягваліся 78 дзён. На СРЮ напалі 19 дзяржаў — членаў НАТО на чале з ЗША. З 24 сак. да 10 чэрв. 1999 у выніку бамбардзіровак у Ю. загінула 1700 цывільных асоб, 10 тыс. былі паранены; разбураны каля 100 фабрык і з-даў, 115 мед. устаноў, пашкоджаны каля 2000 школ і 35 ВНУ. У выніку прэзідэнт Ю. С.Мілошавіч (лідэр кіруючай Сацыяліст. партыі Сербіі) быў вымушаны пагадзіцца на ўвядзенне войск НАТО у Косава. На прэзідэнцкіх выбарах 24.9.2000 Мілошавіч, паводле даных выбарчай камісіі, атрымаў 40,2% галасоў выбаршчыкаў, а яго асн. сапернік, кандыдат ад апазіцыі В.Каштуніца — 48%; планаваўся 2-і тур выбараў. Апазіцыя адмовілася прызнаць вынікі выбараў як «сфальсіфікаваныя». 29 вер. апазіцыянеры выйшлі на вуліцы Бялграда з патрабаваннем адстаўкі Мілошавіча. У сталіцы адбыліся масавыя беспарадкі. 6.10.2000 Каштуніца абвясціў аб сваім уступленні на пасаду прэзідэнта Ю. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў (снеж. 2000) Сацыяліст. партыя цалкам страціла ўладу, прэм’ер-міністрам стаў арыентаваны на зах. краіны З.Джынджыч. Яшчэ ў маі 1999 Міжнар. гаагскі трыбунал па былой Ю. абвінаваціў С.Мілошавіча ў шэрагу ваен. злачынстваў. У ноч з 31 сак. на 1 крас. 2001 Мілошавіч арыштаваны сербскімі ўладамі, потым, паводле ўказання З.Джынджыча выкрадзены з турмы і 29 чэрв. перададзены (у парушэнне арт. 17 Канстытуцыі Сербіі і арт. 37 Канстытуцыі СРЮ) Гаагскаму трыбуналу. Суд. працэс над ім пачаўся ў Гаазе 12.2.2002. За выдачу Мілошавіча ЗША паабяцалі Сербіі крэдыт у 500 млн.дол. Адносіны паміж Сербіяй і Чарнагорыяй заставаліся складанымі. 14.3.2002 падпісаны Дагавор аб пераўладкаванні адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. 4.2.2003 парламент СРЮ прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новага паліт. ўтварэння — супольнасці Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак).
Літ.:
История Югославии. Т 1—2. М., 1963;
На путях к Югославии: За и против. М., 1997;
Гуськова Е.Ю. Вооруженные конфликты на территории бывшей Югославии (Хроника событий). М., 1998;
Яе ж. История югославского кризиса (1990—2000). М., 2001;
Мартынова М.Ю. Балканский кризис: Народы и политика. М., 1998;
Васильева Н., Гаврилов В. Балканский тупик. Историческая судьба Югославии в XX веке. М., 2000;
Романенко С.А. Югославия: История возникновения, кризис, распад. образование независимых государств. М., 2000;
Чарота И.А. Косовская битва продолжается. Мн., 2000;
Преступления НАТО против Югославии: Белая кн.Т. 1—2. Белград, 2000;
Джилас М. Беседы со Сталиным: Пер. с англ.М., 2002;
Хомский А.Н. Новый военный гуманизм: Уроки Косова: Пер. с англ.М., 2002;
Качук Н. Воздушная наступательная операция НАТО в Югославии // Армия. 1999. № 2;
Александров И. НАТО против Югославии: Хроника необъявленной войны // Зарубежное военное обозрение. 1999. № 6—9;
Ильин В. Воздушная война на Балканах // Авиамастер. 2001. № 4;
Россия и Сербия: Вехи истории // Родина. 2003. № 10;
Days of Terror (in the presence of the International forces). Belgrade, 2000.
М.С.Даўгяла.
