КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). УСтараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенону Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэону Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. уРым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабору С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл ув. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян ув. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл ув. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць уг. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў 16 крас. — 8 мая, якая прывяла да авалодання Берлінам, выхаду сав. войскаў на р. Эльба і завяршыла разгром ням.-фаш. армій у 2-й сусв. вайне. Да канца сак. 1945 сав. войскі разбілі найбольшыя групоўкі ням.-фаш. войск ва Усх. Прусіі, Польшчы, Усх. Памераніі, Венгрыі і выйшлі шырокім фронтам да р. Одэр (Одра) і Нейсе. Сціснутая з У, Пд і ПнЧырв. Арміяй, з З войскамі саюзнікаў, фаш. Германія мабілізавала апошнія рэсурсы, каб утрымаць абарону на Одэры і Нейсе, а калі яе прарвуць сав. войскі — здаць Берлін амерыканцам і англічанам. Вакол Берліна ням. камандаванне стварыла глыбокаэшаланіраваную абарону да 100 кму глыбіню з 3 абводамі і 9 сектарамі абароны ў горадзе. Для абароны Берліна з У былі сканцэнтраваны групы армій «Вісла» (ген.-палк. Г.Хейнрыцы) і «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.Шэрнер); 85 дывізій (з іх 4 танкавыя і 10 матарызаваных), 37 асобных палкоў, 98 асобных батальёнаў і інш.; усяго 1 млн.чал. Акрамя таго, гітлераўцы сфарміравалі 200 батальёнаў апалчэнцаў, т.зв. фольксштурму, 8 дывізій рэзерву гал. камандавання. Сав. камандаванне на фронце ў 400 км ад Шчэціна да Гёрліца сканцэнтравала 19 агульнавайск., 7 танкавых і 4 паветр. арміі: 2,5 млн.чал., 41600 гармат і мінамётаў, 6250 танкаў і самаходна-артыл. установак, 7500 самалётаў. Перавага над праціўнікам складала ў людзях 2,5:1, артылерыі 4:1, танках і самаходна-артыл. устаноўках 4,1:1, авіяцыі 2,3:1. У Берлінскай аперацыі ўдзельнічалі авіяцыя Балт. флоту і Дняпроўская ваенная флатылія, 1-я і 2-я арміі Войска Польскага.
Берлінская аперацыя пачалася 16 крас. ў 5 гадзін раніцы (па маскоўскім часе). Войскі 1-га Бел. фронту наносілі гал. ўдар з Кюстрынскага плацдарма. У паласе атакі сав. пяхоты поле бою асвятлялі магутныя зенітныя пражэктары. Да канца дня прарваны 2 паласы абароны. Адначасова ў напрамку г. Котбус і Пд Берліна наступалі войскі 1-га Укр. фронту. Яны фарсіравалі рэкі Нейсе і Шпрэе. Войскі 2-га Бел. фронту вялі баі на Пн ад Берліна, у прыморскай паласе і раёне Шчэціна. Упартае супраціўленне ворага на Одэры і Нейсе было зламана, і 23 крас. войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў уварваліся ў Берлін. 25 крас. танкавыя злучэнні ў раёне г. Кетцын замкнулі кальцо акружэння вакол Берліна, разарваўшы фронт ням.-фаш. войск на 2 групоўкі — берлінскую і франкфурт-губенскую. 26 крас.сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна. 30 крас. авалодалі асн. пунктам цэнтр. сектара абароны — рэйхстагам, над якім быў узняты чырв. сцяг. 2 мая ў 15 гадзін супраціўленне берлінскага гарнізона спынілася. Войскі 1-га Бел. і 1-га Укр. франтоў сустрэліся на Эльбе з амер. Войскамі, войскі 2-га Бел. фронту выйшлі да Вісмарскай бухты, дзе сустрэліся з англ. войскамі. 8.5.1945 у Карлсхорсце прадстаўнікі вышэйшага ням. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.
У ходзе Берлінскай аперацыі разбіта больш за 90 дывізій, узята ў палон каля 480 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка, захоплена больш за 1500 танкаў і штурмавых гармат, 4500 самалётаў і інш. тэхніка. Сав. войскі страцілі забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 350 тыс.чал. (з іх 78 291 чал. забітымі). За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час Берлінскай аперацыі, больш як 600 сав. воінам было прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 13 чалавекам гэта званне было прысвоена ў 2-і раз, 1082 тыс.чал. узнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна». 187 часцям і злучэнням, якія найб. вызначыліся ў Берлінскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Берлінскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСІ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА, інсіта,
наіўнае мастацтва, галіна выяўл. мастацтва; творчасць мастакоў, што не маюць прафес.маст. падрыхтоўкі. Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў (інш. назвы — «сучасныя прымітывы», «мастакі нядзелі», «мастакі святога сэрца») мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафес. мовы выяўл. мастацтва. Стылістыка І.м. зыходзіць з імкнення да адлюстравання рэчаіснасці паводле свайго суб’ектыўнага ўяўлення пра яе, з міфалагізму светапогляду, імкнення да апавядальнасці і архітыповасці маст. вобразаў, вылучаецца метафарычнасцю маст. мовы, дэталізацыяй, імкненнем да абагульненасці тыпажу, пейзажных і побытавых элементаў, ненаўмысным парушэннем прапорцый у выявах у адпаведнасці з іх значнасцю, статычнасцю, парадкавай пабудовай кампазіцыі, умоўнасцю перспектывы, наяўнасцю некалькіх пунктаў агляду, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю.
