З часоў глыбокай старажытнасці чалавек эмпірычна набываў вопыт па ахове здароўя, у т. л. агульнагігіенічныя веды і навыкі мед. дапамогі. Народная медыцына, што спрадвеку існавала на Беларусі, апрача загавораў і інш. магічных дзеянняў выкарыстоўвала для лячэння хвароб розныя травы, карані, сродкі жывёльнага і мінеральнага паходжання, водныя, сонечныя і паветраныя працэдуры. Лячэбную дапамогу аказвалі кастаправы, бабкі-павітухі і інш. З 10—12 ст.нар. медыцына ўзбагачалася вопытам антычнай і арабскай медыцыны, ведамі з суседніх дзяржаў. Апрача традыцыйных знахароў, ведуноў, валхвоў, у Полацку, Тураве, Пінску і інш. гарадах паявіліся лекары-манахі, пры манастырах — шпіталі. У часы пашырэння эпідэмічных хвароб наладжваліся заставы-каранціны. У 14—16 ст. у гарадах Беларусі ўводзілі санітарны нагляд, выкарыстоўвалі сродкі дэзінфекцыі (камфара, воцат, сера і інш.), будавалі лазні, масцілі вуліцы, паляпшалі водазабеспячэнне. Хірургічную дапамогу насельніцтву аказвалі цырульнікі, лабезнікі і інш.Напр., у 15—18 ст. у Брэсце было 28—32 цырульнікі, у Слоніме і Слуцку — па 5—7; у Вільні, Брэсце, Мінску, Полацку, Гродне яны аб’ядноўваліся ў цэхі. Развівалася шпітальная справа (напр., у 1495—1508 у Брэсце існавалі 4 шпіталі). Звычайна шпіталі адкрывалі магістраты, феадалы, манастыры, з 17 ст. яны пераважна існавалі пры касцёлах. Звесткі пра дзейнасць аптэк на Беларусі вядомы з 1550; з пач. 17 ст. аптэкі працавалі ў Слоніме, Гродне, Пінску, Глыбокім, пазней — у Заслаўі (1669), Ружанах (1687), Нясвіжы (1688), Навагрудку (1721) і інш. Пры дварах буйных магнатаў працавалі дактары медыцыны (Ф.Скарына, 1512; Цынгер, 1667—70; А.Аспеўскі, 1684). Дыпламаваныя дактары працавалі ў гарадах і паветах: Андрэй (Кобрынскі павет, 1546), М.Кракоўскі, Ф.Любельскі, Л.Слуцкі (Слуцк, 1580), М.Броцкі (Полацк, 1668), С.Л.Бізіо (Нясвіж, 1768—72), Ж.Э.Жылібер (Гродна, 18 ст.) і інш. У працах бел. асветнікаў С.Буднага, Л.Зізанія (16 ст.), Сімяона Полацкага (17 ст.) выказаны погляды аб пазнанні ў галіне медыцыны і спосабах лячэння асобных хвароб. Ф.Скарына ў сваіх кнігах таксама закранаў мед. тэмы. У 1525—1625 у Вял. княстве Літоўскім надрукавана 5 кніг па медыцыне. У 1775 у Гродне арганізавана першая на тэр.ВКЛмед. акадэмія (у 1781 пераведзена ў Вільню), з 1792 у Гродне выдаваўся штотыднёвы мед. часопіс «Pismo tygodniowe medyczne».
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў Магілёўскай і Полацкай губ. у 1781, у Віцебску і Мінску ў 1796 утвораны прыказы грамадскай апекі, якія адкрывалі і ўтрымлівалі бальніцы, сіроцкія дамы, шпіталі, лазарэты. У 19 ст. ўведзены пасады павятовых урачоў, павялічылася колькасць аптэк. У 1869 на тэр. Беларусі функцыянавала 15 казённых і 70 ваен. аптэк. З пач. 1870-х г. для барацьбы з эпідэміямі ствараліся пастаянныя санітарныя камісіі і камітэты (у Мінску з 1891), таварыствы барацьбы з заразнымі хваробамі (у Мінску з 1897), губернскія і павятовыя ўрачэбна-санітарныя саветы (з 1908), губернскія медыка-санітарныя бюро (з 1909). З 1860-х г. у губернскіх гарадах пачалі арганізоўвацца навук. ўрачэбныя таварыствы: Гродна (1859), Магілёў (1862), Мінск (1862), Віцебск (1874), Бабруйск (1902), Брэст (1903), Гомель (1910). Першыя з’езды ўрачоў адбыліся ў Гродзенскай (1892), Віцебскай (1899), Мінскай (1908, 1911, 1914), Магілёўскай (1907) губернях. У 2-й пал. 19 ст. адкрываліся ведамасныя, дабрачынныя і прыватныя мед. ўстановы, лячэбніцы Чырв. Крыжа. Ствараліся і ведамасныя ўстановы пры прадпрыемствах (напр., у 1865 адкрыта бальніца пры Слонімскай суконнай фабрыцы). Пры фабрыках пачалі адкрывацца прыёмныя пакоі на 1—2 ложкі, дзе працавалі ўрачы, фельчары (Гродна, 1900), фабрычныя амбулаторыі (Мінск, 1903). У 1903 і 1910 у Мінску адкрыты першыя дзіцячыя мед. ўстановы. У 1913 на Беларусі было 297 аптэк (на 1 аптэку прыпадала ад 26 да 40 тыс. жыхароў у гарадах і ад 50 да 70 тыс. на вёсцы). З увядзеннем у 1911 у зах. губернях земстваў на Беларусі пачалі стварацца земскія павятовыя ўчасткі. Земствамі адкрыты бальніцы ў Добрушы, Смаргоні, Слоніме. У 1912 прыняты закон аб страхаванні рабочых, ствараліся бальнічныя касы. У 1913 у бальніцах усіх ведамстваў (за выключэннем ваеннага і турэмнага) налічваўся 5141 ложак.
