ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83,

Амерыканская рэвалюцыя, рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.Я.Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),

горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст. адм. адзінку. 2,1 млн. ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн. ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана ​1/6 прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як ​1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, ​1/3 тэкст., ​1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.

Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум. Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.

Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф. к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац. т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).

У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л. ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн. ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л. Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).

Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙКА,

горад, цэнтр Вілейскага раёна Мінскай вобл., на р. Вілія. За 103 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Полацк. Вузел аўтадарог (на Маладзечна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы). 29,8 тыс. ж. (1995).

Вядома з 1599 як мястэчка, цэнтр Вілейскага староства Ашмянскага пав. ВКЛ. Мела назву Стары Куранец, у 16 ст. належала роду Куранецкіх З 1793 у складзе Рас. імперыі, Кацярына II падаравала Вілейку мінскаму ген.-губернатару Карнееву, які аб’яднаў мястэчка і вёску Вілейку ў адзін нас. пункт. З 1795 цэнтр Вілейскага павета. 22.1.1796 зацверджаны герб горада: чырв. поле шчыта перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам. Развіццю Вілейкі спрыяла гандл. суднаходства, штогод адбываліся 4 кірмашы. Вял. страты гораду прычынілі пажар 1810 і вайна 1812. У час паўстання 1830—31 тут дзейнічаў паўстанцкі к-т, паўстання 1863—64 — паўстанцкі атрад. У 1860 у Вілейцы царква, 3 малітоўныя дамы, 3 капліцы, шпіталь, бровар, 14 крам, 272 дамы, у 1861 — 2931 ж., у 1897 — 3560 ж. У 1904 праз Вілейку прайшла чыгунка. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічаў рэв.-сялянскі к-т, с.-д. група. У 1918 акупіравана герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. Дзейнічалі падп. райкомы КПЗБ і КСМЗБ, арг-цыі Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. З 1939 у БССР, цэнтр Вілейскай вобласці. З 26.6.1941 да 2.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут больш за 6 тыс. чал.; дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле 31.10—1.11.1943 адбыўся Вілейскі бой 1943. У 1959 у Вілейцы 8,2 тыс., у 1989 — 25 тыс. жыхароў.

Арх.-планіровачную структуру горада фарміруюць вуліцы 17 Верасня, Першамайская, Вадап’янава, якія ўтвараюць прамавугольную сетку дробных кварталаў сядзібнай, пераважна драўлянай забудовы. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — прамавугольная ў плане пл. Леніна. Яе асн. кампазіцыйнымі дамінантамі з’яўляюцца Вілейскі Крыжаўзвіжанскі касцёл і Вілейская царква. У зах. частцы будуюцца шматпавярховыя дамы, на Пн і З фарміруецца індывід. забудова сядзібнага тыпу. Зберагліся помнікі архітэктуры 19—20 ст.: будынкі гімназіі, турмы, бальніцы, жылы дом па вул. Чырвонаармейскай, 28. Паводле генплана 1979 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана развіццё горада ў паўд. напрамку ўздоўж р. Вілія, рэканструкцыя і забудова цэнтр. часткі 3—6-павярховымі жылымі дамамі з захаваннем існуючай сеткі вуліц, стварэнне на левабярэжжы буйнога шматпавярховага жылога раёна.

Заводы «Зеніт» і аўтарамонтны, прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей. Магілы ахвяр фашызму. За 1 км ад Вілейкі Вілейскае вадасховішча.

Г.А.Каханоўскі (гісторыя).

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,

сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.

Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.

З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.

Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра І 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.А.Ткачоў.