Асэнсаванне І.м. пачалося ў 1880-я г.Уеўрап. культуру ўвайшло творамі франц. мастака-самавука А.Русо, якія ўпершыню экспанаваліся ў парыжскім Салоне незалежных (1885). Сярод франц. інсітнікаў Л.Віўен, К.Бамбуа, Д.П.Пейранэ, С.Луі (Серафін э Сансаліса). У краінах Усх. Еўропы разглядаецца як эвалюцыйны этап традыц.нар. мастацтва, якое трансфармуецца ў індывід. творчасць асобных мастакоў-самавукаў: Нікіфар, Т.Ачэпка, Ю.Собат (Польшча), О.Біхалі-Мерын (Венгрыя), З.Губачак, І.Прохаска (Чэхія), І.Рабузін, І.Генераліч, С.Вечэнай і мастакоў Глебенскай школы (б. Югаславія). У розны час вывучэннем і папулярызацыяй І.м. займаліся Г.Апалінэр, А.Валар, П.Гіём, Р.Дэланэ, П.Пікасо, В.Удэ (Францыя), К.Півоцкі, А.Яцкоўскі (Польшча), Ш.Ткач (Славакія), Біхалі-Мерын (Венгрыя, аўтар «Энцыклапедыі наіўнага мастацтва», 1986), В.Кандзінскі, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, Д.Бурлюк (Расія). Цікавасць да І.м. ў краінах б.СССР узнікла ў пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых мастакоў Н.Пірасманашвілі (Н.Пірасмані, (Грузія), К.Білакур, М.Прымачэнка (Украіна), М.Бічэнене (Літва), Г.Дзікарская, Т.Елянок, І.Селіванаў, Я.Часнякоў (Расія). У 1970—90-я г. склалася рас. мастацтвазнаўчая школа па вывучэнні І.м. (Г.Астроўскі, К.Багемская, В.Балдзіна, Г.Паспелаў, Л.Тананаева і інш.), дзе яно разглядаецца як тыпалагічная разнавіднасць прымітыўнага мастацтва. Праводзяцца міжнар. трыенале І.м. ў Славацкай нац. галерэі ў Браціславе (1966, 1969, 1972, 1994, 1997), навук. сімпозіумы Міжнар. кабінета І.м., выстаўкі [Парыж (1-я 1937), Бадэн-Бадэн, Цюрых, Ротэрдам], дзе на некаторых з іх побач з інсітнымі творамі экспанавалася выяўл. мастацтва абарыгенаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, дзяцей і псіхічна хворых, якое мае стылістычнае падабенства з І.м.
На Беларусі вывучэнне І.м. пачалося ў 1990-я г. Пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, Л.Трахалёвай і інш. Сярод мастакоў-інсітнікаў В.Альшэўскі, П.Баранаў, А.Быстрыцкі, М.Валуевіч, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, В.Кавалеўскі, А.Кіш, Б.Лабкоўскі, В.Пляшкоў, Г.Рабіза, М.Рышкевіч, М.Сайфугаліева, М.Тарасюк, В.Цяцёркін, М.Юхно. Створаны музеі твораў Засінца (в.Мядзведнае, Ельскі р-н Гомельскай вобл.) і Тарасюка (в.Стойлы, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1994 уНац.маст. музеі адбылася першая нац. выстаўка І.м.
Літ.:
Примитив и его место в художественной культуре нового и новейшего времени. М., 1983;
Примитив в искусстве: Грани проблемы. М., 1992;
Примитив в изобразительном искусстве: Материалы Всерос. науч.практ. конф. М., 1994;
Мастацтва — Insitus: Першая нац. выстаўка інсітнага мастацтва ў Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1994;
Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва-інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канф.Мн., 1997;
Jackowski A. Sztuka zwana naiwna: Zarys encyklopedyczny twórczości w Polsce. Warszawa, 1995.
В.А.Лабачэўская.
Да арт.Інсітнае мастацтва. М.Засінец. Унук. 1971.Да арт.Інсітнае мастацтва. С.Вечэнай. Адам і Ева. 1967.Да арт.Інсітнае мастацтва. Н.Пірасманашвілі. Кампанія Бего. 1907.Да арт.Інсітнае мастацтва. І.Генераліч. Алень у пушчы. 1956.Да арт.Інсітнае мастацтва. А.Русо. Нападзенне ягуара на каня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,
адна з вырашальных вайск. аперацый уВял.Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс.чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн.чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп.сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна» (уліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. Учас бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял.Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.
