ІЛЬКЕ́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 1.8.1958, в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайск. вучылішча (1979), Акадэмію Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Рас. Федэрацыі (1993). Служыў ва Узбекістане, Афганістане, Азербайджане. З 1992 нач. Цэнтра грамадскіх сувязей Упраўлення ФСБ Рас. Федэрацыі па Смаленскай вобл. Аўтар дакумент. твораў пра паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. на Смаленшчыне, пра лёсы дзеячаў бел. культуры — М.І.Гарэцкага (кн. «Душа дваілася...», 1997), Г.І.Гарэцкага («Акадэмік Гаўрыіл Гарэцкі», 1998), В.Ластоўскага, Я.Лёсіка, А.Ляўданскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАЛО́ГІЯ (ад грэч. hippos конь + ...логія),
навука пра коней. Вывучае анатомію, фізіялогію, біялогію размнажэння, пародаўтварэнне і інш. Творы па І. з’явіліся за некалькі стагоддзяў да н.э.; уключалі практычныя звесткі пра экстэр’ер, выездку і выкарыстанне коней. У далейшым комплекс біял., заатэхн. і вет. ведаў пра коней пашырыўся. На Беларусі з 19 ст. існавалі дзярж. конныя заводы і заводскія стайні, пазней узніклі племянныя станцыі і конегадоўчыя фермы, на якіх у наш час вядзецца племянная работа, выпрабаванне коней, павелічэнне іх пагалоўя і інш. Вядучая навук. ўстанова — Бел.НДІ жывёлагадоўлі. Гл. таксама Конегадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Леанід Аляксандравіч) (н. 29 3.1943, в. Ляды Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне апрацоўкі металаў ціскам. Д-ртэхн.н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПА (1967), дзе і працуе з 1970. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі пракаткі і прасавання парашковых і грануляваных матэрыялаў. Распрацаваў спосабы формаўтварэння высокадакладных стужак і перыяд. профіляў з металаў і сплаваў.
Літ.:
Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980 (разам з А.В.Сцепаненкам);
Обработка давлением порошковых сред. Мн., 1993 (разам з А.В.Сцепаненкам, В.Я.Харланам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Й,
адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Н («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (s); «уйти» — уsти», «сеймъ» — «сеsмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Сяргей Пятровіч) (н. 4.6.1934, г. Валуйкі Белгародскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і мікрабіялогіі. Д-рбіял.н. (1980), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1972—95 у Ін-це мікрабіялогіі АН Беларусі (з 1979 заг. лабараторыі). Навук. працы па селекцыі мікраарганізмаў, якія вырабляюць ферментныя бялкі і мікробную біямасу, што выкарыстоўваецца з кармавымі мэтамі.
Тв.:
Экспериментальный мутагенез в селекции. М., 1972 (у сааўт.);
Химические факторы в селекции продуцентов микробных белков. Ми., 1980;
Биология — Продовольственной программе. Киев, 1987 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Рыгор Сямёнавіч) (8.5.1902, в.Вял. Крушынаўка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.8.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У 1928—32 працаваў у Азяранскім лясніцтве, у 1932—41 старшыня калгаса ў Рагачоўскім р-не. У Вял.Айч. вайну з 1943 партызан 8-й Рагачоўскай брыгады. З ліп. 1944 на 3-м Бел. фронце, стралок. Вызначыўся ў баі каля г. Шаўляй (Літва): каб стрымаць контратаку варожага пяхотнага батальёна, які падтрымлівалі 23 танкі і 9 бронетранспарцёраў, сяржант К. са звязкай гранат кінуўся пад танк. Байцы, натхнёныя яго подзвігам, адбілі контратаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Яраслаў Мікітавіч) (н. 27.5.1933, Мінск),
бел. вучоны ў галіне дарожна-буд. матэрыялаў і тэхналогій. Д-ртэхн.н. (1991), праф. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1957). З 1961 у БПА. Навук. працы па фіз.-хім. асновах буд. кампазіцыйных матэрыялаў і стварэнні эфектыўных тэхналогій для іх атрымання. Распрацаваў агульную метадалогію комплекснай актывацыі буд. матэрыялаў, тэхналогію трыбаактывацыі пяскоў, мадыфікатары для атрымання мінер. парашкоў з крэменязёмістай сыравіны.
Тв.:
Реофизика конгломератных материалов. Мн., 1978 (разам з З.П.Шульманам, Э.А.Зальцгендлерам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАДУ́Б (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч, н. 27.9.1952, г. Ганцавічы Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1974) і Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1985). З 1990 жыве ў Маскве. Друкуецца з 1976. У апавяданнях, аповесцях «Гарадок» (1980), «Старая хата» (1982), «Высока сонейка, высока» (1984), «Дарога на замчышча» (1988), «Стрэчанне» (1990) паказаў побыт, узаемаадносіны жыхароў невял. гарадка, сучасныя жыццёвыя праблемы. Аповесці «Лесавік» (1985) і «Дуб» (1990) рэканструююць стараж. пласты нар. міфалогіі. Аўтар гіст. эсэ «Рака вады жывой» (1989), зб-каў апавяд. «Святы калодзеж» (1994), «Магіла для дырэктара могілак» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКЕ́ВІЧ (Павел Канстанцінавіч) (2.10.1904, в. Забашавічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1943). Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Аб’яднаную бел.ваен. школу (1931),
Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах. франтах. Вызначыўся 12—15.2.1943 у баях пад Харкавам: стралк. полк пад яго камандаваннем перакрыў шашу Харкаў — Палтава і адрэзаў ворагу шляхі адыходу, знішчыў больш за 200 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі. Загінуў у баі. На радзіме ўстаноўлены бюст К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́НСКАЯ ЗМО́ВА»,
спроба ўзняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы, каб падтрымаць паўстанне 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Акрамя польскіх і літ.-бел. паўстанцкіх цэнтраў у «К.з.» ўдзельнічалі або мелі намер да яе дачыніцца пецярбургская, маскоўская, казанская арг-цыі «Зямлі і волі», афіцэрскія і студэнцкія гурткі ў гарадах Расіі. У крас. 1863 «К.з.» раскрыта. Адзін з гал. кіраўнікоў І.Кеневіч, члены рэв. арг-цыі афіцэры Н.Іваніцкі, А.Мрочак, Р.Станкевіч, М.Чарняк расстраляны ў Казані. Астатнія ўдзельнікі «К.з.» прыгавораны да турэмнага зняволення і катаржных работ.