У ДЗІ, Лю Чэ (156—87 да н.э.),

кітайскі імператар [140—87 да н.э.] з дынастыі Зах. Хань. Пры ім канфуцыянства канчаткова стала дзярж. ідэалогіяй, уведзена сістэма дзярж. экзаменаў для замяшчэння дзярж. пасад, тэр. краіны падзелена на 14 акруг, зямельныя ўладанні знаці падзелены паміж нашчадкамі. У Дзі вёў заваёўніцкія войны, у т. л. ў сучасным Сіньцзяне, што спрыяла ўсталяванню сувязі Кітая з Сярэдняй Азіяй і Б. Усходам. Пры ім ханьская імперыя дасягнула найб. магутнасці.

т. 16, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАБЛ (Hubble) Эдвін Паўэл (20.11.1889, г. Маршфілд, ЗША — 28.9.1953),

амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША. Вучыўся ў Чыкагскім ун-це. У 1914—17 у Йоркскай, з 1919 у Маўнт-Вілсанаўскай абсерваторыях. Навук. працы па вывучэнні галактык. Прапанаваў класіфікацыю туманнасцей на галактычныя і пазагалактычныя (1922). Даказаў, што блізкія да Зямлі галактыкі з’яўляюцца зорнымі сістэмамі, падобнымі да нашай Галактыкі. Устанавіў заканамернасць «разбягання» галактык (гл. Хабла закон, Хабла пастаянная). Яго імем названы касм. тэлескоп (гл. Хабла тэлескоп).

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕМЕРЫ́ДНЫ ЧАС,

раўнамерны час, што ўваходзіць як велічыня ва ўраўненні руху нябесных цел і ў адпаведнасці з якім складаюцца астр. эфемерыды. Уведзены ў 1950.

Сусветны час, заснаваны на перыядзе вярчэння Зямлі вакол сваёй восі, нераўнамерны (з-за векавых і флуктуацыйных змен гэтага вярчэння). Э.ч. заснаваны на перыядзе абарачэння Зямлі вакол Сонца. Каб перайсці да Э.ч., да сусветнага часу дадаюць папраўку, велічыня якой вызначаецца з назіранняў Месяца і планет і публікуецца штогод.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФО́РЫ (грэч. ephoroi літар. — назіральнікі),

калегія вышэйшых службовых асоб у Спарце (Стараж. Грэцыя), што выбіраліся штогод сходам грамадзян у складзе 5 чал. Калегія засн. каля сярэдзіны 8 ст. да н.э. Э. склікалі герусію і апелу, старшынствавалі на іх пасяджэннях, кантралявалі дзярж. казну, арганізацыю войска, судаводства, назіралі за дзеяннямі цароў і службовых асоб, за паводзінамі грамадзян і залежнага насельніцтва (перыэкаў і ілотаў). Скасаваны царом Клеаменам у 226—221 да н.э.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),

вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).

М.​І.​Ермаловіч.

Гедзімін. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,

інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.

Літ.:

Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;

Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;

Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРХЕМЫ́Ш, Кархеміш,

старажытны горад на правым беразе р. Еўфрат у паўн. Сірыі (каля сучаснага г. Джэраблус). Існаваў з 4—3-га тыс. да н.э. У часы Хамурапі (18 ст. да н.э.) знаходзіўся пад месапатамскім культ. уплывам, у 15 ст. да н.э. — у васальнай залежнасці ад Егіпта, пазней — да 12 ст. да н.э. — ад Хецкага царства. У 12—8 ст. да н.э. цэнтр самастойнага царства. У 717 да н.э. заваяваны Сарганам II. У 605 да н.э. пры К. адбылася бітва, у якой вавілонскі цар Навухаданосар II разбіў егіп. фараона Неха II і асірыйскага цара Ашурубаліта II, што прывяло да ліквідацыі асірыйскай дзяржавы. Раскопкамі 1876, 1878—81, 1908—19 у К. адкрыты абарончыя збудаванні, фундаменты і арх. дэталі палацаў, храмаў і інш. пабудоў, клінапісныя і іерагліфічныя надпісы.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЗ,

1) у мовазнаўстве — камунікатыўна-сінтаксічная адзінка, якая складаецца са спалучэння слоў ці асобнага слова і служыць для выражэння думкі або пачуцця.

