ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,

узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.​Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.​Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн. чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн. чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.​Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.​Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс. чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.​Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс. чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;

Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;

Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.​Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.
Да арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.

т. 5, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛОГІЯ

Даследаванні па заалогіі на Беларусі вяліся з 18 ст. У той час яны былі эпізадычнымі, праводзіліся на невялікіх тэрыторыях, ахоплівалі толькі некаторыя групы жывёл і не давалі поўнага ўяўлення нават пра відавы склад жывёльнага свету рэгіёна. Заалагічныя апісанні асобных тэр. Беларусі прадстаўлены ў працах польскага даследчыка Г.​Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рас. вучоных І.​І.​Ляпёхіна (канец 18 ст.) і В.​М.​Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У пач. 20 ст. складзены звесткі пра склад тэрыяфауны, арнітафауны (У.​М.​Шнітнікаў), энтамафауны (М.​М.​Арнольд) і іхтыяфауны (І.​М.​Арнольд) некаторых рэгіёнаў Беларусі. Вызначальнымі для развіцця заалагічнай навукі на Беларусі з’явіліся створаныя ў 1921 кафедра заалогіі пры БДУ і ў 1922 заалагічная падсекцыя пры Інбелкульце. Пасля заснавання Акадэміі навук Беларусі (1.1.1929) заалагічныя даследаванні каардынуюць адпаведныя акадэмічныя ўстановы: аддзел фауны пры Ін-це біялогіі (з 1932), аддзел заалогіі і паразіталогіі пры Прэзідыуме АН (з 1958), Ін-т заалогіі (з 1980), а таксама кафедра заалогіі БДУ з заалагічным музеем (з 1929). Фауна вывучаецца таксама на адпаведных кафедрах ВНУ, ін-тах аддзяленняў біялагічных і аграрных навук Нац. АН Беларусі, у нац. парках, запаведніках.

У экспедыцыйных даследаваннях па інвентарызацыі фауны, праведзеных пад кіраўніцтвам А.​У.​Фядзюшына ў 1924—30, сабраны калекцыйны матэрыял па ўсіх класах пазваночных жывёл, а таксама малюсках, чарвях, членістаногіх. На іх аснове арганізаваны заалагічныя музеі ў БДУ і АН Беларусі. Фрагментарнае вывучэнне асобных відаў і груп жывёл з часам трансфармавалася ў планамерныя даследаванні, што дало магчымасць ацаніць стан і дынаміку многіх відаў пазваночных жывёл і правесці іх карціраванне. Станаўленне іхтыялогіі і рыбагаспадарчых даследаванняў звязана з арганізацыяй у 1924 бел. рыбагаспадарчай экспедыцыі. У 1925 па прапанове А.​У.​Фядзюшына створаны 1-ы ў рэспубліцы дзярж. запаведнік на Бярэзіне, якому паводле рашэння ЮНЕСКА у 1979 нададзены статус біясфернага. У 1930-я г. пад кіраўніцтвам М.​М.​Кулагіна пачаты даследаванні па глебавай і эксперыментальнай энтамалогіі.

Большая частка назапашаных навук. матэрыялаў была знішчана ў Вял. Айч. вайну. У пасляваенныя гады адноўлены работы па інвентарызацыі фауны, вывучэнні жывёл розных сістэматычных і экалагічных груп, аднаўляліся і папаўняліся заалагічныя калекцыі і фондавыя матэрыялы. 1-я схема зоагеаграфічнага раянавання тэр. Беларусі і размеркавання фауністычных комплексаў млекакормячых, прапанаваная І.​М.​Сяржаніным, стала асновай для ўключэння ў сферу зоагеаграфічнага аналізу інш. груп жывёл.

Найб. актыўна вяліся арніталагічныя даследаванні. Дэталёва вывучана арнітафауна шэрагу рэгіёнаў Беларусі, ахарактарызаваны асаблівасці яе размеркавання, вызначаны колькасныя параметры многіх відаў птушак (М.​С.​Долбік, А.​У.​Фядзюшын і інш.); вывучаліся відавы склад, стан і дынаміка колькасці птушак розных біятопаў і ўплыў на арнітафауну антрапагенных фактараў.

У галіне энтамалогіі і глебавай заалогіі асноўная ўвага аддаецца пытанням таксаноміі, эколага-фауністычнай характарыстыкі насякомых-шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі (А.​Р.​Александровіч, І.​К.​Лапацін, В.​І.​Мержаеўская, В.​Ф.​Самерсаў, Л.​І.​Трапашка, Э.​І.​Хацько і інш.).

З 1950-х г. у НДІ рыбнай гаспадаркі, БДУ, Ін-це заалогіі вядуцца сістэмныя даследаванні фауны вадаёмаў. Вывучаны склад прамысловай іхтыяфауны рыбагаспадарчых вадаёмаў, біялогія і экалогія рыб і водных беспазваночных жывёл, прадукцыйнасць водных экасістэм, асаблівасці структурнай арганізацыі і функцыянавання планктонных і бентычных згуртаванняў, распрацаваны асновы акліматызацыі і інтрадукцыі новых відаў рыб (А.​П.​Астапеня, Г.​Г.​Вінберг, Т.​В.​Жукава, П.​І.​Жукаў, Л.​В.​Камлюк, С.​В.​Кахненка, Н.​М.​Кручкова, М.​Е.​Макушок, Т.​М.​Міхеева і інш.). Вывучэнне фауны водных беспазваночных жывёл з 1970-х г. дапаўняецца эксперыментальнымі даследаваннямі па экалагічнай біяэнергетыцы (У.​М.​Байчораў, Г.​А.​Галкоўская, А.​П.​Голубеў, Л.​М.​Сушчэня, В.​П.​Сяменчанка, Н.​М.​Хмялёва).

Вялікая ўвага аддаецца праблемам уплыву прыродных і антрапагенных фактараў на стан асобных відаў жывёл, функцыянавання фауністычных комплексаў і экасістэм, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету. З пач. 1980-х г. пад кіраўніцтвам М.​М.​Пікуліка сістэмна даследавалася герпетафауна Беларусі. Ахарактарызаваны стан, ландшафтная дыферэнцыяцыя і экалогія амфібій і рэптылій, прааналізаваны морфафенатыпічная зменлівасць фонавых відаў. У 1970—90-я г. даследаваліся змены фауны Беларускага Палесся ў сувязі з буйнамаштабнай меліярацыяй і сельскагаспадарчым асваеннем зямель, ахарактарызаваны заканамернасці і механізмы трансфармацыі фауністычных комплексаў пад уплывам узмоцненай антрапагеннай нагрузкі, зроблена ацэнка вынікаў Чарнобыльскай катастрофы для жывёльнага свету.

Сучасны этап развіцця заалогіі характарызуецца актывізацыяй у сферы міжнар. супрацоўніцтва. Актуальнымі праблемамі з’яўляюцца вывучэнне дынамікі і заканамернасцей фарміравання біялагічнай разнастайнасці жывёльнага свету Беларусі, удасканаленне сістэмы ахоўных прыродных тэрыторый на аснове стварэння нац. экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе пры дапамозе трансгранічных сувязей у агульнаеўрапейскую экалагічную сетку, распрацоўка комплексных відавых планаў захавання відаў жывёл, якім пагражае знікненне, удакладненне спіса жывёл для занясення ў Чырвоную кнігу Беларусі.

М.​Я.​Нікіфараў, А.​Я.​Пленін.

т. 18, кн. 2, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧНА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв. ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс. ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне «Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.

У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.​Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.​Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр. ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр. б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.

У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.​Зана і Л.​Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля, А.​Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.​Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.​Давідовіча, К.​Бубена, П.​Мятлы, А.​Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.​Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.​Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.​Капуцкага і А.​Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.

Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп. тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Маладзечна: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1988;

Яго ж. Даследаванне пра заходнебеларускі тэатр // Полымя 1971. № 2.

Г.​А.​Каханоўскі (тэатр. жыццё), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Маладзечна. Цэнтр горада.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Маладзечне 1907.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),

горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м. Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс. ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал. трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат. прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць маст. вырабаў са шкла (гл. Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст. н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял. геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.

Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл. св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.​Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.​Калеоні (скульптар А.​Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.​Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.​Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).

Літ.:

Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;

Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.

Да арт. Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.​Лангена. 1631—81.
Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-МАРЫ́НА (San Marino), Рэспубліка Сан-Марына (Repubblica di San Marino),

дзяржава ў Еўропе, на Апенінскім п-ве, за 13 км ад Адрыятычнага мора. Абкружана тэр. Італіі. Пл. 60 км². Нас. 26,9 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова італьянская. Сталіца — г. Сан-Марына. Падзяляецца на 9 адм. адзінак (замкаў). Нац. свята — гадавіна заснавання рэспублікі (3 вер.).

Дзяржаўны лад. С.-М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя (Статут) 1600 (са зменамі). Вышэйшы заканад. орган — Вялікі ген. савет (аднапалатны парламент), які складаецца з 60 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам па прапарцыянальным прадстаўніцтве на 5 гадоў). Функцыі кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады выконваюць 2 капітаны-рэгенты, якія выбіраюцца Вял. ген. саветам са сваіх членаў на 6 месяцаў.

Прырода. Усю краіну займаюць адгор’і Апенінаў выш. да 739 м (г. Тытана). Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. 4 °C, у ліп. 23 °C. За год выпадае 800—900 мм ападкаў, найб. у зімовы час. Невял. ўчасткі маквісу, дубовыя гаі.

Насельніцтва. Каля 80% складаюць санмарынцы, народ блізкі да італьянцаў. Жывуць таксама італьянцы. Каля 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост каля 0,6%. Сярэдняя шчыльн. каля 450 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 91%. Гарады невялікія, ад 4 тыс. да 1 тыс. ж. Каля 55% насельніцтва занята ў сферы паслуг, каля 43% — у прам-сці, каля 2% — у сельскай гаспадарцы. Значная эміграцыя, каля 20 тыс. санмарынцаў жывуць за мяжой (найб. у Італіі).

Гісторыя. С.-М. — найстаражытнейшая з дзяржаў Еўропы. Яе ўзнікненне паданне адносіць да 301, легендарным заснавальнікам лічыцца хрысціянін каменячос Марына, які ўцёк сюды з Далмацыі ад рэліг. праследаванняў і пазней быў прылічаны да святых. Назва «Рэспубліка С.-М.» сустракаецца ў дакументах з 10 ст. У 11—13 і 15 ст. тэр. рэспублікі павялічылася за кошт суседніх зямель. У 19 ст. С.-М. неаднаразова была прыстанкам для італьян. рэвалюцыянераў — удзельнікаў рысарджымента (карбанарыяў, Дж.​Гарыбальдзі і інш.). Пасля ўтварэння адзінай італьян. дзяржавы С.-М. ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседства (узнаўляўся ў 1872, 1897, 1953), паводле якога С.-М. фактычна апынулася пад італьян. пратэктаратам. У 1-й сусв. вайне рэспубліка ўдзельнічала на баку Антанты (выставіла 15 салдат). У 1923 да ўлады ў С.-М. прыйшлі фашысты. У 2-ю сусв. вайну рэспубліка абвясціла нейтралітэт, але ў вер. 1944 акупіравана ням. фашыстамі. У 1945—57 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый на чале з камуністамі і сацыялістамі. Да 1974 краінай кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале з Хрысц.-дэмакр. партыяй, потым — кааліцыйны ўрад хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў, з 1978 — кааліцыя левых партый, з 1986 — камуністаў і хрысц. дэмакратаў, з 1998 — сацыялістаў і хрысц. дэмакратаў.