Да 1914 на Беларусі працавала 877 урачоў, на аднаго ўрача ў гарадах прыпадала ад 1600 (Віленская губ.) да 2800 (Віцебская) жыхароў; у паветах — ад 19 600 (Гродзенская губ.) да 32 900 (Магілёўская). Цэнтрамі падрыхтоўкі ўрачоў былі Віленская вышэйшая мед. школа і Пецярбургская медыка-хірургічная акадэмія. Павітух рыхтавалі Віленская мед. школа, Пецярбургскі і Маскоўскі інстытуты павітух. Індывідуальную падрыхтоўку фельчараў праводзілі ў бальніцах прыказаў грамадскай апекі. Спецыялістаў з сярэдняй мед. адукацыяй рыхтавалі ў асноўным на тэр. Беларусі: школы павітух у Магілёве, Гродне, Вільні, школы фельчараў у Магілёве, Віцебску. Сясцёр міласэрнасці з 1890 рыхтавалі ў Мінску; у 1904 у Мінску адкрылася школа павітух, у 1907 — зубаўрачэбная, у 1908 — прыватная фельчарска-акушэрская школы. Навук.мед. дзейнасць абмяжоўвалася апісаннем медыка-тапаграфічных характарыстык гарадоў, іх сан. стану, захваральнасці насельніцтва, школьнай гігіены, прафілактыкі захворванняў, вывучэннем шляхоў распаўсюджвання інфекцый (халеры, дыфтэрыі і інш.), паталогіі цяжарнасці і пасляродавых ускладненняў, туберкулёзу і інш. актуальных на той час кірункаў практычнай медыцыны. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы М.П.Айзенштат, Э.Э.Асмут, Ф.А.Банчкоўскі, Ч.Л.Грабавецкі, А.М.Долгаў, Л.С.Каган, Б.А.Кадыгробаў, Я.У.Клумаў, Ф.К.Кодзіс, С.А.Ліпінскі, О.В.Федаровіч, Р.К.Яноўскі і інш. У 1-ю сусв. вайну шэраг мед. устаноў скараціўся; у вялікіх гарадах яны былі ператвораны ў лазарэты і шпіталі. Большасць урачоў і фельчараў мабілізавана ў армію, санітарныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы ажыццяўляліся ў адпаведнасці з ваен. патрэбамі. У ходзе вайны санітарны стан значна пагоршыўся, рэгістраваліся вялікія ўспышкі інфекцыйных хвароб (напр., халеры, тыфу). У 1917 адбыліся з’езды ўрачоў Віцебскай, Мінскай (май), Магілёўскай (чэрвень) губерняў. Пасля вызвалення Беларусі ад германскіх акупацыйных войск (восень 1918—вясна 1919) і ад польскіх інтэрвентаў (сярэдзіна 1920) мед. дапамога паступова набывала дзярж. характар. З часу стварэння Беларускай ССР (1.1.1919) медыка-санітарнай справай кіраваў Камісарыят аховы здароўя (камісар І.І.Пузыроў). У лютым 1919 створаны Савет аховы дзяцей. У 1919 прыняты дэкрэты: аб нацыяналізацыі аптэк (29 студзеня), мед. устаноў (12 лютага), зубаўрачэбных матэрыялаў і сродкаў (18 лютага), аб барацьбе з сыпным тыфам (21 лютага), аб абавязковым воспапрышчэпліванні (13 чэрвеня). Ствараліся санітарна-проціэпідэмічныя камісіі (Мінск, 1921), ізаляцыйныя прапускныя пункты і проціэпідэмічныя атрады (1921—22), якія праводзілі проціэпідэмічныя мерапрыемствы. У 1921 заснаваны Віцебскі санітарна-бактэрыялагічны інстытут, адкрыты дамы санітарнай асветы ў Гомелі (1920), Віцебску, Мінску (1921), Магілёве (1922), санітарная станцыя ў Гомелі (1922). З 1922 у БССР адменена плата за мед. паслугі на сельскіх участках, для чырвонаармейцаў і іх сем’яў, беспрацоўных, членаў прафсаюзаў, бяднейшага насельніцтва па даведках сац. забеспячэння; бясплатным стала лячэнне інфекцыйных, венерычных, псіхічных захворванняў. Адкрыты процітуберкулёзны санаторый (1920, Сасноўка), у Мінску — процітуберкулёзны (1921) і венералагічны (1923) дыспансеры, бальніцы ў Гомелі (1920) і Мінску (1924). У 1920-я г. функцыянавалі дамы адпачынку, прафілактычныя ўстановы па ахове мацярынства і дзяцінства, яслі; у Гомелі адкрыты радзільны дом (1925). У 1927 дзейнічала 19 дзіцячых кансультацый, 15 кансультацый для цяжарных, 73 дзіцячыя дамы. З 1926 перад паступленнем дзяцей у школу дыспансеры праводзілі мед. агляды.
У перыяд нэпа існаваў дэцэнтралізаваны прынцып фінансавання аховы здароўя на аснове выкарыстання мясц. бюджэту, страхавых узносаў, платы за лячэнне і лякарствы, ахвяраванняў і сродкаў грамадскіх арганізацый. За кошт страхавога фонду забяспечвалася да 3% фінансавання аховы здароўя. У 1925—26 страхавы фонд складаў 46%, у 1926—27—44% бюджэту Наркамата аховы здароўя БССР. У 1924 створаны акруговыя ўрачэбна-кантрольныя камісіі, якія займаліся пытаннямі сацыяльна-працоўнай экспертызы застрахаваных, мерапрыемствамі па ахове працы і вывучэнні прафес. захворванняў. З 1926 у Мінску функцыянавалі клініка прафес. захворванняў і кабінеты па барацьбе з прафшкоднасцямі. Бел. таварыства Чырв. Крыжа на ўласныя сродкі ўтрымлівала мед. ўстановы, вяло барацьбу з сац. хваробамі, займалася аздараўленнем дзяцей і інш. У 1927 яно адкрыла школу мед. сясцёр, у 1928 аб’явіла збор сродкаў на санітарны самалёт. У 1924 дзейнічалі 43 гарадскія гаспадарча-разліковыя, 72 сельскія арандаваныя аптэкі. Усяго ў рэспубліцы ў 1928 было 158 аптэк. У 1926—28 арганізаваны 4 пастаянныя і перасовачныя венералагічныя пункты, 2 сельскія туберкулёзныя дыспансеры, вочны дыспансер па барацьбе з трахомай. У 1926 набыты першы сан. аўтамабіль.