т. 4, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т.л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т.л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.В.Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГСКІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс над групай гал. нацысцкіх ваенных злачынцаў. Праводзіўся 20.11.1945—1.10.1946 у г. Нюрнберг (Германія), у Міжнар. ваен. трыбунале, створаным паводле Лонданскага пагаднення ад 8.8.1945 паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССР гал. абвінаваўцам выступаў Р.А.Рудэнка. Пад суд былі аддадзены 24 ваен. кіраўнікі фаш. Германіі: Г.Герынг, Р.Гес, І.Рыбентроп, В.Кейтэль, Р.Лей (скончыў самагубствам у турэмнай камеры), Э.Кальтэнбрунер, А.Роэенберг, Г.Франк, В.Фрык, Ю.Штрэйхер, В.Функ, К.Дзёніц, Э.Рэдэр, Б. фон Шырах, Ф.Заўкель, А.Іодль, М.Борман (судзілі завочна), Ф. фон Папен, А.Зейс-Інкварт, А.Шпеер, К.Нейрат, Г.Фрычэ, Г.Круп (прызнаны невылечна хворым, яго справа спынена ў сувязі са смерцю). Адбыліся 403 адкрытыя суд. пасяджэнні, на якіх заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Геса і Фрыка), 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс. дакумент. доказаў, у т.л. пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў на тэр. Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пра знішчэнне сав. людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у 3 канцлагерах на тэр. Палескай вобл., расстрэлы жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Брэсцкай вобл. Віна падсудных у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваен. злачынстваў была даказана. Да пакаранню смерцю праз павешанне прыгавораны Герынг, Рыбентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтэнбрунер, Штрэйхер, Іодль, Заўкель, Зейс-Інкварт, Борман (завочна), да пажыццёвага турэмнага зняволення Гес, Функ, Рэдэр, да турэмнага зняволення на 20 гадоў Шырах і Шпеер, на 15 — Нейрат, на 10 — Дзёніц, апраўданы Папен, Фрычэ, Я.Шахт. Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі дзярж. тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі і яе ахоўныя атрады (СС). На прыгавор чл. трыбунала ад СССР заявіў асобную думку: Папен, Фрычэ і Шахт апраўданы беспадстаўна, да Геса павінна быць ужыта пакаранне смерцю, беспадстаўна адмоўлена прызнаць злачыннымі арг-цыямі генштаб і ўрадавы кабінет. Прыгавор да пакарання смерцю здзейснены ў ноч на 16.10.1946, целы пакараных і Герынга (скончыў самагубствам перад пакараннем смерцю) сфатаграфаваны, спалены і прах развеяны. Так упершыню ў гісторыі былі пакараны арганізатары агрэсіўнай вайны, агрэсія прызнана найцяжэйшым міжнар. злачынствам. На працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя дзеянні нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна гал. кіраўнікоў фаш. Германіі ў арганізацыі і ва ўчыненні найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Прынцыпы міжнар. права, што ўтрымліваюцца ў Статуце трыбунала і выказаныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН ад 11.12.1946.

Літ.:

Нюрнбергский процесс: право против войны и фашизма. М., 1995;

Нюрнбергский процесс: Сб. материалов: В 8 т. Т. 1—5. М., 1987—91.

І.І.Пацяружа.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ ІСПА́НСКІХ КАЛО́НІЙ У АМЕ́РЫЦЫ 1810—26,

