ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч., plastikos прыдатны для лепкі, падатлівы) матэрыялаў, уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) пад уздзеяннем мех. нагрузак зменьваць без разбурэння сваю форму і захоўваць частку атрыманай дэфармацыі пасля спынення ўздзеяння. Залежыць ад структуры цела і ўмоў яго дэфармавання (скорасці нагружэння, т-ры, ціску і інш.). Малое значэнне або адсутнасць П. азначае процілеглую ўласцівасць — крохкасць матэрыялаў. Улік П. дазваляе вызначаць запасы трываласці, дэфармавальнасці і ўстойлівасці канструкцый, магчымасці апрацоўкі матэрыялаў ціскам (валачэння, коўкі, пракаткі, штампоўкі). Вывучаюць П. пластычнасці тэорыя, супраціўленне матэрыялаў і інш.
Пластычная дэфармацыя звязана з разрывам некат. міжатамных сувязей і ўтварэннем новых. П. аморфных цел вызначаецца імавернасцю рэлаксацыйных перагруповак атамаў і малекул (гл.Рэлаксацыя), а цел з крышт. будовай — утварэннем, перамяшчэннем і ўзаемадзеяннем дэфектаў у крышталях. У залежнасці ад колькасці атамаў, што ўдзельнічаюць у элементарным акце пластычнай дэфармацыі, адрозніваюць П.: самадыфузійную і дыфузійную (перамяшчэнне атамных слаёў крышталя, на якія ўздзейнічаюць знешнія сілы, на ўчасткі, дзе дзейнічаюць расцягвальныя сілы), краўдыённую (спараджэнне і перамяшчэнне краўдыёнаў — згушчэнняў атамаў уздоўж шчыльна ўпакаваных шэрагаў атамаў), дыслакацыйную (слізганне па крышталеграфічных плоскасцях, гл.Дыслакацыі ў крышталях), звязаную з дэфармацыяй элементарнай ячэйкі крышталя (гл.Двайнікаванне), з працяканнем фазавага пераўтварэння (гл.Фазавыя пераходы).
Літ.:
Хоникомб Р. Пластическая деформация металлов: Пер. с англ.М., 1972;
Полухин П.И., Горелик С.С., Воронцов В.К. Физические основы пластической деформации. М. 1982;
Кайбышев О.А. Сверхпластичность промышленных сплавов. М., 1984;
Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн.т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн.т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн.т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.
адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.
Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс.г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс.г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́К,
дробнаабломкавая рыхлая асадкавая горная парода. Складаецца з абкатаных і вуглаватых зерняў (пясчынак) розных мінералаў, абломкаў горных парод, шкілетаў арганізмаў. Існуе шмат класіфікацый П., найчасцей карыстаюцца геалагічнай, дзе паводле пераважных памераў зерняў П. падзяляецца на тонказярністы (0,05—0,1 мм), дробназярністы (0,1—0,25 мм), сярэднезярністы (0,25—0,5 мм), буйназярністы (0,5—1 мм). У інжынерна-геал. класіфікацыі вылучаецца грубазярністы П. (1—2 мм). У горнай справе П. вызначаецца памерам часцінак да 5 мм. П. змяшанай зярністасці прыблізна ў роўнай колькасціназ. розназярністым. У саставе П. — кварц (больш за 50 %), палявы шпат, слюда, глаўканіт, вулкан. шкло; як дамешкі — ільменіт, магнетыт, рагавая падманка, цыркон, рутыл, гранат, турмалін і інш. Паводле мінер. саставу вылучаюць монамінер. П. (пераважна 1 мінерал, напр., кварцавыя), алігаміктавыя П. (1 мінерал і некалькі падпарадкаваных яму, напр., кварцавапалявашпатавыя), паліміктавыя П. (з розных мінералаў). Паверхня зерняў часам укрыта плеўкай з гідраксідаў жалеза, гліністага або карбанатнага рэчыва; сцэментаваныя такім матэрыялам П. ўтвараюць пясчанікі. Выкарыстоўваюцца П. ў шкляной, керамічнай прам-сці, буд-ве, вытв-сці дынасавай цэглы, ліцейных форм. Змяшчаюць россыпныя радовішчы карысных выкапняў, падземныя воды. На Беларусі П. рознага ўзросту (ад дакембрыю да антрапагену ўключна), звязаны з адкладамі марскога, алювіяльнага, азёрнага, водна-ледавіковага, эолавага і інш. паходжання. Складаюць 39% аб’ёму антрапагенавых адкладаў, на паверхні займаюць 45% плошчы рэспублікі, дзе ўтвараюць пясчаныя глебы. Гл. таксама Неметалічныя карысныя выкапні, Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПРАЦО́ЎЕ,
сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ (ад позналац. minera руда),
прыродныя хім. злучэнні, радзей самародныя элементы, пераважна цвёрдыя целы крышталічнай і аморфнай будовы, прыкладна аднародныя паводле хім. саставу і фіз. уласцівасцей, утвораныя ў выніку фіз.-хім. працэсаў у нетрах і на паверхні Зямлі або інш. планет, устойлівыя ў пэўных фіз.-хім. межах; састаўная ч. горных парод і руд. Гэта самародныя элементы, сульфіды, галагеніды, аксіды і гідраксіды, кіслародныя солі. Да М. часам адносяць некаторыя арган. злучэнні і ваду. М., якія складаюць горныя пароды, наз.пародаўтваральнымі, тыя, што прысутнічаюць у пародзе ў нязначнай колькасці — акцэсорнымі.