У знешняй палітыцы С.-М. прытрымліваецца прынцыпаў нейтралітэту і недалучэння. С.-М. — чл. Савета Еўропы (з 1988) і ААН (з 1992). Асн. паліт. партыі і грамадскія арг-цыі, прадстаўленыя ў парламенце: Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Прагрэсіўна-дэмакр. партыя (з 1990, б. камуністы), Партыя камуніст. пераўтварэння, Нар. саюз дэмакратаў, Дэмакр. рух. Асн. прафсаюзы: сан-марынскія канфедэрацыя працы і дэмакр. канфедэрацыя працоўных.

Гаспадарка. Краіна высокага ўзроўню жыцця. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. складае каля 20 тыс. дол. за год. Аснова эканомікі — абслугоўванне замежных турыстаў, дае каля 60% даходу краіны. Штогод С.-М. наведвае да 3,5—4 млн. чал. Турыстаў прываблівае стараж. гісторыя дзяржавы, шматлікія гіст. і арх. помнікі, маляўнічая прырода, узровень абслугоўвання. Значны міжнар. цэнтр банкаўскіх паслуг. Прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі. Электраэнергія імпартуецца з Італіі. На тэр. С.-М. філіялы італьян. маш.-буд. і інш. фірм. Прадпрыемствы электроннай, харч. (малочная і сыраварная, мясная, вінаробчая), тэкст. (шарсцяныя і трыкат. вырабы), металаапр., хім., мэблевай, цэм., гарбарнай, керамічнай, папяровай прам-сці. Здабыча цэм. сыравіны, буд. каменю, серы, вытв-сць буд. матэрыялаў. Саматужны і рамесніцкі выраб сувеніраў, у т. л. з металаў, шкла, маёлікі; ювелірных упрыгожанняў. Важная крыніца даходаў — выпуск паштовых марак і манет для нумізматаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,2 тыс. га зямлі. Пераважаюць дробныя гаспадаркі да 1 га. Сеюць пшаніцу, кукурузу, агародніну. Вінаградарства і вырошчванне аліўкавых дрэў. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і свіней. Транспарт пераважна аўтамабільны. У С.-М. 220 км аўтадарог. Знешнія сувязі праз італьян. порт Рыміні. Краіна з 1954 у мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод выплачвае С.-М. кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігральнымі дамамі і інш. Экспарт; віно, тэкст. вырабы, скуры, мэбля, кераміка, буд. камень; імпарт: спажывецкія і прамысл. тавары, паліва. Гандаль пераважна з Італіяй. Грашовая адзінка — італьян. ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Марына.
Да арт. Сан-Марына. Ландшафтная панарама каля падножжа г. Тытана.

т. 14, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯРНЫХ ЗЛУЧЭННЯЎ

Высокамалекулярныя злучэнні пачалі вывучаць у 1936 у Ін-це хіміі АН Беларусі. Даследаваліся растворы палімераў і калоідаў. Вывучаны заканамернасці набракання каўчуку і гумы ў змешаных растваральніках, структура макрамалекул прыродных бялкоў, штучныя матэрыялы на аснове высокамалекулярных злучэнняў лубіну; распрацаваны інгібітары працэсаў акіслення натуральнага і сінт. каўчуку (М.​Ф.​Ярмоленка). У 1940 створана першая лабараторыя высокамалекулярных злучэнняў, дзе даследаваны тэрмадынамічныя ўласцівасці раствораў высокамалекулярных злучэнняў, кінетыка і раўнаважнасць набракання палімерных матэрыялаў, тэмпературныя залежнасці скорасці набракання, цеплавыя эфекты (С.​М.​Ліпатаў).

У наш час даследаванні па хіміі высокамалекулярных злучэнняў вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Іх умоўна можна падзяліць на тры асн. групы: сінтэз, хім. пераўтварэнні, атрыманне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў. Сярод работ па сінтэзе важнае месца належыць даследаванням працэсаў атрымання поліімідаў, а таксама полімерызацыя розных манамераў, у т. л. з выкарыстаннем металаарган. каталізатараў. У гэтым кірунку вылучаюцца работы па сінтэзе поліцыклагексадыену, звышвысокамалекулярнага поліэтылену, палімераў вінілтэтразолаў і нафтапалімерных смол. Найб. актыўна вывучаюцца працэсы хім. мадыфікавання прыродных і сінт. палімераў, у т. л. цэлюлозы, з мэтай стварэння на іх аснове новых матэрыялаў тэхн. і мед. прызначэння. Устаноўлена, што ў аснове змянення ўласцівасцей палімераў пры мадыфікаванні іх метадамі прышчэпачнай полімерызацыі, палімераналагічных пераўтварэнняў і сшывання ляжыць змяненне энергіі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў элементах мікрагетэрагеннай структуры.

Распрацаваны сінтэтычныя палімерныя іаніты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці іонаабменнай глебы, а таксама валакністыя іонаабменнікі, сарбенты; магн. і электрэтныя пластыкі для мед. тэхнікі; інгібіраваныя плёначныя матэрыялы для аховы металаў ад электрахім. і біял. карозіі і інш.

Шляхам хім. мадыфікавання цэлюлозы фосфарнымі к-тамі атрыманы вогне- і біяахоўныя драўняныя матэрыялы і баваўняныя тканіны. Фасфатацэлюлозныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў медыцыне для стабілізацыі донарскай крыві. Хім. мадыфікаванне цэлюлозы аксідамі азоту пакладзены ў аснову метадаў атрымання розных лекавых прэпаратаў пралангаванага дзеяння, а таксама растваральных у арган. растваральніках цалкам ці часткова замешчаных ацэтатаў цэлюлозы, водарастваральных нізказамешчаных сульфатаў поліцукрыдаў і інш. Пры вывучэнні ўзаемадзеяння азотнай к-ты з цэлюлозазмяшчальнай расліннай сыравінай распрацаваны эфектыўны спосаб атрымання радыеактыўна чыстых цэлюлозы і нітралігніну з забруджанай сыравіны. Для працэсаў асвятлення, стэрылізацыі і канцэнтравання раствораў біялагічна актыўных рэчываў, перапрацоўкі малочных прадуктаў, асвятлення пладова-ягадных сокаў і він, ачысткі сцёкавых вод выкарыстоўваюцца мікра- і ультрафільтрацыйныя мембраны на аснове ацэтату цэлюлозы і рэгенерыраванай цэлюлозы, супалімераў акрыланітрылу, араматычнага поліаміду і полісульфону. На аснове мадыфікаваных водарастваральных палімераў (у т. л. поліцукрыдаў і прадуктаў шчолачнага гідролізу адходаў вытв-сці поліакрыланітрыльных валокнаў) створаны дэпрэсары пустой пароды для флатацыйнага абагачэння хлорыстага калію, звязвальныя рэчывы для фарбаў і буд. матэрыялаў, поліэлектралітныя комплексы і гідрагелі, заменнікі плазмы крыві. На аснове мадыфікаваных сінт. палімераў атрыманы электраізаляцыйныя матэрыялы з лабільнай трохвымернай структурай, тэрмаклеявыя парашкі, кляі-расплавы, паляроідныя плёнкі для вадкакрышталічных прылад.

У галіне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў вывучаюцца заканамернасці змянення структуры і ўласцівасцей палімераў пры ўзаемадзеянні з электрычнымі і магн. палямі, патокамі іанізуючых часціц, лазернымі выпрамяненнямі, мех. ўздзеяннямі, знешнімі агрэсіўнымі асяроддзямі. У выніку даследаванняў сумесей і сплаваў на аснове палімераў вывучаны механізмы кіравання міжфазнымі ўзаемадзеяннямі і сумяшчальнасці макрамалекул, атрыманы новыя віды кампазіцыйных матэрыялаў на аснове поліаміду і поліэтылентэрэфталату. Распрацаваны безазбеставыя фрыкцыйныя матэрыялы на палімернай аснове і вырабы з іх. Створаны палімерныя кампазіцыі з павышанай устойлівасцю да працэсаў тэрмічнай і тэрмаакісляльнай дэструкцыі, а таксама са зніжанай гаручасцю.

Значны ўклад у хімію і фізіку высокамалекулярных злучэнняў зрабілі акад. Нац. АН Беларусі У.​Я.​Агабекаў, У.​А.​Белы, Ф.​М.​Капуцкі, А.​І.​Лесніковіч, У.​С.​Салдатаў, А.​І.​Свірыдзёнак, І.​М.​Ярмоленка; чл.-кар. П.​І.​Бялькевіч, М.​П.​Круцько, Ю.​М.​Плескачэўскі, М.​Р.​Пракапчук, А.​І.​Рацько, Р.​Л.​Старобінец; д-ры навук А.​В.​Більдзюкевіч, А.​І.​Валожын, П.​М.​Гапонік, Б.​Э.​Гелер, В.​А.​Гальдадэ, А.​А.​Івашкевіч, Л.​С.​Карэцкая, Л.​П.​Круль, Э.​Ц.​Круцько, М.​А.​Ксенафонтаў, Б.​І.​Купчынаў, М.​Р.​Лін, А.​У.​Макарэвіч, С.​У.​Маркевіч, П.​А.​Матусевіч, С.​Ф.​Навумава, Л.​С.​Пянчук, С.​С.​Пясецкі, А.​В.​Рагачоў, М.​М.​Равяка, Дз.​В.​Свірыдаў, В.​В.​Смірноў, В.​А.​Струк, У.​А.​Тарасевіч, А.​І.​Шадыра, Я.​І.​Шчарбіна, А.​Р.​Юркевіч, М.​І.​Ягоранкаў і інш.

Літ.:

Солдатов В.С. Химия высокомолекулярных соединений // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1998. №4;

Химические проблемы создания новых материалов и технологий: Сб. ст. к 20-летию НИИ физ.-хим. проблем БГУ. Мн., 1998;

Солдатов В.С. Полимерные и композиционные материалы // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002;

Плескачевский Ю.М., Савицкий В.Н. Полимерные и композиционные материалы и их применение // Там жа;

Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 2. Мн., 2003.

Л.​П.​Круль.

т. 18, кн. 2, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА ЯДЗЕРНЫХ РЭАКТАРАЎ

Даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў пачаліся ў 1960, калі ў Ін-це энергетыкі АН Беларусі было створана Аддзяленне атамнай энергетыкі (узначаліў А.​К.​Красін). Тэарэт. работы выконваліся ў лабараторыях атамнай энергетыкі (Красін) і фіз. разлікаў (В.​А.​Навумаў), эксперым. — на доследным рэактары ІРТ-1000 (здадзены ў эксплуатацыю ў 1962). У 1965 створаны Ін-т ядз. энергетыкі АН Беларусі (ІЯЭ), дзе былі сканцэнтраваны работы па фізіцы ядз. рэактараў. У ім вяліся доследныя работы па стварэнні новых тыпаў ядз. рэактараў: уран-гідрыдцырконіевага для перасоўнай АЭС «Памір-630 Д», хуткіх газаахаладжальных (N2O4) тыпу БРІГ і БРГ, спецыялізаваных ядз.-хім. рэактараў.

