ДЭРМАЦЭ́НТАР (Dermacentor),

род іксодавых кляшчоў атр. паразітыформных. 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі (акрамя паўд.-зах. ч. Аравійскага п-ва, Індастана, Індакітая), Паўн. Афрыцы. Жывуць пераважна ў стэпах, лясах, пустынях. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу небяспечных хвароб. Гаспадары — млекакормячыя, зрэдку птушкі. На Беларусі 2 віды: Д. pictus і Д. marginatus.

Даўж. цела ў галодным стане 2—8,5 мм Характэрны для ўсіх відаў белы эмалевы малюнак на спінным шчытку. Развіццё Д. адбываецца па трохгаспадаровым цыкле Працягласць развіцця 1, зрэдку 2 гады.

Г.Г.Лабецкая.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)