БРО́ЙЛЕР (англ. broiler ад broil смажыць на агні),

адкормленае на мяса кураня ва ўзросце да 70 сутак, з жывой масай да 2 кг. Для вытв-сці бройлераў выкарыстоўваюць мяса-яечныя, мясныя пароды курэй і мясныя лініі гэтых курэй (бацькаўскай формай у скрыжаваннях служыць парода корніш, мацярынскай — белы плімутрок). Бройлеры вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, нізкімі затратамі корму. Мяса бройлера — дыетычны прадукт, які мае да 22,5% бялку, далікатнае і сакаўное. Бройлерам наз. таксама гібрыдны маладняк інш. відаў птушкі, які гадуюць на мяса (качанят не старэй за 8 тыдняў, гусянят і цацаранят ва ўзросце да 12 тыдняў, індычанят — да 19 тыдняў).

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў.

Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.​І.​Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.​І.​Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.

т. 3, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШ (Яша) (сапр. Анісяровіч Янка; н. 12.11.1929, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і мастак. Жыве ў Польшчы. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтва (1957). Дэбютаваў вершамі ў беластоцкім зб. «Рунь» (1959). Аўтар паэт. кнігі «Прамень думкі» (Беласток, 1964). Друкаваўся ў альманаху «Белавежа» (1965, 1971) і інш. Вершы Бурша пра складаны духоўны свет сучаснага чалавека, выбар ім шляхоў у грамадстве, інтымныя пачуцці. Шмат месца займае пейзажная лірыка. Паэтычная мова Бурша ўскладненая, разлічана на вобразна-асацыятыўнае мысленне чытача. Адзін з арганізатараў бел. літ.-маст. руху на Беласточчыне. Жывапісныя творы Б. выстаўляліся ў Польшчы і за мяжой.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗВУ́СІКАВЫЯ НАСЯКО́МЫЯ (Protura),

атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. У сусв. фауне каля 300 відаў, пашыраны амаль усюды. На Беларусі найб. вядомы бязвусечнік еўрапейскі (Eosentomon transitorum). Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілых ствалах дрэў і пнях.

Даўж. 0,5—2 мм, цела членістае, чэрвепадобнае, малочна-белае або жаўтаватае. Ротавы орган сысучы, уцягнуты ў галаўную капсулу (энтагнатызм). Пярэднія грудныя ногі даўжэйшыя за астатнія, накіраваны ўперад, функцыянальна замяняюць вусікі. У пярэдняй частцы брушка рудыментарныя 1—2-членікавыя канечнасці. Лічынкі падобныя да дарослых, пераўтварэнне зводзіцца да павелічэння колькасці брушных сегментаў. Мяркуюць, што бязвусікавыя насякомыя высмоктваюць сокі з ніжэйшых грыбоў, кормяцца расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ,

захады банкаў і фірмаў, разлічаныя на атрыманне прыбытку ад змены курсу валют на валютных рынках. Ажыццяўляецца пэўнымі валютнымі аперацыямі ці наўмысным устрыманнем ад іх. Прасцейшая форма валютнай спекуляцыі — валютны арбітраж: валюта адной краіны па нізкім курсе купляецца за валюту другой краіны і рэалізуецца там, дзе курс гэтай валюты больш высокі; атрыманы барыш і ёсць спекуляцыйны даход. Валютная спекуляцыя можа прымаць і больш складаныя формы — маніпуляцыі па наўмысным зніжэнні курсу валют. Валютная спекуляцыя звязана з валютнай рызыкай, яе вынік залежыць ад правільнасці ацэнкі перспектыў вагання валютнага курсу. Мерапрыемствы па стрымліванні валютнай спекуляцыі звычайна ажыццяўляюць цэнтр. (нац.) банкі.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл. Вапнаванне глебы).

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РДЗІЯ,

музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал. храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.

Да арт. Вардзія. Пячорны манастыр.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕВЯРЭ́СК,

летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.​М.​Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.​В.​Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБЕ́ЙНІК (Lithospermum),

род кветкавых раслін сям. Бурачнікавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я. На Беларусі вядомы верабейнік лекавы (Lithospermum officinale), які лічыцца зніклым; адзначаўся ў наваколлі г. Тураў. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя шурпатаваласістыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. злёгку разгалінаваным сцяблом. Лісце простае, сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белаватыя, у верхавінкавых або бакавых аблісцелых завітках, сабраных у агульнае паўпарасонікападобнае суквецце. Плод — чатырохарэшак. Лек. (мачагонны, слабіцельны і болепатольны сродак), тэхн. (насенне мае тлусты алей, выкарыстоўваецца ў лакафарбавай прам-сці) і фарбавальныя (у каранях ёсць фарбавальнае рэчыва — літаспермін) расліны.

Верабейнік лекавы.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ЧНЫ МІР» 1686,

дагавор, падпісаны Расіяй і Рэччу Паспалітай у Маскве 6 мая аб сумесных дзеяннях супраць Турцыі і Крыма. Мір пацвердзіў правы Расіі на землі Левабярэжнай Украіны, Смаленскага і Чарнігаўскага ваяв., якія засталіся за ёй пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 паводле ўмоў Андросаўскага перамір’я 1667. Уласнасцю Расіі прызнаны ўсе вывезеныя ў час вайны каштоўнасці і палонныя, пацверджана яе права апекаваць праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Заключэнне «Вечнага міру» для Рэчы Паспалітай было абумоўлена неабходнасцю абараніць свае паўд. межы ад турэцка-татарскай агрэсіі. Дагавор замацаваў Расію ў ролі наймагутнейшай дзяржавы Цэнтр. і Усх. Еўропы.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)