БРАКАНЬЕ́РСТВА (франц. braconnier),

незаконнае паляванне; заняцце рыбным, звярыным або інш. здабыўным промыслам у забаронены час, у недазволеных месцах ці забароненымі прыладамі і спосабамі; паляванне на звяроў і птушак, якое поўнасцю забаронена. Паводле бел. заканадаўства парушэнне правілаў аховы жывёльнага свету цягне за сабой адм. або крымін. адказнасць, абавязак пакрыць нанесеныя страты.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШСКІ ШКЛОЗАВО́Д, акцыянернае аб’яднанне «Шкло-Глуша». Дзейнічае з 1896 (у маёнтку Глуша Бабруйскага павета — зараз г.п. Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.). З 1920 шклозавод «Камінтэрн», з 1995 акц. аб’яднанне «Шкло-Глуша». У час Вял. Айч. вайны разбураны. Адноўлены ў 1945. Выпускае бутэлькі для малака, алею, каньяку, пепсі-колы і інш.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ Мікола (Мікалай Аляксеевіч; 28.3.1910, г. Гомель — 17.3.1986),

бел. пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1932—33). Працаваў у прэсе, у 1952—67 нам. гал. рэдактара час. «Сельская гаспадарка Беларусі». Друкаваўся з 1933. Аўтар зб. апавяданняў «Скарб зямлі» (1951), прысвечанага людзям пасляваен. калгаснай вёскі, нарысаў, сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАР,

у беларусаў: 1) абрадавая страва, адвар з сушаных чарніц, яблык, груш з дабаўленнем мёду, які прыносілі жанчыны парадзісе на адведкі. У наш час сустракаецца пераважна на Палессі.

2) Падліва з канаплянага семя ці маку. Семя (мак) цёрлі, потым заварвалі і спажывалі як посную прыправу (пашыраны пераважна на Зах. Палессі).

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РЫС (Kanaris) Канстанцінас (каля 1790, в-аў Псара, Грэцыя — 14.9.1877),

грэчаскі ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч. Адмірал. Вызначыўся ў час. грэч. нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29. З 1826 дэп. Нац. сходу. У 1843—44 і 1854 міністр марскога флоту. Узначальваў канстытуцыйную партыю. У 1864—65 і 1877 кіраўнік урада Грэцыі.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́СЫ (франц. métis ад позналац. misticius змяшаны ад лац. misceo змешваю),

нашчадкі міжрасавых шлюбаў. У антрапалагічных адносінах займаюць прамежкавае становішча паміж расамі, якія змешваюцца (напр., у Амерыцы М. наз. нашчадкаў ад шлюбу белых і індзейцаў). Інтэнсіўнасць працэсу метысацыі ўвесь час павялічваецца. М. — большасць насельніцтва Лац. Амерыкі, Новай Зеландыі, а-воў Акіяніі.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШНЕ́ВІЧ Міхал (1797, Мінск — 1862),

бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў у 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖАНЦО́Ў Аляксандр (псеўд. Ал. Ружанец-Ружанцаў; 12.8.1893, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія — 26.7.1966),

дзеяч бел. эміграцыі; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Вучыўся ў Маск. ун-це (1911—14), Аляксееўскай вайсковай школе (з 1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандаваў бел. батальёнам у літ. войску. Рэдагаваў бел. салдацкі час. «Варта Бацькаўшчыны». У 1921—24 консул урада БНР у Каўнасе. У 1921—40 дырэктар Цэнтр. вайсковай б-кі ў Каўнасе, адначасова ў 1928 кіраўнік спраў Бібліягр. ін-та Літвы. Займаўся укладаннем бібліяграфіі ВКЛ. Выдаў каталог Цэнтр. вайсковай б-кі на 1000 старонак. У час 2-й сусв. вайны знаходзіўся ў Вільні, уваходзіў у Бел. нац. к-т. У 1944—45 разам з К.​Езавітавым працаваў у Берліне ў штабе «беларускага вызваленчага войска». Пераклаў з бел. мовы на літоўскую кнігі «Бяздоннае багацце» В.​Ластоўскага, «Францішак Скарына» Ю.​Віцьбіча і інш. З 1949 у ЗША. Для Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку напісаў успаміны пра грамадскую працу і культ. жыццё беларусаў у Каўнасе.

С.​Б.​Сачанка.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУЛУ́ЗА (Toulouse),

горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Верхняя Гарона. Каля 400 тыс. ж., з прыгарадамі каля 550 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Гарона. Аэрапорт. Прам-сць: авіяц., ракетна-касм., радыёэлектронная, хім., лёгкая, харчасмакавая. Ун-т. Нац. цэнтр касм. даследаванняў. Музеі. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі касцёл (11—13 ст.), раманска-гатычны сабор (12—16 ст.).

У старажытнасці паселішча кельтаў. Паміж 120—100 да н.э. заваявана Рымам. У 419—508 н.э. сталіца каралеўства вестготаў, потым пад уладай франкаў. У 9—13 ст. сталіца Тулузскага графства, а пасля далучэння графства да каралеўскага дамена (1271) Т. — гал. горад прав. Лангедок; значны гандлёва-рамесны цэнтр. Цэнтр руху альбігойцаў, у час Альбігойскіх войнаў 1209—29 узята ў 1215 крыжакамі. У 1229 засн. ун-т. У час рэлігійных войнаў у горадзе створана мясц. каталіцкая ліга, у 1572 адбылася разня гугенотаў. У 1814 у Т. англ. армія А.Уэлінгтана перамагла войскі маршала Н.​Сульта. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі, у жн. 1944 вызвалена сіламі руху Супраціўлення.

т. 16, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУМІ́ДЫЯ (лац. Numidia),

у старажытнасці вобласць у Паўн. Афрыцы (цяпер усх. частка Алжыра). Паступовы пераход качавых нумідыйскіх плямён масілаў і мазезілаў (масайсіліяў) да земляробства і аселай жывёлагадоўлі ў канцы 1-га тыс. да н.э. суправаджаўся ўзнікненнем і развіццём гарадоў — Цырта (гал., цяпер Канстанціна), Туга (цяпер Дуга), Тэвесце, Сіка і інш. У 3 ст. да н.э. заваявана Карфагенам. Нумідыйцы паўставалі супраць карфагенскага панавання. У час 1-й Пунічнай вайны (264—241 да н.э., гл. Пунічныя войны) яны займалі варожую Карфагену пазіцыю; удзельнічалі ў антыкарфагенскім паўстанні 241—237 да н.э. Росквіт Н. адбыўся ў час праўлення цара Масінісы [201—149 да н.э.], калі значна пашырылася тэр. краіны, выраслі гарады, умацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. У 111—105 да н.э. нумідыйскі цар Югурта ваяваў з Рымам (у выніку паражэння трапіў у палон і забіты). У 46 да н.э. Н. стала рым. правінцыяй Новая Афрыка. У 1—3 ст. н.э. ў Н. ўзнікалі гарады, развівалася буйное землеўладанне. Антырым. паўстанні адбываліся ў 17—24, сярэдзіне 4 — пач. 5 ст. У 429/430 заваявана вандаламі, у 533 — візантыйцамі. У 7 ст. тэр. Н. захапілі арабы.

т. 11, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)