адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).
На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).
На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.
Літ.:
Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ.М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́Ц,
горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр Лунінецкага раёна. У Вял.
Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.
Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех.з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭРА́НСТВА,
адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыяд Рэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.
У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр.ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.
Літ.:
Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел.навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал.нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г.тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназіязасн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.Н.Касовічзасн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.С.Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.Л.Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.П.Хейфіцзасн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.Д.Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.
Літ.:
Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;
Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;
Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыібел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССРтут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (1997), гарадскога 46%. Сярэдняя шчыльнасць 31 чал. на 1 км². Жывуць карачаеўцы (31,2%), чэркесы (9,7%), рускія (42,4%), абазіны (6,6%), нагайцы (3,1%) і інш. Сталіца — г.Чэркеск. Гарады: Карачаеўск, Усць-Джэгута, Тэберда.
Прырода. Размешчана на Паўн. Каўказе. Больш за 2/3 тэрыторыі займаюць горы і перадгор’і. На Пн вузкая паласа ўзгорыстых раўнін, над якой уздымаюцца куэставыя грады — Сычовы горы, хрыбты Пашавы і Скалісты. На Пд — хрыбты Галоўны, або Водападзельны, з вяршынямі Пшыш (3790 м), Дамбай-Ульген (4046 м), Гвандра (3983 м) і Бакавы з найвыш.г. Эльбрус (5642 м, на мяжы з Кабардзіна-Балкарыяй). Гал. перавалы — Клухорскі і Марухскі. Карысныя выкапні: медна-калчаданавыя і поліметалічныя руды, каменны вугаль, граніт, мармур, гіпс. Мінер. крыніцы. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C у перадгор’ях да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 21 °C і 8 °C. Ападкаў 550—2500 мм за год. На вяршынях і грэбені Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта — сучаснае зледзяненне. Гал. рака — Кубань з прытокамі Тэберда, Вял. і Малы Зеленчукі, Уруп, Вял. Лаба, багатыя гідраэнергіяй. Кубанскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, з вышынёй пераходзяць у горна-лясныя бурыя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах — шыракалістыя (бук, граб, дуб) і хваёвыя (хвоя, елка, піхта) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. На тэр. К.-Ч. — Тэбердзінскі запаведнік і ч. Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Продкі карачаеўцаў і чэркесаў жылі на тэр. К.-Ч. са стараж. часоў. У 5—13 ст. адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феад. адносін. Да 10 ст. сфарміравалася адыгейска-чэркеская народнасць, у 13—14 ст. — карачаеўская народнасць. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. У 10 ст.тэр. К.-Ч. ўваходзіла ў раннефеад. дзяржаву Аланія, якая падтрымлівала паліт. і эканам. сувязі з Візантыяй, хазарамі, грузінамі. У 14—16 ст. на тэр. К.-Ч. з Абхазіі перасяліліся абазіны, у 17 ст. з Прыазоўя і Паволжа — нагайцы. У 15—18 ст. на землі К.-Ч. ўчынялі набегі крымскія татары і туркі. У 1552, 1555 і 1557 прадстаўнікі К.-Ч. накіроўвалі пасольствы ў Маскву для заключэння паліт. саюзу з Расіяй. У 1790 армія пры ўдзеле атрадаў горцаў разбіла ў раёне сучаснага Чэркеска тур. корпус Баталпашы. У 1-й пал. 19 ст.тэр. К.-Ч. далучана да Расійскай імперыі. У 1858—61 тут заснаваны казацкія станіцы, якія разам з ауламі Карачая і Чэркесіі ўключаны ў Баталпашынскі пав., пазней — аддзел Кубанскай вобл. У 1868 тут скасавана прыгоннае права. Пазней створаны шахты і руднікі, невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Вясной 1920 у К.-Ч. ўстаноўлена сав. ўлада. 12.1.1922 утворана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. У 1926 К.-Ч. падзелена на Карачаеўскую аўт. вобласць і Чэркескую нац. акругу, у 1928 ператвораную ў аўт. вобласць. Да 1934 у Чэркесіі і да 1938 у Карачаі праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял.Айч. вайну Чэркеская і Карачаеўская вобласці акупіраваны ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У канцы 1943 Карачаеўская аўт. вобласць скасавана, а карачаеўцы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі, дэпартаваны ў Цэнтр. Азію (пераважна ў Казахстан). Пасля іх рэабілітацыі ў 1957 створана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. З 1991 рэспубліка. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (па аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца): хім. і нафтахім. (27,7%), буд. матэрыялаў (25,8%), харч. (13,5%), энергетыка (12,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (8,3%). Развіты гарнарудная, лёгкая, дрэваапр., мукамольна-крупяная прам-сць. Хім. і нафтахім. прадпрыемствы размешчаны ў г. Чэркеск (хім.ВА, з-д гумава-тэхн. вырабаў). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, вапна, чарапіца) у Чэркеску, Карачаеўску, Усць-Джэгуце і станіцы Зелянчукскай. Харч.прам-сць (цукр.з-д у Эркен-Шахары, мяса- і хлебакамбінаты, кансервавы і масласыраварныя з-ды ў Чэркеску, Карачаеўску). Гарнарудная прам-сць прадстаўлена Урупскім медным горна-абагачальным камбінатам. Здабываюць каменны вугаль (50 тыс.т, 1995). Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1995).
