КРАПІЎНІ́ЦКІ (Марка Лукіч) (22.5.1840, с. Крапіўніцкае Новаўкраінскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.4.1910),
украінскі драматург, акцёр, рэжысёр; адзін з заснавальнікаў укр.прафес.т-ра. Скончыў Бобрынецкае пав. вучылішча (1856). Выступаў як акцёр-аматар, з 1871 акцёр-прафесіянал, валодаў вялікім акцёрскім тэмпераментам, вобразнай выразнасцю. Арганізатар першай прафес.укр.тэатр. трупы (1882, разам з М.Старыцкім), якая выступала ў гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску (1890, 1892, 1893, 1899), Гомелі, Бабруйску (1894). Аўтар больш як 40 драм. твораў. Сярод іх: драмы «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю» (1863), «Памірыліся» (1869), «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць» (1882), «Алеся» (1891), вадэвілі «Пашыліся ў дурні» (1875) і «Па рэвізіі» (1882), у якіх адлюстраваў побыт, норавы парэформеннай укр. вёскі, беспрасветнасць правінцыяльнай рэчаіснасці. Пашырыў жанравыя межы ўкр. драматургіі, узбагаціў яе моўна-стылістычныя сродкі. Перапрацоўваў і інсцэніраваў творы Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Я.Грабінкі і інш. Пісаў песні, рамансы, вак. дуэты, музыку для спектакляў. Аўтар мемуараў. Творы К. мелі вял. папулярнасць на бел. сцэне ў пач. 20 ст. Яго п’есы «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» ставілі Першаябел. трупа І.Буйніцкага, у 1920-я г.бел. аматарскія гурткі і прафес. т-ры: Бел.муз.-драм. гурток у Вільні, Бел.драм. гурток у Пецярбургу, трупа У.Галубка, БДТ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГ (Leipzig),
горад на У Германіі, у зямлі Саксонія, на р. Вайсе-Эльстэр. 490,9 тыс.ж. (1994). Важны прамысл., гандл., навук. і культ.цэнтр.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. станкабудаванне, вытв-сцьс.-г. і тэкст. машын, абсталявання для паліграф., хім., харч. прам-сці; вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакаў і фарбаў; паліграф., тэкст., швейная, пушніна-футравая, харчасмакавая, дывановая. Цэнтр кнігадрукавання (з 15 ст.). Месца правядзення штогадовых міжнар. кірмашоў, у т. л. кніжных (з 1954), кінафестываляў, пушных аўкцыёнаў. Саксонская АН. Лейпцыгскі універсітэт. Ін-т геаграфіі і геаэкалогіі. Нямецкая бібліятэка. Сімф. аркестр Гевандхаўз, хор хлопчыкаў «Таманерхор» (з 13 ст., яго кантарам быў І.С.Бах), кансерваторыя, оперны т-р. Музеі: выяўл. мастацтва, этнаграфіі, маст. рамёстваў, гісторыі горада, Германскі музей кнігі і пісьменнасці. У гіст. цэнтры горада — цэрквы і інш. будынкі 13—18 ст. Манумент Бітвы Народаў (1913).
З 900 паселішча прыбалтыйскіх славян (наз. Ліпск), пазней каланізаваны немцамі. Як Л. згадваецца каля 1017. Каля 1165 атрымаў гар правы, пачалося правядзенне кірмашоў. У 1409 засн.ун-т. У 1519—39 адзін з цэнтраў рэліг.Рэфармацыі ў Германіі. З 1-й пал. 19 ст. індустрыялізаваны (тэкст.вытв-сць і інш.). У час напалеонаўскіх войнаў каля Л. адбылася Лейпцыгская бітва 1813. У 1843 у Л. засн.першая ў Германіі кансерваторыя. У 1830 і 1848 адзін з цэнтраў рэв. руху ў Германіі, у 1860-я г. — пач. 20 ст. адзін з цэнтраў герм. рабочага руху. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нацыстаў тут адбыўся Лейпцыгскі працэс 1933. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст.ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел.нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш.Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел.нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРЛІНК ((Maeterlinck) Марыс) (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),
бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл.Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.С.Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1996, Пьесы. М., 1962;
Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.
