БЕЛАНО́ЎСКІ (Георгій Дзмітрыевіч) (1875—1950),

савецкі мікрабіёлаг, імунолаг. Чл.-кар. АН СССР (1929). Засл. дз. нав. Расіі (1935). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1899). Вучань І.І.Мечнікава, С.П.Боткіна. Навук. працы па хіміявакцынатэрапіі, вывучэнні клетачнага імунітэту. Прапанаваў метад імунізацыі супраць шкарлятыны (1927), вызначыў, што ўзбуджальнікам грыпу з’яўляецца вірус (1918).

Тв.:

Динамика иммунитета. М.; Л., 1944.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТНАЯ КНІ́ГА,

радаслоўная кніга найб. знатных баярскіх і дваранскіх радоў Расіі. Складзена ў 1687. Назва па аксамітнай вокладцы. У Аксамітную ўвайшоў «Гасудараў радасловец» 1555—56, у якім вяліся радаслоўныя запісы Рурыкавічаў і Гедзімінавічаў. Аксамітная кніга не закончана, у ёй ёсць недакладнасці, фальсіфікацыі. Маніфестам 1807 уведзена Аксамітная кніга і купецкіх радоў першай гільдыі.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНЫ СЫРТ,

платопадобнае ўзвышша на ПдУ Еўрап. часткі Расіі, водападзел рэк басейнаў Волгі і Урала. Працягваецца з З на У на 500 км, на У прымыкае да Паўд. Урала. Выш. да 405 м. Складзены з пясчанікаў, глін і вапнякоў. Месцамі трапляюцца купалападобныя астанцы—шыханы. Развіты карст. Дзірваніста-злакавыя, пераважна ўзараныя, стэпы. Пасевы збожжавых культур.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗРО́ДНЫ (Ігар Сямёнавіч) (н. 7.5.1930, Тбілісі),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (праф. з 1972). У 1970 дэбютаваў у Маскве як дырыжор. Выступае як саліст і ансамбліст. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Я.​Кубеліка (Прага, 1949), імя І.​С.​Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,

кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст).

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЫ́КТ (англ. verdict ад лац. vere dictum літар. дакладна сказанае),

рашэнне (прыгавор) прысяжных засядацеляў у судзе прысяжных па пытанні вінаватасці ці невінаватасці падсуднага па крымінальнай справе (вердыкт абвінаваўчы або апраўдальны). Вердыкт прымаецца аднагалосна (суды некаторых штатаў ЗША) або большасцю галасоў (суды Вялікабрытаніі, дарэв. Расіі і інш.); на аснове абвінаваўчага вердыкту суд назначае пакаранне.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕ ВО́СТРАЎ,

нізінны востраў у паўн. ч. Карскага м., тэр. Расіі. Пл. 288 км². Выш. да 22 м. Складзены з марскіх пяскоў і глін. Расліннасць арктычнай тундры. Адкрыты ў 1930 экспедыцыяй на параходзе «Георгій Сядоў» і названы ў гонар У.​Ю.​Візе, які ў 1924 тэарэтычна абгрунтаваў існаванне гэтага вострава. Палярная станцыя (з 1945).

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА-ДАНСКІ́ СУДНАХО́ДНЫ КАНА́Л імя У.​І.​Леніна,

у Валгаградскай вобл. Расіі. Злучае р. Волга каля г. Валгаград з р. Дон каля г. Калачна-Доне. Адкрыты ў 1952. Даўж. 101 км, з іх 45 км праходзяць па вадасховішчах. Глыб. не менш за 3,5 м. 13 шлюзаў. Па канале праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТКІНСК,

горад у Расіі, цэнтр Воткінскага р-на ва Удмурціі. Засн. Ў 1759. 104,5 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць фрэзерных станкоў, газавай апаратуры, сістэм артыл. абсталявання і інш.), дрэваапр. (драўніна дзелавая, піламатэрыялы, тара; вытв-сць мэблі), харч. прам-сць. Філіял Іжэўскага мех. ін-та. Дом-музей П.​І.​Чайкоўскага.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ XII, Гіоргі XII (1746—9.1.1801),

апошні цар [1798—1801] царства Картлі-Кахеты (Усх. Грузія). З дынастыі Багратыёнаў. Сын Іраклія II. Аднавіў Георгіеўскі трактат 1783. Ва ўмовах пагрозы ўварвання з боку Ірана і ўнутр. нестабільнасці пайшоў на саюз з рас. імператарам. Пасля смерці Георгія XII абвешчаны маніфест Паўла I пра далучэнне Усх. Грузіі да Расіі (пач. 1801).

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)