Адкрыліся НДІ: Мінскі Пастэраўскі (1924), Бел. санітарна-бактэрыялагічны (1926), Бел. туберкулёзу (1928) і інш. На рус. і бел. мовах выдаваліся часопісы «Беларуская медыцынская думка» (1924—29) і «Бюлетэнь Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» (1926—29). Працавалі мед. таварыствы ў Мінску (з 1922), Гомелі (1923), Магілёве (1925), Віцебску (1926). Праводзіліся з’езды ўрачоў: зубных (1928), отарыналарынголагаў (1928), хірургаў і акушэраў-гінеколагаў (1929). У 1930-я г. зацвердзілася адзіная дзярж. медыцына. СНКБССР прыняў шэраг пастаноў, у т. л. аб мед. дапамозе, стане аховы здароўя і падрыхтоўцы мед. кадраў. Адкрываліся пункты першай мед. дапамогі на прадпрыемствах, МТС, торфараспрацоўках, гар. амбулаторыі (у 1940 іх было 295). Уведзены ўчастковы прынцып мед. абслугоўвання (1938), спецыялізаваная амбулаторная дапамога (1940), брыгадныя формы працы (1941). У Мінску адкрыты анкалагічны (1939) і рэўматалагічны (1938) дыспансеры; павялічвалася колькасць гар. зубаўрачэбных кабінетаў (у 1930 іх было 120, у 1938—233), арганізавана сан. авіяцыя (Мінск, 1935). Колькасць станцый хуткай дапамогі павялічылася з 10 у 1934 да 89 у 1940, колькасць бальніц з 157 на 6344 ложкі (1930) да 450 на 22 633 ложкі (1940). Адкрыты Барысаўскі санаторый з электралячэбніцай (1934), Бабруйская курортная лячэбніца з бальнеалагічным аддзяленнем (1936). У 1939 у БССР было 299 аптэк, 218 аптэчных пунктаў, 7 аптэчных складоў. У 1934 зацверджана Палажэнне аб дзярж.сан. інспекцыі, у 1941 пачаўся грамадскі рух за сан. культуру і добраўпарадкаванне. У 1940 на Беларусі было 12 жаночых кансультацый у гарадах, 1 — на вёсцы, дзіцячых — адпаведна 40 і 6, дзіцяча-жаночых — 64 і 25; дзіцячых дыспансераў 17, дзіцячых бальніц 14, дзіцячых санаторыяў 12.
У 1940 на Беларусі дзейнічала 35 мед. школ: 23 па падрыхтоўцы мед. сясцёр, 4 — фельчараў-акушэраў, 2 — фельчараў, 3 — фармацэўтаў, 2 — медлабарантаў, зубаўрачэбная школа. Забеспячэнне сярэднім мед. персаналам складала 17,3 на 10 тыс. насельніцтва. Мед. факультэт БДУ у 1930 пераўтвораны ў Мінскі мед. інстытут. Адкрыты інстытуты: аховы мацярынства і дзяцінства (Мінск, 1931), Бел. ўдасканалення ўрачоў, скурна-венералагічны, пералівання крыві і гематалогіі (Мінск, 1932). У Віцебску ў 1934 арганізавана бальніца-інстытут (у 1938 пераўтворана ў інстытут). У пач. 1941 упершыню 25 урачоў атрымалі званне «Заслужаны ўрач БССР». З 1940 працавала рэсп.навук.мед. бібліятэка, адзінае Усебел. мед. таварыства. Вясной 1941 пачалася арганізацыя Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі. У 1938—41 выдаваўся «Медыцынскі часопіс БССР». З 1939 Бел. таварыства Чырвонага Крыжа праводзіла падрыхтоўку медсясцёр запасу, удзельнічала ў санітарным забеспячэнні ваенных устаноў, арганізацыі сан. цягнікоў і інш.
Па-іншаму вялося мед. абслугоўванне насельніцтва Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы. У пач. 1920-х г. створаны Вярхоўны Надзвычайны камісарыят па барацьбе з эпідэміямі, арганізаваны пункты прышчэплівання і дэзінфекцыі, эпідэмічныя бальніцы, пазней пераўтвораныя ў дзяржаўныя. Напр., у Навагрудскім ваяводстве было 16, у Палескім — 20 бальніц. З 1920 уведзена абавязковае мед. страхаванне. З 1921 пры ваяводскіх упраўленнях існавалі аддзелы грамадскага здароўя, пры павятовых староствах — пасады павятовых урачоў. Аптэчная справа была прыватнай, існавалі таксама ведамасныя і сельскія аптэкі, аптэчныя пункты. Каля 85% сродкаў, прадугледжаных на ахову здароўя, ішло на папярэджанне захворванняў. Вялася барацьба з сац. хваробамі (трахома, туберкулёз, венерычныя хваробы). Першасную мед. дапамогу аказвалі ў амбулаторыях і пры бальніцах. Сельская медыцына захавала земскую сістэму арганізацыі мед. дапамогі (гарадскія, павятовыя, сеймікавыя бальніцы мясц. самакіравання). У 1928 у грамадскіх бальніцах уведзены прынцыпы самаакупнасці за кошт аплаты лячэння. У 1932 сфарміраваны аддзелы працы, апекі і здароўя пры ваяводскіх упраўленнях на чале з урачом. Фінансаванне аховы здароўя ажыццяўлялася за кошт тэр. самакіравання (52,2%), грамадскіх арганізацый (37,3%), дзярж. бюджэту (10,5%). З 1936 існаваў інстытут сямейнага ўрача. Пасля ўваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР (17.9.1939) пачала фарміравацца дзярж. сістэма аховы здароўя (бясплатная і агульнадаступная мед. дапамога). У 2 разы павялічылася колькасць амбулаторных устаноў, у 3,8 — бальнічных. На працягу 1940 колькасць урачоў павялічылася ўдвая, працавалі 6 процітыфозных і 4 процітрахомныя атрады, процімалярыйныя экспедыцыі; арганізавана 18 міжраённых, 29 раённых санітарна-эпідэміялагічных станцый, 2 дамы і 2 пункты сан. асветы. У 1940 у зах. абласцях БССР былі 10 404 бальнічныя ложкі, 375 паліклінік і ўрачэбных амбулаторый, 75 жаночых і дзіцячых кансультацый, 1464 урачы. У пач. 1941 у Гродне і Пінску адкрыты фельчарска-акушэрскія, у Баранавічах, Слоніме, Беластоку — медсястрынскія школы. Усяго на Беларусі ў пач. 1941 дзейнічала 514 бальнічных устаноў на 29 628 ложкаў, 5214 урачоў усіх спецыяльнасцей (5,7 на 10 тыс. насельніцтва).
У пач.Вял.Айч. вайны на тэр. Беларусі было разгорнута 20 эвакашпіталяў, дзейнічала 40 сан. дружын, арганізаваны 24 эвакапункты па прыёме і эвакуацыі мірнага насельніцтва. Пры паліклініках ствараліся пункты першай мед. дапамогі. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі адм.мед. органы і лячэбныя ўстановы, але сетка іх скарацілася, пагоршылася матэрыяльна-тэхнічная база, мед. дапамога была платная. Адзначаліся масавыя ўспышкі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. інфекцый. Санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы мелі абмежаваны характар. На акупіраванай тэрыторыі праводзілася падрыхтоўка сярэдняга мед. персаналу (Баранавічы, 1942—43; Мінск, 1943). Урачы выконвалі свае прафес. абавязкі, атаксама займаліся падпольна-патрыятычнай дзейнасцю: аказвалі амбулаторную і шпітальную дапамогу партызанам, перадавалі ім медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, мед. інструментарый (напр., падп. група мед. работнікаў Я.У.Клумава ў Мінску). Сярод удзельнікаў антыфаш. падп. руху было 267 урачоў і студэнтаў мед. інстытутаў, 116 мед. сясцёр, акушэрак, навучэнцаў мед. школ, 42 фармацэўты, аптэчныя работнікі, 28 фельчараў і інш.