Літ.:
Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (сапр.Кліментаў) Андрэй Платонавіч
(1.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.1.1951),
рускі пісьменнік. Скончыў Варонежскі чыг. палітэхнікум (1924). У 1923—26 працаваў губернскім меліяратарам, кіраваў будаўніцтвам варонежскай электрастанцыі. Першая публіцыст. кн. «Электрыфікацыя» (1921). Першы зб. прозы — «Епіфанскія шлюзы» (1927). У раманах «Чавянгур» (апубл. 1972), «Шчаслівая Масква» (не завершаны, апубл. 1991), аповесцях «Джан» (апубл. 1964), «Катлаван» (апубл. 1969), «Ювенільнае мора» (апубл. 1979) непрыманне навязваемых форм сац. перабудовы жыцця. Аўтар зб. вершаў «Блакітная глыбіня» (1922), кн. аповесцей і апавяд. «Рака Патудань» (1937), аповесцей «Горад Градаў», «Запаветны чалавек» (абедзве 1928), п’ес «Высокае напружанне» (пач. 1930-х г., апубл. 1984), «Вучань ліцэя» (1950, апубл. 1974), кніг ваен. карэспандэнцый «Апавяданні пра Радзіму» (1943), «Салдацкае сэрца» (1946), літ.-крытычных артыкулаў «Роздумы чытача» (1939, апубл. 1970), кінасцэнарыяў, твораў для дзяцей і інш. Творчасці П. ўласціва сістэма філас. метафар, спецыфічная лексіка і стылістыка. Бел. матывамі прасякнуты апавяданні «Сёмы чалавек», «Сяржант Шадрын (Гісторыя рускага маладога чалавека нашага часу)», нарысы «Прарыў на Захад», «Дарога на Магілёў», «У Магілёве», «Падзенне немцаў», «На магілах рускіх салдат», «Роздумы афіцэра». На бел. мову асобныя апавяданні П. пераклалі А.Марціновіч, М.Навіцкі, А.Шарахоўская.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1984—85;
Избранное. М., 1983;
Избранное. Мн., 1989;
Государственный житель: Проза. Ранние соч. Письма. Ми., 1990;
Антисексус. М., 1991;
Сокровенный человек: Повести, рассказы. Мн., 1993;
Чевенгур;
Котлован. Мн., 1999.
Літ.:
Васильев В.В. Андрей Платонов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1990;
Кузьменко О.А. Андрей Платонов: призвание и судьба: Очерк творчества. Киев, 1991;
«Страна философов» Андрея Платонова: Пробл. творчества. М., 1994.
Цела (даўж. да 15 мм. у маткі да 25 мм) мае хіцінавае покрыва, складаецца з галавы, грудзей і брушка. Мае 2 складаныя і 3 простыя вокі, якія добра адрозніваюць жоўты, сіні, сіне-зялёны, фіялетавы, пурпуровы колеры, ультрафіялетавае выпрамяненне, таксама формы прадметаў. Ніжнія сківіцы і губа пераўтвораны ў хабаток. У галаве і часткова ў грудзях размешчаны залозы — слінныя і тыя, што выпрацоўваюць лічынкавы корм (матачнае малачко). Задняя пара ног мае кошычкі, у якіх пчала можа несці да 40 мг пылку. На 3—6-м сегментах брушка знаходзяцца васковыя залозы. У канцы брушка ў маткі і рабочай пчалы ёсць орган абароны — джала, злучанае з дзвюма залозамі. якія выдзяляюць пчаліны яд. Органы стрававання: глотка, стрававод, мядовы валлячок (умяшчае да 65 мг нектару). сярэдняя кішка і задні аддзел. Корм дарослых пчол — мёд, пярга; матку ў час адкладвання яец кормяць матачным малачком. Да палавога размнажэння здольныя матка і трутні. У час вылету матка спароўваецца з некалькімі (5—9) трутнямі. Сперма захоўваецца ў арганізме маткі ўсё жыццё, але апладняюцца не ўсе яйцы. З аплодненых яец развіваюцца маткі і рабочыя пчолы, з неаплодненых — трутні. Ператварэнне поўнае.