вызваленчая вайна лац.-амер. калоній супраць ісп. панавання. Эканам. абмежаванні, немагчымасць атрымаць аўтаномію калоній у межах ісп. манархіі, малое прадстаўніцтва ў картэсах (ад 15-мільённага насельніцтва калоній 9 дэпутатаў, ад 12-мільённай Іспаніі 36) і інш. выклікалі незадаволенасць у крэолаў. У 1808—09 адбыліся антыісп. ўзбр. выступленні, задушаныя калан. ўладамі. Вайна пачалася ў 1810 паўстаннямі ў Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і інш. буйнейшых цэнтрах Лац. Амерыкі, дзе была ліквідавана ісп. адміністрацыя і створаны часовыя рэв. ўрады — хунты. На 1-м этапе вайны (1810—18) адным з цэнтраў рэв. барацьбы была Венесуэла, у паліт. жыцці якой мела ўплыў «Патрыятычнае т-ва» (кіраўнік Ф.Міранда, адзін з гал. членаў С.Балівар). Аднак з-за адсутнасці сродкаў, зброі і падтрымкі насельніцтва першая (1811—12) і другая (1813—14) Венесуэльская рэспублікі палі. У «Пісьмах з Ямайкі» (1815) Балівар выклаў новую праграму вызв. руху (барацьба за адмену рабства, надзяленне зямлёй салдат вызв. арміі). Створаная ім на востраве каля берагоў Венесуэлы рэв. армія ў 1816 уступіла ў краіну і нанесла паражэнне ісп. войскам. У Мексіцы ў 1810—15 вайна набыла характар масавага сял. паўстання (кіраўнік М.Ідальга) — захопліваліся крэольскія латыфундыі, вярталіся землі індзейцам. Паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў і наблізіліся да Мехіка. Пасля паланення і расстрэлу іспанцамі Ідальга рух узначаліў яго паплечнік Х.М.Марэлас. У 1813 абвешчана незалежнасць, у 1814 прынята канстытуцыя рэспублікі. Аднак у 1815 іспанцы разграмілі паўстанцаў, пакаралі смерцю Марэласа і часова аднавілі ў Мексіцы калан. рэжым. На 2-м этапе вайны (1819—26) вызв. армія Балівара здзейсніла паход праз высакагорныя перавалы Андаў у Новую Гранаду, разграміла ісп. войскі ў бітве каля г. Баяка (1819), разам з войскамі новагранадскага ген. Ф.Сантандэра ўступіла ў сталіцу Багату і вызваліла ўсю тэр. краіны. На пач. 1821 поўнасцю вызвалена Венесуэла. Было абвешчана стварэнне аб’яднанай дзяржавы Вял. Калумбія (Венесуэла, Новая Гранада, Панама і, пасля вызвалення, Эквадор). У Мексіцы з 1820 пасля задушэння сял. руху барацьбу вялі крэолы-сепаратысты на чале з А.Ітурбідэ, які пасля выгнання іспанцаў у 1821 абвясціў сябе імператарам. Пасля яго звяржэння краіна абвешчана незалежнай федэратыўнай рэспублікай (1824). У 1824 ісп. войскі разгромлены ў Перу. У 1826 завершана вызваленне Верхняга Перу (названа ў гонар Балівара Балівіяй), апошнія ісп. войскі выцеснены з узбярэжжа Чылі і Перу. У ходзе вайны праведзены асобныя дэмакр. рэформы, аднак не вырашана агр. пытанне. Пад уладай Іспаніі засталіся толькі Куба і в-аў Пуэрта-Рыка.

Літ.:

Линч Дж. Революции в Испанской Америке, 1808—1826: Пер. с англ. М., 1979;

Глинкин А.Н. Дипломатия Симона Боливара. М., 1991.

У.Я.Калаткоў.

т. 3, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́СА,

горад на Украіне, цэнтр Адэскай вобласці 1086,7 тыс. ж. (1993). Буйны міжнар. порт на Чорным моры. Чыг. вузел. Прамысловасць: машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны, цяжкія краны, вытв-сць халадзільнага, мед., гандл., паліграф. абсталявання), хім. (суперфасфат, лакі і фарбы), нафтаперапр., хім.-фармацэўтычная, харч. (цукрова-рафінадная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная і інш.), лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая і інш.).

На тэр. сучаснай Адэсы паселішча і гарадзішча існавалі да н.э. У час Кіеўскай Русі тут жылі ўсх.-слав. плямёны улічаў і ціверцаў. У 1239—40 паселішча захоплена мангола-татарамі. З пав. 15 ст. ў складзе ВКЛ. Пад назвай Хаджыбей упамінаецца ў 1415. У 1764 туркі пабудавалі тут крэпасць Ені-Дунья (Новы свет), якая паводле Яскага мірнага дагавора 1791 адышла да Расіі. У 1795 Хаджыбей перайменаваны ў Адэсу. З 1805 Адэса — адм. ц. Новарасійскага краю, з 1825 цэнтр павета Херсонскай губ. З 1932 цэнтр Адэскай вобл. У 1817 засн. ліцэй (гл. Адэскі універсітэт), у 1825 гіст.-археал. музей, у 1830 публічная б-ка. За гераізм у Вял. Айч. вайну (гл. Адэсы абарона 1841, Адэская аперацыя 1944) прысвоена званне горада-героя (1945).

