МЕ́ЕРГОФ ((Meyerhof) Ота) (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),
нямецкі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).