Першы рэактар фіз. магутнасці (крытычны стэнд) «Ружа» створаны ў 1965. На ім праведзены даследаванні аднародных уран-водных сістэм з палівам 10%, 36% і 75% абагачэння па ​235U у шырокім дыяпазоне змяненняў адносін канцэнтрацыі ядзер вадароду і урану-235 (В.​А.​Лявадны, Ю.​І.​Чуркін, А.​І.​Ярашэвіч). Для эксперым. абгрунтавання фізікі рэактара «Памір» на ўсіх стадыях яго праектавання былі створаны рэактары фіз. магутнасці «Эдэльвейс», «Крышталь», на якіх выкананы комплекс даследаванняў «халодных» і «гарачых» UO2—ZrHn — крытычных сістэм з палівам 21%, 36% і 45% абагачэння па ​235U (І.​А.​Едчык, А.​П.​Малыхін, У.​У.​Сапожнікаў, С.​М.​Сікорын, А.​І.​Ярашэвіч). Распрацаваны ці ўдасканалены розныя метады вымярэнняў асн. нейтронна-фіз. параметраў рэактарных сістэм: метад цвёрдых трэкавых дэтэктараў ядзер (І.​У.​Жук, Малыхін), метады аналізу шумоў рэактара (Лявадны, Сапожнікаў), метады неразбуральнага кантролю наяўнасці нейтронна-паглынальных і падзельных матэрыялаў у асн. элементах актыўных зон (Сапожнікаў, Сікорын). Створаны вымяральныя ўстаноўкі для спектраметрыі гама-выпрамянення, размеркавання шчыльнасці дзяленняў у актыўных зонах рэактараў і параметраў кінетыкі рэактараў.

У 1970—80-я г. ў ІЯЭ створаны розныя мадыфікацыі рэактараў фіз. магутнасці БТС-1 — БТС-5 з хуткацеплавымі крытычнымі зборкамі для даследаванняў па фізіцы энергет. хуткіх рэактараў, што ахалоджваюцца дысацыіруючым газам і паравадзяной сумессю (М.​М.​Груша, І.​Р.​Серафімовіч, Чуркін, Ярашэвіч) і крытычны стэнд «Астра» для даследаванняў віхравых рэактараў з мікрацвэламі (Лявадны, С.​У.​Макін). Распрацаваны метады рашэння кінетычнага ўраўнення пераносу нейтронаў і ўліку тэрмалізацыі нейтронаў у Pn-набліжэнні канечна-рознасным метадам (А.​П.​Сямашка, Ю.​К.​Шчокін), удасканалены метады альбеда (В.​П.​Слізоў), імавернасці першых сутыкненняў (А.​І.​Додзь), Монтэ-Карла (С.​Р.​Розін). Праведзены тэарэт. даследаванні па ацэнцы сячэнняў узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі падзельных, сыравінных і канстр. матэрыялаў ва ўсім дыяпазоне энергій нейтронаў рэактарнага спектра (В.​А.​Коньшын, У.​М.​Маслаў, Ю.​У.​Парадзінскі, Я.​Ш.​Сухавіцкі), створаны новыя матэм. мадэлі і праграмы разліку ядз.-фіз. канстантаў. Для дыфузійнага разліку цеплавых ядз. рэактараў з улікам выгарання паліва і ўтварэння прадуктаў дзялення распрацаваны інжынерны разліковы комплекс «Гера» (В.​А.​Навумаў), які пераўтвораны ў комплекс «Кратэр» (Я.​М.​Дунец, Б.​А.​Літвіненка, В.​А.​Навумаў, І.​Я.​Рубін). Для апісання гетэрагенных эфектаў у ячэйках ядз. рэактараў ва ўсёй вобласці энергіі нейтронаў створана 95-групавая дыфузійная праграма «Рытм» (Навумаў, Рубін). Праведзены разліковыя даследаванні фізікі ядз.-хім. рэактараў і шматмэтавых рэактараў для адначасовай выпрацоўкі электраэнергіі, цяпла і радыяцыйна-хім. прадукцыі (Красін, Літвіненка, І.​А.​Савушкін).

У ІЯЭ была створана база для разліковых і эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў розных тыпаў, ін-т стаў адным з буйнейшых цэнтраў па гэтай галіне ў СССР. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і наступнага распаду СССР даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў на Беларусі былі істотна згорнуты. Спынены ўсе эксперым. даследаванні на рэактарах фіз. магутнасці, з якіх выгружаны падзельныя матэрыялы; менш інтэнсіўна вяліся работы па стварэнні новых метадаў фіз. разліку ядз. рэактараў. У наш час, дзякуючы міжнар. грантам, у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» паводле праграмы эксперым. даследаванняў па трансмутацыі доўгажывучых прадуктаў дзялення і малодшых актынідаў вядуцца тэарэт. работы па ўдасканаленні ядз.-фіз. канстантаў у пашыраным дыяпазоне энергій нейтронаў (да 200 МэВ) і разлікова-эксперым. работы па фізіцы падкрытычных сістэм, што кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій. Створана і даследуецца з 1999 цеплавая падкрытычная зборка «Яліна»; ствараецца бустэрная (каскадная), якія кіруюцца генератарам нейтронаў (В.​В.​Бурнос, А.​І.​Кіявіцкая, І.​Р.​Серафімовіч, Ю.​Г.​Фокаў, С.​Я.​Чыгрынаў), што дазволіць праводзіць эксперым. даследаванні ў шырокім дыяпазоне спектра нейтронаў. З 1998 пачаты работы па рэканструкцыі аднаго з рэактараў фіз. магутнасці (С.​І.​Гульнік, С.​Г.​Мандзік, Сікорын), па завяршэнні якіх значна пашырыцца аб’ём эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў.

Літ.:

Определение критических загрузок однородных систем UO2 — ZrH1,89 и UO2 — H2O с топливом 21 % и 36% обогащения по ​235U // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Физика ядерных реакторов. 1991. Вып. 1;

Экспериментальные исследования по физике передвижной АЭС «Памир» // Проблемы использования атомной энергии: Сб. докл. науч. семинара, посвящ. 85-летию акад. А.​К.​Красина. Мн., 1996;

Расчетные возможности программного комплекса КРАТЕР для определения нейтронно-физических характеристик тепловых ядерных реакций // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1996. №1.

А.​І.​Ярашэвіч.

Рэактар фізічнай магутнасці «Крышталь» — поўнамаштабная мадэль рэактара перасоўнай АЭС «Памір-630Д».

т. 18, кн. 2, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАРЭТЫЧНАЯ МЕХАНІКА

Даследаванні па розных кірунках сучаснай механікі пачаліся на Беларусі ў пасляваенны час і вяліся пераважна на кафедрах тэарэт. механікі БДУ, БПІ, Бел. тэхнал. ін-та, Гомельскага ун-та і інш. Найб. значны ўклад у станаўленне і развіццё айч. цэнтраў і школ па механіцы зрабілі У.​А.​Белы, А.​В.​Бераснеў, М.​С.​Высоцкі, Б.​А.​Калавандзін, А.​Х.​Кім, А.​Я.​Крушэўскі, М.​Дз.​Мартыненка, Ю.​М.​Плескачэўскі, І.​А.​Прусаў, Л.​А.​Рот, М.​А.​Сталяроў, В.​П.​Стаўроў, Г.​К.​Татур, М.​М.​Чапінога, А.​У.​Чыгараў, А.​А.​Яблонскі і інш.

Кірункі прыярытэтных фундаментальных даследаванняў па механіцы абумоўлены пераважна вядучымі галінамі эканомікі краіны — машынабудаваннем, горназдабыўной прам-сцю, буд-вам. У БДУ вядуцца даследаванні ў галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела (МДЦЦ), механікі вадкасці і газу — развіццё метадаў інтэгральных ураўненняў рашэння краявых задач МДЦЦ; пабудова ўдакладненых тэорый дэфармавання абалонак і развіццё метадаў рашэння краявых задач тэорыі пласцін і абалонак; развіццё метадаў рашэння кантактных задач МДЦЦ, аналітычных метадаў і тэорый рашэння розных класаў задач геамеханікі і механікі горных парод і масіваў; тэарэт. асновы камп’ютэрнай механікі; развіццё тэорый руху і стану вязкіх вадкасцей; апісанне фільтрацыйных працэсаў у сітаватым асяроддзі і працэсаў нафтаздабычы (М.​А.​Жураўкоў, М.​Дз.​Мартыненка, В.​Б.​Таранчук). Асн. кірункі, што развіваюцца ў Бел. нац. тэхн. ун-це і Бел. аграрным тэхн. ун-це: дынаміка і трываласць неаднародных дэфармуемых цел пры складаным сілавым і кінематычным нагружэнні; прамыя і адваротныя задачы распаўсюджвання хваль у неаднародных асяроддзях; мадэліраванне намнажэння пашкоджанняў у цвёрдых целах; механіка кампазіцыйных матэрыялаў; аптымізацыя кампазіцыйных матэрыялаў, што валодаюць зададзенымі ўласцівасцямі; варыяцыйныя метады ў МДЦЦ; механіка грануляваных асяроддзяў, біямеханіка; аналітычныя метады ў буд. механіцы, пабудова тэорый стану і руху магн. вадкасцей (А.​А.​Барысевіч, В.​Р.​Баштавой, Ю.​У.​Васілевіч, А.​Я.​Крушэўскі, І.​С.​Кулікоў, А.​Т.​Скойбеда, А.​У.​Чыгараў, Ю.​У.​Чыгараў).

Асн. навук. кірункі кафедры тэарэт. механікі Бел. тэхнал. ун-та — стат. механіка кандэнсаванага стану рэчыва, даследаванне дынамічных працэсаў у мікрамеханіцы, статыстыка-мех. абгрунтаванне мадэлей механікі суцэльных асяроддзяў, фрактальная механіка матэрыялаў (В.​С.​Віхрэнка, М.​І.​Кулак, В.​Б.​Нямцоў). У Бел. ун-це транспарту створаны 2 навук. школы па праблемах механікі. Пад кіраўніцтвам Э.​І.​Старавойтава вывучаецца механіка слаістых элементаў канструкцый. Распрацаваны матэм. мадэлі і метады рашэння краявых задач аб дэфармаванні трохслойных стрыжняў, пласцін і абалонак пры комплексных сілавых, цеплавых і радыяцыйных нагрузках. Пад кіраўніцтвам Л.​А.​Сасноўскага вывучаюцца пытанні трыбафатыкі — навукі аб комплексным зносастомленасным пашкоджанні найб. адказных мех. сістэм, машын і абсталявання. Вывучаюцца ўмовы дасягнення мех. сістэмамі гранічных станаў пры дзеянні сілавых, фрыкцыйных, тэрмадынамічных і электрахім. нагрузак. У Гомельскім тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.​К.​Шаблоўскага даследуецца дынаміка вязкіх вадкасцей і газаў. Вывучаюцца ўласцівасці, структура і заканамернасці развіцця ламінарных і турбулентных плыней у гідрадынамічных сістэмах з моцнымі разрывамі. Распрацоўваюцца метады рашэння задач віхравой дынамікі і цеплапераносу ў вадкасцях з рэлаксуючымі вязкімі напружаннямі. Даследуюцца прасторавыя кантактныя задачы тэорыі пругкасці ў дастасаванні да элементаў вышэйшых кінематычных пар (Г.​П.​Тарыкаў).

