МАЎЛЕ́ННЕ,

канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл. Маналог) і дыялагічнае (гл. Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл. Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.

Літ.:

Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.

Л.​Д.​Выгонная.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́НА,

гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.

Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш.праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.

На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).

П.​К.​Чэрнік.

Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.
Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,

даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІТО́З (ад арніта... + ...оз),

псітакоз, вострая інфекцыйная хвароба дзікіх і свойскіх птушак, млекакормячых жывёл і чалавека. Узбуджальнік — хламідыя Chlamidia psittaci. У птушак суправаджаецца пашкоджаннем парэнхіматозных органаў, кішэчніка, паветраносных мяшкоў, ц. н. с. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя птушкі, асабліва ўспрымальны да яе маладняк. У мэтах прафілактыкі ўводзяць каранцін на птушкафермах, робяць дэзінфекцыю. Жывёлы і чалавек заражаюцца ад птушак і праз інфіцыраваныя яйцы. Характэрныя прыкметы: слабасць, санлівасць, панос, адсутнасць апетыту, дрыжыкі, выдзяленні з носа, цяжкае дыханне, кан’юнктывіт, паралічы, запаленне лёгкіх. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

Бодэнскае возера.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬТМЕ́ТР,

прылада для вымярэння электрычнага напружання ў ланцугах пастаяннага і пераменнага току. Уключаецца паралельна да той часткі ланцуга, дзе вымяраюць напружанне. Бываюць аналагавыя (са стрэлачным або светлавым паказальнікам) і лічбавыя, паводле сістэм вымярэння — эл.-статычныя, эл.-магн., магнітаэл. і электронныя. Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, дзялільнікаў і трансфарматараў напружання. Можа спалучацца ў больш складаных прыборах з інш. электрычнымі вымяральнымі прыладамі (напр., ампервальтомметр).

Схема ўключэння вальтметра V у ланцуг: а — паралельна нагрузцы 1; бпраз транс-фарматар напружання 2.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА туберкулёзная,

найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННАЯ НАГРУ́ЗКА,

прамое або апасродкаванае антрапагеннае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў цэлым або на асобныя прыродныя экасістэмы ці іх кампаненты. Дыферэнцыруецца па аб’ектах і відах уздзеяння (напр., антрапагенная нагрузка на лясныя, водныя экасістэмы, паветра, флору, фауну і інш.; фізічнае, мех., хімічнае ўздзеянне і г.д.). Ацэньваецца па якасных і колькасных паказчыках, праз сетку станцый і ўстаноў глабальнага, рэгіянальнага і інш. відаў маніторынгу, экалагічнага назірання і кантролю. На сучасным этапе развіцця прадукцыйных сіл антрапагенная нагрузка на асяроддзе ў цэлым падвойваецца кожныя 10—15 гадоў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац. алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)