МАНРО́ВІЯ (Monrovia),

горад, сталіца Ліберыі, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Сент-Пол. Адм. ц. графства Мантсерада. 421 тыс. ж. (1997). Марскі порт (вываз каўчуку, жал. руды, пальмавых ядраў і алею). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Паліт. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Металаапр., цагельначарапічны з-ды, 2 кіслародныя з-ды, аўтамайстэрні; мэблевыя, харч. прадпрыемствы. Ун-т. Нац. музей.

Засн. ў 1822 неграмі — перасяленцамі з ЗША (названа ў гонар прэзідэнта ЗША Дж.​Манро). З 1847 сталіца Ліберыі. У 1961 у М. адбылася канферэнцыя 20 недалучаных краін Афрыкі, якая дала пачатак стварэнню Арганізацыі афрыканскага адзінства.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Marianas Islands),

група астравоў на З цэнтр. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Складаецца з 15 буйных астравоў (Гуам, Рота, Сайпан і інш.) і некалькіх дробных астравоў і рыфаў. Пл. больш за 1,1 тыс. км². Нас. каля 210 тыс. ж. (1997). В-ваў Гуам — уладанне ЗША, астатняя частка ўваходзіць у Садружнасць Паўн. Марыянскіх Астравоў. Астравы вулканічнага і каралавага паходжання. Частыя землетрасенні. Выш. да 965 м. Вільготныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства. Рыбалоўства. Асн. порт Аганья (на в-ве Гуам). Ваенна-марскія і ваенна-паветр. базы ЗША. М.а. адкрыты ў 1521 Ф.Магеланам.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],

найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна ​9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕРГОФ (Meyerhof) Ота (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),

нямецкі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).

О.Меергоф.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Эдгар (н. 17.9.1930, г. Херфард, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р н. па аэранаўтыцы і астранаўтыцы. Капітан 1-га рангу ВМС (з 1972 у адстаўцы). Скончыў Тэхнал. ін-т у Пітсбургу (1952), вышэйшую школу ВМФ (1961), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і С.Русам здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-14». Прабыў на Месяцы 33,5 гадз, у т. л. двойчы выходзіў на яго паверхню (агульны час 9,4 гадз). У космасе правёў 9 сутак.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБАСКРО́Б,

вышынны будынак на некалькі дзесяткаў паверхаў. Можа быць дзелавы, адм., жылы, атэль і інш. Пачалі будаваць у 1880-я г. ў ЗША з вынаходствам стальнога каркаса і пасажырскіх ліфтаў, у сувязі з павелічэннем шчыльнасці гар. забудовы і падаражаннем зямельных участкаў. У 20 ст. ўзводзяць у многіх краінах свету. Сярод самых высокіх Н. Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку (102 паверхі, выш. 381 м; 1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман»), «Сірс і Робак» у г. Чыкага (ЗША; 109 паверхаў, выш. 442 м; 1970—74, фірма «СОМ») і інш.

Небаскробы ў г. Нью-Йорк.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),

1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем у Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.

2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч. Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД-А́ЙЛЕНД,

мяса-яечная парода курэй. Выведзена ў 19 ст. ў ЗША скрыжаваннем мясц. курэй з палевымі кахінхінамі, дамініканскімі, чырвона-бурымі малайскімі курамі і бурымі легорнамі. Выкарыстоўваюць для стварэння матчыных ліній пры вытв-сці бройлераў і гібрыдных нясушак з павышанай яйцаноскасцю. Гадуюць у ЗША, краінах Зах. Еўропы і інш.

Тулава шырокае. Крылы невял., слабаразвітыя. Галава сярэдняй велічыні з невял. лістападобным грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Дзюба і ногі жоўтыя. Апярэнне карычнева-чырвонае, сустракаецца чорнае пер’е на хвасце, крылах і шыі. Маса пеўняў 3—3,5, курэй 2,3—2,5 кг. Яйцаноскасць 170—180 яец за год.

Род-айленд.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВА́ЦЫІ, рэзерваты,

спецыяльныя тэрыторыі ў краінах масавай еўрап. эміграцыі (ЗША́, Канада, Паўд. Афрыка, Аўстралія), якія былі замацаваны ўрадамі гэтых краін за карэнным насельніцтвам. Стварэнне Р. адбывалася пераважна прымусова, шляхам гвалтоўнага перасялення ў іх абарыгенаў, якія былі пастаўлены пад жорсткі кантроль дзяржавы і пазбаўлены грамадз. правоў. З 1930-х г. індзейцы Р. ЗША і Канады атрымалі правы грамадзянства, пашырана іх самакіраванне. Абарыгены Аўстраліі атрымалі падобныя правы ў 1960-я г. Улады Паўд.-Афр. Рэспублікі імкнуліся ператварыць Р. карэнных афрыканцаў у т.зв. «незалежныя дзяржавы» (гл. Бантустаны), але пасля скасавання апартэіду ў пач. 1990-х г. усе яны ліквідаваны.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЗЕРЛЕНД (Sutherland) Эрл Уілбур (19.11.1915, г. Берлінгейм, штат Канзас, ЗША —3.9.1974),

амерыканскі біяхімік і фармаколаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў мед. школу Вашынгтонскага ун-та ў г. Сент-Луіс (1942) і працаваў у ім. З 1953 у Зах. ун-це ў г. Кліўленд, у 1963—73 ва ун-це Вандэрбільда ў г. Нашвіл. Навук. працы па вугляводным абмене, механізмах уздзеяння гарманальных і лек. рэчываў на арганізм. Адкрыў у жывёльных тканках цыклічную адэназінманафосфарную к-ту і даследаваў яе ролю ў механізме дзеяння гармонаў, рэгуляванні актыўнасці нерв. клетак, экспрэсіі генаў у бактэрый. Нобелеўская прэмія 1971.

Э.У.Сазерленд.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)