Даследаванні ў галіне механікі праводзяцца таксама ў Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі па наступных кірунках: распрацоўка падыходаў да імавернаснай пабудовы разлікаў рэсурсаў працаздольнасці высоканагружаных дэталей па стомленасці, метадаў дыягностыкі і мадэліравання; распрацоўка мех. мадэлей стану алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў, мадэлей работы цяжканагружаных ціхаходных вузлоў слізгання; развіццё метадаў аналізу надзейнасці сістэм шляхам сумеснага выкарыстання аналітычнага, стат. і фіз. мадэліравання на ЭВМ і спец. стахастычных устаноўках; распрацоўка мадэлей узаемадзеяння неаднародных матэрыялаў на нанаўзроўні, у т. л. для шматузроўневага дыскрэтнага кантакту; стварэнне мадэлей працэсаў аналізу мех. уласцівасцей матэрыялаў на нанаўзроўні з дапамогай дынамічнай і стат. сілавой спектраскапіі ў сканіруючай сілавой мікраскапіі; распрацоўка метаду аналізу пераходных працэсаў кантактнага ўзаемадзеяння з трэннем і адгезійнага разбурэння пры сцісканні, зруху і адрыве (У.​Б.​Альгін, А.​В.​Бераснеў, П.​А.​Віцязь, М.​С.​Высоцкі, А.​І.​Дабралюбаў, Л.​Р.​Краснеўскі, У.​В.​Мажароўскі, У.​І.​Махнач, С.​В.​Мядзведзеў, М.​І.​Петракавец, Ю.​М.​Плескачэўскі, І.​С.​Цітовіч, С.​А.​Чыжык).

Літ.:

Цитович И.С., Берестнев О.В. Пути повышения надежности машин. Мн., 1979;

Берестнев О.В., Гоман А.М., Ишин Н.Н. Аналитические методы механики в динамике проводов. Мн., 1992;

Высоцкий М.С., Гилелес Л.Х., Херсонский Н.Г. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. М., 1995;

Журавков М.А., Мартыненко М.Д. Теоретические основы деформационной механики блочно-слоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995;

Іх жа. Сингулярные решения и интегральные уравнения в механике деформируемых сред. Мн., 1999;

Журавков М.А., Козловский Н.И. Механика: сегодня и завтра. Мн., 2000;

Старовойт о в Э.И. Основы теории упругости, пластичности и вязкоупругости. Гомель, 2001;

Кулак М.И. Фрактальная механика материалов. Мн., 2002;

Чигарев А.В., Михасев Г.И. Биомеханика. Мн., 2003;

Сосновский Л.А. Основы трибофатики. Гомель, 2003.

М.​А.​Жураўкоў.

т. 18, кн. 2, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬКЛАРЫ́СТЫКА,

навука пра народную паэтычную творчасць (фальклор) як неад’емную частку духоўнай культуры народа. Звязана з муз. Ф., этнаграфіяй, літаратуразнаўствам, абрадамі і звычаямі, міфалогіяй і інш. Задачы Ф.: збіраць і выдаваць фалькл. творы; даследаваць спецыфічныя рысы калект. вуснай нар. творчасці, гіст. заканамернасці яе развіцця, праблемы паходжання фальклору, яго жанравыя асаблівасці, ідэйна-эстэт. і інш. функцыі; спалучэнне калект. і асабістага ў творчай дзейнасці майстроў фальклору (сказіцеляў, казачнікаў, песеннікаў); высвятляць узаемасувязі фальклору і л-ры, месца і ролю нар. творчасці ў нар. побыце, у развіцці нац. культуры; нац. самабытнасць і ўзаемадзеянне вусна-паэт. творчасці розных народаў. Глыбокае вывучэнне фальклору магчыма толькі ў працэсе яго вуснага бытавання, выканання. Таму збіральніцкія і даследчыцкія задачы Ф. непадзельныя. Ф. распрацоўвае свае метады даследавання.

Творы фальклору запісваліся са старажытнасці (у Вавілоне, Кітаі, Егіпце яшчэ да н.э.). Еўрап. гіст. хронікі і літ. помнікі сярэдневякоўя ўвабралі шматлікія нар. легенды, паданні, прытчы і інш. Многія творы стараж.-рус. фальклору ўвайшлі ў летапісы, «Слова аб паходзе Ігаравым», зб-кі казанняў і г.д. Развіццё Ф. як навукі ў Еўропе пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязана з фарміраваннем нацый (асабліва слав.) і разгортваннем нац.-вызв. руху ў краінах, дзе развіваліся капіталіст. адносіны. З ростам нац. самасвядомасці нар. творчасць станавілася адным з найважн. аргументаў у адстойванні нац. культуры. Гэта выклікала шырокую цікавасць да фальклору і побыту народа. У 1706 выйшаў франц. пераклад А.​Галана араб. казак «Тысяча і адна ноч». Шырокі размах набыло выданне фалькл. твораў у 2-й пал. 18 ст.: зб. стараж. англ. балад «Рэліквіі старажытнай англійскай паэзіі» Т.​Персі (т. 1—3, 1765); у Расіі — «Збор розных песень» М.​Чулкова (т. 1—4, 1770—74), «Збор народных рускіх песень з іх галасамі. На музыку палажыў Іван Прач» М.​Львова (т. 1—2, 1790), першыя зб. літ. апрацаваных рус. казак; у Германіі — зб. «Галасы народаў у песнях» І.​Гердэра (1778—79). Значнай з’явай у Ф. пач. 19 ст. было выданне рус. былін (1804), сербскіх эпічных песень (1814), ням. казак братоў Грым (1812). Фалькларыстычныя працы слав. вучоных 19 ст. прасякнуты патрыят. ідэямі нац. вызвалення (у Чэхаславакіі Ф.​Чэлакаўскі, Л.​Штур, П.​Шафарык, Ян Колар; у Сербіі В.​Караджыч; у Балгарыі Дз. і К. Міладзінавы, Л.​Каравелаў; у Польшчы К.​Брадзінскі, К.​Вуйціцкі). Рус. Ф. ў 18 ст. назапасіла шмат фактычнага матэрыялу, які даследавалі прадстаўнікі розных школ: міфалагічнай (Ф.​Буслаеў, А.​Афанасьеў, А.​Мілер), міграцыйнай (Буслаеў у апошні перыяд сваёй дзейнасці, М.​Сумцоў), гістарычнай (А.​Весялоўскі). У выніку іх даследаванняў і сістэматызацыі намечаны прынцыпы эстэт. гіст. аналізу фальклору. Перадавая рус. Ф. звязана з працамі і тэарэт. абгрунтаваннямі дзекабрыстаў і рэвалюцыянераў-дэмакратаў (В.​Бялінскі, М.​Дабралюбаў, М.​Чарнышэўскі, І.​Прыжоў), артыкуламі і выказваннямі пра фальклор рус. пісьменнікаў А.​Радзішчава, А.​Пушкіна, М.​Гогаля, М.​Някрасава, М.​Салтыкова-Шчадрына, Г.​Успенскага і інш. Росквіт рус. Ф. прыпадае на 2-ю пал. 19 ст., калі выйшлі ў свет фундаментальныя фалькл. зб-кі А.​Афанасьева, П.​Кірэеўскага, І.​Худзякова, Дз.​Садоўнікава, П.​Рыбнікава, А.​Гільфердзінга, П.​Шэйна, А.​Сабалеўскага, У.​Даля і інш. Развіццю Ф. садзейнічалі Б. і Ю. Сакаловы, М.​Андрэеў, М.​Азадоўскі, У.​Проп, П.​Багатыроў, Г.​Астахава, В.​Жырмунскі, У.​Чычараў і інш.

Першыя пісьмовыя звесткі пра бел. нар. творчасць — пераказы паданняў і легенд, упамінанне фалькл. герояў, прыказак у летапісах і хроніках 14—16 ст., дакументах і дзярж. перапісцы (напр., у «Допісах» Ф.​Кміты-Чарнабыльскага 1572—74), палемічнай л-ры. Запісы і публікацыю бел. прыказак з Віцебшчыны і Полаччыны — сваёй радзімы — зрабіў С.​Рысінскі (1618). У працы «Апісанне Крычаўскага графства» (1786, апубл. 1901) А.​Меер змясціў бел. купальскую песню з апісаннем абраду. Як навука бел. Ф. пачала складвацца з 1-й чвэрці 19 ст. Бел. фальклор збіралі і вывучалі рус. і польскія даследчыкі (І.​Снегіроў, А.​Цярэшчанка, І.​Сахараў, П.​Кірэеўскі, В.​Бадзянскі, К.​Вуйціцкі, Ю.​Крашэўскі, В.​Поль, Л.​Бароўскі), ураджэнцы Беларусі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі З.​Даленга-Хадакоўскі, А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, Л.​Галамбёўскі, А.​Рыпінскі, Р.​Падбярэскі, Я.​Баршчэўскі, Я. і К. Тышкевічы, Р.​Зянькевіч, У.​Сыракомля, А.​Кіркор і інш. Шэраг арт. і публікацый бел. нар. твораў паявіўся ў польскім і рус. друку (арт. М.​Чарноўскай у час. «Дзеннік Віленьскі», 1817, т. 6; ананімны арт. пра бел. вясельныя абрады ў час. «Тыгоднік Віленьскі», 1819, т. 7; публікацыі ў час. «Пантеон», «Маяк», «Современник» і інш.). У 1830—50-я г. зб-кі бел. фальклору выдавалі Чачот, Рыпінскі, Р.​Зянькевіч, П.​Шпілеўскі і інш. З канца 1840-х г. бел. фальклор пачаў паступаць у Рускае геагр. т-ва. Афанасьеў у зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63) змясціў больш за 20 бел. нар. казак. Апрацаваныя казкі з ваколіц Навагрудка склалі «Польскі казачнік» А.​Глінскага (т. 1—4, 1853). Пасля паўстання 1863—64 абудзіліся шырокія слаі мясц. інтэлігенцыі, якая шмат зрабіла для збірання, публікацыі і даследавання бел. вуснапаэт. творчасці. Бел. фальклорам зацікаваліся і рус. інтэлігенты, якія працавалі на Беларусі. Яны стаялі на розных ідэйных і навук. пазіцыях. Напр., П.​Гільтэбрант або П.​Бяссонаў, Кіркор, Шэйн і інш. Разнастайнасцю публікацый і жанравага складу розных відаў бел. казачнага эпасу вылучаўся зб. М.​Дзмітрыева «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869).

