КАМІ́НСКІ (Дзмітрый Раманавіч) (17.8.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.11.1989),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскі муз. тэхнікум (1930), вучыўся ў Маскоўскім ін-це павышэння кваліфікацыі музыкантаў-педагогаў (1936—41). З 1945 у Мінску, з 1957 у Дзярж. выд-ве БССР, у 1963—66 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. З 1980 у Канадзе. У яго творчасці пераважае інстр. музыка, дзе сфарміраваўся адметны індывід. стыль, заснаваны на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і бел. фальклору. Значны здабытак бел.муз. культуры — канцэрты для цымбалаў, скрыпкі (№ 2), віяланчэлі, фп. (№ 1, 2, 3) з аркестрам, Рапсодыя і Фантазія на бел. тэму для фп. з арк., Сімфаньета для камернага арк. Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў («Хто смяецца апошнім», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТА́С (сапр.Сагаманян Сагамон Геворкавіч; 8.10.1869, мяст. Куціна, Турцыя — 22.10.1935),
армянскі кампазітар, фалькларыст, спявак, харавы дырыжор, муз. дзеяч; заснавальнік арм. класічнай музыкі, нац. школы спеваў і навук.муз. этнаграфіі. Музыцы вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі, таксама ў М.Екмаляна ў Тбілісі (1895). У 1896—99 у Берліне, дзе скончыў прыватную кансерваторыю Р.Шміта і ун-т. Узначальваў муз. класы і арганізаваны ім хор Эчміядзінскай акадэміі. Майстар хар. поліфаніі. Збіраў і даследаваў муз. фальклор (запісаў больш за 3000 арм., курдскіх, перс., тур.нар. песень). З-за канфлікту з царк. ўладамі ў 1910 пераехаў у Стамбул, з 1919 жыў у Парыжы. Апошнія 20 гадоў жыцця пакутаваў ад цяжкай душэўнай хваробы. Яго творчасць адыграла вял. ролю ў фарміраванні нац. кампазітарскай школы. Аўтар фп. мініяцюр і інш.інстр. п’ес.
Літ. тв.: Собр. соч.Т. 1—6. Ереван, 1969—82.
Літ.:
Шавердян А.И. Комитас и армянская музыкальная культура. Ереван, 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
падпольная рэв.арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш.К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас.рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт.арг-цыя), Цэнтр.нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.М.Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯў хіміі,
велічыня, якая паказвае адносную колькасць дадзенага кампанента у фізіка-хім. сістэме (сумесі, растворы, сплаве). Колькасна роўная адносінам ліку часціц кампанента, колькасці рэчыва (малярная К.) або яго масы (масавая К.) да аб’ёму сістэмы: адзінкі К.: м−3, моль/м³ ці кг/м³ адпаведна.
Малярная К. раствораў (прынятае абазначэнне с) вызначаецца колькасцю растворанага рэчыва (гл.Моль) у 1 л раствору; вымяраецца ў моль/л ці М (1 моль/л=103 моль/м³). Напр., раствор сернай к-ты з с (H2SO4) - 0,5 моль/л, ці 0,5 М H2SO4, мае 49 г к-ты ў 1 л, таму што малярная маса H2SO4 (маса 1 моль) роўная 98 г/моль. Масавая К. раствору. цітр — колькасць грамаў растворанага рэчыва ў 1 см³ раствору (карысталіся да ўвядзення СІ). Аб’ёмная, масавая ці малярная долі кампанента — адпаведна адносіны аб’ёму, масы ці колькасці рэчыва да агульнага аб’ёму, агульнай масы ці колькасці рэчыва сістэмы, вымяраецца ў працэнтах і К. не з’яўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) расходаванне прыбытку на павелічэнне капіталу; ператварэнне ў капітал будучых даходаў прадпрыемства і накіраванне іх на стварэнне асноўнага капіталу, набыццё або буд-ваасн. фондаў. Напр., вартасць машыны — гэта капіталізаваная вартасць будучых даходаў ад машыны; цана зямлі разглядаецца як капіталізаваная рэнта, а цана аблігацыі вызначаецца вартасцю будучых паступленняў.
2) Метад ацэнкі вартасці прадпрыемства паводле яго даходу або прыбытку. Вызначаецца «велічынёй капіталу, здольнага прыносіць такія даходы або прыбытак пры норме прыбытку, роўнай сярэдняму пазыковаму працэнту (плаце за карыстанне крэдытамі).