Гал. асаблівасці С. — камунікатыўнасць, прэдыкатыўнасць, грамат. аформленасць, сэнсавая і інтанацыйная закончанасць. Камунікатыўнасць заключаецца ў тым, што С. служыць асн. сродкам моўных зносін, прызначаны для паведамлення пра з’явы і падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасці. Прэдыкатыўнасць выражае ацэнку рэчаіснасці, паказвае, што сцвярджаецца або адмаўляецца ў С. Яна рэалізуецца пры дапамозе сінтакс. мадальнасці і сінтакс. часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасці і канкрэтнага часу (цяперашняга, прошлага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іх недастатковасці або адсутнасці — мадальнымі словамі, часціцамі, інтанацыяй.

Словы і спалучэнні слоў у С. заўсёды граматычна арганізаваны сінтакс. сувязямі і адносінамі ў цэласнае адзінства, якое змяшчае асобную думку, пачуццё і вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю: «Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша» (Я.​Купала). У залежнасці ад колькасці прэдыкатыўных асноў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы і складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная паслядоўнасць С. стварае звязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў маст., публіцыстычнай і інш. л-ры.

2) У музыцы — найбольшая частка перыяду, якая заканчваецца кадэнцыяй. Звычайна існуе як частка цэлага, зрэдку набывае самаст. значэнне (у незамкнутай гал. партыі санатнай формы). У простай 3-часткавай форме С. можа выконваць функцыю перыяду як формы яе частак. Паводле канцэпцыі класічнай ням. муз.-тэарэт. школы (Г.​Рыман), усякая 1-часткавая пабудова без кадэнцыі ў сярэдзіне яе з’яўляецца С., у гэтым выпадку перыяд, што не падзяляецца на С., трактуецца як С.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Гл. да арт. Форма музычная.

Л.​І.​Бурак (мовазнаўства).

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, электраразведка,

група метадаў геафізічнай разведкі, засн. на даследаванні прыродных або штучна ўзбуджаных у зямной кары электрамагнітных палёў.

Існуе больш за 100 мадыфікацый Э.р. Метады Э.р. падзяляюць на асн. групы: уяўных супраціўленняў (засн. на вывучэнні пастаянных эл. палёў, што ствараюцца пры дапамозе 2 зазямленняў, падключаных да полюсаў крыніцы пастаяннага току; паводле размеркавання ўяўных супраціўленняў горных парод мяркуюць пра геал. будову даследуемай плошчы); электрахімічнай палярызацыі (даследуюць палі, што ствараюцца электрычна палярызаванымі геал. ўтварэннямі, напр., на кантакце руд і ўмяшчальных парод, і фільтрацыяй падземных вод праз поры горных парод; у шэрагу метадаў палярызацыя ствараецца штучна); магнітатэлурычнага поля (гл. Магнітатэлурычныя метады разведкі); электрамагнітнага зандзіравання (даследуюць асаблівасці змен у зямной кары штучна ствараемых палёў; прызначаны для вывучэння геал. разрэзу ў верт. кірунку); індукцыйныя (поле ўзбуджаецца пры дапамозе незаземленых контураў пераменнымі нізкачастотнымі токамі, даследуецца другаснае, магнітнае поле, што ствараецца віхравымі токамі, індуцыраванымі ў добра праводных абласцях, пераважна ў рудных пакладах); радыёхвалевыя (засн. на вывучэнні пашырэння радыёхваль у горных пародах; паглынанне радыёхваль горнымі пародамі нарастае з павелічэннем іх праводнасці; на з’яве адбіцця радыёхвалі ад межаў, што раздзяляюць горныя пароды, засн. радыёлакацыйны спосаб).

Электраразведачная апаратура складаецца з крыніц току (батарэі, генератары і інш.), прылад сілкавання і вымярэння. Для даследавання малых глыбінь (да 1 км) выкарыстоўваюць пераносную апаратуру, для глыбінных даследаванняў — электраразведачныя станцыі. Паводле вынікаў палявых назіранняў (у выглядзе графікаў і карт элементаў электрамагнітных палёў) і іх інтэрпрэтацыі вызначаецца тып геал. структур, наяўнасць карысных выкапняў, глыбіні і магутнасці пластоў, вуглы падзення і інш. У горнай справе шахтавыя, свідравінныя і кар’ерныя мадыфікацыі Э.р. выкарыстоўваюцца пры эксплуатацыйнай разведцы, тэхнал. карціраванні руд, даследаванні ўстойлівасці горных вырабатак і інш.

Літ.:

Электроразведка. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1989.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 18, кн. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)