ЯЎПА́ЦІЙ КАЛАЎРА́Т, Яўпацій Львовіч Калаўрат,

легендарны рус. асілак, разанскі баярын, які ў 1237—38 гераічна змагаўся супраць мангола-тат. заваёўнікаў. Пра яго подзвіг расказвае стараж.-рус. «Аповесць пра спусташэнне Разані Батыем» (1-я пал. 14 ст.), якая ўвайшла ў шэраг пазнейшых рус. летапісаў. Паводле «Аповесці», Я.К. у 1237 выконваў даручэнне свайго князя ў Чарнігаўскай зямлі. Даведаўшыся пра нашэсце Батыя, ён спешна вярнуўся ў Разань, але застаў толькі папялішчы знішчанага горада. Сабраўшы 1700 воінаў («храбраў»), ён кінуўся наўздагон за Батыем, каб «выпіць смяротную чашу» разам з князямі, што загінулі ў Разані. Дагнаўшы мангола-татараў у Суздальскай зямлі, напаў на іх лагер і прычыніў ім значныя страты. Паводле «Аповесці», Я.К. і «храбры» біліся адзін з тысячай, а два з цьмою (10 тыс. чал.). Батый накіраваў супраць іх сваіх лепшых воінаў, але Я.К. рассек напапалам Хастаўрула, швагра Батыя, і забіў яшчэ многіх мангола-тат. асілкаў. Калі з дапамогай кідальных машын Я.К. усё ж быў забіты, Батый, уражаны яго мужнасцю і сілай, аддаў цела асілка «храбрам», якім загадаў захаваць жыццё і волю.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЭР (Herder) Іаган Готфрыд фон (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),

нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.​Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сид. Пб., 1922;

Избр. соч. М.; Л., 1959;

Идеи к философии истории человечества. М., 1977.

Літ.:

Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;

Гулыга А. В.​Гердер. 2 изд. М., 1975;

Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Herder-Bibliographie. Berlin;

Weimar, 1978.

В.​І.​Боўш, Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы), мультыплікацыя,

від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.

Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.​Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.​Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням. рэж. Л.​Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж. Н.​Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.

Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.​Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.​Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.​Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.​Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.​Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.​Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.​Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.​Батурын) на тэмы лірыкі М.​Танка і У.​Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.​Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.​Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.​Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.​Жыткоўская) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ КРАЙ»,

часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.​Салаўёва, В.​Перахода, М.​Збіткоўскага, С.​Мельніка, В.​Палянскай, І.​Сяржаніна, А.​Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.​Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.​Азбукін, Дз.​Даўгяла, Я.​Крукоўскі, Д.​Васілеўскі, Я.​Сяргеенка, В.​Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.​Уладзіміраў, Я.​Троська, Ю.​Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.​Каспяровіч, А.​Немцаў, М.​Мялешка і інш., звычаёвае права — І.​Бонч-Асмалоўскі, Р.​Парэчын, нар. медыцыны — К.​Гурвіч, А.​Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.​Шашалевіч (А.​Мрый), Т.​Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.​Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.​Сосіса, Г.​Аляксандрава, В.​Скардзіса, К.​Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час. наз. «Савецкая краіна».

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСА́ЕЎ (сапр. Смідовіч) Вікенцій Вікенцьевіч