У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выдадзена значная колькасць фальклорна-этнагр. зборнікаў, у якіх змешчаны розныя віды і жанры нар. творчасці, у іх ліку «Зборнік беларускіх прыказак» і «Беларускія песні» (абодва 1874) І.​Насовіча, «Беларускія народныя песні» (1874) і «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) Шэйна; «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» (кн. 1—3, 1882—84) А.​Дамбавецкага; «Беларускі зборнік» (вып. 1—9, 1886—1912) і «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12) Е.​Раманава; «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903) У.​Дабравольскага; «Люд беларускі...» (т. 1—8, 1897—1981) М.​Федароўскага; «Простанародныя прыкметы і павер’і...,» (1897), «Нячысцікі...» (1907) і «Беларускія песні-частушкі» (1911) М.​Нікіфароўскага; «Матэрыялы для вывучэння творчасці і быту беларусаў» (1898) Я.​Ляцкага. Бел. фальклор збіралі і даследавалі Ю.​Крачкоўскі, А.​Багдановіч, М.​Доўнар-Запольскі, М.​Янчук, П.​Дземідовіч, Дз.​Булгакоўскі, С.​Малевіч, І.​Гарбачэўскі, Я.​Карскі, С.​Карскі, Бірута, У.​Вярыга, Я.​Карловіч, О.​Кольберг, З.​Глобер, Э.​Кліх, І.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Л.​Куба, А.​Чэрны, Л.​Васілеўскі, У.​Дыбоўскі, Ч.​Пяткевіч, К.​Машынскі і інш. Шмат зрабіў у гэтым плане Паўн.-Зах. аддзел Рус. геагр. т-ва (1867—75, 1910—14). Значнай з’явай бел. Ф. стаў зборнік А.​Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911); у ім змешчаны творы таленавітых казачнікаў, якія адлюстравалі ў казках вострыя сац. пытанні, што хвалявалі нар. масы. У ліку найважн. тэарэт. прац па бел. Ф. былі «Беларуская этнаграфія» (1887, дапоўн. варыянт у «Гісторыі рускай этнаграфіі», т. 4, 1892) А.​Пыпіна, «Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас» (1895) А.​Лабады, першы сістэматызаваны курс бел. нар. паэзіі «Беларусы» (т. 3, вып. 1, 1916) Я.​Карскага.

У 1924 пры Інбелкульце ўтворана Цэнтр. бюро краязнаўства, а ў 1927 — фальклорная камісія пры кафедры этнаграфіі Беларусі, якія займаліся зборам і публікацыяй вуснай нар. творчасці. Сержпутоўскі выдаў «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930), А.​Шлюбскі — «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1—2, 1927—28), М.​Гарэцкі і А.​Ягораў — «Народныя песні з мелодыямі» (1928). Пасля ўтварэння АН Беларусі збіранне і вывучэнне фальклору канцэнтравалася ў сектары этнаграфіі і фальклору пры Ін-це гісторыі. У Вял. Айч. вайну багатыя запісы бел. фальклору і нотны матэрыял у АН Беларусі былі знішчаны ням. фашыстамі. Пасля вайны дзейнасць па зборы нар. творчасці канцэнтравалася пераважна ў ВНУ, рэсп. і абласных Дамах нар. творчасці. У 1957 засн. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, які ўзначаліў усю працу па Ф. Выдадзены зб. «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961); «Беларускія народныя песні» (т. 1—4, 1959—76) Р.​Шырмы; «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (2-е выд., 1962) Ф.​Янкоўскага; «Анталогія беларускай народнай песні» (1968) Г.​Цітовіча; «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (абодва 1973), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995); «Песенны фальклор Палесся» (т. 1—3, 2001—02) У.​Раговіча, гісторыка-тэарэт. даследаванне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), хрэстаматыі і дапаможнікі для студэнтаў ВНУ і інш. З 1970 пачала выдавацца серыя «Беларуская народная творчасць», у якой найб. поўна адлюстраваны надзвычайнае багацце бел. нар. творчасці, уклад бел. народа ў сусв. скарбніцу паэт. і муз. культуры. У гэтай серыі выйшла больш за 50 тамоў: зімовыя, веснавыя, валачобныя, купальскія і пятроўскія, восеньскія і талочныя, жартоўныя песні, песні пра каханне, «Песні Беласточчыны»; казкі; вясельная, сямейна-быт., радзінная паэзія; прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі, анекдоты, жарты, гумарэскі; пахавальныя галашэнні; балады, легенды і паданні; нар. тэатр, нар. гульні і г.д.

Надрукаваны манаграфіі пра розныя жанры і віды фальклору, іх паэтыку і маст. асаблівасці, у іх ліку «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975) і «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.​Гілевіча; «Беларуская казка» (1969) Л.​Барага; «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971) і «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.​Янкоўскага; «Беларуская частушка» (1971) І.​Цішчанкі; «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993), «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: сістэма жанраў» (1998) А.​Ліса; «Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору» (1976), «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» (1985), «Магічнае слова: Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў» (1990) Г.​Барташэвіч; «Беларуская народная балада» (1978) Л.​Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979) У.​Васілевіча; «Зімовая паэзія беларусаў» (1980) і «Беларускія загадкі» (2000) А.​Гурскага; «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982) Г.​Пятроўскай; «Крынічнае слова: Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1987) Р.​Шкрабы, І.​Шкрабы; «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1989) І.​Крука; «Беларуская сацыяльна-бытавая казка» (1995) і «Беларуская сямейна-абрадавая паэзія» (1997) А.​Фядосіка; «Слоўнік беларускіх прыказак» (1996) І.​Лепешева і М.​Якалцэвіч; «Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце» (1998) К.​Кабашнікава; «Прыказкі і прымаўкі» (2000) А.​Аксамітава. Важныя праблемы бел. Ф. распрацаваны ў зб-ках «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) і «Фальклор і «масавая культура» (1986) Фядосіка, «Асілкі беларускіх казак і паданняў: Да пытання пра фарміраванне ўсходнеславянскага эпасу» (1963) Барага, «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні» (1981) Кабашнікава. Выйшлі кнігі пра жыццё і дзейнасць збіральнікаў бел. нар. паэт. творчасці, у іх ліку пра М.​Я.​Нікіфароўскага, Е.​Р.​Раманава, А.​Ю.​Багдановіча, А.​К.​Сержпутоўскага, М.​Федароўскага, П.​В.​Шэйна, З.​Я.​Даленгу-Хадакоўскага. Складзены паказальнік казачных сюжэтаў (Бараг, І.​Беразоўскі, Кабашнікаў, Новікаў).

Бел. вуснапаэт. творчасць даследавалі рус. фалькларысты Я.​Гусеў, М.​Краўцоў, Новікаў, В.​Сакалова, Э.​Памяранцава, К.​Чыстоў і інш.; украінскія — А.​Дэй, Беразоўскі, Н.​Шумада, В.​Юзвенка, І.​Хланта і інш.; польскія — А.​Баршчэўскі, М.​Гайдук, Ф.​Сяліцкі, М.​Чурак і інш. На міжнар. з’ездах славістаў бел. вучоныя ўздымаюць складаныя праблемы бел. Ф.: «Сучасны стан беларускай народнай паэтычнай творчасці» (1973, Барташэвіч і Кабашнікаў), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (1988), «Месца фальклору ў сучасных славянскіх культурах» (1998, усіх аўтар Кабашнікаў), «Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму» (1973, В.​Бандарчык і Л.​Малаш), «Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага» (1993, Аксамітаў і Бандарчык), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, Гілевіч), «Прынцыпы класіфікацыі і выдання фальклорных твораў у шматтомным зводзе беларускай народнай творчасці» (1983), «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998, аўтар абедзвюх Фядосік), «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, З.​Мажэйка і Фядосік), «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (1998, Мажэйка). Гісторыю, тэорыю і эстэтыку бел. муз. фальклору, яго сістэмную тыпалогію, стылявыя характарыстыкі, этнамуз. дыялекталогію і інш. даследуюць этнамузыколагі В.​Ялатаў, Мажэйка, Л.​Мухарынская, Т.​Якіменка, Т.​Варфаламеева. Нар. танц. фальклор даследавалі Ю.​Чурко і Л.​Алексютовіч, муз. інструменты — І.​Назіна. Характар узаемасувязей бел. л-ры і вуснапаэт. творчасці даследавалі М.​Грынчык («Максім Багдановіч і народная паэзія», 1963; «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969), А.​Макарэвіч («Ад песень і думак народных», 1965), І.​Чыгрын («Станаўленне беларускай прозы і фальклор», 1971), А.​Лойка («Беларуская паэзія пачатку XX ст.», 1972; «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», ч. 1—2, 1977—80, 2-е выд. 1989), В.​Каваленка («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975; «Міфапаэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981), А.​Мальдзіс («На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), М.​Тычына («Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры», 1991) і інш.

З 19 ст. бел. фальклор публікавалі і даследавалі ў Чэхаславакіі П.​Шафарык, А.​Чэрны, І.​Поліўка. На чэш. мове выд. зб. «Беларускія народныя казкі» (1957), на славацкай «Каток — залаты лабок» (1967). Франц. фалькларыст А.​Мільен у працы «Песні расійскага народа» (1893) змясціў пераклады бел. калядных, юраўскіх, купальскіх, талочных і інш. песень. Пра бел. фальклор пісалі ў Англіі В.​Ральстан, В.​Морфіл, Д.​Энтвістл, у Аўстрыі Г.​Крэк, у Італіі Д.​Чыямполі, у Югаславіі М.​Гавацы. Зборнікі бел. казак выдадзены ў Балгарыі (1964), у Польшчы (1973, 1976, 1977). Бел. казкі змясціў у кнізе «Рускія казкі» (191.4, 2-е выд. 1955) А.​Лёвіс-оф-Менар. На ням. мову пераклаў 40 бел. нар. песень П.​Айснер. З 1966 выходзілі «Беларускія народныя казкі» (скл. Бараг; 10-е выд. 1980), надрукавана кніжка бел. казак для дзяцей «Салавей-разбойнік» (1969). У «Энцыклапедыі казкі» (т. 1—6, 1989—92) ёсць артыкулы Барага пра бел. казкі, іх герояў, сюжэты і матывы, рэпертуар казачнікаў і інш.

Літ.:

Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4 СПб., 1892;

Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 1—2. М., 1958—63;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;

Нудзьга Р. Беларуская песня за мяжой // Полымя. 1967. №4;

Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;

Гацак В.М. Фольклористика Советского Союза за 50 лет // Изв. АН СССР. Сер. лит. и языка. 1972. Т. 31, вып. 6;

Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер. с итал. М., 1960;

Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;

Яго ж. Беларуская савецкая фалькларыстыка. Мн., 1987;

Яго ж. Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20—30-х гг. Мн., 1991;

Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989;

Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даслед. нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст. Мн., 1989;

Цішчанка І.К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гг. XIX ст. Мн., 1986;

Восточнославянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993;

Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993;

Ненадавец А.М. Пакланіцеся дубу. Мн., 1993;

Яго ж. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Яго ж. Каму пакланяліся продкі. Мн., 1996;

Яго ж. За смугою міфа. Мн., 1999;

Казакова І.В. Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры. Мн., 1997;

Сысоў У.М. З крыніц спрадвечных. Мн., 1997;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 3 выд. Мн., 2001;

Гурскі А.І. Святкаванне каляд на Беларусі. Мн., 1998;

Яго ж. Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі. Мн., 2001;

Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. Мн., 2000;

Новак В.С. Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: (Да прабл. лакальнага, агульнанац. ў фальклоры). Гомель, 2001;

Беларускі фальклор: У 6 кн. Кн. 1—4. Мн., 2001—02;

Саламевіч У.І. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр. давед. Мн., 1964;

Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—1970). Мн., 1972;

Thompson S. Four symposia on folklore. Bloomington, 1953;

Swirko S. Litwa i Bialoruś // Dzieje folklorystyki polskiej, 1800—1863. Wrocław ect., 1970.

І.​У.​Саламевіч.