У 1917 у Адэсе і Адэскай акр. знаходзілася больш за 100 тыс. беларусаў з мясц. насельніцтва, бежанцаў 1-й сусв. вайны і салдат Румынскага фронту. У 1917—20 тут дзейнічалі арг-цыі «Беларускі гай», Бел. вайсковая рада, Бел. нац. рада і абраны ёю Бел. нац. камісарыят, выходзіла газ. «Белорусы в Одессе». Сярод актыўных чл. гэтых арг-цый бел. дзеячы А.Ф.Адамовіч, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак, С.М.Некрашэвіч і інш.

У аснове рэгулярнага плана Адэсы 1794 (інж. Ф.Дэвалан) 3 восевыя магістралі, якія выходзяць да Прыморскага бульвара, забудаваныя ў стылі класіцызму. Цэнтр. ансамбль — паўкруглая плошча з помнікам А.Э.Рышэлье (1828, скульпт. І.Мартас); ад плошчы да мора вядзе манум. Пацёмкінская лесвіца (1841, арх. Ф.К.Бофа). У 1884—87 узведзены будынак тэатра оперы і балета (арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). У Адэсе працавалі арх. А.Мельнікаў, А.Бернардацы, Тама дэ Тамон і інш. Сярод арх. помнікаў: палацы Патоцкага (1805—10, цяпер Маст. музей), Гагарыных (1842, цяпер Літ. музей), Новая біржа (1894—99, цяпер філармонія), пасаж (1899—1903). Адэса забудоўваецца паводле ген. плана 1966. Пабудаваны марскі вакзал (1966), гасцініца «Чорнае мора» (1972), Палац спорту (1976), Тэатр муз. камедыі (1981) і інш. Музеі: Археал., Мастацкі, Літаратурны, Зах. і ўсх. мастацтваў; Адэскі універсітэт, мед., пед., політэхн., інжынераў марскога флоту ін-ты і інш. У Адэсе буйны турысцкі цэнтр, пункт марскіх круізаў (у т. л. замежных), турысцкі комплекс «Адэса» на курорце Аркадзія.

Марскі вакзал у Адэсе.
Адэса. Тэатр оперы і балета.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОСТ», генеральны план «Ост», кодавая назва праграмы ням фаш. захопнікаў па каланізацыі і германізацыі Усх. Еўропы. Распрацаваны гал. упраўленнем імперскай дзярж. бяспекі. 1-ы варыянт датычыў у асн. тэр. Польшчы. Пасля нападу на СССР былі распрацаваны асн. фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізацыі акупіраваных тэрыторый. Адзін з яго варыянтаў знойдзены ў 1970-я г. пры інвентарызацыі ням. ваен. дакументаў у нац. архіве ЗША. Першапачаткова намячалася «высяленне» 31 млн. чал., потым зроблена ўдакладненне — 46—51 млн. чал., у т.л. 75% беларусаў. Прадугледжвалася з Польшчы, зах. раёнаў СССР за 25—30 пасляваенных гадоў перасяленне ў Зах. Сібір, на Паўн. Каўказ, у Паўд. Амерыку каля 31 млн. славян, а таксама значнай часткі насельніцтва Прыбалтыкі. Каланізацыі і амаль поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобл.), Готэнгаў (Крым і Херсонская вобл.). У адносінах да славянскага насельніцтва меркавалася знішчыць інтэлігенцыю (носьбіта культуры народа); стэрылізацыяй і інш. спосабамі штучна паменшыць нараджальнасць, агульнаадук. ўзровень народа звесці да ўмення чытаць і лічыць. Планавалася стварыць 4 рэйхскамісарыяты: «Балтэнланд» («Остланд»), «Украіна», «Каўказ» і «Расія» («Масковія»). Масква падлягала зруйнаванню (разам з насельніцтвам), Ленінград пераймяноўваўся ў г. Адольфсбург. «Кіраваць» захопленай тэр., паводле плана ням. ген. штаба, прызначаліся 56 дывізій. Для рэалізацыі плана «О.» меркавалася стварыць 36 пасяленскіх апорных пунктаў, з іх 14 на Беларусі і ў Прыбалтыцы. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць у якасці рабочай сілы 100 тыс. мясц. жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., Полацку — 10 тыс. і 20 тыс., Гродне — 10 тыс. і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс. і 20 тыс., Барысаве і Навагрудку па 5 тыс. і 15 тыс. і г.д. Усяго ў 20 гарадах Беларусі прадугледжвалася пасяліць больш за 200 тыс. каланістаў. У Мінску планавалася буд-ва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваен. кіраўніцтва, жандармерыі і інш. карных органаў, турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў і спец. пад’язнымі пуцямі. У час акупацыі праводзілася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На Беларусі з 9200 вёсак, спаленых гітлераўцамі, больш за 5290 знішчаны разам з усімі або значнай часткай жыхароў. За гады акупацыі фашысты загубілі на Беларусі больш за 2,2 млн. грамадзян, каля 380 тыс. вывезлі ў Германію. Актыўны падп. і партыз. рух, разгром фаш. Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць план «О.». Гл. таксама Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці.

