ФЛАРЭ́НСКІ Павел Аляксандравіч (21.1.1882, г. Еўлах, Азербайджан — 8.12.1937),
расійскі філосаф, багаслоў, мастацтва- і літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904), Маскоўскую духоўную акадэмію (1908) і выкладаў у ёй да 1919 (з 1914 праф.). З 1911 святар. У 1912—17 рэдактар час. «Богословский вестник». З 1918 вучоны сакратар Камісіі па ахове помнікаў мастацтва і старажытнасцей Троіца-Сергіевай лаўры. У 1921—24 праф. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў, вёў н.-д. дзейнасць у сістэме Галоўэлектра ВСНГ РСФСР. З 1927 нам.гал. рэдактара «Тэхнічнай энцыклапедыі». У 1928 высланы ў Ніжні Ноўгарад, у 1933 асуджаны на 10 гадоў; расстраляны ў Салавецкім лагеры. Рэабілітаваны ў 1958 і 1959. Гал. сваёй задачай лічыў пракладанне шляхоў да цэласнага светапогляду, які б сінтэзаваў веру і розум, багаслоўе і філасофію, мастацтва і навуку. Адметныя рысы яго філасофіі («канкрэтная метафізіка») — імкненне да платанізму, збліжэнне элінскай і правасл. духоўных традыцый. Важнай праблемай анталогіі і тэорыі пазнання лічыў выяўленне мовы сімвалаў. Быццё, паводле Ф., скіравана ўнутр, засяроджана ў сваёй глыбіні і разам з тым энергетычна выяўляе сябе звонку; носьбітамі энергіі быцця з’яўляюцца імёны і словы, таму яны — сімвалы быцця; пазнанне ўспрымаў як узаемадзеянне энергій быцця, якое пазнае, і быцця, якое пазнаецца. На яго думку, паколькі мова выяўляе пазнавальныя адносіны да свету, яна з’яўляецца дваістай: і ўстойлівай сістэмай, і жывой дзейнасцю духа. Гэтае двухадзінства лічыў умовай быцця мовы. Паводле Ф., адна з асн. характарыстык быцця ў яго цяперашнім заняпалым стане — антынамічнасць, таму антынамічнае і любое дзеянне розуму. На яго думку, антынамічнасць можна пераадолець праз подзвіг веры і любві. У цэнтры яго культ.-гіст. поглядаў адмаўленне культуры як адзінага ў часе і прасторы працэсу, эвалюцыі і прагрэсу культуры. На яго думку, сярэдневяковая культура, якая карэніцца ў кульце, з уласцівымі ёй цэласнасцю і арганічнасцю, саборнасцю і дыялектнасцю, дынамікай і актыўнасцю супрацьстаіць чалавекабожніцкай культуры Адраджэння; яна характарызуецца раздробленасцю, індывідуалізмам, статычнасцю і інтэлектуалізмам, таму нясе ў сабе пачатак хаосу. Лічыў, што рэнесансавая еўрап. культура да пач. 20 ст. спыніла сваё існаванне, пасля чаго сталі назірацца парасткі культуры новага тыпу. Выступаў супраць уяўлення пра культуру як першасную і самадастатковую каштоўнасць і сцвярджаў неабходнасць пошуку каштоўнасцей, вышэйшых за яе. Такой каштоўнасцю лічыў рэліг.культ.Асн. законам сусвету лічыў закон нарастання энтрапіі (хаосу ва ўсіх яго галінах); хаосу проціпастаўляў Логас. Распрацоўваў паняцці прамой і адваротнай перспектыў як канкрэтна-гіст. тыпаў маст. выяўлення, што адпавядаюць рэнесансаваму і сярэдневяковаму светаразуменню. Абразы разглядаў як найвышэйшыя маст. сімвалы духоўнай рэальнасці. У багаслоўі распрацоўваў сістэмы тэадыцэі (апраўданне Бога ва ўмовах зла) і антрападыцэі (апраўданне чалавека, створанага паводле вобраза і падабенства божага, але недасканалага і грахоўнага). Значнае месца ў яго поглядах займае сафіялогія; разглядаў Сафію як «пачатак і цэнтр збаўленага тварэння», як царкву ў зямным і нябесным аспектах, а Дзеву Марыю як «ідэальнай асобы чалавека». Аўтар прац «Агульначалавечыя карані ідэалізму» (1909), «Ля водападзелаў думкі» (1910—29, не скончана), «Стоўп і сцвярджэнне ісціны: Вопыт праваслаўнай тэадыцэі» (1914), «Уяўнасці ў геаметрыі» (1922) і інш.
Тв.:
Соч.Т. 1—4 М., 1994—99;
У водоразделов мысли. М., 1990;
Воспоминания. М., 1992;
Имена. М.;
Харьков, 2001;
Переписка священника П.А.Флоренского со священником С.Н.Булгаковым. Томск, 2001.
Літ.:
Половинкин С.М. П.А.Флоренский: Логос против хаоса. М., 1989;
Кравец С.Л. О красоте духовной: (П.А.Флоренский;
религиозно-нравственные воззрения). М., 1990;
Андроник (Трубачев А.С.). Теодицея и антроподицея в творчестве священника Павла Флоренского. Томск, 1998;