т. 16, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ РАЗВІЦЦЯ

Геаграфічнае становішча і гіст. лёс Беларусі абумовілі развіццё яе гаспадаркі ў агульным кірунку развіцця еўрап. цывілізацыі. З часу з’яўлення на тэр. Беларусі чалавека сучаснага фізічнага тыпу (позні палеаліт; 40—10 тыс. г. назад) на месцах іх стараж. стаянак археолагі знаходзяць сякера- і долатападобныя прылады працы, скрэблы, наканечнікі стрэл і коп’яў і інш. вырабы, падобныя на аналагічныя знаходкі ў інш. рэгіёнах Еўропы. У глыбокай старажытнасці закладваліся амаль усе гал. віды дзейнасці чалавека: выраб прылад і сродкаў працы, паляванне і рыбалоўства, земляробства і жывёлагадоўля, будаўніцтва і транспарт, металургія і металаапрацоўка; як і мова, выяўленчае мастацтва і музыка, рэлігія і навука і інш. Ужо ў той перыяд склаліся пэўныя перадумовы развіцця гаспадаркі. Асваенне прыроднага асяроддзя суправаджалася ўскладненнем матэрыяльнай вытворчасці, удасканаленнем ведаў і звычак, што замацоўвалася праз сацыяльна-гасп. дзейнасць і перадавалася наступным пакаленням. З развіццём гэтай дзейнасці паступова ўдасканальвалася грамадства і яго арганізацыя.

На першых этапах развіцця гаспадаркі (эпохі палеаліту і мезаліту) яе аснову складалі збіральніцтва, паляўнічы промысел і рыбалоўства. Паляванне патрабавала ўжо асэнсаванага аб’яднання людзей у адпаведныя групы. Зніжэнне прадукцыйных магчымасцей прыроднага асяроддзя з-за росту колькасці насельніцтва вымагала пошуку новых сістэм гаспадарання. З палявання і рыбалоўства гістарычна развілася жывёлагадоўля. са збіральніцтва — земляробства. Менавіта гэтыя галіны забяспечылі харчовую незалежнасць людзей ад прыроды, пераход ад збірання прадуктаў харчавання да іх вытворчасці. У эпоху неаліту з’явіліся першыя шахты па здабычы крэменю (цяпер г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на). Пры гэтых шахтах і ў інш. месцах археолагі знайшлі майстэрні па апрацоўцы крэменю. Найважнейшыя здабыткі неаліту — выраб ганчарнага посуду, удасканаленне апрацоўкі каменю, узнікненне міжпляменных сувязей і абмену. Канец 3—2-га тыс. да н.э. на Беларусі можна лічыць храналагічнай мяжой паміж збіральніцтвам і вытворчай эканомікай. Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў, палескія і цэнтр. часткі Беларусі ўваходзяць у сусветны пояс прыручэння дзікай жывёлы. У бронзавую эпоху жывёлагадоўля (пераважала буйная рагатая жывёла) стала паўсюднай. У залежнасці ад мясц. прыродных умоў асобныя галіны (пчалярства, авечкагадоўля, конегадоўля) мелі большае развіццё, што спрыяла тэр. падзелу працы. Прырэчныя жыхары паступова ўцягваліся ў гандлёвыя адносіны, даволі хутка на тэр. Беларусі з’явіліся вырабы з жалеза, выпрацоўвалася тэхналогія атрымання металу з мясц. руд.

Земляробства на Пд Беларусі зарадзілася каля 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстанне жалезнай сякеры і агню прывялі да лядна-агнявой сістэмы земляробства, самай прымітыўнай, але яна дазволіла атрымліваць некаторы лішак прадукцыі. Найб. раннімі земляробчымі культурамі былі збожжавыя — пшаніца і проса, пазней — ячмень і зернебабовыя (гарох, боб), караняплоды, лён-даўгунец. Рост насельніцтва, стварэнне больш эфектыўных прылад працы, выкарыстанне жывёлы як цяглавай сілы вялі да павелічэння прадукцыйнасці працы і з’яўлення ворыўнай сістэмы земляробства, хоць доўгі час лядна-агнявая і ворыўная сістэмы суіснавалі разам.

З 7 ст. да н.э. ў басейнах Прыпяці і Дняпра, пазней і Бярэзіны для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася мясц. балотная жалезная руда і драўняны вугаль, што на многія стагоддзі вызначыла развіццё гаспадаркі. Жывёлагадоўля і земляробства сталі гал. фактарамі росту насельніцтва. пашырэння і спецыялізацыі рамёстваў, фарміравання інфраструктуры.

У 6—8 ст., калі аснову эканам. жыцця склала сельская гаспадарка, а гал. яе галіной стала земляробства, зарадзіліся класы і феадальныя адносіны. Рост прадукцыйнасці с.-г. працы і звязанага з ёй дадатковага прадукту спрыялі пашырэнню рамёстваў. Паступова стварылася шматукладная эканоміка і неаднародная сац. структура, пашырыліся гандлёва-эканам. сувязі і маёмасная дыферэнцыяцыя паміж людзьмі.

У феадальны перыяд развіцця (9 — сярэдзіна 19 ст.) на тэр. Беларусі аграрнай вытворчасцю займалася большасць насельніцтва. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі насельніцтва займалася вырабам прылад працы, бортніцтвам, рамёствамі (ткацкае, шавецкае, ганчарнае і інш.). Але рамяство і гандаль не мелі таварнага характару, хоць і спрыялі фарміраванню гарадоў і мястэчак. Матэрыяльная вытворчасць выступала пераважна як сродак самазабеспячэння саслоўя. З’яўленне гарадоў з іх асобым статусам спрыяла развіццю новых эканам. умоў, фарміраванню прадпрымальніцтва і таварна-грашовых адносін. Феадальны перыяд развіцця эканомікі на Беларусі ўмоўна падзяляюць на 3 этапы: раннефеадальны (9—1-я пал. 13 ст.), калі з’явіліся саслоўі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, утварыліся раннефеадальныя дзяржавы, у т. л. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш. княствы; развіты феадалізм (2-я пал. 13—1-я пал. 17 ст.), калі замацоўваліся асноўныя феадальныя эканам. адносіны, назіраўся пэўны ўздым эканомікі і культуры; разлажэнне феадалізму (2-я пал. 17—1-я пал. 19 ст.), які характарызуецца ростам гарадоў і таварна-грашовых адносін, узнікненнем і фарміраваннем унутранага рынку, зараджэннем капіталістычных адносін. Эканам. развіццё Беларусі ў 15—16 ст. было дастаткова высокім. Зямля як асноўны сродак вытворчасці вызначала багацце і статус чалавека, які ёй валодаў і распараджаўся. З канца 15 ст. вырас попыт на збожжа і інш. с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе, што патрабавала ўдасканалення сістэмы гаспадарання з мэтай павелічэння даходаў за кошт продажу прадукцыі. У выніку склаліся фальваркі — панскія гаспадаркі, заснаваныя на працы селяніна, але арыентаваныя на рынак. З мэтай павелічэння даходаў праведзена зямельная рэформа, так званая «валочная памера», у аснове якой быў дакладны ўлік зямель і валочная павіннасць. Рэформа не толькі ўдасканальвала арганізацыю вытворчасці, але і спрыяла пашырэнню перадавых прыёмаў с.-г. вытворчасці, у т. л. трохполля і шматполля. Фальваркі ствараліся пераважна на З і ў цэнтры Беларусі, на У часткова захоўвалася абшчына.

Рамёствы на тэр. Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся ў 13—1-й пал. 17 ст. Найб. пашырылася апрацоўка металаў рамеснікамі (кавалі, меднікі, бляхары, лудзільшчыкі, слесары, збройнікі і інш.); гал. сыравінай для іх заставалася жалеза, атрыманае з мясц. балотнай руды. На мясц. сыравіне працавалі ганчары, дрэваапрацоўшчыкі, гарбары, рымары, ткачы і інш. Шырокую вядомасць набылі ювеліры, півавары, мяснікі, муляры. У шэрагу раёнаў выявілася пэўная спецыялізацыя. Нягледзячы на феадальную адасобленасць гарадоў і мястэчак, развіваліся гандлёвыя адносіны паміж імі. паміж горадам і вёскай. Ва ўсіх гарадах і мястэчках наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах — кірмашы, на якіх былі і замежныя гандляры. З экспартных тавараў пераважалі збожжа, пянька, сала, воск, скуры, дзёгаць, лён, некаторыя вырабы рамеснікаў, з імпартных — металы (медзь, волава, свінец, золата, серабро) і вырабы з іх, заходнееўрапейскія сукны і палатно, віно, соль, прыправы. Рост гандлёвых сувязей паскорыў фарміраванне транспартнай сеткі. Асноўнымі гандлёвымі цэнтрамі былі гарады Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак і інш. З 15 ст. шэраг крэпасцей, замкаў, гаспадарчых двароў і вёсак ператвараліся ў мястэчкі — гандлёва-рамесніцкія цэнтры. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі існавала 467 гарадоў і мястэчак, якія фарміравалі вакол сябе зоны эканам. ўплыву. У час позняга феадалізму (2-я пал. 17—18 ст.) Беларусь перажывала эканам. заняпад і маруднае аднаўленне гаспадаркі. Гал. прычыны такога становішча — бясконцыя войны і звязаныя з імі нястачы насельніцтва і скарачэнне яго колькасці, жорсткі феадальны ціск на сялян, міжусобная барацьба магнатаў за ўладу. Асабліва моцны заняпад эканомікі праявіўся ў гарадах, было падарвана рамяство.

Эканам. развіццю Беларусі ў канцы 18 ст. садзейнічалі рост насельніцтва, павелічэнне попыту на с.-г. прадукты, пашырэнне таварна-грашовых адносін, развіццё транспартнай сістэмы і інш. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла мануфактурная вытворчасць, якая садзейнічала росту прадукцыйнасці працы, паглыбленню яе грамадскага падзелу, падрыхтоўцы да машыннай вытворчасці. Першымі мануфактурнымі цэнтрамі былі Налібакі, Урэчча, Слуцк, Ружаны, Ілья, Свержань і інш. Да канца 18 ст. адноўлена сетка гарадскіх паселішчаў, пачала адраджацца гаспадарка гарадоў з лепшым геаграфічным становішчам (Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагрудак, Гродна). У гэты час на Беларусі налічваўся 41 горад і 397 мястэчак, у якіх пражывала 11% насельніцтва. З 2-й пал. 18 ст. вырасла таварнасць рамяства, павялічылася колькасць наёмных рабочых, з’явіліся першасныя формы капіталіст. вытворчасці — падзел працы паводле спецыялізацыі: рамеснікі па апрацоўцы металаў, вырабе скур, адзення, прадуктаў харчавання і па будаўніцтве. Ва ўнутраным гандлі гал. роля належала кірмашам. У знешнім гандлі аднавіліся сувязі з балтыйскімі партамі (Гданьск, Кёнігсберг, Рыга), з цэнтрамі Расіі і Украіны. Вывозіліся скураныя вырабы, воск, мёд, шчацінне, лён, пянька, збожжа, лясныя матэрыялы, завозіліся металавырабы, тканіны, прыправы.

