крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію 3Не і 4Не пры ціску больш за 3∙104Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНІ́ГА ВЯЛІ́КАМУ ЧАРЦЯЖУ́»,
тэкставае апісанне (пагал. рэках) найбуйнейшай карты Расіі 17 ст. (не захавалася). Складзена ў 1627 у Разрадным прыказе. Была практычным дапаможнікам для служылых людзей, якіх пасылалі ў розныя мясцовасці краіны, з канца 17 і ў 18 ст. выкарыстоўвалася як школьны падручнік па геаграфіі Расіі. Распаўсюджвалася ў рукапісных спісах; існуе 8 асн. рэдакцый кнігі (у ёй прыведзены каля 2 тыс. тапонімаў і больш за 1,5 тыс. велічынь адлегласцей). Уведзена ў навук. абарачэнне В.М.Тацішчавым; упершыню надрук. ў 1775 М.І.Навіковым пад назвай «Старажытная расійская ідраграфія, якая змяшчае апісанне Маскоўскай дзяржавы рэк, праток, азёр, крыніц, і якія на іх урочышчы і на якой яны адлегласці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКІ БЕГ,
бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ПРОЛЕТА́РИЙ»,
што дзённая газета, орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і губваенрэўкома. Выдавалася 2—30.4.1919 у Мінску на рус. мове. Асвятляла жыццё і барацьбу мінчан за ўмацаванне сав. улады, работу сав. органаў у галіне гасп. і культ.буд-ва, друкавала інфарм. матэрыял аб ходзе нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў, заклікала насельніцтва Мінска на барацьбу з інтэрвентамі і ўнутр. контррэвалюцыяй. У кожным нумары давалася інфармацыя «Радыёграмы РОСТА». Матэрыялы групаваліся пад рубрыкамі: «Па Расіі», «На Украіне», «Па Беларусі і Літве», «Партыйнае жыццё», «Рабочае жыццё», «Мясцовае жыццё», «Эканамічная старонка». Выйшлі 22 нумары.
Літ.:
Бараноўскі П.М. Газета клікала да барацьбы // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІЧ (А.) (сапр.Ціхановіч ці Цэхановіч),
бел. пісьменнік пач. 20 ст.Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (паінш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНАЯ АХО́ВА,
сістэма заканадаўчых, арганізацыйных і санітарна-тэхн. мерапрыемстваў па прадухіленні забруджвання навакольнага асяроддзя і абмежаванні ўздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя на здароўе насельніцтва. На Беларусі праблемамі С.а. займаюцца Мін-ва аховы здароўя, санітарна-эпідэміялагічная служба і яе падраздзяленні, Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. Вядзецца сацыяльна-гігіенічны маніторынг, у т. л. назіранні за выкідамі шкодных прамысл. рэчываў. Даюцца рэкамендацыі па рацыянальным размяшчэнні прадпрыемстваў, укараненні неабходных тэхналогій, дапушчальнай колькасці ў навакольным асяроддзі прамысл. выкідаў і інш. Пытанні С.а. рэгламентуюць: Кодэкс Беларусі аб зямлі (1990), законы «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ ПРЫХІ́ЛЬНІКАЎ МІ́РУ,
міжнародны рух супраць войнаў і мілітарызму, які аб’ядноўвае барацьбітоў за мір незалежна ад іх нац. прыналежнасці, паліт. і рэліг. поглядаў. Першыя мясц. і нац. арг-цыі барацьбы за ўмацаванне міру ўзніклі ў 1948—49 у Францыі, Італіі, Польшчы, СССР, Японіі і ў інш. краінах. У міжнар. маштабе аформіўся на 1-м Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру (Парыж—Прага, крас. 1949), дзе быў створаны кіруючы орган Руху — Пастаянны к-тСусв. кангрэсу прыхільнікаў міру, які ў ліст. 1950 пераўтвораны ў Сусветны савет міру (ССМ). Сакратарыят знаходзіцца ў г. Хельсінкі. Да канца 1980-х г. Р.п.м. карыстаўся значнай матэрыяльнай і ідэалаг. падтрымкай з боку кіраўніцтва СССР і КПСС. Р.п.м. правёў пад рознымі назвамі і сумесна з інш. арг-цыямі праціўнікаў вайны шэраг Сусв. кангрэсаў прыхільнікаў міру і рэгіянальных канферэнцый; арганізоўваў кампаніі па падпісанні Венскага звароту ССМ (1955), Стакгольмскай адозвы (1950), Пакта міру (1951); масавыя акцыі пратэсту супраць гонкі ўзбраенняў і іх размяшчэння ў сваіх краінах; склікаў Сусв. парламент народаў за мір (Сафія, 1980); выступае за вырашэнне міжнар. канфліктаў шляхам мірных перагавораў. У б.