Літ.:
Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;
Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ.М., 1957. С. 186—202;
Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.
В.А.Юшкевіч.
Да арт.Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНТАЛІТЭ́Т,
ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам усац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.
Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанаму 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.Феўр, І.Меерсон, Р.Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.
М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. Устараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш.Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш.У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.
Літ.:
Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;
Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;
История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;
Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТО́ПІЯ (ад грэч. u не + topos месца. г. зн. месца, якога няма),
1) від сац.-паліт. фантазіі і форма адлюстравання грамадскага і прыватнага жыцця людзей уяўнай краіны, якія адпавядалі пэўнаму ідэалу сац. гармоніі. Тэрмін паходзіць ад назвы твора Т.Мора «Утопія» (1516), дзе створаны цэласны вобраз добра ўпарадкаванай на аснове натуральнага права дзяржавы на быццам бы існуючым востраве з аднайм. назвай. Для У. (у адрозненне ад антыутопіі) характэрна вера ў магчымасць стварэння дасканалага грамадства, сац. і духоўнага ўдасканалення чалавецтва і наогул угіст. прагрэс.
Утапічныя ўяўленні ўзнікалі на працягу ўсёй гісторыі грамадскай думкі, пачынаючы з міфа пра «залаты век», выкладзенага ў паэме Гесіёда (8—7 ст. да н.э.). Першае утапічнае апісанне ідэальнай дзяржавы, у якой арганічна спалучаліся інтарэсы ўсіх саслоўяў, папавалі мудрасць, дабро і справядлівасць, даў Платон («Дзяржава», «Тымей»). Хрысц. філосаф Аўгусцін «зямному гораду» (дзяржаве) проціпастаўляў містычны «божы горад» («Пра горад божы», 413—426). Аналагічныя погляды выказвалі хрысц. тэолагі Іаахім Флорскі («Каментарыі да Апакаліпсіса», 1527), Я.Брокарда («Адкрыццё святога Іаана», 1582), Т.Бакаліні («Весткі з Парнаса», 1612—13), І.В.Андрэ («Хрысціянаполіс», 1619). Утапічныя праекты грамадскага ўладкавання прапаноўвалі ў сваіх творах мысліцелі стараж. і сярэдневяковага Кітая (Ма-цзы, Лао-цзы, Шан Ян і інш.), Б. і Сярэдняга Усходу (Фарабі, Ібн Баджа, Ібн Туфайль, Нізамі і інш.). Аптымальны ва той час ліберальна-дэмакр. варыянт дзярж. ладу распрацаваў Дж.Гарынгтан («Рэспубліка Акіянія», 1656). Пазней утапічныя творы сталі адным з жанраў фантастычнай літаратуры. Вучэнне пра ідэальнае грамадства, заснаванае на агульнасці маёмасці, абавязковай працы і справядлівым размеркаванні, пакладзена ў аснову розных плыней утапічнага сацыялізму. Радыкальныя сац. утапічныя ідэі антыпрыгонніцкай накіраванасці, прасякнутыя пафасам натуральнай свабоды і шчасця людзей, непрымальнасці насілля, хлусні і дэспатызму, маюцца ў творах бел. мысліцеляў і асветнікаў П.Бжастоўскага, М.Ф.Карповіча, Т.Млоцкага, І.І.Ю.Л.Храптовіча, І.М.Яленскага, М.В.Лавіцкага, З.Серакоўскага і інш.
Зах.-еўрап.сацыяліст.У. паўплывалі на станаўленне марксізму і марксізму-ленінізму, пра што сведчыць няўдача практычнай рэалізацыі ідэй сацыялізму ў СССР і інш. краінах. Як альтэрнатыва марксізму і ідэалізацыя новых праграм і шляхоў рэфармавання грамадства ў 2-й пал. 20 ст. атрымалі пашырэнне утапічныя працы Ф.Хаека, У.Мура, Ч.Р.Мілса, Г.Маркузе, А.Турэна і інш. Пагроза тэхнагеннай, ядзернай і экалагічнай катастрофы, грамадскіх канфліктаў і крызісаў садзейнічае ўсведамленню неабходнасці рэалізацыі на практыцы сканструяваных ідэальных мадэлей інфармацыйнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства і інш.; адсюль трансфармацыя У. ў практопію. Замацаваная яшчэ ў 18—19 ст. накіраванасць У. ў будучыню і стаўка на навук.-тэхн. прагрэс надалі ёй вядомую футуралагічную і касмалагічную каштоўнасць, калі ўзорныя, ідэальныя дзяржавы пачалі адкрываць не толькі на зямным шары, але і ў міжпланетнай прасторы. Для разнастайных па змесце і форме У. агульным з’яўляецца прамая ці ўскосная крытыка наяўнай сац. рэальнасці, прызнанне магчымасці выправіць яе недахопы і канчаткова вырашыць усе сац.-эканам., паліт. і духоўна-маральныя праблемы шляхам ператварэння ў сапраўднасць інтэлектуальнага, утапічнага праекта або мадэлі.