Да арт.Югаславія. Герб Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія (1963—91).Да арт.Югаславія. Герб і сцяг Саюзнай Рэспублікі Югаславія (1992—2003).Да арт.Югаславія. Кароль Аляксандр I Карагеоргіевіч. Мастак П.Ёванавіч.Да арт.Югаславія. Байцы Народна-вызваленчай арміі Югаславіі. 1944.Да арт.Югаславія. Дом у г. Алексінац пасля бамбардзіроўкі горада сіламі НАТО. 5.4.1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi), Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi),
дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ., Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксаманац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́Р,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл. За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся з гандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (з ПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; з паўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл.таксамаКімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖАЛЬНАСЦЬ.
Адной з прычын натуральнай страты насельніцтва Беларусі, якая адбываецца з сярэдзіны 1990-х г., з’яўляецца рэзкае зніжэнне нараджальнасці. У пач. 1950-х г. адзначалася павелічэнне нараджальнасці, што было вынікам уз’яднання сем’яў пасля вайны і некаторага павышэння жыццёвага ўзроўню. З 1960-х г. пачалося яе зніжэнне, пераважна з-за таго, што ў дзетародны перыяд уступілі жанчыны, што нарадзіліся ў гады вайны. У 1959—70 нараджальнасць паменшылася з 91‰ да 61,3‰ (гл.табл. 10). З 1965 тэмпы скарачэння паказчыкаў агульнай нараджальнасці знізіліся, бо ў актыўны дзетародны ўзрост пачалі ўступаць народжаныя ў пасляваенны перыяд жанчыны. У пач. 1980-х г. адзначыўся рост нараджальнасці, выкліканы і асаблівасцямі ўзроставай структуры, і шэрагам мер, прынятых урадам краіны, накіраваных на падтрымку сем’яў з дзецьмі. З канца 1980-х г. пачаўся новы спад нараджальнасці, які працягваецца і ў наш час. Ён характэрны для ўсіх сац. груп, абласцей і раёнаў Беларусі.
Зніжэнне паказчыкаў нараджальнасці паводле ўзросту ў пасляваенны час было нераўнамернае. Адбывалася зніжэнне нараджальнасці ва ўзроставых групах 25—29 гадоў і 30—34 гады, і чым старэйшай была ўзроставая група, тым вышэйшыя былі тэмпы зніжэння нараджальнасці. У 1960-я г. максімум нараджальнасці перайшоў з групы 25—29 гадоў у групу 20—24 гады, што характэрна і для нашага часу (гл.табл. 10). Павелічэнне нараджальнасці ў малодшых узроставых групах — вынік больш ранніх шлюбаў. Шлюбныя пары не адкладвалі нараджэнне першага дзіцяці надоўга, другое ж дзіця ў сям’і з’яўлялася больш рэдка. У 2002 з усіх народжаных у краіне 58,2% былі першынцы ў сям’і, 31,7% — другія дзеці, 6,8% — трэція, 3,3% — дзеці ўсіх астатніх чарговасцей. 80% усіх дзяцей нараджаюць маці да 30 гадоў. Дзеці нараджаюцца пераважна ў шлюбе. Узровень шлюбнай нараджальнасці ў значнай ступені вызначае велічыню нараджальнасці ў краіне. Самы высокі ён у групе да 20 гадоў. З узростам паказчык зніжаецца: у групе 20—24 гады ён ніжэйшы ў 2 разы, у групе 25—29 гадоў у 4 разы ніжэйшы, чым у групе да 20 гадоў. Тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці характэрна і для іншых узроставых груп. Калі ў 1950-я г. ў сярэднім на адну жанчыну прыпадала па 2,8 дзіцяці, то ў канцы 1960-х г. — 2,3 дзіцяці. З канца 1970-х г. паказчык сумарнай нараджальнасці апусціўся ніжэй за простае ўзнаўленне. У 1990-я г. гэты паказчык стаў у 2 разы ніжэйшы за неабходны для простага ўзнаўлення насельніцтва. У 2002 нарадзілася на 53,5 тыс.чал. менш, чым у 1990, і на 4,3 тыс.чал. менш, чым у 1999. Пры тым зніжэнне нараджальнасці адбываецца на фоне дадатнай дынамікі колькасці жанчын рэпрадуктыўных узростаў. Калі з 1990 па 1999 колькасць жанчын у найб. актыўных дзетародных узростах (20—29 гадоў) зменшылася на 823,2 тыс.чал., то за 4 гады (з 1999 да 2003) яна вырасла на 17,2 тыс.чал. Аднак колькасць народжаных павялічылася толькі ў 1998—2000, а потым зноў знізілася. Рэзкі спад нараджальнасці ў 1990-я г., абумоўлены ўступленнем у актыўны дзетародны ўзрост (20—29 гадоў) другога пакалення «дзяцей вайны», таксама адлюстроўвае адэкватную рэакцыю насельніцтва на зніжэнне ўзроўню жыцця і фарміраванне ў моладзі рэпрадукцыйных паводзін новага тыпу. У наш час сумарны каэфіцыент нараджальнасці дасягнуў самага нізкага за пасляваенны перыяд узроўню — 1,2 дзіцяці на 1 жанчыну. Узровень нараджальнасці сельскага насельніцтва 1,6 дзіцяці, гарадскога — 1,1 дзіцяці на 1 жанчыну. Павялічваецца і сярэдні ўзрост маці (у 1993—24,6 гады, у 1999—25,4, у 2003—25,9 года), што характэрна для большасці развітых краін (у Германіі сярэдні ўзрост маці 28,9 года, у Францыі — 28,7, у Вялікабрытаніі — 28,1 года).