3) Агульная рыначная вартасць акцый, якія знаходзяцца ў абарачэнні на пэўнай фондавай біржы або ў рамках асобнай краіны. Пад К. біржы разумеецца сума ўсіх акцый, выпушчаных у абарачэнне кампаніямі, каштоўныя паперы якіх дапушчаны да гандлю на дадзенай біржы. Пад К. якой-н. краіны разумеецца сумарная рыначная вартасць кампаній, якія выпусцілі акцыі ў свабоднае абарачэнне на тэр. дадзенай краіны. Паказчык К. ў гэтым выпадку служыць ацэнкай нац. багацця краіны, ёмістасці карпаратыўнага сектара эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя частка верт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элемент арх.ордэра.
Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж. Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.
На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц.маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст. Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВЕ́ЛАЎ (Любен) (каля 1834, г. Капрыўшціца, Балгарыя — 2.2.1879),
балгарскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў балг. л-ры. Вучыўся ў Плоўдзіўскай грэч. гімназіі (1850—53). У 1857—66 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Зазнаў уплыў рус. рэвалюцыянераў-дэмакратаў. З 1867 у Бялградзе, з 1869 у Бухарэсце. Зблізіўся з В.Леўскім і Х.Боцевым. Займаўся рэв.-прапагандысцкай і асв. дзейнасцю. Друкаваўся з 1860. Выдаў «Помнікі народнага побыту балгар» (т. 1, 1861), зб.апавяд. і аповесцей «Старонкі з кнігі пакут балгарскага племя» (1868). Аўтар аповесцей «Ваявода» (1860), «Донча» (1864), «Балгары старых часоў» (1867), «Горкі лёс» (1869), «Пакутнік» (1870), «Мамчын сынок» (1875), вершаў, фельетонаў, памфлетаў, дарожных нататак, якія вызначаюцца рэв. накіраванасцю, эмацыянальнасцю, каларытнасцю мовы. Перакладаў з рус. і ўкр. моў. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Віталь Віталевіч) (н. 23.12.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. і расійскі дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956), з 1971 выкладае ў ёй (з 1992 праф.). З 1956 дырыжор сімф. аркестра Карэльскага радыё і муз. кіраўнік фінскага драм.т-ра, з 1960 выкладчык Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1962—71 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Беларусі, адначасова педагог Бел. кансерваторыі. Сярод твораў, выкананых на Беларусі ўпершыню пад яго кіраўніцтвам: 8-я і 13-я сімфоніі Дз.Шастаковіча, «Вясна свяшчэнная» і «Сімфонія псалмоў» І.Стравінскага, опера «Разумніца» К.Орфа, 10-я сімфонія і «Песня аб зямлі» Г.Малера, «Ваенны рэквіем» Б.Брытэна, сцэн. араторыя «Жанна д’Арк на кастры» А.Анегера. Інтэрпрэтаваў сімфоніі Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Я.Глебава, Дз.Смольскага, кантату «Беларускія песні» і канцэрт для кантрабаса з арк. А.Багатырова, вак.-сімф. паэму «Попел» С.Картэса і інш. творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЗА́ТАРЫ,
рэчывы, якія паскараюць хім. рэакцыі ці выклікаюць іх, але не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Адрозніваюць К. гамагеннага і гетэрагеннага каталізу. Тыповыя К. для гамагеннага каталізу — пратонныя і апратонныя к-ты, асновы, некат. комплексы металаў, для гетэрагеннага — металы, аксіды металаў, сульфіды і інш.Біял. К. наз.ферментамі.
У прам-сці выкарыстоўваюць К., якія маюць высокую каталітычную актыўнасць і селектыўнасць, тэрмаўстойлівасць, мех. трываласць, лёгка рэгенерыруюцца, устойлівыя да ўздзеяння каталітычных ядаў — рэчываў, што часткова ці цалкам падаўляюць каталітычную актыўнасць, а таксама маюць працяглы тэрмін выкарыстання. Асн. ўласцівасці К. фарміруюцца ў працэсе іх сінтэзу, вызначаюцца хім. саставам ці ўплывам прамотараў — рэчываў, дабаўленне якіх у К. павялічвае яго актыўнасць, селектыўнасць і ўстойлівасць. Атрымліваюць К. асаджэннем з водных раствораў солей з наступным награваннем утвораных злучэнняў, тэрмічным раскладаннем цвёрдых солей, нанясеннем актыўнага кампанента на носьбіт, механахім. і інш. метадамі.
Літ.:
Мастерс К. Гомогенный катализ переходными металлами: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в.Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл.Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел.перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.