2) Навукова неабгрунтаваны сац., эканам., тэхн. ці інш. праект.
Літ.:
Кампанелло Т. Город Солнца: Пер. с лат.М., 1954;
Володин А.И. Утопия и история. М., 1976;
Клибанов А.И. Народная социальная утопия в России. М., 1977;
Мор Т. Утопия: Пер. с лат.М., 1978;
Социокультурные утопии XX в. Ч. 1—2. М., 1979—83;
Ушаков А.М. Утопическая мысль в странах Востока. М., 1982;
Русская литературная утопия. М., 1986;
Утопия и утопическое мышление: Антол. заруб. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991;
Самсонова Т.Н., Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРЭ́НСКІ Павел Аляксандравіч (21.1.1882, г. Еўлах, Азербайджан — 8.12.1937),
расійскі філосаф, багаслоў, мастацтва- і літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904), Маскоўскую духоўную акадэмію (1908) і выкладаў у ёй да 1919 (з 1914 праф.). З 1911 святар. У 1912—17 рэдактар час. «Богословский вестник». З 1918 вучоны сакратар Камісіі па ахове помнікаў мастацтва і старажытнасцей Троіца-Сергіевай лаўры. У 1921—24 праф. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў, вёў н.-д. дзейнасць у сістэме Галоўэлектра ВСНГ РСФСР. З 1927 нам.гал. рэдактара «Тэхнічнай энцыклапедыі». У 1928 высланы ў Ніжні Ноўгарад, у 1933 асуджаны на 10 гадоў; расстраляны ў Салавецкім лагеры. Рэабілітаваны ў 1958 і 1959. Гал. сваёй задачай лічыў пракладанне шляхоў да цэласнага светапогляду, які б сінтэзаваў веру і розум, багаслоўе і філасофію, мастацтва і навуку. Адметныя рысы яго філасофіі («канкрэтная метафізіка») — імкненне да платанізму, збліжэнне элінскай і правасл. духоўных традыцый. Важнай праблемай анталогіі і тэорыі пазнання лічыў выяўленне мовы сімвалаў. Быццё, паводле Ф., скіравана ўнутр, засяроджана ў сваёй глыбіні і разам з тым энергетычна выяўляе сябе звонку; носьбітамі энергіі быцця з’яўляюцца імёны і словы, таму яны — сімвалы быцця; пазнанне ўспрымаў як узаемадзеянне энергій быцця, якое пазнае, і быцця, якое пазнаецца. На яго думку, паколькі мова выяўляе пазнавальныя адносіны да свету, яна з’яўляецца дваістай: і ўстойлівай сістэмай, і жывой дзейнасцю духа. Гэтае двухадзінства лічыў умовай быцця мовы. Паводле Ф., адна з асн. характарыстык быцця ў яго цяперашнім заняпалым стане — антынамічнасць, таму антынамічнае і любое дзеянне розуму. На яго думку, антынамічнасць можна пераадолець праз подзвіг веры і любві. У цэнтры яго культ.-гіст. поглядаў адмаўленне культуры як адзінага ў часе і прасторы працэсу, эвалюцыі і прагрэсу культуры. На яго думку, сярэдневяковая культура, якая карэніцца ў кульце, з уласцівымі ёй цэласнасцю і арганічнасцю, саборнасцю і дыялектнасцю, дынамікай і актыўнасцю супрацьстаіць чалавекабожніцкай культуры Адраджэння; яна характарызуецца раздробленасцю, індывідуалізмам, статычнасцю і інтэлектуалізмам, таму нясе ў сабе пачатак хаосу. Лічыў, што рэнесансавая еўрап. культура да пач. 20 ст. спыніла сваё існаванне, пасля чаго сталі назірацца парасткі культуры новага тыпу. Выступаў супраць уяўлення пра культуру як першасную і самадастатковую каштоўнасць і сцвярджаў неабходнасць пошуку каштоўнасцей, вышэйшых за яе. Такой каштоўнасцю лічыў рэліг.культ.Асн. законам сусвету лічыў закон нарастання энтрапіі (хаосу ва ўсіх яго галінах); хаосу проціпастаўляў Логас. Распрацоўваў паняцці прамой і адваротнай перспектыў як канкрэтна-гіст. тыпаў маст. выяўлення, што адпавядаюць рэнесансаваму і сярэдневяковаму светаразуменню. Абразы разглядаў як найвышэйшыя маст. сімвалы духоўнай рэальнасці. У багаслоўі распрацоўваў сістэмы тэадыцэі (апраўданне Бога ва ўмовах зла) і антрападыцэі (апраўданне чалавека, створанага паводле вобраза і падабенства божага, але недасканалага і грахоўнага). Значнае месца ў яго поглядах займае сафіялогія; разглядаў Сафію як «пачатак і цэнтр збаўленага тварэння», як царкву ў зямным і нябесным аспектах, а Дзеву Марыю як «ідэальнай асобы чалавека». Аўтар прац «Агульначалавечыя карані ідэалізму» (1909), «Ля водападзелаў думкі» (1910—29, не скончана), «Стоўп і сцвярджэнне ісціны: Вопыт праваслаўнай тэадыцэі» (1914), «Уяўнасці ў геаметрыі» (1922) і інш.
