класіфікацыя моў свету, якая праводзіцца ў залежнасці ад граматычнага ладу мовы, пераважна марфалогіі; адзін з відаў тыпалагічнай класіфікацыі моў. Паводле М.к.м. вылучаюць 4 тыпы моў свету: коранеізаляваныя мовы (адсутнасць словазмянення, грамат. значнасць парадку слоў, слабое проціпастаўленне знамянальных і службовых слоў); аглюцінатыўныя мовы (грамат. адназначнасць афіксаў, адзіны тып скланення і спражэння, адсутнасць значных чаргаванняў); інкарпараваныя мовы (магчымасць уключэння ў склад дзеяслова-выказніка інш. членаў сказа, пераважна прамога дапаўнення); флектыўныя мовы (поліфункцыянальнасць грамат. марфем, наяўнасць фанетычна не абумоўленых змен кораня, вял. колькасць фанетычна і семантычна нематываваных тыпаў скланення і спражэння).
Многія мовы займаюць прамежкавае становішча на шкале М.к.м., сумяшчаюць у сабе прыкметы розных тыпаў. Напр., бел.мова адносіцца пераважна да флектыўнага тыпу, аднак у ёй сустракаюцца выпадкі. калі адносіны паміж словамі выражаюцца не столькі канчаткамі, колькі парадкам слоў (напр., «Маці любіць дзіця» — «Дзіця любіць маці»).
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),
ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт.тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ.мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ Ян Казімір, бел. паэт 1-й пал. 17 ст.Біягр. звестак не захавалася. Паходзіў, відаць, са шляхецкага роду герба «Радван» з Ашмяншчыны. Вядомы адзіны яго верш «Полска квітнет лаціною...» (датаваны 1621, апубл. 1842), у якім выявіліся асаблівасці сілабатанічнага вершаскладання. Твор Н. — узор грамадз., патрыят. лірыкі. Паэт адзначае ролю роднай мовы ў грамадскім і культ. жыцці Вял. кн. Літ., ганарыцца міжнар. славай свайго народа, верыць у яго бессмяротнасць. Як сведчаць змест, паэт. форма і мова верша, аўтар быў чалавекам свецкім, высокаадукаваным, патрыятычна настроеным бел. шляхціцам або мешчанінам. Твор захаваўся ў Слуцім спісе Статута ВКЛ 1529. У ім змешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы інш. асоб, якія сведчаць, што ў 1-й пал. 17 ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш.
Літ.:
Грынчык М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 48—50;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЯТО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач.прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус.мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г.правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.
Літ.:
Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;
Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л (М.) (сапр.Пятэльскі Сцяпан Язэпавіч; каля 1890, мяст. Гарадок Беластоцкага пав. — канец 1917 ці пач. 1918),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст. Скончыў царк. настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы (1909, Беласточчына). Настаўнічаў на Беласточчыне, Гродзеншчыне, Ковеншчыне. З 1914 на фронце. Узнаг. Георгіеўскім крыжам. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве». У паэзіі Арла — матывы паняволення роднага краю і народа, роздум над рэнегацтвам часткі бел. інтэлігенцыі. Вершы адметныя лірызмам, паяднаннем рэальнага і абагульнена-сімвалічнага, філасафічнасцю. У іх прыкметны ўплыў вобразаў, матываў, паэтыкі Я.Купалы і Я.Коласа. Даследчык і прапагандыст бел.нар. песні. Лічыў яе крытэрыем высокага паэт. майстэрства. Перакладаў на бел. мову В.Бялінскага, дастасоўваючы думкі рус. крытыка да патрэб самасцвярджэння нацыі, гал. праблем маладой бел. л-ры. З укр. л-ры пераклаў байкі Л.Глібава.
Тв.:
Лірнік. Мн., 1991.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 459—561;
Саламевіч Я.М. Арол — нашаніўскі паэт, перакладчык, публіцыст // Бел.мова і літаратура ў школе. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),
бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр.т-ваРас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.
Літ.:
Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач.н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.-германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб.стараж.мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб.стараж. — гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РДСВАРТ, Уордсуарт (Wordsworth) Уільям (7.4.1770, г. Кокермут, Вялікабрытанія — 23.4.1850), англійскі паэт. Паэт-лаўрэат з 1843. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1791). Разам з С.Т.Колрыджам, Р.Саўці прадстаўнік т.зв. «азёрнай школы» (гл. раздзел Літаратура ў арт.Вялікабрытанія). Вядомасць прынесла паэма «Віна і смутак» (1783). Эвалюцыя філас.-рэліг. і маральна-этычных поглядаў адбілася ў вершаванай аўтабіягр. паэме «Прэлюд» (1799—1805, выд. 1850). Зб. «Лірычныя балады» (разам з Колрыджам, т. 1—2, 1798) паклаў пачатак рамантызму ў англ. л-ры. Простая мова, набліжаная да прозы, культ уяўлення, дэмакратызацыя тэматыкі высокай паэзіі (лёс простага чалавека, духоўны свет селяніна) — прынцыпы, якімі кіраваўся Вордсварт на працягу ўсёй творчасці. Узаемаадносіны чалавека, прыроды і Бога — гал. тэма філас. паэмы «Прагулка» (1814). Аўтар зб-каў «Вершы» (т. 1—2, 1807), «Біблейскія санеты» (1822), балад, памфлетаў. Пантэізм філас. і пейзажнай лірыкі Вордсварта зрабіў моцны ўплыў на амер. рамантыкаў (Р.У.Эмерсан, У.К.Браянт). Высокую ацэнку навацыям паэта даў А.С.Пушкін (арт. «Пра паэтычны стыль»).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи];
Сонеты // Поэзия английского романтизма. М., 1975.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Английский романтизм. М., 1978. С. 42—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах. — перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.
Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова«Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец.марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.
Літ.:
Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;
Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.