першая вышэйшая муз.навуч. ўстанова Расіі. Засн. ў 1862 у Пецярбургу Рас.муз. т-вам па ініцыятыве А.Рубінштэйна. З 1918 дзярж.навуч. ўстанова, з 1944 імя Рымскага-Корсакава. У 1923 пры ёй адкрыта Оперная студыя, у 1925 — аддз. па падрыхтоўцы навук. работнікаў, педагогаў для спец.навуч. устаноў, дырыжорскае аддз., оперна-рэжысёрскі клас, аспірантура, у 1934 — Муз. тэхнікум (цяпер — самаст.навуч. ўстанова). У ёй выкладалі Л.Аўэр, А.Вержбіловіч, К.Давыдаў, Г.Есіпава, Ф.Лешаціцкі, Г.Нісен-Саламан, Рымскі-Корсакаў, К.Эверардзі і інш. Сярод выхаванцаў: А.Абразцова, М.Анцаў, А.Арэнскі, Э.Бай, М.Дубасаў, М.Іпалітаў-Іванаў, А.Лядаў, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, Н.Муранская, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў, К.Пушылаў, М.Рубінштэйн, В.Салаўёў-Сядой, У.Сафраніцкі, Г.Свірыдаў, П.Чайкоўскі, Ю.Шапорын, Дз.Шастаковіч, Е.Шуман і інш. У кансерваторыі атрымалі адукацыю бел. кампазітары В.Капыцько, У.Палуэктаў, удасканальвалі майстэрства кампазітары І.Лучанок, Я.Паплаўскі, Р.Сурус, Л.Шлег, піяністы М.Бергер, Р.Шаршэўскі; скрыпач А.Бяссмертны і інш. Мае Вял. залу для оперных спектакляў і сімф. канцэртаў, Малую залу (з арганам) для правядзення сольных і камерных канцэртаў. У 2000/01 навуч.г. ф-ты: фартэпіянны, аркестравы, вак.-рэжысёрскі, дырыжорскі, нар. інструментаў, кампазітарскі, гіст.-тэарэтычны. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.
Літ.:
Кремлев Ю. Ленинградская государственная консерватория, 1862—1937. М., 1938;
100 лет Ленинградской консерватории, 1862—1962: Ист. очерк. Л., 1962;
Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСІ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА, інсіта,
наіўнае мастацтва, галіна выяўл. мастацтва; творчасць мастакоў, што не маюць прафес.маст. падрыхтоўкі. Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў (інш. назвы — «сучасныя прымітывы», «мастакі нядзелі», «мастакі святога сэрца») мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафес. мовы выяўл. мастацтва. Стылістыка І.м. зыходзіць з імкнення да адлюстравання рэчаіснасці паводле свайго суб’ектыўнага ўяўлення пра яе, з міфалагізму светапогляду, імкнення да апавядальнасці і архітыповасці маст. вобразаў, вылучаецца метафарычнасцю маст. мовы, дэталізацыяй, імкненнем да абагульненасці тыпажу, пейзажных і побытавых элементаў, ненаўмысным парушэннем прапорцый у выявах у адпаведнасці з іх значнасцю, статычнасцю, парадкавай пабудовай кампазіцыі, умоўнасцю перспектывы, наяўнасцю некалькіх пунктаў агляду, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю.