Для мед. забеспячэння партыз. фарміраванняў у першы перыяд вайны (жнівень 1941—сакавік 1943) спарадычна ствараліся сан. часці і шпіталі. У 2-й пал. 1942—43 ствараліся органы кіравання медыка-санітарнай службай партыз. фарміраванняў. Бел. штаб партыз. руху (БШПР) і яго санітарны аддзел (нач. І.А.Інсараў) адшуквалі ўрачоў з Беларусі, эвакуіраваных у сав. тыл, і накіроўвалі іх і інш.мед. работнікаў у партыз. атрады; праводзілася таксама дадатковае абучэнне персаналу. Пазней пры Цэнтр. і Бел. штабах партыз. руху заснаваны санітарныя аддзелы, якія аказвалі мед. дапамогу бел. партызанам. На момант злучэння з арміяй (1944) у складзе партыз. фарміраванняў рэспублікі было 580 урачоў, 2133 сярэднія мед. работнікі. На адну партыз. брыгаду прыпадала 2,7 урача і 10 сярэдніх мед. работнікаў, на 1 партыз. атрад — менш як 1 урач і 1 мед. работнік. Партыз. ўрачы праводзілі хірургічныя аперацыі, аказвалі дапамогу параненым і хворым. Паводле звестак БШПР, 78,4% параненых і 99,5% хворых партызан вярталіся ў строй. У партыз. атрадах ажыццяўляўся мед. нагляд за асабовым саставам, за выбарам месцаў размяшчэння, водазабеспячэннем і інш., пры неабходнасці накладаўся каранцін. Вялася санітарна-асветная работа.
Мед. служба партыз. атрадаў аказвала медыка-санітарную дапамогу мясц. насельніцтву партыз. зон, праводзіліся прафілактычныя і санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы. У партыз. брыгадах арганізоўваліся шпіталі (на 15—20 ложкаў, а ў злучэннях — да 100 ложкаў). Праводзіліся проціэпідэмічныя мерапрыемствы, цяжка параненых эвакуіравалі самалётамі ў шпіталі і спецыялізаваныя ўстановы ў сав. тыле. Для прыёму мясц. насельніцтва партыз. зон арганізоўваліся бальніцы і мед. пункты. За ўвесь перыяд партыз. руху мед. дапамога аказана 135 тыс.чал. цывільнага насельніцтва (на іх прыпадала 15—20% усіх амбулаторных наведванняў у партыз. лячэбныя ўстановы). Начальнікі санітарнай службы партыз. злучэнняў: С.М.Швец (Мінскага), М.М.Герасіменка (Беластоцкага), М.П.Кніга (Магілёўскага), М.І.Варановіч (Пінскага), В.П.Лапцейка (Палескага); начальнікі санітарнай службы брыгад: Р.П.Арцем’ева, П.П.Гуськоў, І.Л.Друян, Н.А.Жураўская, В.У.Забродскі, М.С.Завадская, С.Т.Ільін, І.Б.Кардаш, Р.А.Краснапёрка, І.К.Крук, М.Л.Лагуцін, М.М.Мшыхін, М.В.Паўлавец, Дз.С.Рыдлеўскі, Я.С.Сает, Ф.С.Сальнікаў, Р.А.Сырнікаў, К.П.Чэпік і інш. У барацьбе з ворагам загінулі 350 мед. работнікаў-партызан. 12—14.5.1945 у Мінску адбыўся з’езд урачоў-партызан Беларусі.
За час нямецка-фаш. акупацыі ўстановы і прадпрыемствы аховы здароўя Беларусі панеслі цяжкія страты, якія склалі 610,6 млн.руб.; цалкам было разбурана 1377, пашкоджана 810 будынкаў амбулаторый і бальніц, загінула больш за 2 тыс.мед. работнікаў. У выніку распаўсюджвання эпідэмічных хвароб у 1944 прыняты пастановы аб мерапрыемствах па прафілактыцы сыпнога тыфу, па барацьбе са скурна-венералагічнымі захворваннямі і інш. Дзейнічала надзвычайная проціэпідэмічная камісія. У 1947 адкрыліся першыя медыка-санітарныя часці, з 1950 адкрываліся ўрачэбна-фізкультурныя дыспансеры, з 1951 уводзіўся ўчасткова-цэхавы прынцып абслугоўвання рабочых. Адкрываліся спецыялізаваныя стацыянарныя аддзяленні (нейрахірургічнае, уралагічнае, дзіцячай хірургіі, траўматалагічнае ў Мінску, 1950-я г.), стаматалагічныя паліклінікі (1953). Да 1950 у параўнанні з 1940 захваральнасць на брушны і сыпны тыф знізілася у 4, дызентэрыю ў 10, ганарэю і сіфіліс у 5 разоў. Да 1950 сетка мед. устаноў і кадравы патэнцыял сістэмы аховы здароўя аднавіліся. Наркамат (у 1946 пераўтвораны ў Міністэрства) аховы здароўя ўключаў 15 упраўленняў і аддзелаў. У 1948—51 праведзена аб’яднанне бальніц і паліклінік, у гарадах зацверджаны ўчасткова-тэр. прынцып мед. абслугоўвання (тэрапеўтычныя, педыятрычныя ўчасткі). Паляпшалася кадравае забеспячэнне медыкамі ў сельскай мясцовасці, дзе адкрывалі новыя мед. ўстановы (з 1952 укаранёны дыспансерны метад). Пашыралася сетка падрыхтоўкі мед. работнікаў: у 1958 адкрыты Гродзенскі, у 1990 Гомельскі мед. інстытуты. Паслядыпломную падрыхтоўку ажыццяўляў Бел. інстытут удасканалення ўрачоў, у 1955 дзейнічала 21 мед. вучылішча, курсы павышэння кваліфікацыі мед. вучылішчаў (Бабруйск, 1956; Пінск, 1959; Мінск, 1979). На працягу 1945—65 пабудавана 19 гарадскіх і абласных, 64 раённыя, 5 дзіцячых, 7 інфекцыйных, 7 туберкулёзных і псіхіятрычных бальніц, 13 радзільных дамоў. У 1969 адкрыты цэнтр дзіцячай хірургіі ў Мінску. У 1960-я г. праведзена ўзбуйненне раённых бальніц (забеспячэнне ложкамі павялічылася да 200—300), яны атрымалі статус цэнтр. раённых бальніц з правам кіравання ўстановамі аховы здароўя раёна. Абласныя бальніцы сталі цэнтрамі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі.
