КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗз Іракам, на Пд і ПдЗз Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 ммза год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, зунутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс.км². Нас. 192 тыс.чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г.Горна-Алтайск.
Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн.ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах.ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.
Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. Зпач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс.чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.Я.Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт.вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт.вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ПА́РКІ,
асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (акваторыі), якія маюць экалагічную, гіст., эстэт. каштоўнасць і амаль не змененыя дзейнасцю чалавека. Ствараюцца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асв., навук. мэтах. Вылучаюцца своеасаблівым спалучэннем натуральных і культ. ландшафтаў. У Н.п. праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленні ландшафтаў, захаванні рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Тэрыторыя Н.п. звычайна падзяляецца на зоны: запаведную, гасп., рэкрэацыйную і (часам дадаткова) буферную (вакол Н.п.). Статус Н.п., прыняты Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) у 1969, мае пэўныя патрабаванні да арганізацыі парку: адносна вял. тэрыторыя, наяўнасць каштоўных у навук. і пазнавальных адносінах прыродных ландшафтаў або аб’ектаў, адносная захаванасць прыродных комплексаў, дазвол наведвання парку турыстамі пры спец. умовах. У большасці краін Н.п. — найб. распаўсюджаная катэгорыя дзярж. ахоўных тэрыторый з розным рэжымам аховы. Н.п. маюць асаблівыя адм.дзярж. органы, якія з’яўляюцца асн. землекарыстальнікам на тэрыторыі Н.п. або ў яго адпаведнай зоне.
Першы Н.п. створаны ў ЗША (1872, Йелаўстонскі нацыянальны парк). У пач. 20 ст. Н.п. з’явіліся ў Паўд. Амерыцы — Наўэль-Уапі (Аргенціна, 1903), Ігуасу (Бразілія, 1909); у Еўропе — Пельву (Францыя, 1913), Энгадзін (Швейцарыя, 1914), Кавадонга (Іспанія, 1915) і інш. Існуе больш за 2,3 тыс.нац. паркаў (у т. л. ў Еўропе — больш за 160) агульнай плошчай больш як 400 млн.га. Каля 30 Н.п. свету маюць плошчу больш за 1 млн.га — Грэнландскі нацыянальны парк (Данія, 7 млн.га), Вуд-Бафала (Канада, 4,5 млн.га), Серэнгеці (Танзанія, 2 млн.га), Цэнтральнакалахарскі (Батсвана, 5,3 млн.га), Габійскі (Манголія, 5 млн.га) і інш.
На Беларусі існуюць 4 Н.п.: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі, агульнай пл. каля 327 тыс.га.
Літ.:
Заповедными тропами зарубежных стран. М., 1976;
Реймерс Н.Ф., Штиль марк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс.ж. (1995).
Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. Зпач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл.Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж.З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс.чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл.Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЯ ГРАДА́, Браслаўскае ўзвышша,
фізіка-геаграфічны раён прав.Усх. Прыбалтыка, на З Віцебскай вобл. ў Браслаўскім і Мёрскім р-нах. На Пн абмежавана далінай Зах. Дзвіны, на У і Пд — Полацкай нізінай, на З прадаўжаецца як Балтыйская града. Працягнулася зЗ на У на 66 км, зПн на Пд амаль на 60 км. Пл. каля 1,9 тыс.км². Найб.выш. 210 м над узр. м. Прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі — паўн.-зах. схілу Беларускай антэклізы. Сфарміравалася як канцова-марэнае ўзвышша ў час браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення. Рэльеф вызначаецца маладосцю і свежасцю формаў. Краявы ледавіковы рэльеф утвораны з градаў, якія веерападобна разыходзяцца на Пн, ПнУ і У, ствараючы водападзелы паміж паніжэннямі з азёрамі. Пашыраны камы і озы (найб. вядомы каля воз. Поцех). Характэрны таксама ўзгорысты і раўнінны рэльеф асн. марэны, участкі зандравай і водна-ледавіковай нізін. Трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 550 ммза год. Найб. рака — Друйка (бас.Зах. Дзвіны), якая цячэ праз некалькі азёр. Пад азёрамі каля 10% тэрыторыі, большасць з іх належыць да Браслаўскай групы азёр. Лясы займаюць 20%, пад ворывам 60% плошчы. У межах Браслаўскай грады нац. парк Браслаўскія азёры, зоны адпачынку, санаторыі, турбаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). Зпач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв.Зпач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс.ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. Зкрас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав.З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс.ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс.ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛз Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.Д.Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. Зпач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ.З 1924 у БССР. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.
Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ (γ-выпрамяненне),
караткахвалевае эл.-магн. выпрамяненне з даўжынёй хвалі, меншай за 2∙10−10м. Узнікае пры распадзе радыеактыўных ядраў (гл.Радыеактыўнасць), тармажэнні хуткіх зараджаных часціц у рэчыве (гл.Тармазное выпрамяненне), сінхратронным выпрамяненні, а таксама пры анігіляцыі электронна-пазітронных пар і ў інш.ядз. рэакцыях. З прычыны кароткай даўжыні хвалі ў гама-выпрамяненні выразныя карпускулярныя ўласцівасці (гл.Комптана эфект, Фотаэфект), хвалевыя (дыфракцыя, інтэрферэнцыя) выражаны слаба.
Асн. характарыстыка гама-выпрамянення — энергія асобнага γ-кванта Eγ = hν, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата выпрамянення. Пры пераходзе ядра атама з узбуджанага стану з энергіяй Ei у больш нізкі энергет. стан Ek выпрамяняецца γ-квант з энергіяй Eγ = Ei = Ek Eγ = Ei — Ek. У выніку гэтага гама-выпрамянення ядраў мае лінейчасты спектр. Натуральныя радыеактыўныя крыніцы даюць гама-выпрамяненню з энергіяй да некалькіх мегаэлектронвольтаў (МэВ), у ядз. рэакцыях атрымліваюцца γ-кванты з энергіяй да дзесяткаў МэВ, а пры тармазным выпрамяненні — да соцень МэВ і больш. Гама-выпрамяненне — адно з найбольш пранікальных выпрамяненняў (пранікальнасць залежыць ад энергіі γ-квантаў і шчыльнасці рэчыва).
Гама-выпрамяненне выкарыстоўваецца для выяўлення дэфектаў у вырабах і дэталях (гл.Дэфектаскапія), экспрэснага колькаснага вызначэння волава ў рудах, стэрылізацыі харч. прадуктаў, гаматэрапіі злаякасных пухлін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
горад, цэнтр Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Гаражанка. За 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Гарадок на лініі Віцебск—Невель. 14,6 тыс.ж. (1995).
У летапісах 2-й пал. 13 ст. ўпамінаецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай паміж палачанамі і літ. войскамі на чале з Мінгайлам, у выніку якой Гарадок быў знішчаны. У 16 ст. ў Гарадку быў замак з 5 вежамі і магутнымі абарончымі валамі. На карце Т.Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1650 упамінаецца Ільінская царква. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 цэнтр Гарадоцкага павета, атрымаў статус горада і герб. У 1887 у Гарадку 23 прадпрыемствы, бальніца, царк.-прыходскае вучылішча, рамесная школа. У 1897 — 5023 ж.З 1924 цэнтр Гарадоцкага раёна. У 1939 — 7,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 10.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю разбурылі горад, у Гарадку і раёне загубілі 5084 чал. Вызвалены 24.12.1943 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі 1943. У 1959 было 7,6 тыс., у 1969 — 9 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цэх Полацкага аўтарамонтнага з-да, прадпрыемствы дрэваапр., лёгкай, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Цэнтр ганчарнага рамяства. Мемар. комплекс на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі пры Пецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.