Уваходжанне Беларусі ў склад Рас. імперыі спрыяла развіццю прадукцыйных сіл. Пашырыўся вываз збожжа, павялічыліся пасевы тэхн. культур (лён, каноплі), бульбы; склаліся новыя мануфактурныя цэнтры (Крычаў, Шклоў, Дуброўна і інш.). З 2-й пал. 19 ст. ў сельскай гаспадарцы ўкараняліся механічныя прылады апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, пачала фарміравацца таварная вытворчасць капіталіст. тыпу і спецыялізацыя с.-г. вытворчасці. У Віцебскай, Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губернях склаўся лёна- і бульбаводчы раён. У якасці таварнай культуры пачалі вырошчваць цукровыя буракі для вырабу цукру (Гомель, Карэлічы, Парэчча і інш.). Гродзенская губ. спецыялізавалася на танкаруннай авечкагадоўлі. У месцах размяшчэння спіртавых заводаў развівалася малочна-мясная жывёлагадоўля. Для пашырэння пасяўных плошчаў пачалася меліярацыя пераўвільготненых і тарфяна-балотных зямель.

У прамысловую рэвалюцыю Беларусь уступіла пазней за заходнееўрапейскія дзяржавы. На працягу 1-й пал. 19 ст. яна прайшла ў асноўным дробнатаварную і мануфактурную стадыі (у 1867 у краіне працавала 57 капіталіст. мануфактур). Канкурэнцыя расійскіх і польскіх мануфактур запавольвала развіццё бел. прадпрыемстваў. Доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вагалася ад 60% у Гродзенскай губ. да 85% у Магілёўскай. Беларусь (акрамя яе крайняга 3) была самым аграрным рэгіёнам Рас. імперыі. Пра інтэнсіфікацыю земляробства сведчаць павелічэнне пасеваў і валавых збораў лёну, канапель і бульбы; бульбаводства стала тыпова бел. галіной, якая давала амаль 20% збору бульбы ў Рас. імперыі. Гаспадарка набывала і жывёлагадоўчы характар. Аднак Беларусь з краіны, якая некалі вывозіла збожжа, ператварылася ў краіну ўвозу яго з раёнаў таварнай вытворчасці. Змяншэнне таварнай вытворчасці збожжа сялянскія гаспадаркі кампенсавалі ростам пасяўных плошчаў бульбы для перапрацоўкі яе ў таварны прадукт (спірт, дрожджы, крухмал) і вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі і лубяных культур для вывазу за межы Беларусі. Такім чынам, сялянскія гаспадаркі ў вял. ступені набывалі рыначны характар. Напярэдадні 1-й сусв. вайны яны мелі перавагу па плошчы пасеваў тэхн. культур і бульбы, па пагалоўі цяглавай конскай сілы. Развіццю сялянскіх гаспадарак у гэты перыяд спрыялі нарошчванне капіталаў і банкаўскія крэдыты, пашырэнне меліярацыі, с.-г. ведаў, машын і прылад, рост пасяўных плошчаў кармавых траў.

Прамысловасць Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў параўнанні з расійскай была даволі слабая, працэс індустрыялізацыі тут пачаўся пазней і адбываўся больш павольна. Большасць прамысловых работнікаў складалі рамеснікі. Фабрыкі і заводы больш нагадвалі майстэрні. У 1866 на кожнае прадпрыемства ў сярэднім прыпадала па 5,7 рабочага з аб’ёмам вытворчасці ў 4,8 тыс. рублёў. Найб. індустрыяльнай была Гродзенская губ., на долю якой прыпадала 36% усіх рабочых, 41% аб’ёму вытворчасці і 30% фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (пераважна невялікіх, у сярэднім 6,8 рабочага). У 1870-я г. дзейнічала каля 160 буйных прадпрыемстваў, не менш чым 100 тыс. рабочых (каля палавіны з іх у Гродзенскай губ.). Рост прамысловасці на Беларусі пачаўся з 20 ст. Яе адметнасць была ў тым, што прадукцыйнасць працы расла хутчэй, чым колькасць рабочых. У 1913 колькасць рабочых складала 2,2% рабочых рас. фабрык, а колькасць прадпрыемстваў — 11%. Прамысловыя прадпрыемствы перапрацоўвалі ў асн. мясц. сыравіну. У пач. 20 ст. з Беларусі вывозілі пераважна лес і лён, увозілі збожжа, тытунь, бавоўну, металы, мануфактуру. Перад 1-й сусв. вайной змяніліся структура і формы экспарту і імпарту. Вырас вываз масла, яек, птушкі, садавіны, бульбы, перапрацаванай драўніны, с.-г. прылад і ўвоз коней, буйной рагатай жывёлы, паліва, складаных с.-г. прылад і механізмаў. Па росце нац. даходу Беларусь была на ўзроўні інш. рэгіёнаў Расіі, за перыяд 1900—13 ён павялічыўся ў 2 разы. Па долі прамысловасці ў нац. даходзе краіна наблізілася да сярэдняга паказчыка ў Рас. імперыі. Істотна змянілася геаграфія прамысловасці. З сельскай мясцовасці яна перамяшчалася ў гарады, дзе дробныя прадпрыемствы выцясняліся буйнымі капіталіст. фабрыкамі. У 1913 на долю буйных прадпрыемстваў прыпадала 46,5% валавой прадукцыі (ім належала вядучая роля), дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы мелі дапаможны характар. Вядучымі галінамі прамысловасці засталіся харчовыя, лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая, папяровая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, на долю якіх прыпадала каля ​2/3 аб’ёму вытворчасці буйных прадпрыемстваў. У пач. 20 ст. ў прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні па вытворчасці запалак, паперы, цэглы, шкла, піва і інш., акцыянерныя таварыствы, прадпрыемствы з удзелам залежнага капіталу. Узнікалі новыя галіны вытворчасці (шпалерная, цэментавая, фанерная і інш.). Прамысловымі цэнтрамі сталі Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Орша, Капыль. Падрыхтоўка рабочых кадраў наладжвалася праз рамесныя вучылішчы і школы.

На сельскую гаспадарку Беларусі пач. 20 ст. паўплывала сталыпінская зямельная рэформа. Адбываўся распад абшчынных адносін (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губ.), ішло рассяленне на хутары. Перабудова сельскай гаспадаркі была перапынена 1-й сусв. вайной. Станоўчыя зрухі ў прамысловай і с.-г. вытворчасці спрыялі развіццю інфраструктуры Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, сетка чыгунак ператварылі краіну ў важную транзітную тэрыторыю; развіццё шашэйных дарог і воднага транспарту спрыялі арганізацыі эканам. сувязей прамысловых раёнаў Рас. імперыі з прамыслова развітымі краінамі Еўропы. Паступова Беларусь уключалася ў міжнар. падзел працы, развівала свае знешнеэканам. сувязі.

У перыяд 1-й сусв. вайны, рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваенных інтэрвенцый развіццё эканомікі Беларусі рэзка змянілася. Гэта быў перыяд ломкі ўсёй сістэмы гаспадарання і эканам. развіцця, катастрафічнай разрухі гаспадаркі. За 1913—17 прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 70%, многія прадпрыемствы разбураны. Да канца 1920 засталося каля палавіны дарэвалюцыйнай колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія фактычна не працавалі з-за недахопу паліва і сыравіны. Сельская гаспадарка ператварылася ў паўнатуральную. Натуральны абмен часцей замяняў таварна-грашовыя адносіны. На разбурэнне эканомікі Беларусі найб. паўплывала 1-я сусв. вайна, а на далейшы лёс краіны — рэвалюцыі, грамадзянская вайна, германская і польская інтэрвенцыі; у выніку апошняй Беларусь падзелена на 2 часткі — заходнюю і ўсходнюю.

Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэр. БССР пачаліся спробы стварэння эканомікі, якая б абапіралася на грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці. У 1920 пасяўныя плошчы складалі ​2/3 даваенных, знізілася ўраджайнасць культур, скарацілася пагалоўе жывёлы. Наваствораныя саўгасы-камуны былі стратнымі, маламоцнымі гаспадаркамі з неэфектыўнай арганізацыяй працы. Сістэма кіравання сав. прамысловасцю была цэнтралізаванай, закладваліся элементы будучай камандна-адм. сістэмы. З 1920 на Беларусі пачалі аднаўляць працу асноўныя прадпрыемствы, у першую чаргу электрастанцыі, прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Але палітыка «ваеннага камунізму», якая абапіралася на жорсткія адм. метады, не спрыяла аднаўленню эканомікі. Улік, аналіз, кантроль, планаванне амаль адсутнічалі. Развал нар. гаспадаркі быў вынікам не толькі войнаў і рэвалюцый, але і неэфектыўнай сістэмы кіравання.

Сістэма мер новай эканам. палітыкі (нэп) паскорыла аднаўленне і развіццё прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, таварна-грашовых адносін. Асновай эканомікі БССР заставалася сельская гаспадарка, якая ў 1925 дасягнула ўзроўню 1913. У яе спецыялізацыі пераважалі малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля, вырошчванне тэхн. культур. Аднак нізкая забяспечанасць зямлёй і слабая тэхн. аснашчанасць сялянскіх гаспадарак і саўгасаў не дазвалялі павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У 1926 яе таварнасць складала 13,2% (у 1913—35%). Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, сярод дзяржаўных — саўгасы. Для Сав. Беларусі перыяд нэпа быў перыядам аднаўлення эканомікі пасля разрухі. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі харчовая, папяровая, дрэваапрацоўчая. У 1926—27 пачалося будаўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія і ў наш час маюць гасп. значэнне (Бабруйскі дрэваапр. камбінат, Гомсельмаш, БелДРЭС, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, металаапрацоўчы завод «Камунар» у Мінску і інш.). У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, назіраўся застой або слабавыразнае развіццё.

Вынікам даваенных пяцігодак стала індустрыялізацыя ў прамысловасці і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Кіраванне эканомікай зноў перайшло на камандна-адм. метады з высокай ступенню цэнтралізацыі. Дзярж. планаванню развіцця гаспадаркі надаваўся ранг закона. У гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Мазыр, Барысаў) узніклі новыя прадпрыемствы. Развіваліся машынабудаванне, паліўная і хім. прамысловасць, электраэнергетыка; завяршылася фарміраванне сеткі чыгунак і іх інфраструктуры, пабудаваны або рэканструяваны рачныя парты, аэрапорт «Мінск», лініі тэлефоннай сувязі, адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал. У 1940 на долю прамысловасці прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Беларусь вырабляла 33,8% фанеры, 27% запалак, больш за 10% металарэзных станкоў, 30% штучнага пакосту ад агульнасаюзнай вытворчасці. Прадпрыемствы рэспублікі пачалі выпускаць новую прадукцыю — складаныя металаапрацоўчыя станкі, радыёпрыёмнікі, маторы, турбіны, штучны шоўк і інш.

У выніку калектывізацыі дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную сацыялістычную, але ўзровень с.-г. вытворчасці заставаўся нізкім. З сельскай мясцовасці павялічылася міграцыя працоўных рэсурсаў у гарады і за межы рэспублікі.