З 1950-х г. пачаў афармляцца прынцып удзелу грамадскасці ў вырашэнні задач аховы здароўя: саветы садзеяння мед. установам (1957), рух за санітарную культуру і добраўпарадкаванне (1957), канферэнцыі санітарнага актыву (1958), школы здароўя, акцыі медыка-генетычнай асветы да Сусв. дня здароўя. Вялася прафілактыка супраць поліяміэліту, дзіцячых інфекцый, гепатыту, менінгіту, воспы; адкрываліся інфекцыйныя кабінеты. Процітуберкулёзныя мерапрыемствы, вакцынацыя нованароджаных, хіміяпрафілактыка, туберкуліндыягностыка, санаторнае лячэнне і інш. спрыялі зніжэнню захваральнасці на туберкулёз (136,6 на 100 тыс. насельніцтва ў 1960, 29,8 — у 1990). Вял. ролю ў гэтым адыграў НДІ туберкулёзу (з 1988 НДІ фтызіятрыі і пульманалогіі) і рэсп. навукова-практычнае аб’яднанне «Фтызіятрыя» (1988).
У канцы 1950-х г. аптэчная і санітарна-гасп. службы аб’яднаны, у 1964 арганізавана рэсп. аб’яднанне «Медтэхніка» (з 1988 навукова-практычнае аб’яднанне). Абласныя аптэчныя ўпраўленні, якія з 1964 падпарадкоўваліся абл. аддзелам аховы здароўя, з 1972 сталі самастойнымі. У 1988 створана НВА «Фармацыя». Пашыралася рэсп. фармацэўтычная прамысловасць (напр., у 1964 у Барысаве адкрыта фармацэўтычная фабрыка). З 1960-х г. у раённых цэнтрах адкрываліся цэнтр. аптэкі, што паляпшала даступнасць аптэчных устаноў. У 1980-х г. бальнічныя аптэкі ўзбуйняліся і пераводзіліся з бюджэту на гасп. разлік.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 26.12.1961 пачалося фарміраванне адзінай службы хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, ствараліся спецыялізаваныя ўрачэбныя брыгады (кардыялагічныя, траўматалагічныя, рэанімацыйныя, неўралагічныя і інш.). За 1960—85 колькасць станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі павялічылася з 10 да 202. У выніку рэалізацыі прынцыпу пераважнага мед. абслугоўвання працуючых, створаны профпаталагічныя (1961), алергалагічная (1970) службы; сфарміравана цэхавая служба (у 1960 было 50, у 1985—570 цэхавых участкаў), прафілактычнымі аглядамі ахоплена 98,8% працуючых. У 1985 дзейнічала 98 санаторыяў-прафілакторыяў, 235 дыетсталовых.
Развівалася донарства, служба пералівання крыві, адкрываліся станцыі пералівання крыві (у 1975 іх было 17, у 1990—20), гематалагічныя аддзяленні. З 1982 у Бел.НДІ пералівання крыві і гематалогіі адкрыты цэнтры імуналагічнага тыпавання органаў і тканак і інш. Развівалася сетка профільных стаматалагічных кабінетаў і паліклінік (у 1960 іх было адпаведна 990 і 16, у 1990—1001 і 64), да 1990 санацыяй поласці рота ахоплена 80% дзяцей. Пашыралася платная стаматалагічная дапамога (у 1988 было 70 стаматалагічных кааператываў). У 1980-х г. ствараліся дзённыя стацыянары і аддзяленні прафілактыкі ў паліклініках, паэтапна ўводзілася ўсеагульная дыспансерызацыя (з 1983), пашыраўся ахоп дыспансерным назіраннем, адкрываліся дыягнастычныя цэнтры (напр., у Мінску, 1989). Пастаянна павялічваліся дзярж. асігнаванні на ахову здароўя (1960—134,4; 1970—293,4; 1980—498,2; 1990—1075,8 млн.руб.). Да фінансавання аховы здароўя прыцягваліся сродкі калгасаў і саўгасаў, прамысл. прадпрыемстваў, камуністычных суботнікаў. У канцы 1980-х г. у ахову здароўя ўкаранёны гасп. разлік.
З 1960-х г. фарміраваліся і спецыялізаваныя мед. службы (кардыярэўматалагічная, кардыяхірургічная, аддзяленні для хворых на інфаркт міякарда і інш.). У канцы 1970 — пач. 80-х г. хворых, якія перанеслі інфаркт міякарда, пасля бальніцы сталі адразу накіроўваць для рэабілітацыі ў санаторыі («Крыніца», «Лётцы», «Буг»), У 1977 заснаваны Бел.НДІ кардыялогіі. Створаны рэсп. цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі (1980), кардыялагічныя дыспансеры (Магілёў, 1981; Гродна, 1984). З 1970-х г. процівалляковыя дыспансеры пераўтвараліся ў эндакрыналагічныя. У 1979 адкрыты першы наркалагічны дыспансер (Магілёў), да 1990 іх было на Беларусі 17.
Развівалася анкалагічная служба: у 1960 адкрыты Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Калі ў 1961 працавалі 74 урачы-анколагі, то ў 1987 іх было 266. Ва ўсіх анкалагічных дыспансерах да 1970 адкрыты патагісталагічныя, цыталагічныя, біяхімічныя лабараторыі, эндаскапічныя і інш. кабінеты. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1987 адкрыты рэсп. дзіцячы спецыялізаваны дыспансер (у 1988 пераўтвораны ў паліклінічнае аддзяленне НДІ радыяцыйнай медыцыны ў Мінску). Філіялы НДІ радыяцыйнай медыцыны адкрыты ў Гомелі (1989) і Магілёве (1990), з 2003 інстытут размяшчаецца ў Гомелі. Арганізавана таксамаНВА «Радыяцыйная медыцына» пры Мін-ве аховы здароўя.
Пашырылася сетка траўматалагічных устаноў і аддзяленняў, адкрыты спецыялізаваныя школы-інтэрнаты (1968), арганізаваны цэнтр спінальнай траўмы (1987, Мінск) і інш. Фарміраваліся спецыялізаваныя ўрачэбна-працоўныя экспертныя камісіі (першыя ў 1971), аддзяленні аднаўленчага лячэння і мед. рэабілітацыі (1980-я г.).
У складзе АНБССР створаны інстытуты: мікрабіялогіі (1975), біяхіміі (1985), радыебіялогіі (1987). Укаранёны ў практыку навуковыя дасягненні: у 1976 — 18 вынаходстваў і 667 рацпрапаноў, у 1985 адпаведна 70 і 1183. Выкарыстоўваецца вылічальная і камп’ютэрная тэхніка, з 1970 вядзецца навук. арганізацыя працы. Пашыралася матэрыяльнае забеспячэнне аховы здароўя (за 1955—75 колькасць рэнтгенапаратаў павялічылася ў 3, фізіятэрапеўтычных лабараторый у 1,6 раза; з 1980-х г. укараняецца ультрагукавое даследаванне і камп’ютэрная тамаграфія). Да 1972 званне Героя Сацыяліст. Працы прысвоена 4 урачам, засл. ўрача рэспублікі — 442, засл. работніка аховы здароўя — 30.
