АНДРЫЁЛІ (Міхал Эльвіра) (26.11.1837, Вільня — 23.8.1893),
жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар. Бацька выхадзец з Італіі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу і ваяння (1855—57), Пецярбургскай АМ (1857—59), у акадэміі Св. Лукі ў Рыме (1860). У 1861 на Рымскай выстаўцы адзначаны сярэбраным медалём. Працуючы ў Вільні, быў звязаны з рэв. коламі, прымыкаў да «чырвоных». У 1863 на Віленшчыне і ў Коўне ўдзельнічаў у паўстанні 1863—64. У вер. 1863 арыштаваны, у студз. 1864 уцёк з ковенскай турмы за мяжу. Жыў у Лондане і Парыжы, стварыў шмат графічных работ пра падзеі 1863. Вярнуўся ў 1866 на радзіму, арыштаваны і сасланы ў Вятку, дзе стаў настаўнікам будучых рус. мастакоў В. і А.Васняцовых. З 1871 у Варшаве, прадаўжаў маст. адукацыю ў школе Герсана. У 1883—86 працаваў у Парыжы. У жывапісных і графічных работах адлюстроўваў жыццё і побыт бел. і літ.народаў, іх гіст. мінулае (графічныя творы «Смерць Кейстута», «Сутычка літвінаў з крыжаносцамі», «Хрышчэнне язычнікаў», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», «Залёты шаўца»). Напісаў партрэт Ф.Багушэвіча. Ілюстрацыі да кніг А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Мальчэўскага, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Э.Ажэшкі, У.Шэкспіра, Дж.Ф.Купера, зробленыя пад уплывам рамантызму, вызначаюцца тэхн. лёгкасцю, багаццем фантазіі.
Літ.:
История русского искусства. Т. 9, кн. 2. М., 1965;
Andriolli — świadek swoich czasów: Listy i wspomnienia. Wrocław etc., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ,
1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл.Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).
2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.
3) Стройнасць, зладжанасць выканання.
4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,
помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел.народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЛІ́ЧКА,
жанр фальклору, кароткае вуснае апавяданне пра незвычайныя падзеі, якія быццам адбыліся ў сапраўднасці. Звычайна расказвае пра сустрэчы (герой часта на падпітку або ў нейкім замарачэнні) з чортам, русалкамі, ваўкалакам, мерцвяком, чалавекам-пярэваратнем, ведзьмаю, зачараванымі скарбамі. Жанравыя вытокі былічкі — у міфал. уяўленнях, павер’ях, пашыраных ва ўмовах патрыярхальнага сял. побыту ўсх. славян і інш.народаў. Па стылі былічкі блізкія да казак, паданняў, легендаў. Былічка, якая часта не мае цэласнай сюжэтнай формы, часам трансфармуецца ў бывальшчыну. У выніку згасання традыц.нар. вераванняў былічкі ператвараюцца ў займальныя вусныя аповяды, блізкія да казак, анекдотаў, жартаў і гумарэсак. Шмат былічак сабралі М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі. Матывы былічак выкарыстоўвалі ў сваіх творах Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Ф.Багушэвіч («Палясоўшчык», «Дзядзіна»), Я.Колас («Страшнае спатканне»), Я.Купала, З.Бядуля і інш.бел. пісьменнікі.
Публ.:Federowski M. Lud białoruski. Т. 1—3. Kraków, 1897—1903; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.
Літ.:
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973;
Зиновьев В.П. Быличка как жанр фольклора и ее современные судьбы // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири. Новосибирск, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.
Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст. панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.
На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.
Створаны ў 1992 y Маскве на базе Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр.дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн. спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв. руху народаўРас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш.Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр.СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал.ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДКА,
агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.
На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш.нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.