Фіз. і хім. ўласцівасці пераважнай большасці М. залежаць ад хім. саставу і структуры крышт. рашоткі. Вылучаюць ізаморфныя разнавіднасці мінералаў (пры аднолькавай форме пераменны хім. састаў) і паліморфныя аднаго хім. саставу (напр., алмаз і графіт). Вядома каля 2 тыс. М. Найб. пашыраны М. класа сілікатаў (34% ад агульнай колькасці), аксіды і гідраксіды (каля 25%), сульфідныя злучэнні і іх аналагі (каля 20%). Колер, бляск, празрыстасць, цвёрдасць, шчыльнасць, спайнасць, злом, аптычныя характарыстыкі, магнітнасць, электраправоднасць, радыеактыўнасць і інш. ўласцівасці М. цесна звязаны з хім. саставам і структурай. Колер М. разнастайны і залежыць ад храмафорных (афарбоўваючых) элементаў, змены аптычнай аднароднасці крышт. рашоткі, мех. дамешкаў і інш. Бляск М. шкляны, алмазны, паўметалічны і металічны. М. падзяляюцца на празрыстыя (напр., тапаз, горны хрусталь), паўпразрыстыя (напр., кінавар, сфалерыт), непразрыстыя (напр., магнетыт, графіт). Цвёрдасць М. вызначаецца пераважна паводле шкалы Моаса (ад 1 да 10, напр., тальк — цв. 1, алмаз — цв. 10). Пры вызначэнні М. і ўмоў іх утварэння вял. значэнне мае марфалогія (вонкавы выгляд крышталяў — прызматычныя, таблітчастыя, ігольчастыя, слупковыя, ліставатыя, лускавінкавыя і інш.; характар агрэгатаў — друзы, жэоды, сакрэцыі і інш.). Тэрыторыі з пэўным комплексам М. наз.мінералагічнымі правінцыямі; прамежкі часу, спрыяльныя ўтварэнню пэўнага комплексу М., наз. мінералагічнымі эпохамі. Вывучэнне ўзаемасувязі паміж хім., фіз. і марфал. асаблівасцямі М. і ўмовамі іх утварэння ўзнаўляе гісторыю фарміравання радовішчаў, што складае навук. аснову пошукаў і разведкі карысных выкапняў. У аснове сучаснай класіфікацыі М. ляжыць крышталехім. прынцып, які адлюстроўвае тып хім. злучэння і тып. хім. сувязі паміж структурнымі адзінкамі. Паводле класіфікацыі А.Г.Бяцехціна, усе М. падзяляюцца на арганічныя і неарганічныя, неарганічныя — на 6 раздзелаў, унутры іх вылучаюцца класы, падкласы і групы.
На Беларусі вядома некалькі соцень М. У крышт. фундаменце трапляюцца акцэсорныя М.: самародныя элементы (плаціна, ірыдый, золата, ртуць), сульфіды (кінавар, барніт, кавелін), групы гранатаў (андрадыт, альмандын, піроп), піраксены (аўгіт, дыяпсід, саліт, ферасаліт, гіперстэн, эгірын, энстатыт), амфіболы (рагавая падманка, актыналіт, трэмаліт і інш.). У асадкавай тоўшчы трапляюцца самародная медзь, спадарожнік алмазу — піроп, з групы гідраксідаў — дыяспор і інш.Мінеральную сыравіну, што здабываюць у Беларусі, выкарыстоўваюць у прам-сці буд. матэрыялаў, хім., керамічнай, як агранамічныя руды, абліцовачныя матэрыялы і інш.
Літ.:
Бетехтин А.Г. Минералогия. М., 1950;
Лазаренко Е.К. Курс минералогии. 2 изд. М., 1971;
Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Мн., 1998.
Я.І.Аношка.
Да арт.Мінералы. 1. Мікраклін, карлсбадскі двайнік. 2. Купраадамін. 3. Селеніт. 4. Галіт з крышталямі гіпсу. 5. Папіршпат. 6. Кракаіт. 7. Гётыт — «бурая шкляная галава» ў ліманітавай жэодзе. 8. Азурыт. 9. Шэрл у кварцы. 10. Кальцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАГЛА́СНІКІ,
уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн.царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав.нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял.колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,
барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасціням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІФІКА́ЦЫЯ,
працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.
Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш.Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.
На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласць газаправодаў на Беларусі каля 17 тыс.км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл.табл.).