(16.1.1867, г. Тула — 3.6.1945),

рускі пісьменнік, літ.-знавец, перакладчык. Скончыў гіст.-філас. ф-т Пецярбургскага ун-та (1888), мед. ф-т Дэрпцкага ун-та (г. Тарту, 1894). Працаваў урачом у Туле, Пецярбургу. У аповесцях «Без дарогі» (1895), «На павароце» (1902), апавяданні «Пошасць» паказаў бесперспектыўнасць народніцкага руху. Аповесць «Два канцы» (ч. 1—2, 1899—1903) пра цяжкі і жахлівы побыт рабочых. Папулярнасць прынесла вострапубліцыстычная кн. «Запіскі ўрача» (1901). У 1900-я г. ўваходзіў у літ. групу «Серада» (Масква). Як урач удзельнічаў у рус.-яп. вайне 1904—05. Ваен. ўражанні ў аснове серыі «Апавяданняў пра вайну» (1906; поўны тэкст «На японскай вайне», 1928) і публіцыстычных нарысаў «На вайне: Запіскі» (1907—08). У творах пераацэнка рэв. мінулага, паварот да філасофіі Ф.​Ніцшэ і А.​Бергсона (аповесць «Да жыцця», 1909), непрыняцце тагачаснага тэрору (раман «У тупіку», 1922), погляд інтэлігенцыі на прымусовую калектывізацыю (раман «Сёстры», 1933), эпоха праз уласныя ўспаміны (кн. «У юныя гады», 1927; «У студэнцкія гады», 1929; «Успаміны», 3-е выд., 1946). Аўтар літ.-філас. даследавання «Жывое жыццё» [ч. 1 — «Пра Дастаеўскага і Льва Талстога», 1911; ч. 2 — «Апалон і Дыяніс (пра Ніцшэ)», 1915], дакумент.-біягр. прац «Пушкін у жыцці» (1926—27), «Гогаль у жыцці» (1933), «Спадарожнікі Пушкіна» (1934—36) і інш. Перакладаў антычных паэтаў Гесіёда («Дні і турботы», 1927), Гамера («Іліяда», 1949; «Адысея», 1953) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1929—31;

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1961;

Соч. Т. 1—2. М., 1982.

С.​Ф.​Кузьміна.

В.В.Верасаеў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў ЛІТВЫ ў Вільнюсе.

Утвораны ў 1957 як Цэнтральны дзярж. гіст. архіў Літ. ССР, які разам з інш. захоўваў дакументы Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. З 1990 сучасная назва. Захоўвае каля 900 фондаў, больш за 1,2 млн. спраў (1987). Зберагае крыніцы, якія маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі. Сярод дакументаў фонды Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, Радзівілаўскай камісіі, Таварыства сяброў навукі ў Вільні, упраўлення Віленскай навуч. акругі, калекцыі дакументаў Віленскай рымска-каталіцкай мітрапаліцкай курыі, Віленскай евангелісцка-лютэранскай калегіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віленскага Святадухаўскага манастыра, фамільныя зборы магнацкіх родаў Агінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш. Пераважную частку архіўных збораў складаюць сац.-эканам. і грамадска-паліт. матэрыялы — інвентары, люстрацыі маёнткаў, лясніцтваў, старостваў, дакументы і вопісы актавых кніг земскіх і гродскіх судоў (Брэсцкага, Лідскага, Мінскага), кнігі Гродзенскай эканоміі, следчыя дакументы па справах філаматаў, «Братняга саюза літоўскай моладзі», удзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64, дакументы Віленскага ген.-губернатарства, Літоўскай, Віленскай, часткова Ковенскай, Аўгустоўскай і Сувалкаўскай губ., матэрыялы пра паўстанне 1794, вайну 1812, сял. рэформу 1861, сталыпінскія агр. рэформы, пра народніцкі і с.-д. рух, рэвалюцыю 1905—07, пра бел. газеты «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», дакументы пра жыццё і дзейнасць Я.​Чачота, К.​Каліноўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Цёткі, матэрыялы (часам цэлыя асабістыя фонды) даследчыкаў бел. культуры А.​Кіркора, Я.​Карловіча, Е.​Раманава, Я.​Карскага і інш. 3 нарматыўных матэрыялаў захоўваюцца старадрукаваныя кнігі, эпісталярная спадчына, зборнікі літ. і публіцыстычна-паліт. твораў 17—18 ст. з рэлігійна-панегірычнымі вершамі. барочнай сатырай, сеймавымі прамовамі і інш.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ЛІТАРАТУ́РА, паралітаратура, сублітаратура, канфармісцкая літаратура, трывіяльная літаратура,