Тв.:
Соч.Т. 1—4 М., 1994—99;
У водоразделов мысли. М., 1990;
Воспоминания. М., 1992;
Имена. М.;
Харьков, 2001;
Переписка священника П.А.Флоренского со священником С.Н.Булгаковым. Томск, 2001.
Літ.:
Половинкин С.М. П.А.Флоренский: Логос против хаоса. М., 1989;
Кравец С.Л. О красоте духовной: (П.А.Флоренский;
религиозно-нравственные воззрения). М., 1990;
Андроник (Трубачев А.С.). Теодицея и антроподицея в творчестве священника Павла Флоренского. Томск, 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬ,
старажытна-руская плацежная і грашовая адзінка; асн. грашовая адзінка і манета ВКЛ, Рас. імперыі, РСФСР, СССР; Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Украіны (да 16.9.1996), Рэспублікі Таджыкістан («рубл»). Этымалагічна, верагодна, паходзіць ад прыметніка «рублены», «абрублены». Як грашовая адзінка Р. упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах Ноўгарада з канца 13 ст., меў выгляд злітка. (да 1447) і адпавядаў 105 нагатам. У 1-й чвэрці 14 ст. тэрмін «Р.» быў сінонімам слова «грыўня». Да 1510 адначасова функцыянавалі наўгародскі і маскоўскі Р. Паводле манетнай рэформы 1534 Р. канчаткова набыў выгляд дзесятковай манетнай сістэмы (Р. = 10 грывенкам = 100 капейкам = 200 дзенгам). Упершыню Р.-манета быў адчаканены ў 1654 па масе талера і наміналам у 100 капеек. Паводле грашовай рэформы Пятра I ў 1699—1701 пачалася чаканка яго фракцый: 1/2 (палціна) і 1/4 (паўпалціна), з 1704 — масавая эмісія. З 1769 выпускаліся папяровыя асігнацыі ў 25, 50, 75 і 100 Р.; крэдытны білет у 1 Р. з’явіўся ў 1843. У 1917 у абарачэнні знаходзіліся сярэбраны Р., у золаце 5 і 10 Р., у паперах — 1, 3, 5, 10, 25, 50, 100, 250, 500 і 1000 Р. Учасграмадз. вайны выкарыстоўваліся папяровыя і металічныя грошы наміналам у Р. і яго кратныя адзінкі Рас. імперыі, Часовага і Сав. урадаў, розных рэгіянальных урадаў і к-таў, населеных пунктаў і прадпрыемстваў. Усак. 1919 выпушчаны разліковыя знакі РСФСР вартасцю 1, 2 і 3 Р. Пасля ўтварэння СССР саюзныя рэспублікі спынілі свае грашовыя эмісіі і паводле дэкрэта ад 22.9.1923 уводзілася адзіная валюта — купюры ад 1 да 100 Р. У 1924 у абарачэнне паступілі сярэбраныя Р., залаты чырвонец 1923 (для знешняга гандлю). У 1947 і 1961 уСССР праведзены грашовыя рэформы з адначасовай дэнамінацыяй (абмен 1:10). З 1.1.1961 сав. Р. фактычна атрымаў статус канверсаванай валюты. З 1961 да 1992 у абарачэнні знаходзіліся 1, 3, 5, 10, 50 і 100 Р. Цяпер у Расійскай Федэрацыі (пасля дэнамінацыі 1997) у абарачэнні манеты вартасцю 1, 2 і 5 Р., банкноты ў 1, 5, 10, 25, 50, 100, 500 і 1000 Р.
На тэр. Беларусі Р. як грашова-лікавая адзінка з’явіўся на мяжы 13—14 ст. першапачаткова ў Віцебскім княстве і ў 1300/1305—27 адпавядаў 50 пражскім грошам. Пры вял.кн.Альгердзе Р. пашырыўся ў ВКЛ. Тэрмін «літоўскі Р.» убел.-літ. летапісах упершыню названы ў 1399. У 1407 Р. адпавядаў 100 пражскім грошам, а ў 1500—100 літ. грошам. Да сярэдзіны 15 ст. Р. выкарыстоўваўся ў выглядзе сярэбранага злітка (маса 179,8—180 г), а з 2-й пал. 15 ст. функцыянаваў як лікавая адзінка. УВКЛ Р. ужываўся да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і з’явіўся асновай для пераходу мясц. грашовага абарачэння на выкарыстанне рас. Р. У Рэспубліцы Беларусь у 1992 у абарачэнне быў уведзены «беларускі Р.» вартасцю 1, 3, 5, 10, 25, 50 Р. (да 1.11.1995), 250 і 500 (з 8.12.1992), 1000 (з 8.12.1993) і 5000 Р. (з 7.4.1994); (з 16.4.1998 дзве апошнія — новага ўзору), 20 000 Р. (з 1.1.1995), 50 000 і 100 000 Р. (з 17.10.1996), 500 000, 1 000 000 і 5 000 000 Р. (з 30.4.1999). 20.8.1994 праведзена 1-я дэнамінацыя, калі былі скасаваны суадносіны падліковага і папяровага Р. (10:1) і яны сталі ўраўнаважаны. З 1.1.2000 (пасля 2-й дэнамінацыі) у абарачэнні знаходзяцца 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 Р.; з 16.4.2001—10 000 Р. Усе наміналы (акрамя першых трох) абаронены ад падробкі. З 1995 у якасці законнага плацяжу выпускаюцца памятныя металічныя Р. наміналам 1 (медна-нікелевы сплаў), 20 (серабро) і 1000 (золата) Р. Вядома 7 серый манет, якія рэалізуюцца па камерцыйным кошце як калекцыйны матэрыял ці сувеніры.
