гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ, пераходныя металы, хімічныя элементы пабочных (B) падгруп 4—7-га перыядаў перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева; d- і f-элементы. Вядома 65 П.э. (з улікам 106—109-га элементаў). У перыядах займаюць пераходнае становішча паміж металамі і неметаламі (адсюль назва).
Усе П.э. мала пашыраны ў зямной кары (акрамя жалеза і тытану), з’яўляюцца металамі (на знешнім электронным слоі маюць 1—2 электроны). У П.э. электронамі запаўняюцца ўнутр. (n−1)d-абалонкі (n — гал. квантавы лік) у d-элементаў і (n−2)f-абалонкі ў f-элементаў — лантаноідаў і актыноідаў. У выглядзе простых рэчываў d-элементы вызначаюцца унікальнымі магн. ўласцівасцямі, высокай каталітычнай актыўнасцю (асабліва плаціна, паладый). Асаблівасці хім. уласцівасцей d-элементаў абумоўлены вялікім (параўнальна з усімі інш., у т. л. і f-элементамі) наборам магчымых валентных станаў і ступеняў акіслення (напр., рутэній праяўляе ўсе ступені акіслення ад 0 да +8). Для d-элементаў характэрна ўтварэнне комплексных злучэнняў, кластэраў, а таксама нестэхіяметрычных злучэнняў (гл.Металіды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),
цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш.тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э. разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЕНІКІ (Geometridae),
сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыклад мімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.
Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУШКАВЫЯ.
астракоды (Ostracoda), падклас беспазваночных жывёл кл. ракападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга кембрыю (каля 560 млн.г. назад). Каля 2 тыс. сучасных і больш за 12 тыс. выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на дне марскіх і прэсных вадаёмаў, у прыледавіковых азёрах, гарачых крыніцах, 7 відаў — у глебе трапічных лясоў. Большасць Р. — біял. меліяратары. На Беларусі больш за 40 відаў. Найб. трапляюцца гетэрацыпрыс павольны (Heterocypris reptans), цыклацыпрысы — яйцападобны (Cyclocypris ovum) і роўны (C. laevis), цыпрыс чванлівы (Cypris superba), цыпрыя выразная (Cypria exsculpta).
Даўж. да 30 мм (прэснаводных да 7,3 мм). Цела несегментаванае, укрыта хіцінавай двухстворкавай ракавінай (адсюль назва). якая зверху насычана вапнай. Крывяноснай сістэмы і жабраў няма, дыхаюць праз покрыва цела. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, жывёльнымі рэшткамі, ёсць драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. відам уласцівы партэнагенез. Развіццё з ператварэннем, 5—8 лічынкавых стадый. Дарослыя не ліняюць. Корм для некат. відаў прамысловых рыб. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАНО́ГІЯракападобныя
(Isopoda),
атрад вышэйшых ракаў тыпу членістаногіх. Вядомы з трыясу (каля 225 млн.г. назад). Каля 4500 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных вадаёмах, некат. — у глебе. Біяфільтратары і біямеліяратары, удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары скрэбеняў, ёсць паразіты рыб і інш. ракападобных. На Беларусі найб. трапляюцца вослік вадзяны (Asellus aquaticus), у вільготнай глебе і лясным подсціле — макрыцы.
Даўж. ад 0,1 мм да 37 см (пераважна 1—5 см). Цела пляскатае, сегментаванае. 1—2 пары грудных сегментаў зрастаюцца з галавой. Грудныя ногі служаць для падачы корму да рота (1-я пара) і перамяшчэння (аднолькавыя 7 пар, — адсюль назва), брушныя часткова ператвораны ў шчэлепы. Кормяцца раслінамі і іх рэшткамі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое, у некат. — шляхам партэнагенезу. Развіццё без ператварэння. Большасць водных відаў — корм для бентасаедных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫЙ (лац. Samarium),
Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага 147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙1011 гадоў). У зямной кары 710−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).
Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛ (акадскае Губл, стараж.-яўр.Гебал),
старажытны горад і порт у Фінікіі (цяпер г. Джубейль, Ліван). З 6-га тыс. да н.э. невял. гандлёва-рамесны цэнтр, праз які Егіпет вывозіў з Фінікіі лес. У 4—2-м тыс. да н.э.гандл. (ліванскі кедр, медзь) і рэліг. (месца культу Адоніса) цэнтр; апрацоўка папірусу — адсюль назва (грэч. byblos кніга). У 16—13 ст. да н.э. быў залежны ад Егіпта, але меў сваіх цароў. У канцы 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне, пазней яго неаднаразова падпарадкоўвалі Асірыя і Вавілонія. У 11—9 ст. да н.э. вёў барацьбу з Цірам і Сідонам за панаванне ў Фінікіі. Пры Ахеменідах і ў эліністычна-рымскі перыяд перажываў уздым, чаканіў манету, меў самакіраванне. З 7 ст.н.э.араб. горад.
Раскопкамі выяўлены надпісы на каменных і бронзавых прадметах (гл.Біблскае пісьмо), рэшткі храма багіні Баалат Гебал (2-е тыс. да н.э.), саркафаг цара Ахірама з раннеалфавітным надпісам 13 ст. да н.э., каля 1800 пахаванняў, дамы багатых гараджан, шмат вырабаў з медзі, серабра, золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНІЦЫ (Lycaenidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, з якіх 4 занесены ў Чырв. кнігу: блакітніца алькон (Maculinea alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (P. eroides), блакітніца тарфянікавая (P. optilete), 10 відаў — у Чырв. кнігу СССР. Найб. пашыраны на Беларусі мнагавочка шчаўевая (Chrysophanus dispar rutilus), блакітніца-ікар (L. icarus), блакітніца лясная (L. semiargus). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.
Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з метал. бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды блакітніц звязаны з мурашкамі. У некат. трапічных відаў вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак. Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.
Самцы блакітніцы: 1 — алькон, 2 — мелеагр, 3 — эраідэс, 4 — тарфянікавай; малюнак крыла: а — зверху, б — знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,
праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.І.Гучкоў, П.Л.Корф, М.У.Радзянка, Дз.М.Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс.чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.
На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».