На Беларусі створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства, павялічылася сетка дашкольных устаноў (у 1960 іх было 1373; у 1990—5349). Пасляродавы адпачынак маці павялічаны да 3 гадоў, прадугледжаны льготы ў працоўным заканадаўстве, зменены тэрміны выдачы лістоў непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах і інш. З канца 1980-х г. забяспечвалася пераважнае фінансаванне ўстаноў аховы мацярынства і дзяцінства, устойліва зніжалася дзіцячая смяротнасць (у 1990 у параўнанні з 1960 паменшала з 34,9 да 11,9 на 1 тыс. народжаных). Расла колькасць жаночых кансультацый, ранняе ўзяцце на ўлік цяжарных (у 1960—51,8%; у 1988—83% жанчын). У 1973 працавалі 34 спецыялізаваныя кабінеты па выяўленні і лячэнні бясплоднасці. У 1980-я г. ствараліся кансультацыі «Шлюб і сям’я», у Мінску адкрыты філіял НДІмед. генетыкі АМНСССР, у 1989 пераўтвораны у НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў; у 1986 — рэсп. цэнтр па ахове здароўя маці і дзіцяці. Знізіўся ўзровень мацярынскай смяротнасці (у 1990 у параўнанні з 1980 паменшыўся з 29,1 да 21,8 на 100 тыс.).
Санітарна-эпідэміялагічнае абслугоўванне забяспечвалі Гал. санітарна-эпідэміялагічнае ўпраўленне (1968), рэсп. санітарна-эпідэміялагічная станцыя (СЭС), 6 абл. і 154 раённыя СЭС (у 1990 пераўтвораны ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі). Адкрыты рэсп. дом санасветы (1967), у 1988 абл. і гар. дамы санасветы рэарганізаваны ў цэнтры здароўя. У 1970 дзейнічалі 1, у 1990 — 3 дэзінфекцыйныя станцыі. Санітарна-эпідэміялагічная служба стала фактычна самастойнай. Створаны спецыялізаваныя тэр.мед. аб’яднанні «Гігіена і эпідэміялогія».
Наладжваліся кантакты з замежнымі краінамі: працавала мед. секцыя Бел.т-ва дружбы народаў (з 1959), рэсп. камітэт руху «Урачы за прадухіленне ядзернай вайны» (з 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),
від узбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац.тэр. вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг.ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс.км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).
ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л.грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г.ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.
ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), атаксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш.Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,
частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, атаксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.
Літ.:
Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;
Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;
Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4;
Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1996. № 10;
Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;
Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.
Ю.М.Бохан.
Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра візура*); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.Да арт.Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛЛЕ,
выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.
Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх.рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННА́Я ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,
развядзенне на племя чыстапародных і высакакроўных жывёл з мэтай удасканалення наяўных і стварэння новых парод жывёл, павышэння плем. якасцей і прадукцыйнасці с.-г. жывёл. Да мерапрыемстваў П.ж. адносіцца: творчы адбор, захаванне і макс. выкарыстанне найб. каштоўнай жывёлы, выбракоўка горшай, непрыдатнай для плем. выкарыстання, падбор метадаў і тэхнікі развядзення, стварэнне для жывёлы найлепшых умоў кармлення і ўтрымання ва ўсе перыяды яе жыцця з мэтай выяўлення і развіцця каштоўных якасцей, на аснове якіх і праводзіцца адбор. Асн. спосаб развядзення — чыстапароднае, гал. задача якога развядзенне па лініях і матачных сямействах (гл.Селекцыя). У кожнай пародзе для яе ўдасканалення павінна быць не менш як 10—15 ліній. З мэтай атрымання нашчадкаў з высокакарыснай спадчыннасцю і спалучэннем каштоўных якасцей зыходных парод (высокая прадукцыйнасць, канстытуцыйная моцнасць, прыстасаванасць да мясц. умоў) праводзіцца скрыжаванне.
Планамернай П.ж. папярэднічаў працяглы перыяд адбору жывёлы і паступовага назапашвання ў іх карысных гасп. якасцей. Яшчэ да н.э. атрыманы пароды свойскай жывёлы (авечак, коней і інш.). Сусв. пашырэнне атрымалі пароды с.-г. жывёлы, выведзеныя ў 13—18 ст. у краінах Еўропы (Нідэрланды, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя); пазней — у Расіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Аргенціне і інш. Першыя дакумент. матэрыялы аб П.ж. зафіксаваны ў плем. кнізе Вялікабрытаніі ў 1793, у Расіі — у 1834.
На Беларусі П.ж. пачала развівацца ў асн. у 20 ст. Паглыбленую работу па паляпшэнні пароднага складу на Беларусі ажыццяўляюць спец.племянныя гаспадаркі, плем. саўгасы, дзярж. станцыі, плем. фермы калгасаў і саўгасаў. Плем. саўгасы і фермы праводзяць работу па паляпшэнні мясц.плем. жывёлы (вырошчваюць племянны маладняк для забеспячэння ім гаспадарак і станцый па плем. рабоце) і штучным асемяненні. На племзаводах займаюцца ўдасканаленнем існуючых і стварэннем новых парод. Разам з плем. саўгасамі і фермамі племзаводы — цэнтры П.ж. Арганізац. і метадычнымі цэнтрамі плем. справы з’яўляюцца дзяржплемаб’яднанні і племпрадпрыемствы. Аб’ём П.ж., яе ўдзельная вага ў жывёлагадоўлі вызначаюцца патрэбамі карыстальнай (таварнай) жывёлагадоўлі ў плем. жывёле, пераважна ў вытворцах. На Беларусі П.ж. вядуць больш за 100 спецыялізаваных племзаводаў, саўгасаў, дзярж.плем. прадпрыемстваў, атаксама раённыя племстанцыі, навук. ін-ты і лабараторыі пры ВНУ, у т. л. 6 дзярж. прадпрыемстваў, 6 племсаўгасаў, 18 племзаводаў, 5 племптушкарэпрадуктараў, племгас, прадпрыемства плем. справы, занальна-доследная станцыя, племстанцыя, селекцыйна-плем. ўчастак. Найб. колькасць такіх прадпрыемстваў у Брэсцкай і Гродзенскай абл. Разводзяць пароды жывёл, найб. прыстасаваныя да мясц. умоў: 8 парод буйн. раг. жывёлы малочнай (чорна-пярэстая, швіцкая, кастрамская, чырвоная беларуская, бурая латвійская, сіментальская, джэрсейская, галштына-фрызская) і 4 пароды мясной (герэфордская, шарале, лімузінская, мен-анжу); 5 парод свіней (буйная белая, бел. чорнарабая, эстонская беконная, ландрас, гемпшырская) і некалькі спецыялізаваных ліній; 3 пароды авечак (прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская); некалькі парод коней (бел. запражная пародная група, руская цяжкавозная, руская рысістая, тарыйская і інш.). Кіруюць П.ж. рэсп. і абл. аб’яднанні па плем. рабоце, раённыя племстанцыі. Навук.-метадычнае кіраўніцтва ажыццяўляе селекцыйны цэнтр Бел.НДІ жывёлагадоўлі. П.ж. добра развіта ў ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Швейцарыі.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Племянная жывёлагадоўля. Статак кароў чорна-пярэстай пароды на пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧНІ́К,
прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар. і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.