Асэнсаванне І.м. пачалося ў 1880-я г. У еўрап. культуру ўвайшло творамі франц. мастака-самавука А.Русо, якія ўпершыню экспанаваліся ў парыжскім Салоне незалежных (1885). Сярод франц. інсітнікаў Л.Віўен, К.Бамбуа, Д.П.Пейранэ, С.Луі (Серафін э Сансаліса). У краінах Усх. Еўропы разглядаецца як эвалюцыйны этап традыц.нар. мастацтва, якое трансфармуецца ў індывід. творчасць асобных мастакоў-самавукаў: Нікіфар, Т.Ачэпка, Ю.Собат (Польшча), О.Біхалі-Мерын (Венгрыя), З.Губачак, І.Прохаска (Чэхія), І.Рабузін, І.Генераліч, С.Вечэнай і мастакоў Глебенскай школы (б. Югаславія). У розны час вывучэннем і папулярызацыяй І.м. займаліся Г.Апалінэр, А.Валар, П.Гіём, Р.Дэланэ, П.Пікасо, В.Удэ (Францыя), К.Півоцкі, А.Яцкоўскі (Польшча), Ш.Ткач (Славакія), Біхалі-Мерын (Венгрыя, аўтар «Энцыклапедыі наіўнага мастацтва», 1986), В.Кандзінскі, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, Д.Бурлюк (Расія). Цікавасць да І.м. ў краінах б.СССР узнікла ў пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых мастакоў Н.Пірасманашвілі (Н.Пірасмані, (Грузія), К.Білакур, М.Прымачэнка (Украіна), М.Бічэнене (Літва), Г.Дзікарская, Т.Елянок, І.Селіванаў, Я.Часнякоў (Расія). У 1970—90-я г. склалася рас. мастацтвазнаўчая школа па вывучэнні І.м. (Г.Астроўскі, К.Багемская, В.Балдзіна, Г.Паспелаў, Л.Тананаева і інш.), дзе яно разглядаецца як тыпалагічная разнавіднасць прымітыўнага мастацтва. Праводзяцца міжнар. трыенале І.м. ў Славацкай нац. галерэі ў Браціславе (1966, 1969, 1972, 1994, 1997), навук. сімпозіумы Міжнар. кабінета І.м., выстаўкі [Парыж (1-я 1937), Бадэн-Бадэн, Цюрых, Ротэрдам], дзе на некаторых з іх побач з інсітнымі творамі экспанавалася выяўл. мастацтва абарыгенаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, дзяцей і псіхічна хворых, якое мае стылістычнае падабенства з І.м.
На Беларусі вывучэнне І.м. пачалося ў 1990-я г. Пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, Л.Трахалёвай і інш. Сярод мастакоў-інсітнікаў В.Альшэўскі, П.Баранаў, А.Быстрыцкі, М.Валуевіч, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, В.Кавалеўскі, А.Кіш, Б.Лабкоўскі, В.Пляшкоў, Г.Рабіза, М.Рышкевіч, М.Сайфугаліева, М.Тарасюк, В.Цяцёркін, М.Юхно. Створаны музеі твораў Засінца (в.Мядзведнае, Ельскі р-н Гомельскай вобл.) і Тарасюка (в.Стойлы, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1994 у Нац.маст. музеі адбылася першаянац. выстаўка І.м.
Літ.:
Примитив и его место в художественной культуре нового и новейшего времени. М., 1983;
Примитив в искусстве: Грани проблемы. М., 1992;
Примитив в изобразительном искусстве: Материалы Всерос. науч.практ. конф. М., 1994;
Мастацтва — Insitus: Першаянац. выстаўка інсітнага мастацтва ў Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1994;
Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва-інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канф.Мн., 1997;
Jackowski A. Sztuka zwana naiwna: Zarys encyklopedyczny twórczości w Polsce. Warszawa, 1995.
В.А.Лабачэўская.