Літ.:

Преступные цели — преступные средства: [Сб. док.]. 3 изд. М., 1985;

Безыменский Л.А. Генеральный план «Ост»;

замысел, цели, результаты // Вопр. истории. 1978. № 5;

Яго ж. Разгаданные загадки третьего рейха, 1933—1941. [Ч. 1—21. 2 изд. М., 1984.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНІ́КА (Martinique),

уладанне (заморскі дэпартамент) Францыі на аднайм. востраве з групы Малых Антыльскіх астравоў у Вест-Індыі. Пл. 1128 км2. Нас. 407,3 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская, пашырана таксама крэольская. Адм. ц.г. Фор-дэ-Франс. Падзяляецца на 2 акругі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — заморскі дэпартамент і рэгіён Францыі. Орган дзярж. выканаўчай улады Францыі — прэфектура на чале з рэгіянальным сакратаром, якога прызначае прэзідэнт Францыі. Органы мясц. самакіравання — Ген. савет (дэпартаменцкі орган — 45 членаў) і Рэгіянальны савет (рэгіянальны орган — 41 член); выбіраюцца на 6 гадоў прамым усеагульным галасаваннем. У франц. парламенце М. прадстаўлена 4 дэпутатамі і 2 сенатарамі.

Прырода. Востраў гарысты, складзены пераважна з вулканічных парод. На Пн вулканічныя масівы, у т.л. Мантань-Пеле (1397 м), вывяржэнне якога ў 1902 знішчыла г. Сен-П’ер (загінула 40 тыс. чал.). На Пд горы выш. да 504 м, узгорыстая раўніна. Клімат трапічны пасатны з высокай вільготнасцю. Сярэднія месячныя т-ры 24—27 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Дажджлівы сезон (з навальніцамі і ўраганамі) з ліп. да лістапада. Рэкі невял. горныя. Ёсць мінер. крыніцы. На схілах гор захаваліся невял. трапічныя лясы (пальмы, чырвонае, ружавае, кампешавае і хлебнае дрэвы). На раўніне — участкі саваннаў і балот. На ўзбярэжжах месцамі мангравыя зараснікі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Некалькі рэзерватаў, у т.л. Мантань-Пеле.

Насельніцтва. Жывуць пераважна мулаты і негры (93,7%). Невял. групы французаў, дравідаў, кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, партугальцаў, сірыйцаў. Вернікі пераважна католікі (87,9%). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 360 чал. на 1 км2, на ўзбярэжжы — да 1000 чал. на 1 км2. У гарадах жыве каля 80% насельніцтва. У г. Фор-дэ-Франс каля 100 тыс. ж.

Іншыя гарады невялікія. У прам-сці занята каля 15% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — каля 8%, астатнія — у абслуговых галінах. Характэрны вял. беспрацоўе і значная эміграцыя (больш за 6 тыс. чал. штогод, пераважна ў Францыю).

