ЛЫСЯ́ТАЎ Юрый Васілевіч (1.2.1929, г. Калуга, Расія —24.8.1997),
бел. кінарэжысёр дакументальнага кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1961). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры Л. ўласцівы лірычная танальнасць, імкненне да натуральнасці, выкарыстанне шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў. Жыццё Беларусі, праблемы сучаснай вёскі ў фільмах «Мы з Беларусі» (1974), «Зямля мая — лёс мой» (1978; з Р.Ясінскім), «Бацькоўскае поле» (1979), «Асабісты гектар» (1982), «Круглы год» (1984). Паставіў таксама фільмы: «Паляванне са старым сабакам» (1968), «Лілія — дачка Геаргіцы» (1971), «Мужчынскія галасы» (1973), «Іван Мележ» (1977), «Лятаючы Якаў» (1980) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНІ́ЎЦЫ,
група млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. 2 сям.: уласна Л. (Bradypodidae) — 1 род, 3 віды і двухпальцаляніўцавыя (Megalonychidae) — 1 род, 2 віды. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Начныя дрэвавыя жывёлы. Ашыйнікавы Л. (Bradypus torquatus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 65 см, маса да 7 кг. Поўсць доўгая, шаравата-бурая, з зеленаватым адценнем, якое надаюць водарасці, што развіваюцца ў поўсці. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Кісці і ступні вузкія, выгнутыя. Пальцы (2 або 3) зрослыя на ўсю даўж., з доўгімі кіпцюрамі. Галава можа паварочвацца на 180°. Маларухомыя. Расліннаедныя. Раз у год нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ БУ́РЫ,
моцныя ўзбурэнні магнітнага поля Зямлі, якія рэзка парушаюць яго плаўны сутачны ход. Выклікаюцца ўздзеяннем узмоцненых патокаў сонечнай плазмы (сонечнага ветру) на магнітасферу Зямлі. У гады спакойнага Сонца іх колькасць 1—2, у перыяды найб. актыўнасці — 20—40 за год, пры гэтым павялічваецца колькасць вял. і вельмі вял.бур. Часцей назіраюцца каля максімумаў 11-гадовага цыкла сонечнай актыўнасці і маюць тэндэнцыю да 27-дзённай паўтаральнасці (перыяд абарачэння Сонца). Цягнуцца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Найб. інтэнсіўнасць у высокіх шыротах. Уздзейнічаюць на стан. здароўя людзей, ускладняюць радыёсувязь, вядомы выпадкі пашкоджання эл. сілавых ліній, сігналізацыі на чыгунках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬД, лісцевы бурак (Beta cicla, B. vulgaris cicla),
падвід бурака звычайнага, агароднінная культура з сям. лебядовых. Вядомы з 8 ст. да н.э., продак звычайнага караняплоднага бурака. Культывуецца пераважна ў Зах. і Паўд. Еўропе.
Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год утварае разетку лісця і моцна разгалінаваны корань, на 2-і дае кветаносы і насенне. Лісце буйное, кучаравае, маршчыністае з чаранкамі і жылкамі рознага колеру (дэкар. сарты) або гладкае, хвалістае. Кветкі дробныя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца ў суплоддзе (клубочак). У лісцевых сартоў М. ядомае лісце, у чаранковых — і чаранкі. Харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,
тэктанічная міжгорная ўпадзіна на ПнЗ Венесуэлы і часткова (на ПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс.км². Акружана хрыбтамі Андаў, на Пн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °C — найвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў на Пд 1500 мм, на Пн 500 мм за год. Паўд.ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, на Пн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ПАРО́ДАкурэй. Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Маскоўскай вобл. ў 1940—60-я гг. скрыжаваннем юрлаўскіх курэй мясц. папуляцыі з бурымі легорнамі і нью-гэмпшырамі, завезенымі з ЗША. На Беларусі пашырана абмежавана, пераважна як калекцыйная парода.
Маса пеўняў 3,5 кг, курэй 2,4 кг. Апярэнне чорнае, часта з жоўта-бурымі пёрамі на шыі (у пеўняў таксама на плячах і паясніцы). Ногі і дзюба шэрыя. Тулава доўгае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Галава шырокая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем, вушныя мочкі чырвоныя. Яйцаноскасць 210—230 яец за год, сярэдняя маса яйца 58 г; характэрны мясная скараспеласць, высокая жыццяздольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.Гянко, В.Сварыка, Р.Пінкус, Г.Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз. жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч.год са складанымі праграмамі з твораў І.Гайдна, Л.Бетховена, Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, П.Чайкоўскага).
Літ.:
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».
Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц.т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХА ПАКАЁВАЯ (Musca domestica),
насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляецца падвід М.п. паўночная (M.d.domestica). Адзін з найб. пастаянных насельнікаў жылых і гасп. памяшканняў Пераносчык узбуджальнікаў кішачных інфекцый, поліяміэліту, яец гельмінтаў і інш.
Даўж. да 9 мм. Цела шэрае, укрыта валаскамі. У самца брушка чорнае з жаўтаватымі плямамі па баках. Лічынкі даўж. да 10 мм, жаўтавата-белыя, усёедныя, развіваюцца ў гнаі, кухонных адкідах і інш. Дарослыя кормяцца разнастайнымі цвёрдымі і вадкімі рэчывамі расл. і жывёльнага паходжання. Адкладвае да 150 яец за 1 раз, дае да 10 пакаленняў за год. Жыццёвы цыкл 10—45 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШО́ЎКАВЫЯ, мышоўкі (Zapodidae, або Sicistidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясной, ’лесастэпавай і стэпавай зонах, у гарах — да выш. 3000 м. Селяцца ў норах, паваленых дрэвах, пнях. Актыўныя на змярканні і ноччу. Зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — мышоўка лясная (Sicista letulina).
Даўж. цела да 10 см, хваста да 16 см, маса да 28 г. Падобныя да мышэй. Канечнасці пяціпальцыя, заднія падоўжаныя. Здольныя рабіць скачкі даўж. да 4 м. Пераважна расліннаедныя, часам кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.