Да арт.Інсітнае мастацтва. М.Засінец. Унук. 1971.Да арт.Інсітнае мастацтва. С.Вечэнай. Адам і Ева. 1967.Да арт.Інсітнае мастацтва. Н.Пірасманашвілі. Кампанія Бего. 1907.Да арт.Інсітнае мастацтва. І.Генераліч. Алень у пушчы. 1956.Да арт.Інсітнае мастацтва. А.Русо. Нападзенне ягуара на каня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСТА́ЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА»,
выдавецтва Дзярж.к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1972 у Мінску на базе рэдакцый маст. і дзіцячай л-ры выд-ва«Беларусь». Выпускае арыгінальныя творы пісьменнікаў Беларусі на бел. і рус. мовах, кнігі па літ.-знаўстве і крытыцы, творы замежных пісьменнікаў, зборы твораў і выбр. творы, літ. спадчыну, дакумент., публіцыстычную л-ру. Да стварэння выд-ва«Юнацтва» (1981) выдавала л-ру для дзяцей і юнацтва. У складзе выд-ва рэдакцыі: паэзіі і прозы; збораў твораў, выбр. твораў і перакладной л-ры, гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Мае выдавецкія серыі: «Першая кніга паэта» (з 1968), «Першая кніга празаіка» (з 1971), «Паэзія народаў свету» (з 1971), «Бібліятэка замежнай прозы» (з 1983), «Скарбы сусветнай літаратуры» (з 1989), «Бібліятэка беларускай класікі» (з 1990), «Памяць» (з 1996), «Беларуская паэзія XX стагоддзя», «Беларуская проза XX стагоддзя» (абедзве з 1998) і інш.
Выдавала серыі: «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы», «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш.; штогоднікі: паэзіі — «Дзень паэзіі» (1965—94), замежнай л-ры — «Далягляды» (1975—92), публіцыстыкі — «Сучаснік» (1977—89), л-ры народаў СССР — «Братэрства» (1982—92). Асвоіла выпуск факсімільных («Вянок» М.Багдановіча, «Жалейка» Я.Купалы, «Песні-жальбы» Я.Коласа, «На этапах» М.Танка і інш.) і мініяцюрных выданняў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы выдала верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» на 83 мовах свету. Выдала зборы твораў К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Я.Коласа (т. 1—14, 1972—78), К.Крапівы (т. 1—5, 1974—76), А.Куляшова (т. 1—5, 1974—77), Я.Маўра (т. 1—4, 1975—76); П.Броўкі (т. 1—7, 1975—78), І.Шамякіна (т. 1—6, 1977—79), А.Якімовіча (т. 1—3, 1978—80), М.Танка (т. 1—6, 1978—81), Я.Брыля (т. 1—5), М.Лужаніна (т. 1—4; абодва 1979—81), І.Мележа (т. 1—10, 1979—85), В.Быкава (т. 1—4, 1980—82), П.Панчанкі (т. 1—4, 1981—83), І.Навуменкі (т. 1—6, 1981—84), У.Карпава (т. 1—5, 1983—85), М.Гарэцкага (т. 1—4), П.Глебкі (т. 1—4), П.Пестрака (т. 1—5; усе 1984—86), З.Бядулі (т. 1—5, 1985—89), А.Бачылы (т. 1—3, 1986—87), К.Кірэенкі (т. 1—3, 1986—88), А.Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), У.Караткевіча (т. 1—8, 1987—91), П.Броўкі (т. 1—9, 1987—92), К.Чорнага (т. 1—6, 1988—92), А.Пысіна (т. 1—2, 1989), А.Асіпенкі (т. 1—3, 1989—90), М.Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), І.Пташнікава (т. 1—4, 1990—92), С.Гаўрусёва (т. 1—2), Я.Пушчы (т. 1—2; абодва 1993—94) і інш. Выдае зборы твораў: Я.Купалы ў 9 т. (т. 1—5, 1995—98), Н.Гілевіча ў 6 т. (т. 1, 1996), Р.Барадуліна ў 5 т. (т. 1—2, 1996—98), К.Крапівы ў 6 т. (т. 1—2, 1997) і інш. У серыі «Памяць» выйшлі кн. «Валожынскі раён» (1996), «Мазыр і Мазырскі раён» (1997). Дырэктары: М.Ткачоў (1972—79), М.Дубянецкі (1979—86), А.Бутэвіч (1986—87), В.Грышановіч (1987—93), С.Андраюк (1993—95), Г.Марчук (з 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ТА,
друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт.эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г.афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц.царк.«Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).
У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.
У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл.«Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл.«Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл.«Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл.«Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл.«Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс.экз.
У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл.Заходнебеларускі друк).
У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл.Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл.Друк акупацыйны ў гады Вял.Айч. вайны).
Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл.«Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн.экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.