Літ.:
Бектинеев Ш.И. Обращение рубля на территории Беларуси до Люблинской унии 1569 г. // Беларусістыка: Беларусь, гіст. лёс народа і культуры. Мн., 1995;
Малышев А.И., Таранков В.И., Смиренный И.Н. Бумажные денежные знаки России и СССР. М. 1991;
Мельникова А.С. Русские монеты от Ивана Грозного до Петра Первого. М., 1989;
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў.
1 рубель (паводле эмісіі Нац. банка Беларусі, 1992).1 рубель (пасля дэнамінацыі 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭАГРАФІЧНАЕ МАСТАЦТВА.
Нар. харэаграфічнае мастацтва беларусаў выступае як складаная поліэлементная з’ява ў арганічным спалучэнні з каляндарна-земляробчай і сямейна-родавай сістэмамі. Складаецца яно з карагодаў і танцаў. Найстараж. від нар.танц. творчасці, пашыраны на Беларусі, — карагод (харавод, каравод, танок, кола, круг). Гэта калектыўная харэаграфічная дзея, у якой рухі арганічна спалучаюцца з харавым спяваннем (часам з інстр. суправаджэннем) і драматызацыяй паэт. зместу. Паводле функцый карагоды падзяляюцца на абрадавыя, прымеркаваныя да абрадаў або пэўнага часу і абставін, і пазаабрадавыя. Сярод абрадавых пераважаюць карагоды веснавыя (выконваюцца «ад Масленкі да Тройцы»), летняга перыяду (звязаны з купальскімі ігрышчамі і жнівом), восеньскія (звязаны з абрадам «Жаніцьба Коміна»), зімовыя (звязаны з Калядамі). Карагоды, прымеркаваныя да абрадаў, сустракаюцца ў каляндарным і сямейным цыклах, пазаабрадавыя выконваюцца ў любы час. Паводле жанравых прыкмет карагоды падзяляюць на 3 групы з адпаведным дамінаваннем у іх песні, гульні, уласна харэаграфіі: песенныя («Чыя эта мамка па вуліцы ходзіць», «Ідзе, ідзе карагод», «Як па жыту луны ходзюць», «Ой, што на нашым на шырокім возеры», «Ой, ляці, страла, да ўздоўж сяла» і інш.), гульнявыя («Пава хадзіла пер’е раніла», «Заінька па-за садам», «Сядзіць, сядзіць Яшчар», «Цар за горадам гуляе», «А мы проса сеялі», «Рында», «Ідзіце, мальцы, у карагод» і інш.), танцавальныя («Як пашла мядзвежка пір піруваці», «Васіль, Васілёчык», «Зязюля», «Каб мне чарачку гарэлкі», «Гусарык», «Шастак» і інш.). Выконваюцца карагоды пераважна жанчынамі ўсіх узроставых груп (класічныя кругавыя карагоды — абрадавыя ці прымеркаваныя да абрадаў), а таксама дзіцячымі, падлеткавымі, маладзёжнымі гуртамі мяшанага складу (пераважна гульнявыя і танц.).