шматтыражная літ. прадукцыя, разлічаная на сярэдняга спажыўца і камерцыйны поспех; сурагат маст. л-ры, падробка пад яе; састаўная частка масавай культуры. Атрымала распаўсюджанне ў 19 ст. (гл. Бульварная літаратура). Развіццё яе ажыццяўлялася праз рыначны кан’юнктурны адбор найб. «ходкага» літ. тавару — бестселераў. Сярод бестселераў вылучаюць коміксы, бульварны, жаночы, салдацкі, паліт., кіна- і фотараманы, раманы крымінальных, «чорных» серый, трылеры, вестэрны, дайджэсты (скарочаныя адаптаваныя выданні класікі), якія ствараюцца канвеерным спосабам па спец. схемах. У эстэт. плане М.л. пасрэдная, спрошчаная і даступная кожнаму; яна звычайна прыстасавальніцкая, экскэйпісцкая (пазбягае вострых сац. праблем). Выкарыстоўваецца як сродак маніпуляцыі свядомасцю мас, фарміруе пэўныя эстэт. густы і спажывецкую псіхалогію. М.л. паспяхова выкарыстоўвае дэтэктыўную фабулу, навук. фантастыку; для яе характэрна спрошчанае апісальніцтва, псеўдарэалістычнасць, сенсацыйнасць, захапляючая інтрыга, востры сюжэт, наяўнасць супергерояў. У тэхнакратычнай постіндустрыяльнай цывілізацыі М.л. як кампенсацыя адчужэння выконвае псіхааналітычную функцыю. Характэрныя тэмы М.л. — кар’ера, грошы, секс, каханне, жыццё «зорак», фантастыка (вампіры, прышэльцы з космасу), эзатэрызм — таямнічае, забойствы, прыгоды суперменаў і інш. У 20 ст. з’явіліся прыгодніцкія серыі пра Тарзана Э.​Бераўза (ЗША), пра Фантамаса М.​Алена і П.​Сувестра (Францыя), паліт. дэтэктывы пра Дж.​Бонда І.​Флемінга (Англія), псеўдагіст. раманы пра Анжэліку А. і С.​Галон (Францыя), працяг рамана М.​Мітчэл «Знесеныя ветрам» («Скарлет», «Рэт Батлер»), раманы Т.​Шарпа, Ж.​Сьюзен, М.​Спілейна, С.​Шэлдан і інш.

Літ.:

«Массовая культура» — иллюзии и действительность. М., 1975;

Николюкин А.Н. Антикультура: массовая литература США М., 1973;

Шабловская И.В. Реализм и «массовая культура» // Шабловская И.В. История зарубежной литературы (XX в., первая половина). Мн., 1998.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГІ́БІН Юрый Маркавіч (3.4.1920, Масква — 17.4.1994),

рускі пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1939—42). У 1943—45 ваен. карэспандэнт газ. «Труд». Друкаваўся з 1940. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Чалавек з фронту» (1943), «Зімовы дуб» (1955), «Перад святам» (1960), «Пагоня. Мяшчэрскія былі» (1963), «Завулкі майго дзяцінства» (1971), «Востраў любові» (1977), «Рака Геракліта» (1984), «Устань і ідзі» (1987) і інш. тэмы вайны і працы, успаміны дзяцінства, лёсы сучаснікаў, людзей рус. мастацтва і замежныя сустрэчы. Аўтар аповесцей «Бунташны востраў», «Цемра ў канцы тунэля», «Мая залатая цешча» (усе 1994), рамана «Дафніс і Хлоя эпохі культу асобы, валюнтарызму і застою» (апубл. 1995), артыкулаў пра л-ру і кіно (кнігі «Роздумы пра апавяданне», 1964; «Літаратурныя роздумы» 1977, і інш.), кн. «Дзённік» (апубл. 1995), кінасцэнарыяў па ўласных творах і інш. Пісаў для дзяцей. Творчасць Н. адметная драматызмам маральных пошукаў, лірычным светаўспрыманнем, дакладнасцю дэталей. Неаднаразова наведваў Беларусь, выступаў з артыкуламі пра вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, пра парад бел. партызан у Мінску ў ліп. 1944. Паводле яго аповесці «Старонкі жыцця Трубнікава» (1963) пастаўлены фільм «Старшыня» (1965; правобраз гал. героя — старшыня калгаса «Рассвет» Магілёўскай вобл. К.​П.​Арлоўскі), аповесці «На ціхім возеры» (1963), прысвечанай нарачанскім рыбакам, Бел. студыя тэлебачання паставіла фільм «Запруда» (1967) і інш. Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі паставіў п’есу «Бабскае царства» (1984, паводле яго аднайм. аповесці). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі З.​Машкевіч, Ф.​Янкоўскі.

