ГЛІЭ́Р Рэйнгольд Морыцавіч
(11.1.1875, Кіеў — 23.6.1956),
савецкі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). З 1913 праф. (з 1914 дырэктар) Кіеўскай, з 1920 Маскоўскай кансерваторый. У сваёй творчасці прадаўжаў традыцыі рус. муз. класікі (лініі эпічнага сімфанізму). Аўтар 5 опер, якія мелі вял. значэнне для развіцця муз. культуры Азербайджана і Узбекістана (у т. л. «Шахсенем», 1927; «Лейлі і Меджнун», 1940, і «Гюльсара», 1949, абедзве з Т.Садыкавым). З 7 яго балетаў асабліва значныя «Чырвоны мак» (паст. 1927, пазней «Чырвоная кветка»; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1933 і 1950), «Медны коннік» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Тарас Бульба» (1952), «Дачка Кастыліі» (1955). Аўтар праграмных сімф. твораў, у т. л. 3-я сімфонія «Ілья Мурамец» (1911), сімф. карціна «Запарожцы» (1921), паэма «Запавет» (1929), канцэртаў, у т. л. для арфы (1938) і каларатурнага сапрана (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) з аркестрам, інстр. ансамбляў (за 4-ы квартэт Дзярж. прэмія СССР 1948), п’еса для фп., скрыпкі, віяланчэлі з фп., рамансаў і песень, музыкі да драм. спектакляў. Старшыня Усерас. т-ва драматургаў і кампазітараў (1924—30).
Літ.:
Бэлза И. Р.М.Глиэр. М., 1962;
Р.М.Глиэр: Статьи. Воспоминания. Материалы. Т. 1—2. М.; Л., 1965—67;
Гулинская З.К. Р.М.Глиэр. М., 1986.
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 тэр. К.г. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.
Я.Г.Звяруга, В.В.Швед.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.
2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.
А.В.Кудзельскі.
т. 4, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРХЛІ́ЦКІ (Vrchlický) Яраслаў [сапр. Фрыда
(Frída) Эміль; 17.2.1853, г. Лоўні, Чэхія — 9.9.1912], чэшскі паэт, драматург, перакладчык. Скончыў Пражскі ун-т; з 1893 праф. гэтага ун-та. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Яго творчасць фарміравалася на традыцыях рамантызму і пад уплывам франц. парнасцаў. Дэбютны зб. лірыкі «З глыбінь» (1875) прасякнуты песімістычнымі матывамі. У зб-ках «Эклогі і песні» (1880),
«Паломніцтва да Эльдарада» (1882) сцвярджаў сенсуалістычнае ўспрыняцце жыцця. Цэнтр. месца ў творчасці Врхліцкага займаюць цыкл паэт. зб-каў пад агульнай назвай «Эпапея чалавецтва» («Дух і свет», 1878; «Міфы», т. 1—2, 1879—80; «Абломкі эпапеі», 1886; «Новыя абломкі эпапеі», 1894; «Багі і людзі», 1899, і інш.), а таксама паэмы «Іларыён» (1882), «Твардоўскі» (1885), «Бар Кохба» (1897), у якіх, звяртаючыся да знакамітых постацей (Дж.Бруна, Г.Галілей, Я.Гус, Я.Жыжка) і падзей мінуўшчыны (франц. рэвалюцыя 1789—99), імкнуўся асэнсаваць ход гіст. развіцця чалавецтва. Грамадзянскімі матывамі насычаны зб-кі «Сялянскія балады» (1885) і «Мая радзіма» (1903). Аўтар зб-каў «Санеты самотніка» і «Галасы ў пустыні» (абодва 1900). Узбагаціў чэш. паэзію новымі паэт. формамі і вершаванымі памерамі. Пісаў апавяданні, эсэ, п’есы («Ноч на Карлштэйне», 1884; трылогія «Іпадамія», т. 1—3, 1883—90, у 1891 нап. музыка З.Фібіхам). Перакладаў на чэш. мову Дантэ, Т.Таса, Л.Арыёста, Дж.Байрана, Ф.Шылера, І.В.Гётэ, А.Міцкевіча і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1980.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд. руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд. руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд. руб., у фактычных цэнах.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ХАД СЯЛЯ́НСКІ,
права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв. пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛ вядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр. рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл. Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.
т. 4, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Р.П.Платонаў.
т. 7, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.А.Белапольскі, М.М.Гусеў, Ф.А.Брадзіхін, В.Я.Струвэ, Г.А.Ціхаў (Расія), Г.Фогель, К.Шварцшыльд (Германія), У.Кэмпбел, Э.Пікерынг, Э.Хабл (ЗША), А.Эдынгтан (Англія), В.А.Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).
Літ.:
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Ю.М.Гнедзін.
т. 2, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРА́ЦЫЯ
(франц. aération ад грэч. aēr паветра),
1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.
2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).
3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.
т. 2, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,
агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.А.Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.У.Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.А.Карпаў, У.А.Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.К.Барышнікава, Г.А.Мятлюк, А.І.Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.І.Кісялеўскі, Б.А.Плотнікаў), стылістыкі (М.Я.Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.П.Кліменка, Б.Ю.Норман), тэорыі перакладу (П.І.Копанеў, В.П.Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.Б.Мячкоўская), двухмоўя (М.В.Бірыла, М.Г.Булахаў, А.Я.Міхневіч, П.П.Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.
Літ.:
Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.
А.Я.Супрун.
т. 1, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)