Гісторыя. Тэр. М. са старажытнасці насялялі індзейцы-аравакі, потым карыбы. У 1502 востраў першым з еўрапейцаў адкрыў Х.Калумб. З 1635 пачалася каланізацыя М. французамі (з 1674 калонія Францыі), якія паступова знішчылі мясц. карыбаў. У 17—18 ст. тут засн. плантацыйная гаспадарка па вырошчванні бавоўніку, тытуню, цукр. трыснягу, кавы; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 на М. часова скасавана рабства (1794, адноўлена ў пач. 19 ст.). У 17 — пач. 19 ст. за валоданне востравам з Францыяй сапернічалі Нідэрланды і Вялікабрытанія (у 1794 М. акупіравалі брыт. войскі, паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 вярнулі Францыі, у 1809—14 зноў акупіравана англічанамі). З 1816 канчаткова ўладанне Францыі. У 1848 адменена рабства. У 1854 Францыя надала М. частковую ўнутр., у 1900 — і фін. аўтаномію. У пач. 20 ст. ўзніклі марцініканскія паліт. партыі і прафсаюзы. На пач. 2-й сусв. вайны востраў знаходзіўся пад уладай франц. калабарацыянісцкага ўрада «Вішы», з ліп. 1943 марцініканцы падтрымлівалі Франц. к-т нац. вызвалення.

З 1946 М. — заморскі дэпартамент Францыі. У 1982—83 пашырана самакіраванне М. На выбарах 1992 у Ген. і Рэгіянальны саветы большасць атрымалі левыя партыі (у т.л. Марцініканская прагрэс. партыя), якія патрабуюць большай аўтаноміі для М.

На востраве дзейнічаюць аддзяленні 3 паліт. партый Францыі і 12 мясц. партый і рухаў (1999); найбуйнейшае прафс. аб’яднанне — Усеагульная канфедэрацыя працы М.

Гаспадарка. М. — параўнальна развітая краіна Вест-Індыі. У 1995 валавы нац. прадукт на 1 чал. склаў 10 тыс. дол. ЗША. Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка і абслугоўванне замежных турыстаў. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць замежныя, у асн. франц. і амер. кампаніі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 34 тыс. га зямлі. Традыцыйна асновай сельскай гаспадаркі М. быў цукр. трыснёг, аднак яго вытв-сць пастаянна зніжаецца ў выніку палітыкі Францыі па абароне айч. вытворцаў цукру. Збор цукр. трыснягу 200 тыс. т, бананаў 230 тыс. т. Вырошчваюць таксама ананасы, манга, цытрусы, батат, маніёк, гародніну, бавоўну і тытунь. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 35, свіней — 26, авечак — 40, коз — 20. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы штогод). Эксплуатацыя лясоў. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы харч. галіны — цукровыя, хлебапякарныя, піваварныя, маргарынавыя, па вытв-сці рому, ананасных і рыбных кансерваў. Працуе нафтаперапр. з-д (Ламаптэн, перапрацоўвае штогод каля 1 млн. т нафты), 2 нафтахім. прадпрыемствы (выпускаюць поліэтылен), цэм. з-д (260 тыс. т цэменту штогод). Ёсць прадпрыемствы металаапр., паліграф., керамічнай і швейнай прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз штогод. Пераважаюць цеплавыя электрастанцыі на імпартнай нафце, ёсць некалькі невялікіх ГЭС. Развіты рамёствы, у т.л. пляценне кошыкаў, ручное ткацтва, разьбярства па дрэве. Дэфіцыт знешнегандл. балансу часткова пакрываецца за кошт даходаў ад турызму. Штогод М. наведваюць да 1 млн. турыстаў, пераважна з ЗША, Канады, Францыі. Турыстаў вабяць на М. маляўнічыя горы і вадаспады, руіны Сен-П’ера і старадаўнія крэпасці, старафранц. архітэктура, музеі, пясчаныя пляжы, добра арганізаваная «індустрыя турызму». Дадатковая крыніца сродкаў — грашовыя пераводы эмігрантаў. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі. На востраве 1690 км асфальтаваных аўтадарог. Гал. марскі порт — г. Фор-дэ-Франс. За 8 км ад яго міжнар. аэрапорт. Штогадовы экспарт складае 200—300 млн. дол., імпарт — 1500—1700 млн. дол. Экспартуюцца бананы, ром, цукар, ананасы, нафтапрадукты; імпартуюцца машыны, нафта, харч. прадукты, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады да 80% знешнегандл. абароту), Германія, Італія, Японія, Вялікабрытанія. Фін. дапамога Францыі складае 4,5 млрд. франкаў штогод. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)