МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),

расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л. Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл. Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;

Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

Мікалай I.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,

прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац. прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел. нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел. нар. выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел. нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.​Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.​Забель (З.​Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.​Крывадубаў (Няленка) і І.​Голер; сярод спевакоў — Я.​Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.​Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.​Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.​Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.​Чэхава, «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Лучыны, А.​Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.

Літ.:

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

У.​І.​Няфёд.

Да арт. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.
Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ Сымон Аляксандравіч (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для выдалення снегу з палатна аўтамаб. дарог, чыг. і трамвайных пуцей, аэрадромаў, вуліц, плошчаў і тратуараў. Падзяляюцца на снегаачышчальнікі, снегапагрузчыкі і пуцявыя С.м.

Снегаачышчальнікі дарожныя бываюць мех. (плужныя, плужна-шчотачныя, ротарныя, шнэкаротарныя) і цеплавыя (газаструменныя); на пнеўмаколавым (аўтамабілі, трактары, колавыя цягачы, прычэпы і паўпрычэпы) і гусенічным хаду. Плужныя (адна- і двухадвальныя) выкарыстоўваюць для патрульнай снегаачысткі; плужна-шчотачныя — для поўнага выдалення снегу з пакрыцця ссоўваннем асн. снегавой масы ў бок адвалам і змятання астатняга ўшчыльненага снегу шчоткай; ротарныя — для кідання снегу на 5—20 м (рэжучым дыскам або фрэзай-ротарам) за межы землянога палатна; плужна-ротарныя — для патрульнай ачысткі кідальным ротарам (да 15 м), снег да якога падаецца плугам; шнэкаротарныя — для выдалення значных снегавых мас на 30—35 м; газаструменныя — для ачысткі ад снегу дарог і аэрадромаў пры таўшчыні снегавога покрыва да 0,2 м газаструменным, газаструменна-мех., газаструменна-шчотачным уздзеяннем на снег. Чыгуначныя снегаачышчальнікі бываюць плугавыя, фрэзерныя, ротарныя. Рабочы орган устаноўлены ў пярэдняй частцы (у плугавых з двух тарцоў) вагона, які падштурхваецца лакаматывам. Снегапагрузчыкі прызначаны для пагрузкі снегу з валоў або куч у трансп. сродкі, некаторыя з іх могуць грузіць пясок, хларыды і інш. сыпкія матэрыялы. Зманціраваны на спец. аўтамаб. або трактарныя шасі, рабочы орган мае сілкавальнік лапавага тыпу (ці фрэзерны) і скіпавы коўш або скрабалкавы канвеер (элеватар). Пуцявыя ўборачныя машыны ачышчаюць тэр. чыг. станцый ад снегу і смецця. Рабочы орган іх — ротар з гнуткімі лопасцямі, крылы, ледасколвальнае прыстасаванне, канвееры. Снег загружаецца ў прычапныя паўвагоны, падлогай у якіх служыць пласціністы канвеер. Таўшчыня слоя ачысткі да 0,8 м. Для ачысткі стрэлачных пераводаў, сартавальных горак, тэрыторый станцый выкарыстоўваюць пуцявыя стругі, шматвагонныя (прычапныя да лакаматыва ці самаходныя) снегаўборачныя паязды і інш.

На Беларусі некаторыя разнавіднасці С.м. выпускаюць акц. т-ва «Амкадор» і прадпрыемства «Белдартэхніка».

С.​В.​Багдановіч.

Снегаўборачныя машыны: 1 — шнэка-ротарны снегаачышчальнік ДЭ-226 (акцыянернага таварыства «Амкадор»); 2 — франтальна-бакавы снегаўборачны адвал і раскідвальнік на аўтамабілі МАЗ; 3 — снегапагрузчык саўковага тыпу са скрабалкавым транспарцёрам; 4 — снегаўборачная машына для ачысткі тэрыторый чыгуначных станцый і стрэлачных пераводаў; 5 — чыгуначны ротарны снегаачышчальнік.