СССР прыхільнікаў міру аб’ядноўваў Савецкі к-т абароны міру. У 1951 на 1-й рэсп. канферэнцыі прыхільнікаў міру выбраны Бел.рэсп. камітэт абароны міру (з 1995 Бел. камітэт міру, БКМ). Ён накіроўвае дзейнасць барацьбітоў за мір у рэспубліцы, супрацоўнічае з ССМ і створанай у 1991 Міжнар. федэрацыяй міру і згоды (замест Сав.к-та абароны міру), якая аб’ядноўвае барацьбітоў за мір краін СНД. За сваю антываен. дзейнасць БКМ 15.9.1987 атрымаў ад ААН ганаровае званне «Пасланец міру» з уручэннем спец. дыплома ААН. Сярод найважнейшых мерапрыемстваў, арганізаваных БКМ (старшыня з 1995 І.С.Кірычэнка) у 1980—90-я г., прыём у Беларусі ўдзельнікаў 1-га Паліт. паломніцтва з Германіі ў рамках міжнар. праграмы «Пакаянне» (май 1988), зварот БКМ і 5 інш.бел. грамадскіх арг-цый да суайчыннікаў за мяжой і замежнай грамадскасці з просьбай аб аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы (3.7.1989), Марш міру ў сувязі з 85-годдзем пачатку 1-й і 60-годдзем пачатку 2-й сусв. войнаў (1.7.1999 па маршруце: абеліск Перамогі ў Мінску — Курган Славы — Хатынь), мерапрыемствы ў рамках Тыдня міру—2000 (22—31.5.2000). БКМ у снеж. 1994 выступіў з заявай супраць баявых дзеянняў у Чэчні, у сак. 1999 — супраць бамбардзіровак сіламі НАТО Югаславіі. Чарговая Бел.рэсп. канферэнцыя прыхільнікаў міру адбылася 10.2.2000. Збор сродкаў на справы міру і сац. забеспячэння ажыццяўляе Фонд міру Рэспублікі Беларусь (засн. у жн. 1991 на базе Бел. аддзялення Сав. фонду міру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГРА,
горад у Паўн. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, порт на р. Джамна. 899 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр с.-г. Раёна. Гарбарна-абутковая, тэкст. (баваўняная), харч., папяровая, шкларобная, эл.-тэхн. прам-сць. Саматужныя промыслы (ручное ткацтва, разьба па камені).
У Агры створаны выдатныя ўзоры магольскай архітэктуры Індыі: крэпасць Агра-форт (1564—70; чырв. пясчанік) з палацам Джахангіры-Махал (1570), «Жамчужнай мячэццю» (1646—53; белы мармур), заламі Дывані-Ам (пачаты ў 1627) і Дывані-Кхас (1637); маўзалей Тадж-Махал; Саборная мячэць (1648); грабніца Ітымад-уд-Даула (1622—28; белы мармур з інкрустацыяй). За 9 км ад Агры ў Сікандры маўзалей Акбара (1612—13); за 37 км унікальны помнік інд. горадабудаўніцтва Фатыхпур-Сікры (рэзідэнцыя Акбара, 1569—84). Агра — цэнтр нар. разьбы і інкрустацыі па мармуры. Сучасная частка Агры забудавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. У Агры ун-т (1927), Тадж-музеум з археал. калекцыямі, спец.б-ка прац Гандзі.
Літ.:
Math K. Agra and its monumental glory. Bombay, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ПО́ЛА, ватэрпола,
камандная спартыўная гульня з мячом у басейне; адзін з водных відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 7 чал. на воднай пляцоўцы 30 × 20 м (глыб. не менш за 1,8 м). Пасярэдзіне больш кароткіх бакоў пляцоўкі ўстаноўлены вароты шыр. 3 м, выш. 0,9 м. Гульня доўжыцца 4 перыяды па 5 мін кожны (улічваецца чысты час). Мэта гульні: перадаючы мяч партнёрам, кожная з каманд імкнецца закінуць яго ў вароты саперніка. Стыль плавання адвольны, мяч можна весці і кідаць адной рукой (дзвюма рукамі гуляе толькі варатар). Парушэнне правіл караецца перадачай мяча праціўніку ці (за грубую гульню) выдаленнем парушальніка на 45 с або да прапушчанага гола.
Узнікла воднае пола ў Вялікабрытаніі ў 2-й пал. 19 ст. Да пач. 20 ст. стала развівацца і ў інш. краінах. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы (з 1926), свету (з 1973). З 1926 дзейнічае К-т воднага пола пры Міжнар. аматарскай федэрацыі плавання (ФІНА). На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. Чэмпіянаты краіны з 1949.