ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,
апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.
У.П.Емяльянчык.
т. 5, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗАЎ, Грозава,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав. ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСК,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял. Айч. вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
т. 5, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧЫН,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км ад г. Камянец, 45 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 547 ж., 202 двары (1996).
Вядомы з пач. 16 ст. як двор у Брэсцкім пав. Належаў Солтанам, Гасеўскім, Сапегам і інш., у 1721—38 — Панятоўскім. У 1732 у Воўчыне нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Брэсцкага пав. Гродзенскай губ. У 1880-я г. 804 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. У 1938—87 у Троіцкім касцёле Воўчына захоўваліся астанкі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Высокаўскім р-не. З 1962 у Камянецкім р-не. У 1970 — 460 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1733).
т. 4, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.
Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).
т. 4, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав. ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
т. 5, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на З ад г. Столін, 240 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Гарынь. 1483 ж., 530 двароў (1996).
Вядома з 1448. Цэнтр ганчарнай вытв-сці (гл. Гараднянская кераміка). У час антыфеад. вайны 1648—51 спалена татарамі. З 1670 (паводле інш. крыніц з 1579) мела магдэбургскае права і герб (пацверджаны ў 1792). З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1803 сяляне Гарадной дамагліся вызвалення ад прыгоннай залежнасці і пераведзены ў разрад дзярж. сялян. У 1909 — 6728 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Столінскага р-на. У 1970 — 1965 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (18 ст.). Каля вёскі — гарадзішча і паселішча бронзавага веку (15—11 ст. да н.э.).
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу для дзяцей дробнай гар. буржуазіі і служачых у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1872—1912. Утвораны з пав. вучылішчаў. Прымалі дзяцей з 7 гадоў. Навучанне 6-гадовае, платнае. Былі 1-, 2-, 3- і 4-класныя. У 2-класных курс 1-га класа 4-гадовы, курс 2-га класа 2-гадовы; у 3- і 4-класных курсы 1-га і 2-га класаў па 2 гады, а 3-га і 4-га па 1 году. Выпускнікі маглі паступаць у ніжэйшыя прафес. школы ці на 1- і 2-гадовыя пед. курсы пры некаторых гарадскіх вучылішчах (давалі права выкладаць у пач. вучылішчах і паступаць у настаўніцкія ін-ты). На Беларусі ў 1906 было 60 гарадскіх вучылішчаў, у т. л. 2-класных 3, 3-класных 40, 4-класных 17. У 1912 гарадскія вучылішчы 3- і 4-класныя пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы.
т. 5, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЎНА́Я,
вёска ў Хатаўскім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 106 км ад Мінска. 1749 ж., 564 двары (1997).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як маёнтак, каля якога ў 1525 М.Кежгайла заснаваў мястэчка. Належала Кежгайлам, Завішам, Радзівілам. У 1590—91 пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. У 1870-я г. ў Дз. касцёл, капліца, 2 сінагогі. школа, багадзельня, бровар, 5 крам. У 1880—306 ж., вінзавод, саладоўня, капліца, царк. прыход, цэнтр воласці, у 1897—823 ж., 125 двароў. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Івянецкага р-на, з 1962 у Стаўбцоўскім р-не. У 1971 у Дз. 938 ж., 255 двароў.
ПМК-74. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Дзераўноўскі касцёл Благавешчання і капліца (19 ст.).
т. 6, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. gnōstikos пазнавальны),
агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх. ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст. Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.
т. 5, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)