На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.
Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл.Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл.Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл.Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Літ.:
Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;
Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус.Мн., 1996;
Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар.навук.-практыч. канф.Мн., 2000.
Я.М.Сахута.
Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.А.Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ (польск. taniec ад ням. Tanz),
від мастацтва, у якім асн. сродкі стварэння маст. вобраза — гарманічныя рухі і змены пастаў цела танцоўшчыка. Дадатковыя сродкі выразнасці (міміка і пантаміма) канкрэтызуюцца і ўзбагачаюцца касцюмам, аксесуарамі, рэквізітам і разам з асн. складаюць адзіную маст. сістэму. Мастацтва Т. служыць сродкам эмац. ўздзеяння.
Т. — адзін з найб.стараж. відаў нар. творчасці. Узнік пад уплывам эмац. ўражанняў ад навакольнага асяроддзя, разнастайных жэстаў і рухаў, звязаных з прац. працэсамі, імітацыяй пластыкі жывёл. Як істотная частка нар. творчасці напачатку выступаў у сінкрэтычным адзінстве са словам, напевам, музыкай, пазней ператварыўся ў самаст. мастацтва. Адзін з арганізуючых пачаткаў Т. рытм (суправаджаецца ўдарнымі інструментамі, кастаньетамі, воплескамі, выстукваннямі абцасамі і інш.). У кожнага народа склаўся свой нац. стыль Т. са сваімі выканальніцкімі традыцыямі, танц. мовай і кампазіцыйнымі малюнкамі, прыёмамі суадносін з музыкай. На гэтай аснове сталі фарміравацца бытавы танец (нар. і бальны) і сцэнічны Т. (гл.Балет). У прафес. мастацтве склаліся танц. сістэмы ў Еўропе (еўрап. класічны Т), краінах Азіі і Афрыкі. Франц. Акадэмія танца (1661) вызначыла асн. правілы класічнага Т. (дакладныя пазіцыі ног і рук, пералік гал. пастаў і г.д.), што паспрыяла развіццю балета; склалася яго разнавіднасць — характарны Т. У канцы 19 ст. ўзнік кірунак — т.зв. танец мадэрн. У наш час развіваюцца і інш. віды сцэн. Т.: эстрадны (яго характарызуе лаканізм выразных сродкаў і віртуознасць тэхнікі), джазавы, Т. буто і інш.
Вытокі бел.танц. мастацтва — у культуры ўсх.-слав. плямён. Пад уплывам розных фактараў у нар. Т. беларусаў склаўся асобы стыль выканання з наборам гал. сродкаў выразнасці. Побач з народным танцам і пад яго ўплывам развіваліся (у творчасці скамарохаў) пачатковыя формы прафес.сцэн. Т. Прысутнічалі яны ў паказах школьнага тэатра, народнай драмы. Упершыню бел.нар. Т. выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча ў 1852. У пач. 20 ст. ў блізкім да этнагр. выглядзе выконваліся Т. трупай І.Буйніцкага. Пазней створаны прафес. калектывы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі (1937—41), Бел. ансамбль песні і танца (1940, з 1950 Дзярж. хор Беларусі). На 2002 на Беларусі працуюць: Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, танц. група Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Бел. фальклорна-харэагр. ансамбль «Харошкі», Бел.дзярж. ансамбль харэагр. і муз. мініяцюр «Бліскавіца», балетная трупа Бел.муз.т-ра і інш., атаксама шматлікія аматарскія танц. калектывы (гл.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва). Прафес. кадры танцоўшчыкаў рыхтуюць (2002): Бел.дзярж. харэагр. каледж, харэагр. аддз. Віцебскага, Гродзенскага, Мінскага, Пінскага вучылішчаў мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Гомельскі каледж мастацтваў.
Літ.:
Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;
М., 1939;
Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;
М., 1963;
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978;
Васильева-Рождественская М.В. Историко-бытовой танец. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве. Ствараецца для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднага дзеяння на тэр. краіны, сцвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, вырашэння інш. задач, прадугледжаных заканадаўствам. Прававую аснову яго арганізацыі і дзейнасці складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», прыняты Парламентам 30.3.1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў 1995 і 1997), Рэгламент Канстытуцыйнага суда (прыняты 18.9.1997 з дапаўненнямі ад 11.6.2001). Канстытуцыйны суд фарміруецца на парытэтнай аснове: 6 суддзяў назначаюцца Прэзідэнтам, 6 выбіраюцца Саветам Рэспублікі з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень, валодаюць высокімі маральнымі якасцямі. З 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда Беларусі 5 кандыдатаў, 3 дактары юрыд. навук, прафесары, з іх адзін чл.-кар.Нац.АН Беларусі, 3 жанчыны. Старшыню Канстытуцыйнага суда з суддзяў назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў суда — 11 гадоў, гранічны ўзрост — 70 гадоў; дапускаецца іх прызначэнне або выбранне на новы тэрмін. Суддзі Канстытуцыйнага суда не могуць быць членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі, атаксама членамі паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца дасягнення паліт. мэт; несумяшчальнымі з пасадай суддзі з’яўляюцца прадпрымальніцкая дзейнасць і інш. работа, якая аплачваецца (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай).
