ІАНІ́ЙЦЫ, іаняне (Iōnes),

адно з асноўных стараж.-грэч. плямён. Назва ад імя легендарнага героя Іона, якога лічылі родапачынальнікам племя. Займалі тэр. Атыкі, частку в-ва Эўбея, а-вы Хіяс, Самас, Наксас і інш. У 11—9 ст. да н.э. каланізавалі сярэднюю ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі, потым Чорнага і Мармуровага мораў, дзе стварылі саюз 12 гарадоў. У 7—6 ст. да н.э. І. дасягнулі эканам. і культ. росквіту (развіццё рамёстваў, гандлю). У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад кантролем цароў Лідыі, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. падпарадкаваны персамі, супраць якіх узнялі ў 500 да н.э. паўстанне. І. лічыліся асн. носьбітамі грэч. культуры. На дыялекце І. захаваліся л-ра (у т. л. паэмы Гамера, творы Герадота) і значная колькасць эпіграфічных помнікаў.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗБО́РСК,

старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.

А.​В.​Іоў.

Да арт. Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАЎ (Іван Сцяпанавіч) (22.8.1894, с. Аджыкенд, Азербайджан — 11.10.1967),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1965), чл.-кар. АН СССР (1958), праф. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага складу пры Ваен.-марской акадэміі (1928). На флоце з 1914. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 на камандна-штабных пасадах на Чарнаморскім і Балт. флатах, у т. л. камандуючы Балт. флотам (1937), у 1938—50 пераважна нам. і 1-ы нам. наркома (галоўнакамандуючага ВМФ). Нам. міністра марскога флоту (1954—55), потым у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46. Аўтар прац па ваен. гісторыі, ваен. і ваен.-марскім майстэрстве, апавяданняў, нарысаў, навел і ўспамінаў пра флот. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБО́ЙКА (Іван Мікалаевіч) (2.7.1786, г.п. Золачаў Харкаўскай вобл., Украіна — 27.6.1861),

гісторык, літаратуразнавец, лінгвіст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1810). У 1815 чыноўнік па асобых даручэннях у прэзідэнта Дзярж. савета Царства Польскага Вялінскага, потым на дзярж. службе ў Пецярбургу. У 1822—40 праф. Віленскага ун-та, Мед.-хірургічнай і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэмій у Вільні. У 1820—30-я г. садзейнічаў пашырэнню рус.-бел.польскіх культ. сувязей, прапанаваў ідэю комплекснага вывучэння Беларусі і Літвы. Цікавіўся бел. фальклорам. Як «вучоны карэспандэнт» графа М.П.Румянцава быў ініцыятарам шэрагу гіст.-археал. экспедыцый па зах. Беларусі, у выніку якіх з’явіліся працы «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў» і «Даследаванне аб Літве». Аўтар публікацый «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна запісак аб Расіі» (СПб., 1818), «Збор расійскіх вершаў» (Вільня, 1827) і інш.

Д.​У.​Караў.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК ТХО (Le Duc Tho; 14.10.1911, прав. Нам Ха, В’етнам — 13.10.1990),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, 1930), удзельнік В’етміня. У 1930—36 і 1941—45 знаходзіўся ў зняволенні ў франц. турме. З 1945 чл. ЦК і Пастаяннага к-та КПІК. У 1948—55 на парт. рабоце на Пд В’етнама. З 1955 чл. палітбюро ЦК Партыі працоўных В’етнама (потым Камуніст. партыя В’етнама), у час в’етн. вайны 1964—73 адказваў за палітыку партыі ў Паўд. В’етнаме. З 1968 фактычны кіраўнік дэлегацыі Дэмакр. Рэспублікі В’етнам на парыжскіх перагаворах, у выніку якіх падпісана Парыжскае пагадненне 1973. У 1986 пакінуў усе парт. і дзярж. пасады. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Г.Кісінджэрам), адмовіўся ад яе.

Ле Дык Тхо.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУА́ЛА-ЛУ́МПУР (Kuala Lumpur),

горад, сталіца Малайзіі, на п-ве Малака. Адм. ц. Федэральнай сталічнай тэрыторыі. 1236 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны паліт., прамысл. (каля 40% прамысл. прадукцыі краіны) і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн. і радыётэхн., тэкст., маш.-буд., харч., хім., папяровая, аўтазборачная, лесапільная, цэментная. Перапрацоўка каўчуку і алавянай руды. Нац. і Малайскі ун-ты. Нац. музей Малайзіі. Кітайскія дамы і храмы; мячэці (20 ст.).

