ДЫЛЕ́ЦКІ (Мікалай Паўлавіч) (каля 1613, Кіеў — пасля 1680),
украінскі муз. тэарэтык, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаве і Вільні, з канца 1670-х г. працаваў у Маскве. Аўтар трактата «Граматыка мусікійская», дзе найб. поўна выкладзены кампазіцыйныя асновы партэсных спеваў, вытлумачаны выразныя магчымасці музыкі ў духу тэорыі афектаў (гл.Афектаў тэорыя). Вядома некалькі рэдакцый гэтага трактата на розных мовах — польскай (1675, Вільня, не захаваўся), царк.-слав. (1677, Смаленск), рус. (1679, 1681, 1979, Масква; 1910, С.-Пецярбург), укр. (1723, Пецярбург; 1970, Кіеў). Гэта фундаментальная праца некалькі дзесяцігоддзяў была асноўнай пры вывучэнні тэорыі музыкі і кампазіцыі. Пад уплывам творчасці Д. склалася кампазітарская школа шматгалосых царк. спеваў. Яму належаць шматгалосыя хар. кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬСА́РТ ((Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры) (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),
французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв.гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц.муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),
раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.
Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПАРХІЯ́ЛЬНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
сярэднія жаночыя навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Засн. паводле Статута 1843 пераважна для дачок праваслаўнага духавенства. Утрымліваліся на сродкі збораў з цэркваў, свечачных з-даў і інш. Падпарадкоўваліся Сіноду. Навучальны курс (6 кл., з 1900 спец. дадатковы 7-ы пед.кл.) набліжаўся да курса жаночых гімназій. Выпускніцы атрымлівалі права хатніх настаўніц і настаўніц пач., пераважна сельскіх, школ (з 1884 — царкоўнапрыходскіх). Пры некаторых Е.в. існавалі пач. школы, у якіх выхаванкі старэйшых класаў праходзілі практыку. У Беларусі існавалі Е.в.: Спаса-Ефрасіннеўскае каля Полацка (з 1844), у Парычах (з 1860), Мінску і Магілёве (1863), Віцебску (1864). Ліквідаваны паводле пастановы СНК ад 24.12.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ПАРЛА́МЕНТ, Еўрапарламент,
кансультатыўны і рэкамендацыйны орган Еўрапейскага саюза (ЕС). Створаны паводле Рым. дагавора (1957) пры заснаванні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС). Дэпутаты (626 чл.) з 1979 выбіраюцца на аснове прамога ўсеагульнага галасавання грамадзян краін — удзельніц ЕС (ЕЭС) тэрмінам на 5 гадоў. Месцазнаходжанне — г. Страсбур (Францыя). Е.п. удзельнічае ў абмеркаванні бюджэту ЕС, заканад. працэсе, кантралюе работу Камісіі і Савета ЕС. Кіруючы орган — прэзідыум (старшыня і 14 намеснікаў, 5 квестараў з дарадчымі галасамі), пастаянныя к-ты, падкамітэты, часовыя і следчыя к-ты рыхтуюць матэрыялы для пленарных пасяджэнняў Е.п. (праходзяць адкрыта кожны месяц). Пратаколы і тэксты рашэнняў распаўсюджваюцца на 9 еўрап. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДЫ́ДЫнеарганічныя,
злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).
Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАХО́ЎСКІ (Цыпрыян) (Кіпрыян, каля 1635, Полацкае ваяв. — кастр. 1693),
уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме (1658—64). Архімандрыт шэрагу манастыроў, у 1671—74 каад’ютар (памочнік-намеснік) пры мітрапаліце Г.Календзе. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (1674—93), адначасова архіепіскап полацкі. Для пашырэння уніі выкарыстоўваў адм. сродкі. Удзельнік склікання ў 1680 у Любліне з’езда уніятаў і праваслаўных, які апісаў у кнізе «Люблінскі калёквіум...» (Замосце, 1680, на польскай мове). Імкнуўся абмежаваць у царкве ўплыў базыльян, што выклікала з імі канфлікт. У пач. 1690-х г. заснаваў Супрасльскую друкарню. Ахвяраваў сродкі на рамонт храмаў у Вільні, Навагрудку, Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРДА́Н ((Jourdan) Жан Батыст) (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),
французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА СВАБО́ДНУЮ БЕЛАРУ́СЬ»,
франтавая газета. Выдавалася з 18 сак. да ліст. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Калінінскага фронту пры ўдзеле ЦККП(б)Б. Рэдактар І.Д.Гурскі. Была разлічана на жыхароў акупіраванай тэр. рэспублікі і бел. партызан. Інфармавала пра падзеі на франтах і ў сав. тыле, пра партыз. барацьбу, злачынствы ворага. Змяшчала артыкулы пра герояў вайны, творы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, К.Губарэвіча, К.Крапівы, П.Панчанкі, М.Танка, а таксама рус. пісьменнікаў У.Вішнеўскага, А.Суркова, М.Ціханава, І.Эрэнбурга і інш. Друкавала паведамленні пра дзейнасць навук. устаноў і творчых аб’яднанняў Беларусі ў сав. тыле. Выдавала сатыр. лісток «Партызанская дубінка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАГУ́ЗКА (Euproctis chrysorrhoea),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі часам назіраецца масавы лёт у садах, парках, лісцевых лясах.
Крылы ў размаху да 3,5 см, афарбоўка белая, на пярэдніх крылах зрэдку чорныя кропкі; на канцы брушка пучок залацістых валаскоў (адсюль назва). Яйцакладкі (на лісці) прыкрываюцца валаскамі. Шаравата-чорныя вусені даўж. да 3,5 см, бародаўчатыя, з пякучымі валаскамі, якія пры сутыкненні з імі выклікаюць моцнае раздражненне скуры і слізістых абалонак. Зімуюць групамі (па 200—300) у гнёздах з лісця. Знішчаюць пупышкі і лісце пладовых і лясных лісцевых дрэў.