У час Вял. Айч. вайны эканоміка Беларусі страціла амаль усе здабыткі першых пяцігодак. Частка прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, жывёлы былі эвакуіраваны ў Расію. На акупіраванай тэрыторыі былі адноўлены ў асноўным прадпрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне акупацыйных улад. Гаспадарка акупіраванай тэрыторыі мела каланіяльны характар. У Германію вывозіліся сыравіна (лес, торф), прадукты харчавання. Аграрная рэформа замацоўвала за акупацыйнымі ўладамі зямлю і прадукцыю. У гады акупацыі нар. гаспадарка Беларусі падверглася жорсткай эксплуатацыі і рабаванню, што прывяло эканоміку да поўнага разбурэння і заняпаду. З утварэннем партыз. зон для патрэб мясц. насельніцтва адноўлены шэраг прадпрыемстваў, арганізавана вытворчасць у калгасах і саўгасах.

У выніку вайны Беларусь страціла больш за палавіну нац. багацця і па найважнейшых галінах эканоміка адкінута да ўзроўню 1913, па агульным узроўні — да 1928. Былі разбураны 209 (з 270) гарадоў, 9,2 тыс. вёсак, больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з даваенным узроўнем на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% — пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% — коней, на 78% — авечак і коз. Значныя страты прычынены транспарту. Буйныя гарады былі разбураны на 75—90%.

Пасля вызвалення Беларусі пачалося адраджэнне гаспадаркі. Да 1946 адноўлена 5,9 тыс. прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, у т. л. трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Змянілася структура прамысловасці: знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай галін, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1-ю пасляваенную пяцігодку хуткімі тэмпамі аднаўляліся прамысловасць і транспарт. У пач. 1949 прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940, а ў 1950 валавы аб’ём прамысл. прадукцыі быў на 15% вышэйшы, чым у 1940. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна. У калгасах не хапала тэхнікі (у канцы 1945 мелася ​1/3 ад яе даваеннай колькасці). Нізкія тэмпы аднаўлення с.-г. вытворчасці былі абумоўлены таксама адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах. Нягледзячы на антысялянскі характар аграрнай палітыкі дзяржавы (адсутнасць гасп. самастойнасці, ушчамленне правоў сялян, якія нават не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, перапампоўванне грашовых сродкаў у прамысловасць), у аграрным сектары адбыліся пэўныя змены. Вёска атрымала 8,6 тыс. трактароў, 1,5 тыс. камбайнаў, шмат інш. тэхнікі. Павялічыліся пасяўныя плошчы, у 3 разы пашырыліся пасевы тэхн. культур. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 яны складалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5%, коней — 62%, свіней — 64,4%.

Аднаўленне нар. гаспадаркі, змякчэнне аўтарытарных метадаў кіравання, сац. пераарыентацыя доўжыліся да 1960-х г. Працягвалася капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў, раслі высокатэхналагічныя галіны і вытворчасці. Прамысловасць пачала вырабляць гадзіннікі, шарыкападшыпнікі, швейныя машыны, электрарухавікі, паўправаднікі, ЭВМ, хім. мінеральныя ўгнаенні, прадукты перапрацоўкі нафты. Сістэма кіравання перайшла ад галіновага да тэр. кіраўніцтва праз саўнаргасы. Сельская гаспадарка пасля доўгага заняпаду ўпершыню стала рэнтабельнай. У выніку ліквідацыі МТС с.-г. тэхніка перададзена калгасам і саўгасам. Адметнасцю гэтага перыяду было будаўніцтва найб. у Еўропе хім. прадпрыемстваў (Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Гомельскі хім. завод, Светлагорскі камбінат штучнага валакна і інш.). У выніку доля хіміі ў вытворчых фондах падвоілася. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся неметалаёмістыя і працаёмістыя галіны (электратэхніка, прыладабудаванне, радыёэлектроніка). Ствараліся комплексы машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. У структуры паліўна-энергетычнага балансу павялічылася доля нафты і прыроднага газу, пракладзены нафта- і газаправоды. З 1964 пачалася прамысловая здабыча нафты на тэр. Беларусі. Пазней з’явіліся нафтаперапр. заводы ў Наваполацку і Мазыры.

Развіццё сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд замаруджвалася суб’ектывізмам і валюнтарызмам у яе кіраванні. З сярэдзіны 1960-х г. узяты курс на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, на разгортванне меліярацыі. У жывёлагадоўлі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў. Прамысловае будаўніцтва ў гарадах, інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, рост адукаванасці людзей выклікалі масавую міграцыю працаздольнай часткі сельскіх жыхароў, што праз 15—20 гадоў прывяло да дэпапуляцыі сельскай мясцовасці. Рэформы 1960-х г. не былі даведзены да завяршэння, што прывяло да тармажэння ў выкананні пяцігадовых планаў, а потым і да застою ў развіцці эканомікі.

У гэты перыяд на Беларусі расла вытворчасць прадукцыі такіх галін прамысловасці, як прыладабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80 вырасла з 5,5% да 16%, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці — з 11,3% да 25%. Аднак у большасці галін захоўваліся ўстарэлыя тэхналогіі і абсталяванне. Эканоміка Беларусі страціла былы дынамізм. Рэзка знізіліся тэмпы эканам. росту. Так, у 1970—75 сярэднегадавыя тэмпы росту нац. даходу складалі 8,3%, а ў 1980—85 толькі 5,6%, прадукцыі прамысловасці — 10,4% і 5,4%, прадукцыйнасці працы адпаведна 7,4% і 5,3%.

Сельская гаспадарка ў гэты перыяд таксама развівалася супярэчліва, разам з поспехамі былі і недахопы. У 1970—85 сельская гаспадарка Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, лёну-даўгунцу, цукровых буракоў. З мэтай стварэння трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі адбылося пераразмеркаванне пасяўных плошчаў, праводзілася меліярацыя і інш. Узводзіліся буйныя комплексы на некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя аб’яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака і воўны. У 1970—85 валавая прадукцыя жывёлагадоўлі павялічылася ў 1,5 раза, птушкагадоўлі — у 3,2 раза. Аднак палітыка кіраўніцтва па спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі парушыла комплекснасць аграрнага сектара, павялічыла дыспрапорцыю паміж галінамі. У пач. 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць збожжавых культур практычна не расла. Па меры зніжэння вытворчасці с.-г. прадукцыі расла дробязная апека, што стрымлівала ініцыятыву і адказнасць за канчатковыя вынікі. У краіне абвастрылася харчовая праблема. У пач. 1982 зроблены спробы выйсця з крызіснага становішча: створаны аграрна-прамысловы комплекс (на Беларусі — «Белаграпрам»), прынята харчовая праграма на перыяд да 1990. Аднак гэтыя палавінчатыя меры не закраналі інтарэсаў сялянства, неслі на сабе сляды застою. Эканоміка патрабавала перабудовы ўсяго сацыяльна-эканам. комплексу. У 1985 па ініцыятыве М.​С.​Гарбачова распачаты спробы рэфармавання сацыяльна-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Аднак пошук шляхоў перабудовы эканам. адносін пачаўся з вельмі сціплых праектаў у межах старой адм.-каманднай сістэмы. Пад паскарэннем сацыяльна-эканам. развіцця разумелася павышэнне тэмпаў шляхам інтэнсіфікацыі вытворчасці і новых, эфектыўных форм арганізацыі кіравання. Планавалася паскоранымі тэмпамі развіваць машынабудаванне і на яго аснове ажыццяўляць тэхн. перааснашчэнне ўсёй гаспадаркі, вывесці на перадавыя рубяжы навукова-тэхн. прагрэсу электраэнергетыку, хім. і нафтахім., лёгкую і мясц. прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг і гандаль. Хутка стала відавочна, што ніякага паскоранага развіцця краіны не адбылося, наадварот, становішча ў эканоміцы пагоршылася, дзяржава ўступіла ў глыбокі сістэмны крызіс.

З распадам СССР Беларусь стала незалежнай унітарнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай эканомікай. З 1991 пачаўся навейшы этап развіцця яе гаспадаркі, культуры, адукацыі, навукі і інш. галін цывілізаванай дзяржавы. Прынята праграма пераходу краіны да рыначных адносін. Першачарговымі задачамі была стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя, стварэнне рыначнай інфраструктуры, абарона насельніцтва ад збяднення і ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку распаду СССР была парушана адзіная эканам. прастора. Стварэнне СНД было спробай захаваць адзіную эканам. прастору і сувязі, але ў поўнай меры гэтага зрабіць не ўдалося. Адсутнасць пэўнай заканадаўчай базы і кансерватызм тагачаснай улады не дазволілі наладзіць эфектыўныя рыначныя адносіны. Пастанова Вярх. Савета (1991) аб дзярж. праграме па стабілізацыі эканомікі і сац. абароне насельніцтва не рэалізоўвалася. Улады не здолелі вызначыцца ў крэдытна-грашовай палітыцы, у цэнаўтварэнні і міждзяржаўных разліках паміж краінамі СНД. Беларусь знаходзілася ў адзінай з Расіяй рублёвай зоне, дзе пачаліся ўжо рыначныя пераўтварэнні. Манетарная палітыка рас. улад стварыла востры дэфіцыт наяўных грошай на тэр. Беларусі. Увядзенне ў абарачэнне (1992) бел. разліковых білетаў вырашыла праблему толькі часткова. Лібералізацыя цэн у Расіі і краінах Балтыі, імкненне захаваць нізкі ўзровень унутр. цэн разбуралі бел. спажывецкі рынак. У эканоміцы ўзмацніліся крызісныя з’явы (інфляцыя, паніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці, «вымыванне» тавараў з рознічнага продажу і інш.), што абцяжарвалася абмежаванасцю крыніц паліва і сыравіны, залежнасцю ад прыродных рэсурсаў інш. краін. За 1991—95 валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 35%, таварная вытворчасць прамысловасці — на 41%, валавы прадукт сельскай гаспадаркі — на 26%, капіталаўкладанні — на 61%. Паніжэнне абсалютных тэмпаў прыросту вытворчасці заўважалася амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі.

Наступны этап сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі характарызаваўся мэтанакіраванай дзейнасцю па стабілізацыі эканомікі. У канцы 1994 прынята праграма неадкладных мер па выхаду краіны з крызісу, распрацаваная адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, паляпшэнне гандлёвага і плацежнага балансу, знешнеэканам. дзейнасці, узмацненне дзярж. рэгулявання, стабілізацыю асобных галін гаспадаркі, удасканаленне сістэмы аплаты працы. Асноўныя кірункі рэфармавання эканомікі на шляху структурнай перабудовы ў канцы 1990-х г. звязаны з нарошчваннем аб’ёмаў экспарту, жыллёвага будаўніцтва і вытворчасці харчовай прадукцыі. Рэфармаванне эканомікі ішло ў кірунку раздзяржаўлення і прыватызацыі, змянення аграрных адносін, развіцця рыначнай інфраструктуры. У канцы 1990-х г. пачаўся рост унутр. валавога прадукту і аб’ёмаў прамысл. вытворчасці, выпуску тавараў нар. спажывання. Пры гэтым аднак зніжалася рэнтабельнасць вытворчасці. павялічвалася колькасць стратных прамысловых і с.-г. прадпрыемстваў, паніжэнне жыццёвага ўзроўню значнай часткі насельніцтва. У пач. 21 ст. Беларусь апынулася па шэрагу паказчыкаў на ўзроўні дакрызіснага 1990.

Літ.:

Эканамічная гісторыя Беларусі. Пад агульнай рэд. В.​І.​Галубовіча. 2 выд. Мн., 1996;

Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Мн., 2003;

Шилов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;

Киреенко Е.Г. Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 18, кн. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)