т. 15, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Адам Вікенцьевіч (6.1.1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 29.11.1949),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літ.-знавец, каталіцкі святар. Канд. кананічнага права (1918). Скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвячоны ў святары ў 1914. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (1917), член яе ЦК (з 1931), рэдактар-выдавец час. «Хрысціянская думка» (1928—39). У 1919—33 выкладчык рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1922 пасол (дэпутат) польскага сейма, нам. старшыні Беларускага пасольскага клуба. У 1924—26 старшыня Таварыства беларускай школы, кіраўнік Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Адзін з заснавальнікаў у Вільні бел. друкарні імя Ф.​Скарыны (1926—40). З 1939 старшыня Бел. цэнтра ў Літве, рэдактар газ. «Крыніца» (гл. «Беларуская крыніца»). У час 2-й сусв. вайны служыў у касцёле св. Міхаіла ў Вільні. У 1949 арыштаваны органамі НКУС і абвінавачаны ў антысав. дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (г. Тайшэт Іркуцкай вобл.), дзе і памёр. Аўтар прац па пытаннях гісторыі бел. народа («Вітаўт Вялікі і беларусы», 1930; «Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі», 1933; «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», 1934); нац. асветы («Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.», 1928), бел. нац. адраджэння ў 19—1-й пал. 20 ст. («Беларускі хрысціянскі рух», 1939), хрысціянства і хрысціянска-дэмакр. руху на Беларусі [«Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)», 1940] і інш. Працаваў над кн. «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)» (з 5 запланаваных частак да арышту напісаў толькі 2). Асабісты архіў С. захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Вабішчэвіч А. «... беларусы. маюць законы толькі на паперы...» // Бел. гіст. часоп. 1995. № 2;

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999 С. 183—184, 403—409;

Конан У. Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў XX ст. Мн., 2000.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЎБЦЫ,

горад, цэнтр Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Чыг. ст. на лініі Мінск—Брэст. Каля шашы Мінск—Брэст, вузел аўтадарог на Мір, Івянец, Рубяжэвічы, Нясвіж. За 78 км на ПдЗ ад Мінска. 16,8 тыс. ж. (2001).

Паводле некаторых звестак, вядомы з 1511. У пач. 17 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць А.​Слушкі, які заснаваў Стаўбцоўскі кляштар дамініканцаў. У 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разрабаваны і спалены, у 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 моцна разбураны, але хутка аднаўляліся і атрымлівалі пацвярджэнне на таргі і кірмашы. З пач. 18 ст. ўласнасць С.​Дэнгафа, з 1728 — Чартарыйскіх, цэнтр графства. 144 двары, царква, касцёл (з 1623), ратуша, школа і кляштар са шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі. У 1729 мястэчка атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі, з 1796 цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 моцна пацярпелі. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1871 за 2 км ад С. заснавана аднайм. станцыя на чыг. Масква—Брэст. У 1886 у С. 1070 ж., 186 двароў, 2 царквы, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 20 крам; у 1897 на станцыі 120 ж., 8 двароў. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр гміны і Стаўбцоўскага павета ў Навагрудскім ваяв., 2956 ж. У 1931 арганізавана Беларускае таварыства дабрачыннасці. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Стаўбцоўскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4,9 тыс. жыхароў. У 1989—12,1 тыс. жыхароў.

Працуюць хлебны, малочны, садавіна-агароднінны, мех. з-ды, дрэваапр. камбінат, фірма «Аграмашзапчастка», камбінат быт. паслуг; 3 сярэднія, вячэрняя, пач., спарт. школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом культуры, карцінная галерэя, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Ф.​Э.​Дзяржынскаму. Мемарыяльная сядзіба Я.​Коласа ў Акінчыцах — частка Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіяла. Помнік архітэктуры — царква Святой Ганны (1825).

Літ.:

Деленковский Н.И., Турко А.М. Столбцы: Ист.-экон. очерк. Мн., 1981.

С.​А.​Галоўка.

Горад Стоўбцы. Рэстаран «Нёман».

т. 15, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЙНО́ЎСКІ (Strojnowski) Іеранім (20.9.1754, с. Ходачкава Крамянецкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.8.1815),

