КУЛЬМІНА́ЦЫЯ ў астраноміі, праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы.

Адрозніваюць верхнюю К. (вышыня свяціла найбольшая) і ніжнюю (вышыня найменшая). У Паўн. паўшар’і Зямлі пры верхняй К. свяціла праходзіць паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўдня; пры ніжняй — паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўначы. Калі абедзве К. назіраюцца над гарызонтам, свяціла наз. незаходным (напр., сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў сярэдніх шыротах Паўн. паўшар’я Зямлі). На полюсах свяцілы рухаюцца паралельна гарызонту і іх вышыня застаецца аднолькавай.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ,

1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.

2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТЭР (ад грэч. kratēr вял. чаша) вулканічны, чаша- ці лейкападобнае паглыбленне на вяршыні ці схіле вулканічнага конуса (гл. Вулкан) дыяметрам ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў і глыб. ад некалькіх да соцень метраў. На яго дне адно або некалькі жаролаў, праз якія на паверхню з магматычнага ачага па вывадным канале паступаюць лава і інш. вулканічныя прадукты. Дно бывае запоўнена лававым возерам або другасным вулканічным конусам.

Кратэр з выявамі кентаўрамахіі і амазонамахіі. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВЕ́СНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 43 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,59 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. больш за 1 км, найб. глыб. 2,4 м, даўж. берагавой лініі 5,5 км. Пл. вадазбору 11,6 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі хмызняком. На З забалочаная пойма шыр. да 200 м, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана пяскамі, апясчаненымі глеямі і сапрапелем. Зарастае.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЗЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, на зах. ускраіне г. Паставы. Пл. 0,92 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 68,8 км². Схілы катлавіны выш. 5—12 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно складанай будовы, каля берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Востраў пл. 0,9 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Спорыца, злучана ручаём з воз. Загацце.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁГРА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 25 км на ПнУ ад г. Гарадок, за 1 км на З ад в. Бярозна. Пл. 0,3 км². Даўж. 800 м. Найб. шыр. 490 м. Найб. глыб. 2,5 м. Даўж. берагавой лініі 2,66 км. Пл. вадазбору 45,1 км². Схілы катлавіны невыразныя, на ПдУ і ПнЗ выш. 5—7 м, параслі лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, на ПдУ нізкія, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬ,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль (цячэ праз возера), за 28 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,3 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 568 км². Схілы катлавіны выш. 6—10. м, сугліністыя, на Пн супясчаныя, пад хмызняком. Берагі забалочаныя, сплавінныя. Пойма шыр. да 300 м, забалочаная. Дно плоскае, ілістае, каля ўсх. берага сапрапелістае. Поўнасцю зарастае. Упадаюць 4 ручаі.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ АРАШЭ́ННЯ,

зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для дадатковай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам фільтрацыі праз глебавыя гарызонты і адначасова для арашэння с.-г. раслін. Ствараюць у комплексе з ачышчальнымі збудаваннямі пераважна на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах і грунтах. На П.а. размяшчаюць звычайна кармавыя культуры: шматгадовыя травы, караняплоды і інш. Арашэнне праводзіцца камунальнымі, вытв. (ад прамысл. і с.-г. прадпрыемстваў), мяшанымі сцёкавымі водамі, якія адпавядаюць аграмеліярац. і сан. патрабаванням і прайшлі папярэднюю мех., хім. ці біял. ачыстку.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СЬ,

вал вядучага моста самаходнай колавай машыны, які перадае вярчэнне ад дыферэнцыяла на вядучае кола. Бываюць паўразгружаныя і поўнасцю разгружаныя. Паўразгружаная П. нясе на сваім канцы вядучае кола. Выкарыстоўваецца ў легкавых аўтамабілях, дзе нагрузкі на колы адносна невялікія. Поўнасцю разгружаная П. свабодна праходзіць праз адтуліны вядучага моста і злучаецца са ступіцай вядучага кола, падшыпнікі якога ўстаноўлены на бэльцы вядучага моста, якая ўспрымае папярочныя і падоўжныя сілы, што ўзнікаюць на вядучым коле. Выкарыстоўваюцца на грузавых аўтамабілях, аўтобусах, цяжкіх колавых трактарах.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)