C5H9N3, тканкавы гармон мясц. ўздзеяння, медыятар нерв. сістэмы, біягенны амін. Ёсць у значнай колькасці ў неактыўнай звязанай форме ў тлустых клетках розных органаў і тканак жывёл і чалавека (лёгкіх, печані, скуры), а таксама базафілах крыві. Утвараецца ў выніку дэкарбаксіліравання гістыдзіну. Пры ўзаемадзеянні антыгену (алергена) з малекуламі імунаглабулінаў, звязаных з тлустымі клеткамі, адбываецца вызваленне з клетак сакраторных пузыркоў, у якіх ёсць гістамін, што можа з’яўляцца прычынай алергічных рэакцый арганізма. Гістамін выступае ў ролі сігнальнай малекулы, як хімічны медыятар выклікае расшырэнне крывяносных капіляраў і павышэнне іх пранікальнасці, звужэнне буйных сасудаў, скарачэнне гладкай мускулатуры, рэзка павялічвае сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.
Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́ЙНІКІ (Rhantus),
род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАПРАТЭІ́ДЫ, глікапратэіны,
складаныя бялкі, у якіх ёсць вугляводы. Прысутнічаюць ва ўсіх тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах. Мал. маса 15 000—1 000 000. Колькасць вугляводаў у глікапратэідах вар’іруе ад долей працэнта да 80%. Да глікапратэідаў належаць многія бялкі крыві (цэрулаплазмін, трансферын, фібрынаген, імунаглабуліны і інш.), бялкі сакрэтаў слізістых залоз (муцыны), апорных тканак (мукоіды), некаторыя ферменты (панкрэатычная рыбануклеаза Б), гармоны (эрытрапаэцын, тырэатрапін), структурныя бялкі клетачных мембран. Глікапратэіды клетачнай абалонкі ўдзельнічаюць у іонным абмене клеткі, імуналагічных рэакцыях, у з’явах міжклетачнай адгезіі і г.д. У крыві і тканках антарктычных рыб выяўлены глікапратэіды-антыфрызы, якія перашкаджаюць утварэнню крышталёў лёду ў арганізме рыб пры т-ры ніжэй за 0 °C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
вучэбна-прамысл. прадпрыемства ў 1859—1916 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це і рамесным вучылішчы. Меў 2 паравыя машыны (1872—73), лакамабіль (1879), вагранку для адліўкі чыгунных і жал. вырабаў (1863). Працавалі доменная печ на 50 пудоў чыгуну (1879), 9 розных станкоў (1884). Метал набывалі ў Маскве. Вырабляў веялкі, бароны «зігзаг», плугі, крупадзёркі, малатарні, прылады для млыноў, конныя веялкі, сарціроўкі, запчасткі с.-г. машын, пакоўкі для мастоў і інш. У 1895 працавала 66 чал., выраблена прадукцыі на 10,7 тыс.руб. У 1870—80-я г.з-д належаў да лепшых прадпрыемстваў Магілёўскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН (Вячаслаў Цімафеевіч) (6.2.1931, г. Астрахань, Расія — 2.10.1994),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Акад. УАСГНІЛ (1973), д-рс.-г.н. (1971), праф. (1972). Скончыў БСГА (1953). З 1964 дырэктар Бел.НДІ жывёлагадоўлі. У 1973—75 — віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1975 у Расіі. Навук. працы па метадах генетычнай экспертызы паходжання племянной жывёлы, прагназавання гетэрозісу пры міжпародным скрыжаванні свіней, пытаннях эканомікі і арганізацыі жывёлагадоўлі. Адзін са стваральнікаў бел. чорна-пярэстай пароды свіней, спосабаў генетычнай дыягностыкі аскарыдозу ў свіней, генетычнай экспертызы ў малочнай жывёлагадоўлі і інш.
Тв.:
Интенсивный откорм свиней. Мн., 1967;
Интенсификация и специализация животноводства. Мн., 1969 (разам з А.А.Гайко. К.Ф.Барысаўцом).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. granulum зярнятка + ...метрыя),
грануламетрычны аналіз, механічны аналіз, сукупнасць прыёмаў вызначэння наяўнасці розных па велічыні фракцый зерняў у асадкавых горных пародах, карысных выкапнях, глебах і штучных матэрыялах. Выкарыстоўваецца ў геалогіі для класіфікацыі, вызначэння калектарскіх уласцівасцей пластоў, умоў утварэння парод і інш., горнай справе — для ацэнкі якасці горнай масы, вынікаў узрыўных работ, пры абагачэнні карысных выкапняў, у грунтазнаўстве, інж. геалогіі і інш. Адрозніваюць метады дыферэнцыяльныя (метад планіметрыі і мікраскапічны аналіз з мадыфікацыямі — метад сканіравання, імпульсны, кандуктаметрычны) і інтэгральныя (сітавы і гідраўлічны аналізы). Вынікі грануламетрыі адлюстроўваюць у выглядзе лічбавых табліц або графічна. Найб. пашыраныя графікі гістаграмы, кумулятыўныя крывыя і крывыя размеркавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́Н (Флавій) (Flavius Gratianus; 13.4.359, Сірмій, рым.прав. Панонія, цяпер г. Срэмска-Мітравіца, Сербія — 25.8.383),
рымскі імператар. З 367 суправіцель свайго бацькі Валентыніяна I, пасля яго смерці (375) правіў зах.ч. імперыі. Пры Грацыяну ў 378—383 вялася барацьба з алеманамі, сарматамі і вестготамі на Рэйне і Дунаі. Ён выступіў таксама супраць язычнікаў, арыян і данатыстаў, у 382 адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка і загадаў вынесці з сената алтар Перамогі — сімвал язычніцтва. У 383 па яго загадзе канфіскавана ўся маёмасць, якая належала храмам стараж.рым. багоў. У час мяцяжу ўзурпатара Максіма ў Брытаніі гальскія войскі зарадзілі Грацыяну, ён быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗНЫ,
горад, сталіца Чэчэнскай Рэспублікі (Ічкерыя), на р. Сунжа. 186 тыс.ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Нафтаперапр., нафтахім., хім., харч.прам-сць, машынабудаванне (нафтавае абсталяванне і інш.) і металаапрацоўка. Моцна пацярпеў у час ваен. дзеянняў у 1994—96.
Засн. ў 1818 пры буд-ве Сунжэнскай абарончай лініі як рус. крэпасць Грозная. У 1869 крэпасць перайменавана ў горад Грозны. У 1893 праз яго прайшла чыг. Беслан—Пятроўск-Порт (сучасная Махачкала). З пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр Паўн. Каўказа. З 1934 сталіца Чэчэна-Інгушскай аўт.вобл., у 1936—91 аднайменнай АССР (у 1944—57 цэнтр Грозненскай вобл.), з 1.11.1991 сталіца Чэчэнскай рэспублікі (Ічкерыя) у складзе Рас. Федэрацыі.