У краіне адзначаецца рост пазашлюбнай нараджальнасці. У наш час амаль кожнае пятае дзіця нараджаецца ў жанчын, якія не зарэгістравалі шлюб (для параўнання ў Швецыі доля пазашлюбных нараджэнняў складае 53%, у Нарвегіі — 48%, у Даніі — 47%, у Францыі — 35%, у Вялікабрытаніі — 34%). На Беларусі найвышэйшая доля нараджэнняў па-за шлюбам адзначаецца ва ўзроставых групах маці, маладзейшых за 20 гадоў, і 35—39 гадоў. У 1999 кожнае пятае дзіця, якое нарадзілася на вёсцы, было пазашлюбным. У абсалютным выражэнні амаль 64% пазашлюбных нараджэнняў у краіне прыпадае на горад.
Колькасць народжаных на 1000 жанчын адпаведнага ўзросту
СКН*
15-49
да 20
20—24
25—29
30—34
35—39
40-44
45—49
1958—1959
Усяго
91
16,2
146,8
177,6
120,5
71,1
22,6
4,2
2,764
Горад
76,6
13,3
122,1
148,4
94
48,9
12,1
1,5
2,154
Вёска
98,9
17,6
162,8
194
136,8
83,7
27,8
5,2
3,100
1969—1970
Усяго
61,3
19,6
161,6
134,5
87,1
43,2
12,3
1,3
2,331
Горад
60,4
19,4
145,8
120,7
76
32,5
7,7
0,7
2,027
Вёска
62,3
19,8
192,9
152,3
99,6
51,6
15,8
1,7
2,736
1978—1979
Усяго
60,8
30,4
171,1
117,5
60,9
23,4
6,3
0,4
2,052
Горад
62
27,2
154,2
110,1
55,9
18,1
4,3
0,2
1,835
Вёска
58,6
36,7
219,5
139,5
73,6
31,9
8,8
0,6
2,629
1989
Усяго
62,1
39,9
181,6
109,4
50,2
18,2
4,3
0,2
2,026
Горад
59,0
34,2
167,8
107,3
48,1
16,2
3,6
0,1
1,885
Веска
72,1
58,7
225,1
116,7
57,7
25,7
6,8
0,3
2,520
1999
Усяго
35,3
29,6
110,6
73,8
33,4
10,3
2,0
0,1
1,308
Горад
32,3
24,8
101,5
70,3
31,5
9,4
1,7
0,1
1,200
Вёска
45,6
47,5
143,6
85,0
39,3
13,8
3,4
0,2
1,719
2002
Усяго
33,3
23,5
96,6
73,1
37,1
11,7
2,1
0,1
1,222
Горад
31,2
19,6
87,0
70,5
36,8
11,0
1,9
0,1
1,132
Вёска
40,8
37,0
139,1
82,3
37,9
14,0
2,8
0,2
1,607
* СКН — сумарны каэфіцыент нараджальнасці, які паказвае сярэднюю колькасць дзяцей, якіх можа нарадзіць жанчына за ўсё жыццё пры ўмове захавання ўзроўню паўзроставай нараджальнасці разліковага перыяду.
Дынаміка агульнага, натуральнага і міграцыйнага прыросту насельніцтва.