Канстытуцыйны суд разглядае справы і дае заключэнні: аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь; аб адпаведнасці Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам, законам і дэкрэтам пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, Генеральнага пракурора, нарматыўных актаў міністэрстваў, ведамстваў, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Пытанні аб канстытуцыйнасці такіх актаў суд разглядае як у цэлым, так і асобныя іх часткі. У выпадку прызнання такіх актаў не адпаведнымі Канстытуцыі або актам больш высокай юрыд. сілы яны лічацца страціўшымі сілу з моманту, вызначанага судом. У неабходных выпадках па прапанове Прэзідэнта Канстытуцыйны суд дае заключэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі Парламента. Суддзі, не згодныя з прынятым рашэннем, маюць права выкласці сваё асобае меркаванне ў пісьмовай форме. Выніковае рашэнне павінна быць абвешчана не пазней як праз 15 дзён з моманту заканчэння разгляду справы. Паводле заканадаўства рашэнні Канстытуцыйнага суда з’яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць абскарджанню і апратэставанню; яны абавязковыя для выканання ўсімі дзярж. органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Невыкананне, неналежнае выкананне або перашкоды выкананню рашэння суда цягнуць адказнасць, устаноўленую законам. Канстытуцыйны суд рыхтуе штогадова пасланні Прэзідэнту і палатам Парламента пра стан канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, паколькі сам кантралюе канстытуцыйнасць нарматыўных актаў. Аднак у адпаведнасці з законам ён мае права рабіць Прэзідэнту, Нац. сходу, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзярж. органам прапановы пра неабходнасць унясення ў акты дзеючага заканадаўства змен ці дапаўненняў або прыняцця новых нарматыўных актаў. Афіц. выданнем суда з’яўляецца «Веснік Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь». Дзейнасць суда фінансуецца з дзярж. бюджэту, расходы ў сувязі з выкананнем яго абавязковых рашэнняў нясуць дзярж. органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, на якія было ўскладзена выкананне гэтых рашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎ,
горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс.ж. (1998).
Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст.М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял.кн.ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял.кн.ВКЛСвідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн.Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс.ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв.арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач.Вял.Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс.чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.
Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл.Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл.Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл.Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл.Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл.Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл.Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач.Вял.Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.
Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал.нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл.Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн.Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед.ін-т; гл.Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн.пед. тэхнікум (гл.Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв.вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял.Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл.Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн.Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл.Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч.г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам.ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац.маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.
Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст.н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст.тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр.ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн.ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл.драм.т-ра сфарміравалася Тэатральная пл.Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.
У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.Трахтэнберг, М.Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх.А.Брэгман і А.Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.Вараксін) і інш. Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах.ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.Глінка, М.Трыгубовіч, М.Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд.ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр.ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.Борахаў, Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх.А.Кучарэнка, Ю.Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.Аляксеевы), у інш.ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.Астаповіч, Г.Бенядзіктаў, А.Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.Смальгоўскі, В.Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.Аляксеева), машынабуд. (В.Шаўчэнка, Кучарэнка, А.Юрын) і тэхналагічнага (Ю.Павалій, У.Начараў, С.Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.Бранцаў, С.Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.Свінарэнка), друку (арх.А.Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.Горб, М.Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.
У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.Гумілеўскі, арх. К.Аляксееў, А.Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.С.Пушкіну, М.Горкаму, Герою Сав. Саюза І.С.Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.В.Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.І.Гусакоўскага, мастакоў В.Бялыніцкага-Бірулі, П.Масленікава і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел., грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл.Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ.«Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час.«Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед.час.«Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв.к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).
У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ.газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач.Вял.Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп.газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп.арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).
Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза журналістаў.
Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».
Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.Дзяржавін. У М. спыняўся А.Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.Гогаль (1828) і Т.Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш.бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.І.Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.Кісель). У 1900 выйшаў зб.бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.Багушэвіча, В.І.Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.Багдановіча «Летапісец», нарысу М.Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.Купала, Я.Колас, А.Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.Колас, у лютым 1930 — Я.Калас, З.Бядуля, П.Броўка, М.Нікановіч, І.Цвікевіч. У студз. 1933 Я.Купала, Ц.Гартны, П.Галавач, М.Лужанін, А.Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.Купала, Я.Колас, М.Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.Бурносаў, Э.Валасевіч, П.Пруднікаў (рабочымі), І.Баранкевіч, Ю.Лявонны, Г.Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.Гаўрук, Дз.Палітыка, Ю.Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.Агіевіч, М.Барсток, А.Бялевіч, Я.Васілёнак, М.Гарулёў, А.Дзеружынскі, Я.Курто, М.Ларчанка, Ю.Лявонны, В.Матэвушаў, І.Новікаў, Палітыка, П.Прыходзька, С.Фамін, Я.Шарахоўскі, П.Шасцерыкоў, М.Шумаў, У.Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач.Вял.Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.Суркоў і К.Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.Чыгрынаў, В.Зуёнак, П.Макаль, А.Пісьмянкоў, А.Мельнікаў, М.Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.Вазнясенскі, Р.Казакова, Р.Раждзественскі, Я.Хелемскі, І.Шклярэўскі, В.Быкаў, Р.Барадулін, А.Жук, Л.Прокша, І.Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.Пысін, Аношкін, А.Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.Аляксееў, Ю.Кузняцоў, Г.Пашкоў, П.Праскурын, В.Сарокін, К.Скварцоў. У М. нарадзіліся П.Кабзарэўскі, Р.Бярозкін, Валасевіч, І.Клаз, М.Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.Бугаёў, Г.Бубнаў, Луфераў, В.Ракаў, М.Янчанка, Шклярэўскі, М.Казакоў, Аношкін, С.Марчанка, В.Хаўратовіч, А.Палітыка, А.Салтук, Р.Яўсееў, Кандрусевіч, У.Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.Гаўрусёў, Л.Левановіч, С.Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.Макаёнак, І.Сіўцоў, М.Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.Дуктаў, Я.Клімуць, М.Лук’янаў, І.Пехцераў, В.Рагаўцоў і інш.
Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл.Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел.нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст.А.Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.Пархоменка, І.Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж.гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.Цеханоўскі, Р.Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш.Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.Гараўскага, бел.сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.Туроўскай, Г.Конавай, У.Кузьміча (усе 1984), В.Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.К.Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.В.Неўрава (1998), П.В.Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв.т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.Ш.Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа, М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав.т-р (1919), рус.драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.
Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.Р.Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст.муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ.Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.А.Моцарта і Л.Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.Ягеман (Ягноў), І.Крушэўскі, піяністка Л.Чачкова. Працавалі муз.-драм.т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.Туа), у пач. 20 ст. — Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вержбіловіч, І.Гофман, К.Грыгаровіч, Н.Фігнер, М.Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.Рубінштэйна, «Фауст» Ш.Гуно, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Травіята» Дж.Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.Пеўзнер), лекцыі (Ю.Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..
Літ.:
Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;
Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл.Мн., 1986;
Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;
Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;
Марзалюк І.А. Магілёў у XII—XVIII стст. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),
неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн.км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн.км³ вады (гл.табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.
Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, атаксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл.Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.
Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.
Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40°паўн. ш. і на Пд ад 40°паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн.км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн.км², гл.Марскія адклады).
Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙1022г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл.таксамаМарская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.
Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл.Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).
Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл.Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл.Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40°паўн. ш.
Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл.Сейшы), моратрасеннямі (гл.Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).
Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).
Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн.т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд.кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд.т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял.гасп. значэнне мае марскі транспарт.
Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;