КВАЗІ́МАДА ((Quasimodo) Сальваторэ) (20.8.1901, г. Сіракузы, Італія — 14.6.1968),
італьянскі паэт. Вучыўся ў Рымскім політэхн. ін-це. З 1941 праф. Міланскай кансерваторыі імя Дж.Вердзі. У 1930-я г. далучыўся да герметызму з яго матывамі тугі і адзіноты (зб-кі «Вада і зямля», 1930; «Патанулы габой», 1932; «Эрата і Апаліён», 1936; «Вершы», 1938). У перыяд антыфаш. Супраціўлення звярнуўся да сац. рэчаіснасці (зб-кі «І надышоў вечар», 1942; «Дзень за днём», 1947). У пасляваен. творчасці пераважаюць грамадз. і патрыят. тэмы, вера ў народ (зб-кі «Жыццё не сон», 1949; «Фальшывая і сапраўдная зеляніна», 1954; «Непараўнальная зямля», 1958; «Даваць і мець», 1966). Аўтар зборнікаў публіцыстыкі, эсэ, перакладаў з грэч. мовы Сафокла, Эсхіла, Авідзія. Нобелеўская прэмія 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕР ((Keller) Готфрыд) (19.7.1819, г. Цюрых, Швейцарыя — 15.7.1890),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1840—42), у Гайдэльбергскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1846 як паэт (зб. «Вершы»). Вядомасць прынёс раман «выхавання» «Зялёны Генрых» (1855, 2-я рэд. 1879—80), напоўнены філас. роздумам пра лёс чалавека ў грамадстве, прызначэнне мастацтва. Аўтар рамана «Марцін Заландэр» (1886), зб-каў навел «Людзі з Зельдвілы» (т. 1—2, 1856—74), «Сем легенд» (1872), «Цюрыхскія навелы» (1878), «Выслоўе» (1881), літ.-крытычных эсэ, публіцыст. твораў. Маст. манеры К. ўласцівы мяккі гумар і сатыра, пластычнасць і яркасць вобразаў, павучальнасць і філасафічнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Новеллы. Л., 1970;
Зеленый Генрих. М., 1972;
Избранное. Л., 1988.
Літ.:
Павлова Н.С., Седельник В.Д. Швейцарские варианты: Лит. портреты. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛРЫДЖ ((Coleridge) Сэмюэл Тэйлар) (21.10.1772, Отэры-Сент-Мэры, каля г. Эксетэр, Вялікабрытанія — 25.7.1834),
англійскі паэт-рамантык, крытык, філосаф. Прадстаўнік т.зв. азёрнай школы. Першы зб. — «Вершы на розныя тэмы» (1796). Ад дэмакр. настрояў (ода «Узяцце Бастыліі», 1789, апубл. 1834) перайшоў на антыякабінскія (драма «Падзенне Рабесп’ера», разам з Р.Саўці, 1794; трагедыя «Асорыо», 1798). Разам з У.Вордсвартам выдаў першы зб.англ. паэзіі рамантызму «Лірычныя балады» (1798), у які ўвайшла лепшая паэма К. «Сказанне пра старога марака». Паэме «Крыстабель», паэт. фрагменту «Кубла Хан» (абодва 1816) уласцівы фантастычнасць, алегарычнасць і сімвалічнасць вобразаў. Прыхільнік ням.ідэаліст. філасофіі; імкнуўся даць філас.-эстэт. абгрунтаванне паэт. прынцыпаў рамантызму (кн. «Літаратурная біяграфія», 1817; лекцыі пра У.Шэкспіра, 1849).
Тв.:
Рус.пер. — Стихи. М., 1974;
Избр. труды. М., 1987.