асветнік, правазнавец, рэліг. дзеяч. Адукацыю атрымаў у навуч. установах ордэна піяраў, членам якога быў у 1776—88. З 1776 выкладаў у Варшаўскім калегіуме. З 1780 праф. кафедры натуральнага права Гал. школы ВКЛ у Вільні, у 1799—1806 яе рэктар (у 1803 пры яго ўдзеле пераўтворана ва ун-т). З 1789 удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі і камісіі па падрыхтоўцы праектаў цывільнага і крымін. кодэксаў. Член Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу і Варшаўскага т-ва сяброў навукі. З 1806 на царк. пасадах, з 1814 біскуп віленскі. Асн. яго твор «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» (Вільня, 1785), які вытрымаў 5 выданняў, у т. л. на рус. мове (1809), выкарыстоўваўся як падручнік для вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. С. стаяў на пазіцыях дэізму і прызнаваў існаванне Бога ў якасці безаблічнай першапрычыны свету, які затым развіваецца на ўласных законах. У гнасеалогіі прытрымліваўся прынцыпаў сенсуалізму, гал. крыніцай пазнання лічыў адчуванне. Асновай яго сацыялагічнай канцэпцыі было вучэнне пра натуральны парадак рэчаў і як вынік яго — натуральнае права. Людзі, на яго думку, могуць быць шчаслівыя толькі праз глыбокае пазнанне і поўнае захаванне гэтага права; адыход чалавека або грамадства ад дакладных і разумных законаў прыроды непазбежна выклікае «пакаранне» — няшчасці, бедствы, беспарадкі. З натуральных правоў і прыроднай роўнасці людзей С. выводзіў сац. правы і абавязкі, да якіх адносіў вечныя і нязменныя правы асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, недатыкальнасці ўласнасці, недапушчальнасць ужывання сілы ў адносінах да інш. людзей, за выключэннем выпадкаў самаабароны. Ажыццяўленне на практыцы прынцыпаў натуральнага права С. разглядаў у якасці крытэрыяў «ісціннасці» або «няправільнасці» пэўнага сац.-паліт. ладу.

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

І.Страйноўскі.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХОДАЗНА́ЎСТВА, арыенталістыка (ад лац. orientalis усходні),

комплекс навук. дысцыплін, якія вывучаюць геаграфію, гісторыю, эканоміку, мовы, л-ру, этнаграфію, мастацтва, філасофію, рэлігію, помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходу (пераважна краін Азіі і Паўн. Афрыкі). Галіны У.: арабістыка, асірыялогія, егіпталогія, індалогія, семіталогія, сіналогія, хеталогія, цюркалогія, эфіопіка, японазнаўства і інш. У Еўропе вывучэнне ўсх. краін пачалося ў сярэдневякоўі (запісы еўрап. падарожнікаў М.​Пола, П.​Карпіні, рускіх А.​Нікіціна, Данііла Паломніка, С.​Наўгародца і інш.). У 16—17 ст. з’явіліся апісанні ўсх. краін еўрап. купцоў, місіянераў, падарожнікаў Дж.​Рамузіо, П’етра дэла Вале (Італія), Р.​Хэклейтама (Англія), Ж.​Тавернье, Ж.​Шардэна (Францыя) і інш.; справаздачы рус. дыпламатаў І.​Петліна, Ф.​І.​Байкова, М.​Г.​Спафарыя, у т. л. выхадцаў з ВКЛ — В.​Цюмянца і І.Цякуцьева, працы І.​К.​Рассохіна і А.​Л.​Лявонцьева; нататкі беларуса Ігнація Смаляніна пра падарожжа ў Візантыю і паломніцтва ў Іерусалім, дзённік М.​К.​Радзівіла Сіроткі пра паломніцтва ў Палесціну (выд. ў 1601). У Парыжскім (16 ст.), Оксфардскім і Лейдэнскім (17 ст.) ун-тах створаны кафедры ўсх. моў. У 18 — пач. 20 ст. закладзены навук. асновы У., створана сетка азіяцкіх таварыстваў: Бенгальскае (Калькута, 1784), Азіяцкае (Парыж, 1822), Каралеўскае (Лондан, 1823), Герм. ўсходазнаўчае (Лейпцыг, 1845), навук. ўстановы па вывучэнні ўсх. моў і г.д. У Расіі створаны Імператарскае т-ва У., Рус. к-т для вывучэння Сярэдняй і Усх. Азіі, Таварыства рус. арыенталістаў у Пецярбургу і інш. Дзейнічаў цэнтр У. ў Віленскім ун-це. У 20 ст. традыцыйныя кірункі вывучэння У. саступаюць месца больш дыферэнцыраванаму вывучэнню асобных, больш вузкіх галін. Значны ўклад ва У. зрабілі беларусы М.К.Баброўскі, І.А.Гашкевіч, В.М.Кавалеўскі, К.А.Касовіч, І.Ю.Крачкоўскі, А.В.Мухлінскі, Б.А.Тураеў, В.І.Сянкоўскі, А.І.Ходзька, І.І.Ходзька, у навейшы час — Р.​Т.​Ахрамовіч, У.​В.​Балабушэвіч, І.​Н.​Віннікаў, А.В.Макавельскі, Р.​А.​Ульяноўскі і інш. На Беларусі праблемамі У. займаюцца ў БДУ, Мінскім лінгвістычным ун-це. Створана секцыя У. пры Бел. геагр. т-ве.

