расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1981). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1965). З 1963 у Т-ры імя Я.Вахтангава, у Т-ры-студыі кінаакцёра пры кінастудыі «Ленфільм», з 1974 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна, з 1984 у Цэнтр. т-ры Рас. Арміі. Яе творчай манеры ўласціва імкненне да стварэння складаных вобразаў, паказу развіцця характару ў барацьбе з сабой і знешнімі абставінамі: Ліза («Дзеці сонца» М.Горкага), Саша («Іванаў» А.Чэхава), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), імператрыца Марыя Фёдараўна («Павел I» Дз.Меражкоўскага), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра). З 1961 здымаецца ў кіно: «Данская аповесць» (1965), «Угрумрака» (тэлефільм), «Журавушка» (прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне), «Вірынея» (усе 1969), «Любоў Яравая» (1970, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Алеся» (1971), «Прывалаўскія мільёны» (1973), «І гэта ўсё пра яго» (1977, тэлефільм), «Факты мінулага дня» (1981), «Каханне немаладога чалавека» (1990), «Графіня», «Справа Сухаво-Кабыліна» (абодва 1991), «Хагітрагер» (1994), «Чорны пакой» (2000, тэлесерыял) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУКО́ Уладзімір Аляксеевіч (17.7.1878, г. Тамбоў, Расія — 18.1.1939),
рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Л.М.Бенуа (1896—1904). Яго работы адметныя пошукамі простых лаканічных форм, звязаных з новымі тыпамі грамадскіх будынкаў мадэрну: у С.-Пецярбургу — дамы на Кіраўскім (б. Каменнавостраўскім) праспекце (1908—11), прапілеі-ўезд у Смольны (1923—25, з У.Гельфрэйхам); драм.т-рімя М.Горкага ў г. Растоў-на-Доне (1930—35); рас. павільён на Міжнар. выстаўцы ў Рыме (1910—11, з Э.Шталбергам); у Маскве — новы будынак б-кі імя У.І.Леніна (цяпер Рас.дзярж.б-ка, 1928—41), Вял. Каменны мост (1936—38, з М.Мінкусам), гал. павільён Усерас.с.-г. выстаўкі (1939, у сааўт.); Дом урада Абхазіі ў г. Сухумі (1932—39). Аўтар эскізаў дэкарацый і касцюмаў для «Старадаўняга тэатра» (1910-я г.), т-ра драмы імя А.Пушкіна і Вял.драм.т-ра (1920—30-я г.) у С.-Пецярбургу, спектакля «Барыс Гадуноў» Пушкіна ў Малым т-ры ў Маскве (1937), малюнкаў і акварэлей.
Літ.:
Толстая И.А. В.Щуко // Зодчие Москвы. М., 1988. Кл. 2.
У.Шчуко. Расійская дзяржаўная бібліятэка. 1928—41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод яго найб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. З найб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску з яўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш. У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць праз этнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (у гал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот да бел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос у прафес. калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. У Зах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш. У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССР у 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. З тэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. У партыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССР у 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» у Дзярж.рус. тэатры. З інш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). У пач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр. У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь у тэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЕ́ЎСКАЯ Любоў Іванаўна (25.1. 1903, в. Каўшова Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.7.1964),
бел. рэжысёр, актрыса. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—30 і 1936—51 актрыса і рэжысёр Бел.т-раімя Я.Коласа, у 1952—55 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.т-раімя Я.Купалы. У 1930—36 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», у 1953—59 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Арганізатар і ў 1955—61 і 1963—64 гал. рэжысёр Бел.т-ра юнага гледача. Характарная актрыса, стварыла каларытныя псіхал. адметныя сцэн. партрэты: Караліна («Вайна вайне» Я.Коласа), Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), фру Алвінг («Здані» Г.Ібсена). Як рэжысёр дамагалася гарманічнага суладдзя аўтарскай задумы і яе сцэнічнага ўвасаблення. Паставіла: у т-ры імя Я.Коласа «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946, з Самбуравым), «Аксамітны сезон» М.Пагодзіна (1948), «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (1950); у т-ры імя Я.Купалы «Макар Дубрава» А.Карнейчука (1952), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1953), «Чайка» А.Чэхава (1954), «Пакуль вы маладыя» І.Мележа (1957); у т-ры юнага гледача «Мінулася кату масленіца» (1956) і «Свае людзі — паладзім» (1964) Астроўскага, «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абедзве 1958), «Рэвізор» М.Гогаля (1960, з Л.Біруковай). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТО́РАЎ (Втораў) Барыс Пятровіч
(н. 29.3.193 2, Масква),
расійскі і бел. рэжысёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна ў Маскве (1955) і Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 рэжысёр-пастаноўшчык Саратаўскага, рэжысёр Пензенскага, гал. рэжысёр Чэлябінскага і Архангельскага драм. т-раў. У 1977—81 і з 1984 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.дзярж.муз.т-ра (з 2001 в.а. гал. рэжысёра), у 1981—84 — Бел.т-раімя Я.Купалы. Адначасова з 1977 выкладае ў Бел.АМ. У 2000—02 рэжысёр опернай студыі пры Бел. акадэміі музыкі. Сярод спектакляў (каля 80) на бел. сцэне: «Доля-індычка» А.Сафронава (1963), «У дзень вяселля» В.Розава (1965) у Дзярж.рус.драм. т-ры; «Несцерка» (1979) і «Судны час» (1984) Р.Суруса, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані (1985), «Вольны вецер» І.Дунаеўскага (1986), «Пэпі» У.Дашкевіча (1987), «Джулія» (1991) і «Шклянка вады» (1994) У.Кандрусевіча, «Дарагая Памэла» М.Самойлава (1998) у Дзярж. т-ры муз. камедыі; «Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і бр. Далецкіх (1979), «Успаміны» А.Арбузава (1982), «Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі (1983) у Бел. т-ры імя Я.Купалы; «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» С.Маршака (1961), «Цыліндр» Э.Дэ Філіпа (1991) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча у Магілёўскім (1978) і Гродзенскім (1987) абл.драм. т-рах; «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага (1984), «Хто баіцца Рэя Брэдберы» У.Максімава (1991) у Т-ры-студыі кінаакцёра; «Трубадур» Дж.Вердзі (2001) у Нац. т-ры оперы Беларусі. Лаўрэат 1-га Нац. фестывалю «Музыка і тэатр» (1996, Мінск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ Іраклій Вісарыёнавіч (23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),
грузінскі паэт.Акад.АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1972.