Літ.:
Елистратова А.А. Кольридж // Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен.перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙНА (Leino; сапр.Лёнбум; Lönnbohm) Эйна
(6.7.1878, г. Палтама, Фінляндыя — 10.1.1926),
фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це. Першыя зб-кі («Сакавіцкія песні», 1896, і інш.) створаны пад уплывам паэзіі Г.Гейнэ. Пад уздзеяннем эстэтыкі неарамантызму напісаны зб-кі «Зімовая ноч» (1905), «Замаразкі» (1908), балады «Песні Халкі» (т. 1—2, 1903—16), раманы «Туамас Вітыка» (1906) і «Яна Рэнцю» (1907). Дэкадэнцкія ўплывы праявіліся ў тэтралогіі «Нявольнік» (1911—13). У аповесці «Мядовая лапа» (1914) бунтарскія настроі, у зб-ках «Эолава арфа» (1919), «Калі цвіце бэз» (1920) песімістычныя і трагічныя матывы. Рэфарматар традыц.фін. драматургіі (цыклы п’ес «Маскі», 1905—11; «Калевала на сцэне», 1911). Аўтар аўтабіягр. рамана «Ілюстраваная кніга майю жыцця» (1925). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў Я.Лапатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ БО (другое імя Лі Тайбо; 701, вобл. Шу, Кітай —762),
кітайскі паэт. У 742—44 на службе пры імператарскім двары, атрымаў найвыш. вучонае званне — ханьлінь. Як удзельнік антыўрадавага мяцяжу 756 арыштаваны і асуджаны. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам канфуцыянскага рацыяналізму і даасізму. Збераглося больш за 900 вершаў (у т. л. цыкл «Старажытнае»), насычаных глыбокай філасафічнасцю, ідэямі вальналюбства, багатай фантазіяй. Майстар прыродаапісальнай лірыкі. Яго паэзія паўплывала на развіццё танскай і сунскай кіт. паэзіі 8—13 ст. На бел. мову асобныя вершы Л.Б. пераклаў І.Бабкоў.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: «Тутэйшыя». Мн., 1989;
Рус.пер. — [Вершы] // Ли Бо, Ду Фу Избр. лирика. М., 1987;
У кн.: Китайская пейзажная лирика III—XIV вв. М.,1984.
Літ.:
Варжапетян В. Путник со свечой: Повести о Ли Бо, Омаре Хайяме, Франсуа Вийоне. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (сапр.Ліповіч) Марк Давыдавіч
(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),
расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед.ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.Жук, М.Калачынскі, Г.Кляўко, Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДЫ́ КАМУНІ́СТ»,
нелегальная газета; орган ЦК КСМЗБ. Выдавалася ў 1924—37 на бел. і рус. (асобныя нумары на польск. і яўр.) мовах. Спачатку друкавалася ў Мінску, потым у Вільні. Арганізатар і першы рэдактар В.З.Харужая. Інфармавала пра рашэнні кіруючых органаў ВКП(б), КП(б)Б, ЛКСМБ, КПП, КСМЗБ, КІМа, дзейнасць камсамольскіх арг-цый Зах. Беларусі. Асвятляла жыццё працоўнай моладзі. Выступала як арганізатар падп. барацьбы за вызваленне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, давала канкрэтныя парады па падрыхтоўцы і правядзенні мітынгаў, дэманстрацый, забастовак. Займала прасталінскую пазіцыю ў адносінах да бел. нац.-дэмакр. партый, арг-цый і іх дзеячаў, выступала з крытыкай т.зв. трацкісцка-зіноўеўскага блока, правага ўхілу ў ВКП(б), заклікала змагацца з правым ухілам у КСМЗБ. Змяшчала асобныя вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Пестрака, В.Таўлая, М.Засіма, рэв. песні, частушкі. Выйшла каля 50 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛО́ЎСКАЯ (Вера Ігнатаўна) (літ.псеўд.Вера Мурашка, Беларуская Мурашка; 24.3.1896, в. Агароднічкі Падляскага ваяв., Польшча — 23.1.1981),
бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, паэтэса. Скончыла Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, вучылася на Першых бел. настаўніцкіх курсах у Вільні (1919). У 1917 стварыла адну з першых нац. школ у в. Грабавец (Шчучынскі р-н), у 1920 настаўніца ў в. Карма Ігуменскага пав. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтр. саюза беларусак, створанага вясной 1920 у Мінску. Удзельніца Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У сак. 1922 арыштавана польскімі ўладамі і на працэсе 45-і прыгаворана да 6 гадоў турмы. З 1939 настаўнічала ў вёсках Гродзеншчыны і Беласточчыны. Друкавала вершы ў газ. «Беларусь» (Мінск), «Ніва» (Беласток), «Беларускі каляндар» (Вільня). Творчыя матэрыялы М. захоўваюцца ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед.ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.