Бел. аўтэнтычны т а н е ц — складаная сістэма, якая спалучае функцыі: абрадавыя (калядныя, жніўныя, вясельныя); прымеркаваныя да абрадаў (каляндарных і сямейна-родавых), якія выконваюцца ў любы час (на вечарынках, гульнях, ігрышчах, забавах, кірмашах, фэстах, у бяседзе); жанравую разнавіднасць (кадрылі, полькі, лявоніхі, вальсы, група запазычаных фалькларызаваных танцаў); тып арганізацыі руху (танцы-гульні, танцы ілюстрацыйна-выяўленчыя, арнаментальныя, імправізаваныя); структуру (аднаматыўныя, мала- і шматфігурныя, мала- і шматкаленныя); склад выканаўцаў (парна-гуртавыя, сольна-гуртавыя, з няцотнай колькасцю ўдзельнікаў, парныя, сольныя); муз. суправаджэнне — сольнае («пад язык», інструмент), ансамблевае (інстр., песенна-інстр.). Сярод абрадавых танцаў: калядныя («Каза», «Мядзведзь», «Кабылка», «Буцян» і інш.), жніўныя («Казёл» і інш.), вясельныя («Качан», «Чобаты», «Жабка», «Скокі на лаўках», «Жораў» і інш.), прымеркаваныя да абрадаў («Магера», «Таўкачыкі», «Лявоніха» з каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі» і інш.). Сярод пазаабрадавых: «Лявоніха», «Мяцеліца», «Кашэль», «Чарэйка», «Кросны», «Церніца», вальс «Вішанька», «Акуліна»; «Какетка», «Каханачка», «Лысы», «Матлёт»; «Мікіта», «Заяц», «Казак», «Рускага» і шмат інш. Вызначальнымі для беларусаў з’яўляюцца полькі, якія пашыраны ў шматлікіх тыпах, варыянтах і назвах: «Трасуха», «Дробная», «Скакуха», «Соўгалка», «Крутуха», «Вінтом», «Верацяно», «Рассыпуха», «Казёл», «Зявака», «Шчэпка», «Пчолка», «З камандамі», «На два бакі» і інш.
Першыя звесткі пра бел. харэаграфічны фальклор з’явіліся ў 19 — пач. 20 ст.у працах Я.Чачота, братоў Я. і К. Тышкевічаў, І.Насовіча, П.Бяссонава, П.Шэйна, Е.Раманава, А.Кіркора, П.Шпілеўскага, А.Пшчолкі, М.Федароўскага, У.Дабравольскага, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, Я.Карскага, А.Багдановіча, А.Сержпутоўскага і інш.У 1844 выйшла першая публікацыя, прысвечаная бел. танцу, «Беларускі танец з прыпеўкамі» А.Овіча, у 1941 — «Беларускі танец» І.Хвораста. З сярэдзіны 20 ст. асобныя жанравыя разнавіднасці бел.традыц.нар. харэаграфіі разглядалі ў сваіх працах К.Галяйзоўскі, З.Мажэйка, В.Яшчанка і інш.У 1956 выдадзены першы зб. з нотнымі дадаткамі і малюнкамі «Шэсць беларускіх танцаў» (складальнік К.Аліна), у 1969 — манаграфія «Беларускі сцэнічны танец» Ю.Чурко, у 1978 — навучальны дапаможнік «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» Л.Алексютовіч. З 1990-х г.бел. танцавальны фальклор пачаў даследавацца як сінкрэтычнае адзінства руху, музыкі, слова, ва ўзаемасувязі функцыі, структуры і стылістыкі ў працы ў 6 т. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» («Магілёўскае Падняпроўе», т. 1, 2001; «Віцебскае Паддзвінне», т. 2, 2004). Сцэнічныя варыянты пашыраных на Беларусі танцаў запісвалі С.Грабеншчыкоў, Н.Лаўрухіна, А.Рыбальчанка, І.Серыкаў, Я.Хацілоўскі і інш.
Музыку для бел.нар. танцаў збіралі: у 19 ст. М.Ельскі, О.Кольберг, Я.Карловіч, Е.Раманаў, у 20 ст. А.Грыневіч, М.Чуркін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, І.Назіна, М.Козенка, А.Рашчынскі, В.Купрыяненка, А.Скорабагатчанка, М.Казловіч і інш., музыку бел.нар. танцаў выкарыстоўвалі ў сваіх творах бел. кампазітары І.Жыновіч, Дз.Камінскі, Р.Пукст, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, Дз.Лукас, Р.Сурус, В.Войцік, В.Помазаў, У.Кандрусевіч, Г.Гарэлава, П.Альхімовіч, В.Кузняцоў, А.Рашчынскі, С.Наско, С.Хвашчынскі, Л.Сімаковіч і інш.
У сістэме традыц.нар. харэаграфіі вызначальная роля належыць яе т.зв. карыфеям (лідэрам), якія выступаюць у ролі захавальнікаў нар. рэпертуару, мясцовага маст. стылю. Сярод нар. танцораў: на Усх. Палессі — В.Багданава, Я. і С. Вергуны, Л.Дрань, М.Забаўка, Р. і М. Казачэнкі, В.Казлоў, Г.Каўтунчык, Г.Круглова, Г.Ксяндзова, Т.Лахцерава, Ю.Ліпская, Н.Лось, М.Маркевіч, Л.Махнач, А.Сасноўская, З.Сініцкая; на Зах. Палессі — А.Клімчук, С.Кочык, Л.Крагель, М.Кунац, Г.Міхаевіч, С.Страпка, Г. і М. Сукач, Я.Шумак, Я.Якута, С.Ярошчык; уцэнтр. Беларусі — М. і С. Абрамовічы, З.Касцюковіч; у Падняпроўі — В.Галамака, М.Каношка, Т.Сінякова і інш.