Літ.:

Захаранка І. Беларускае ўсходазнаўства // Кантакты і дыялогі. 2001. № 11;

Яго ж. Дорога времени // Бел. думка. 2003. № 1;

Яго ж. Этапы развития отечественного востоковедения // Беларусь — Японія: Матэрыялы другіх міжнар. чытанняў, прысв. памяці Іосіфа Гашкевіча. Мн., 2003.

І.​А.​Захаранка.

т. 16, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУБРА́ЎЦЫ (Towarzystwo Szubrawców, літаральна — «Таварыства нягоднікаў»),

легальнае літ.-грамадскае т-ва ліберальнай інтэлігенцыі ў Вільні ў 1816—22. Напачатку існавала ў выглядзе ініцыятыўнай групы асветнікаў, якая рыхтавала выданне «Wiadomści Brukowe» («Вулічныя навіны», пазней друкаваны штотыднёвік т-ва). Заснавальнікі т-ва — М.​Балінскі, Л.​Бароўскі, Ю.​Завадскі, А.​Марціноўскі, З.​Нямчэўскі, Я.​Шымкевіч і інш., прэзідэнты — Шымкевіч, К.​Контрым, М.​Ромер і А.​Снядэцкі. Асн. прынцыпы структурнай арганізацыі і кірункі дзейнасці т-ва адлюстраваны ў т.зв. «Кодэксе шубраўскім», які распрацоўвала спец. камісія ў складзе К.​Стравінскага (кіраўнік), Балінскага і Контрыма (прыняты 30.6.1817, апубл. 7.2.1819) і дадатку да яго «Аб рустыканах», а таксама ў артыкулах «Прамова да шубраўства» і «Дадатак да «Вулічных навін» Снядэцкага (студз. 1818). Ш. падзяляліся на сапраўдных членаў, т.зв. «урбанаў» — аўтарытэтных жыхароў Вільні колькасцю не больш як 40 чал. і ўзростам не маладзей за 25 гадоў, ганаровых членаў, т.зв. «рустыкан» (сельскіх жыхароў) 1-й катэгорыі і членаў-карэспандэнтаў («рустыкан» 2-й катэгорыі), колькасць якіх была не абмежавана. Рустыкан 1-й катэгорыі выбіралі з асоб, вядомых публікацыямі ў сферы л-ры і мастацтва; 2-ю катэгорыю Ш. папаўнялі высокаадукаванымі людзьмі, зацікаўленымі ў развіцці навукі, або моладдзю, здатнай да літ. працы. Гал. мэты Ш. — пошукі новых кірункаў сац.-эканам. і духоўнага аздараўлення грамадства, сатырычна-гумарыстычная характарыстыка грамадскіх і асобасных заган. На думку Ш., сродкам маральнага ўдасканалення грамадства з’яўлялася трапнае друкаванае слова. Асновай сац.-маральнага прагрэсу яны лічылі асвету, узгадаваную на айч. грунце і накіраваную для дабра народу. Т-ва адстойвала роўнасць людзей перад законам, настойліва даводзіла неправамернасць падыходу да асветы як прывілеі толькі заможных слаёў грамадства, даказвала неабходнасць фарміравання кадраў нац. інтэлігенцыі. Па некат. пытаннях сац.-паліт. і літ. жыцця Ш. заставаліся на кансерватыўных пазіцыях. Перанос сатырычнага акцэнту з агульных заган на канкрэтна ўплывовых асоб стаў падставай для закрыцця штотыднёвіка, а пасля і самога т-ва.

Літ.:

Chmielowski P. Liberalizm i obskurantyzm na Litwie i Rusi (1815—1823). Warszawa, 1898;

Bieliński J. Szubrawcy w Wilnie (1817—1822). Wilno, 1910;

Skwarczyński Z. Kazimierz Kontrym. Towarzystwo Szubrawców. Dwa studia. Lódź, 1961.

М.​Я.​Рыбко.

т. 17, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)