Засн. ў 1857 горнарабочымі-кітайцамі. У 1880—1974 сталіца Селангара (княства, потым штата). У 1946—57 адм. ц. брыт. калоніі Малайскі саюз (у 1948—57 Малайская Федэрацыя). З 1957 сталіца Малайзіі; з 1974 горад мае статус Федэральнай тэрыторыі.

Палац у г. Куала-Лумпур.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНІЯ́ТА, Кеньята (Kenyatta) Джома (10.10.1891, Ічаверы, каля г. Найробі, Кенія — 22.8.1978), дзяржаўны і паліт. дзеяч Кеніі. Паходзіў з племя кікую. У 1928—31 ген. сакратар Цэнтр. асацыяцыі кікую (адна з першых паліт. арг-цый кенійцаў). У 1931—46 вучыўся і працаваў у СССР і Вялікабрытаніі. З 1947 старшыня партыі Саюз афрыканцаў Кеніі. У 1952—59 зняволены брыт. ўладамі па абвінавачанні ў прыналежнасці да рэліг.-паліт. руху «Мау-мау», потым у ссылцы. У 1960 завочна абраны прэзідэнтам партыі Нац. саюз афрыканцаў Кеніі. У 1963—64 прэм’ер-міністр, у 1964—78 прэзідэнт і кіраўнік урада Кеніі. Распрацаваў (разам з Т.​Мбоя) і рэалізаваў канцэпцыю т.зв. дэмакр. сацыялізму, вынікам чаго стаў выбар капіталіст. шляху развіцця ў Кеніі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІЛЯ́РЫ (ад лац. capillaris валосны),

найдрабнейшыя крывяносныя і лімфатычныя сасуды (дыям. 2—30 мкм), якія пранізваюць органы і тканкі ў большасці жывёл і чалавека. Апісаны М.Мальпігі (1661). Крывяносныя К. злучаюць перыферычныя канцы артэрый і вен і замыкаюць круг кровазвароту. Праз іх сценкі адбываецца абмен рэчываў паміж крывёю і міжтканкавай вадкасцю. У чалавека сярэдні дыяметр К. каля 7 мкм. Шырокія К. наз. сінусоідамі. Лімфатычныя К. пачынаюцца ў міжклетачных прамежках органаў (акрамя галаўнога і спіннога мозга, парэнхімы, селязёнкі, лімфатычных вузлоў, храсткоў, склеры, хрусталіка вока), канчаюцца ў тканках сляпымі вырастамі. Выконваюць дрэнажную функцыю ў тканках, фільтруюць плазму крыві, забяспечваюць інтэнсіўнасць адтоку і састаў лімфы. Упадаюць у дробныя лімфатычныя сасуды, якія ўпадаюць у большыя, потым у грудную пратоку. Гл. таксама Крывяносная сістэма, Лімфатычная сістэма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧЭ́ЎСКІ (Юльян Юзафавіч) (снеж. 1806, в. Казяны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.студз. 1833),

бел. жывапісец. Скончыў ф-т маральных і паліт. навук Віленскага ун-та (1824), дзе адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма. У 1824—26 вывучаў права ў Пецярбургскім ун-це. У 1826—29 удасканальваў майстэрства жывапісу ў Францыі, потым у Англіі і Італіі. Створаныя ім жанравыя кампазіцыі вызначаюцца тэхн. дасканаласцю, вастрынёю характарыстык, дакладнай перадачай нац. тыпажу: «Руская хуткая пошта», «Яўрэйскае пахаванне», «Яўрэйскі фурман у літоўскай карчме» і інш. З 1829 у Рыме, дзе напісаў шэраг пейзажаў і жанравых сцэн. Карціны К. «Ян III пад Венай», «Турак на кані» і інш. ў 2-й пал. 19 ст. зберагаліся ў галерэі А.​Храптовіча ў Шчорсах (Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.).

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ДА (ісп. corrida de toros літар. бег быкоў),

бой быкоў, нац. ісп. відовішча. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быка. З пач. 18 ст.традыц. цыркавое відовішча ў Іспаніі, Партугаліі, Паўд. Францыі і краінах Лац. Амерыкі, якое звычайна наладжваецца ў час свят. Адбываецца на спец. арэне ці абгароджанай пляцоўцы. Кожная К. праходзіць у некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырв. плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле лёгкія ўдары доўгімі пікамі, а бандэрыльё раздражняюць яе кароткімі коп’ямі (бандэрыльямі); завяршае К. матадор (гал. фігура К.), які трапным ударам шпагі ў загрывак забівае раз’юшанага быка. У краінах, дзе пашырана К., у яе ёсць шмат праціўнікаў, якія разглядаюць К. як крывавае, небяспечнае для людзей, негуманнае ў адносінах да жывёлы і таму амаральнае відовішча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)