У галіне традыц.нар. харэаграфіі працуюць нар. ансамблі нар. танца, музыкі і песні «Лёс» Бабіцкага сельскага дома культуры Чачэрскага р-на, засл.фалькл. ансамбль «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на, фалькл.-этнагр. гурт в. Скібічы Драгічынскага р-на, фалькл. калектывы — «Знаходка» Тышкавіцкага сельскага дома культуры Іванаўскага р-на, «Сінічкі» Івольскага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага р-на, дзіцячыя ўзорныя танц.фалькл. гурты «Берагіня» Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы «Школа-садок» Барысаўскага р-на, «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры, «Рудабельскія зорачкі» СШ №3 г.п. Акцябрскі, узорныя танц. калектывы «Нежачкі» Расонскага раённага цэнтра пазашкольнай работы, «Верасок» Капаткевіцкага гар. дома культуры Петрыкаўскага р-на і інш.
Самабытныя сцэнічныя пастаноўкі на аснове харэаграфічных першакрыніц зрабілі бел. харэографы П.Акулёнак, Л.Алексютовіч, Л.Барадулька, В.Варановіч, А.Вараб’ёў, Ю.Васілюк, В.Гаявая, В.Дарнеў, С.Дрэчын, М.Дубінін, М.Дудчанка, В.Жыльцоў, Н.Залеўская, Ч.Клячко, М.Лесагор, Л.Ляшэнка, А.Мяцельская, В.Папоў, В.Партной, А.Рыбальчанка, В.Сакалоў, П.Свярдлоў, І.Серыкаў, І.Смірноў, І.Хвораст, М.Цурканаў, Г.Чорны, Я.Штоп і інш.
У апошнія дзесяцігоддзі традыц. харэаграфічную спадчыну беларусаў даследавалі аддзел харэаграфічнага мастацтва Рэсп.навук.-метадычнага цэнтра культуры Мін-ва культуры Беларусі, галіновая навук.-даследчая лабараторыя бел.танц. творчасці Мінскага ін-та культуры (А.Варламаў, С.Гуткоўская, Г.Каляда, С.Клімовіч, Ю.Чурко і інш.), з пачатку 1990-х г. — лабараторыя традыц. мастацтва Бел.дзярж. ін-та праблем культуры (М.Козенка), а таксама абласныя і раённыя цэнтры культуры рэспублікі.
Да аўтэнтычнага танц. фальклору звяртаюцца харэаграфічныя калектывы Беларусі, бел. дыяспары за яе межамі. Асновам бел.нар. танца навучаюць у дзіцячых харэаграфічных школах, школах мастацтваў, у этнашколах. Як асобную дысцыпліну бел.нар. танец вывучаюць убел. ун-це культуры і мастацтваў, пед. ун-це імя М.Танка, у сярэдніх спец.навуч. установах культуры і мастацтва.
На Беларусі праводзяцца традыц.рэсп. фестывалі нар. танца «Беларуская полька» (г. Чачэрск; 1993, 1994, 1996, 1999—2000), рэгіянальныя фестывалі фалькл. мастацтва, у т. л. «Берагіня» (г.п. Акцябрскі; 1999, 2000—2001; з 2004 — рэсп.), «Мядоцкі край і яго таленты» (в. Мётча Барысаўскага р-на; 1997, 2001), а таксама рэсп. фестывалі бел.нар. танца «Палескі карагод» (перыядычна — міжнар.; г. Пінск, з 1991), «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992) і інш.
Пра бел. харэаграфічны фальклор зняты фільмы «Столінскія карагоды, танцы, скокі» (1990), «Чачэрскі куфэрак» (1991), «Карагод» (1995), «У святыя вечары на Каляды» (1996) і інш., а таксама больш за 30 танц.фалькл. тэлепраграм з цыкла «Радавод» (1991—2000).
Касцюмы для калектываў нар. танца вырабляюць маст.-эксперым.тэатр. камбінат, маст.-вытв. камбінат Бел. саюза тэатр. дзеячаў, навук.-вытв.рэсп. унітарнае прадпрыемства «Скарбніца», спецыялізаваныя атэлье ў абл. цэнтрах, прыватныя вытв. майстэрні і інш. па эскізах мастакоў А.Александровіч, Л.Баразны, І.Булгакавай, А. і Н. Бяловай, А.Казловай, С.Кошавай, Н.Мядзведскай, Ю.Піскуна, М.Раманюка, Л.Рулёвай, Т.Шэпет, Г.Юрэвіч, А.Юр’евай і інш.
М.А.Козенка.
Кругавы веснавы карагод у выкананні жыхарак вёсак Ламбава і Панкратавічы Бабруйскага раёна.Узорны фальклорны гурт «Берагіня» Барысаўскага раёна.
горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м.Зах.ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх.ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс.ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.
Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). Упач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э. — Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым. імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц.брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст.адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст.адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.
У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). Учас валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах.ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.Рэзнік, Э.Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.Нейфельд, 12 вітражоў М.Шагала), Кнесет (арх. Д.Кармі, І.Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.Кенэдзі (абодва 1966) і інш.Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).
Да арт.Іерусалім. М.Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.Мемарыял Дж.Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.