КАЛГУ́ЕЎ,

востраў у паўд.-ўсх. ч. Баранцава м., за 75 км ад мацерыка, тэр. Расіі. Пл. 5,2 тыс. км². Паверхня вельмі ўзгорыстая, з марэннымі ўзгоркамі. Выш. да 176 м, паўд. частка вострава — плоская раўніна. Шмат азёр і балот. Складзены з пясчана-гліністых адкладаў. Мохава-лішайнікавая арктычная тундра. Аленяводства Аленегадоўля*, рыбалоўства, паляванне. Населеныя пункты: Бугрыно, Северны.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІЯ,

1) група службовых асоб, якая мае права сумеснага вырашэння пытанняў, аднесеных да яе кампетэнцыі. Звычайна ўваходзіць у склад адм., дарадчага або распарадчага органа, суда. Гл. таксама Калегіяльнасць.

2) Добраахвотнае т-ва або аб’яднанне асоб адной прафесіі (напр., К. адвакатаў).

3) Назва вышэйшай урадавай установы ў Расіі ў 18 — пач. 19 ст.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛКІ́,

участкі прыродных бярозавых, радзей асінавых ці вярбовых лясоў астраўнога характару на раўнінах стэпавых і лесастэпавых зон Расіі. Размяшчаюцца ў межах водападзельнай прасторы і прымеркаваны да больш вільготных паніжаных мясцін (напр., да стэпавых сподкападобных западзін). Найб. пашыраны на Пд Зах.-Сіб. раўніны. Часам маюць другаснае паходжанне, калі ўтварыліся на месцы зведзеных лясоў таежнага тыпу.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМСАМО́ЛЬСК-НА-АМУ́РЫ,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Хабараўскім краі, на левым беразе р. Амур. Пабудаваны на месцы с. Пермскае ў 1932. 300 тыс. ж. (1997). Рачны порт, чыг. станцыя. Аэрапорт. Чорная металургія, суднабудаванне, машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапрацоўка, лёгкая і харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 2 ВНУ. Тэатр. Краязнаўчы і маст. музеі.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Пермскае вадасховішча, на р. Кама,

у Пермскай вобл. Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1954—56. Пл. 1915 км², аб’ём 12,2 км³, даўж. 272 км, найб. шыр. 30 км, глыб. да 30 м. Ажыццяўляе сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Палепшыла ўмовы суднаходства, выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і рыбнай гаспадаркі.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НІН ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на Пн Еўрап. ч. Расіі. Аддзяляе Белае м. ад Чэшскай губы Баранцавага м. Пл. каля 10,5 тыс. км². Паверхня раўнінная, забалочаная. На Пн платопадобны краж Канін Камень (выш. да 242 м), складзены з крышт. сланцаў; заканчваецца на ПнЗ скалістым мысам Канін Нос, на ПдУ Мікулкіным мысам. Рыбалоўства, марскі промысел, аленегадоўля.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗЫ (саманазва кыргыз),

народ, асн. насельніцтва Кыргызстана (2,23 млн. чал.). Агульная колькасць 2,7 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (175 тыс. чал.), у Кітаі (150 тыс. чал.), Таджыкістане (64 тыс. чал.), Расіі (42 тыс. чал.), Афганістане (20 тыс. чал.), Казахстане (14 тыс. чал.; 1987). Гавораць на кіргізскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІНА ГАРА́,

найбольш высокая горная вяршыня в-ва Сахалін, у паўн. ч. Усходне-Сахалінскіх гор, у Сахалінскай вобл. Расіі. Выш. 1609 м. Складзена з метамарфічных парод. Схілы пад тайгой, прыграбянёвыя часткі пад кедравым сланікам. Названа ў гонар рус. геолага і географа І.​А.​Лапаціна, даследчыка Сібіры, Д. Усходу і в-ва Сахалін.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НСЕЛЬКЯ,

града ўзвышшаў і нізкагор’яў, пераважна ў Фінляндыі, а таксама ў Нарвегіі і Расіі (Карэлія і Мурманская вобл.). Даўж. 750 км. Выш. да 718 м (г. Сокусты). Водападзел паміж Балтыйскім, Белым і Баранцавым морамі. Ледавіковы рэльеф, балоты, азёры, парожыстыя рэкі. Забалочаныя таежныя лясы, на вяршынях тундравая расліннасць. Нац. паркі Койліскайра, Оўланка, Рысітунтуры (Фінляндыя).

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НДЭЛЬСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, міндэль (назва ад р. Міндэль, прытока Дуная, на тэр. Германіі),

раннеплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Уключае 2 зледзяненні. Тэрмін М.з. пашыраны і для скандынаўскага зледзянення. На тэр. Зах. і Сярэдняй Еўропы адпавядае англійскаму і эльстэрскаму, Польшчы — санскаму, Расіі — окскаму, Паўд. Амерыкі — канзаскаму зледзяненням, на тэр. Беларусі — бярэзінскаму зледзяненню.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)