Тв.:

Соч. Т. 1—11. М., 1989—93;

Любовь вождей: Повести. Рассказы. М., 1994.

Літ.:

Богатко И. Юрий Нагибин. М., 1980;

Холопова В.Ф. Парадокс любви: Новеллистика Ю.​Нагибина. М., 1990.

Ю.М.Нагібін.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРГІНЕ́Ц Мікалай Іванавіч (н. 17.10.1937, Мінск),

бел. пісьменнік, дзярж. дзеяч Беларусі. Ген.-лейтэнант унутр. службы (1993). Канд. юрыд. н. (1977). Праф. (2000). Засл. работнік МУС СССР (1977). Скончыў БДУ (1967). З 1964 у органах унутр. спраў, у 1981—84 нач. Упраўлення крымін. вышуку МУС Беларусі, з 1987 — Бел. ўпраўлення ўнутр. спраў па транспарце МУС Беларусі. З 1993 старшыня К-та па сац. абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і памяці загінуўшых пры Савеце Міністраў Беларусі, з 1997 — Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь па міжнар. справах і нац. бяспецы, з 1998 — Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па знешняй палітыцы. З 2002 старшыня Беллітфонду. Друкуецца з 1973. Піша на рус. мове. У дакумент. аповесцях «Чацвёрты след» (1973), «Следства працягваецца» (1977), аповесцях «Трывожная служба» (1975), «Фінал Краба» (1979), «Служба — дні і ночы» (1981), рамане «Вам — заданне» (1982) характары, побыт, складаная і небяспечная служба работнікаў міліцыі ў Вял. Айч. вайну і ў мірны час. Раманы «Тайна Чорных Гор» (1987), «Сыны» (1989) пра вайну ў Афганістане, аповесць «Загад №1» (1985) — гісторыка-паліт. дэтэктыў пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Раман-прадбачанне «Ілоты вар’яцтва» (1995) пра барацьбу з міжнар. тэрарызмам. Дэтэктыўна-паліт. раман «Тайна Авальнага кабінета» (2001) пра традыц. ўклад амерыканцаў, жыццё ў Белым доме. Аўтар навук. прац у галіне правазнаўства, кінасцэнарыяў і спектакляў паводле ўласных раманаў.

Тв.:

За секунду до выстрела: Роман-дилогия. М., 1992;

Кремлевский колодец. Мн., 1998;

Убить вождя. Мн., 1999;

Черный пес. Мн., 2000;

Смертельный квадрат. Мн., 2000;

Смертник. Мн., 2002;

Упреждающий удар. Мн., 2002;

Побег. Мн., 2002;

Последний герой. Мн., 2003.

Л.​С.​Савік.

М.І.Чаргінец.

т. 17, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАГЕНІ́ЗМ (ад мона... + грэч. genos род, паходжанне),

антрапалагічная тэорыя пра адзінства паходжання чалавецтва і кроўнай роднасці яго рас (процілеглая тэорыя — полігенізм). Гл. таксама Расы.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)