расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАДУ́КЦЫЯ,
перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя ўгнаенні, якія маюць мікраэлементы, неабходныя раслінам у невял. колькасці. Пры дастатковай забяспечанасці раслінасн. пажыўнымі рэчывамі (азот, фосфар, калій) М. павышаюць ураджайнасць і ўстойлівасць раслін да захворванняў, а таксама паляпшаюць якасць с.-г. прадукцыі. Звычайна ў якасці М. выкарыстоўваюць солі мікраэлементаў, адходы прам-сці (шлакі, шламы), хелаты, што маюць мікраэлементы.
Патрэбнасць с.-г. культур у М. вызначаецца іх біял. асаблівасцямі і колькасцю мікраэлементаў у глебе, якая залежыць ад кіслотнасці глебы і колькасці гумусу ў ёй. Асн. спосабы выкарыстання М.: унясенне ў глебу да сяўбы разам з макраўгнаеннямі, апрацоўка растворамі М. раслін (апырскванне) і насення (перадпасяўное намочванне). Найб. пашыраныя М. — борныя ўгнаенні, медныя ўгнаенні, марганцавыя ўгнаенні, кобальтавыя ўгнаенні, цынкавыя ўгнаенні.
Літ.:
Рекомендации по использованию микроудобрений в земледелии Белоруссии, Литвы, Латвии, Эстонии. Мн., 1987;
Федюшкин Б.Ф. Минеральные удобрения с микроэлементами: Технология и применение. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАСТАЎСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек.раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.
Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек.раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАСПЕ́ЛАСЦЬраслін і жывёл,
здольнасць да хуткага росту і развіцця. Вызначаецца раннім дасягненнем стану спеласці, у раслін — біял. і гасп., у жывёл — фізіял. палавой, гасп. і інш. З’яўляецца спадчыннай прыкметай, уласцівай пэўным культурам (салата, радыс радыска*, шпінат), сартам (аўса — Эрбграф; грэчкі — Чарнаплодная, Аніта Беларуская; бульбы — Беларуская ранняя, Дзецкасельская, Прыгожая-2, Адрэта, Дабро; капусты — Скараспелка-3, цыбулі — Янтарная, Стрыгуноўская мясцовая; агуркоў — Крынічка, Кустовы-98, Шчодры-118, Зграбны; памідораў — Талахін-186, Даходны, Марынадны; кабачкоў — Белаплодны), пародам (буйн. раг. жывёлы — абердзін-ангуская парода, герэфордская парода, джэйсерская парода, швіцкая парода; свіней — эстонская беконная, брэйтаўская, лівенская; трусоў — савецкая, шыншыла, серабрысты трус, чорна-буры трус, каліфарнійскі мясны; мяса-воўнавыя пароды авечак; цяжкавозныя пароды коней). Залежыць ад умоў вырошчвання раслін, кармлення і ўтрымання жывёл. Мае эканам. значэнне — больш прадукцыйна выкарыстоўваецца зямля, паскараецца ўзнаўленне і абарот статка, дасягаецца лепшая аплата кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕГО́НІЙ (ад грэч. archē пачатак + gonē нараджэнне),
жаночы орган палавога размнажэння ў моха- і папарацепадобных, некаторых голанасенных раслін, водарасцяў і грыбоў. Па наяўнасці архегонія яны вылучаюцца ў асобную групу раслін — археганіятаў. У імхоў мае выгляд колбы: у пашыранай брушной частцы знаходзіцца яйцаклетка, над ёй брушная канальцавая клетка, у вузкай — шэраг дробных шыйных канальцавых клетак, якія расплываюцца ў слізь, раскрываюць шыйку архегонія і садзейнічаюць пранікненню да яйцаклеткі сперматазоідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
часткі расліны, якія служаць для жыўлення і росту, для падтрымання жыцця арганізма, таксама для вегетатыўнага размнажэння. Да іх належаць у вышэйшых раслінкорань, сцябло, ліст і іх відазмяненні — карэнішчы, цыбуліны, клубні, вусікі, калючкі і інш., у ніжэйшых раслін — усё іх цела, якое наз. таломам або слаявінай (грыбніца, ці міцэлій грыба, ніжэйшыя водарасці). Марфал. і анат. будова вегетатыўных органаў залежыць ад навакольнага асяроддзя і функцый, якія яны выконваюць. Пры змене функцый адбываюцца і адпаведныя відазмяненні (Гл.Метамарфоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМУТ (ням. Wermut літар. палын),
віно вінаграднае, прыгатаванае з дабаўленнем спірту, цукру і араматызаванае настоямі вострапрыпраўных і лек.раслін. Настоі (экстракты) раслін (палын, бузіна чорная, кардамон, карыца, мята і інш.) рыхтуюць на 75%-ным спірце і дадаюць (2—4% па аб’ёме) у віно-аснову (пераважна сухія віны). Выпускаюць вермут белы, ружовы і чырвоны, моцны (мае 18 аб’ёмных працэнтаў спірту і 8% цукру) і дэсертны (па 16% спірту і цукру). Прамысл. выпуск вермуту пачаты ў 1786 у Турыне (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСІКА́НТЫ,
хімічныя рэчывы, якія выклікаюць высушванне раслін. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў і эмульсій для дэсікацыі (перадуборачнае высушванне с.-г.раслін), што паскарае паспяванне насення, пладоў, памяншае іх вільготнасць і аблягчае механізаваную ўборку ўраджаю. У якасці Д. звычайна выкарыстоўваюць: рэглон на насенных пасевах морквы, капусты, буракоў, бульбы; раўндап на насенных пасевах гароху, канюшыны, ільну-даўгунцу; хларат магнію Mg(ClO3)2 × 6H2O, хларат-хларыд кальцыю [Ca(ClO3)2 у сумесі з CaCl2] на пасевах бавоўніку, пшаніцы, бульбы, цукр. буракоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. folium ліст),
абязлісценне, перадуборачнае выдаленне лісця з раслін з мэтай паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэфаліянты, якія выклікаюць у раслін працэсы, падобныя да прыроднага лістападу: зніжаецца колькасць хларафілу і вады, парушаецца працэс утварэння арган. рэчыва, павялічваецца колькасць прадуктаў распаду бялкоў і інш. злучэнняў, якія перамяшчаюцца з ліставой пласцінкі ў чаранок, што выклікае адасабленне клетак каля асновы ліста і яго ападанне. Выкарыстоўваюць часцей на пасевах бавоўніку, лубіну, тэхн. сартоў вінаграду.