Асн. цэнтры машынабудавання і металаапрацоўкі ў Чэркеску (з-ды халадзільнага абсталявання і нізкавольтнай апаратуры) і Карачаеўску (інстр.з-д). Ёсць абутковая, швейная і мэблевая вытв-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і авечкагадоўля (танкарунная і паўтанкарунная). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, птушак. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 165,8, свіней — 14,1. Конегадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1995) мяса 23 тыс.т, малака 146 тыс.т, воўны 1480 т. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 663 тыс.га, у т. л. пад ворывам каля 25%, пад пашай каля 50%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя (кукуруза на сілас, травы), агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа 160, сланечніку 11, цукр. буракоў 194, бульбы 154. Развіта арашэнне (Вял. Стаўрапольскі канал). Чыгунка Нявіннамыск — Усць-Джэгута. Па тэр. К.-Ч. праходзяць аўтадарогі: Ваенна-Сухумская (Чэркеск — Сухумі), Чэркеск — Стаўрапаль, Чэркеск — Пяцігорск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2730 км. Курорты: Тэберда, кліматычныя курортныя мясцовасці Архыз, Дамбай; горны турызм, альпінізм.
Літ.:
Алексеева Е.П. Древняя и средневековая история Карачаево-Черкесии. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СТАН (Boston),
горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс.ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак.Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал.прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ.цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л.вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сцьпрамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сцьбыт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч.прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал.ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.
Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.
Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.Пюві дэ Шавана, Дж.С.Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.Х.Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.Ф.Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вып. 67 м, 1843) і інш.Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.
Рака Чарлз у цэнтры Бостана.Да арт.Бостан. Рыначная плошча. Арх. Б.Томпсан. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс.км². Нас. 192 тыс.чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г.Горна-Алтайск.
Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн.ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах.ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.
Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс.чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.Я.Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт.вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт.вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён ва ўсх.ч.Беларускай грады на ПдУ Віцебскай і ПнУ Мінскай абласцей. Уваходзіць у Беларуска-Валдайскую правінцыю. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай на Пн, Верхнебярэзінскай ніз. на ПнЗ, Мінскім узв. на З, Цэнтральнабярэзінскай, Аршанска-Магілёўскай і Горацка-Мсціслаўскай раўнінамі на Пд і ПдУ. Выцягнута з З на У на 110 км, з Пн на Пд на 10—60 км. Абс. вышыні ад 150 м над узр. м. (урэз вады ў р. Дняпро) да 265 м (каля в. Янова Сенненскага р-на), пераважаюць 200—250 м. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі ўзнімаецца на 100—127 м. Пл. каля 2,5 тыс.км². Аршанскае ўзвышша — краявое акумулятыўнае ўзвышша лёдападзельнага тыпу сожскага ледавіка, да якога на Пн прымыкаюць невял. краявыя грады паазерскага зледзянення
У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінер. водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышт. фундамента.
У рэльефе Аршанскага ўзвышша вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўн.-ўсх., характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на Пд дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асн. часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля г.п. Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найб. выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка. Т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 630 мм за год. Па Аршанскім узвышшы праходзіць частка водападзелу паміж бас. Балтыйскага і Чорнага мораў, тут пачынаюцца рэкі Усвейка і Абалянка (бас.Зах. Дзвіны), Бобр, Друць і Адроў (бас. Дняпра). Ёсць невял. зарослыя азёры ў западзінах. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя. Лясы мяшана-шыракалістыя, захаваліся на ўзгорыстых і забалочаных участках (каля 20% тэрыторыі). Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы. Лугі б.ч. сухадольныя. Месцамі нізінныя балоты. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі.