бел.нац.арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст.этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТКА,
орган размнажэння пакрытанасенных (кветкавых) раслін. У двухполай К. ўтвараюцца споры і гаметы, адбываецца апыленне і апладненне, развіццё зародка і фарміраванне плода з насеннем. Складаецца з кветаножкі, кветаложа (вось, на якой знаходзяцца ўсе элементы К.), чашачкі, вяночка, андрацэя (сукупнасць тычынак), гінецэя (сукупнасць пладалісцікаў, з якіх утвараецца песцік. У ніжняй ч. песціка (завязі) развіваюцца семязачаткі, потым насенне, завязь ператвараецца ў плод. Адрозніваюць К. правільныя, ці актынаморфныя (маюць некалькі плоскасцей сіметрыі), няправільныя, ці зігаморфныя (адна плоскасць сіметрыі), і асіметрычныя. Бываюць К. двухполыя (маюць тычынкі і песцікі) і, радзей, раздзельнаполыя (толькі тычынкі ці толькі песцікі). Расліны з тычынкавымі і песцікавымі К. — аднадомныя, расліны з адным відам К. (толькі тычынкі ці толькі песцікі) — двухдомныя. Бываюць К. верхавінкавыя, пазушныя, адзіночныя, сабраныя ў суквецці. Цвітуць ад 20—30 мін да 80 дзён. Эвалюцыя К. ішла ў цеснай сувязі з эвалюцыяй насякомых-апыляльнікаў.
Да арт.Кветка: I. Кветкі без калякветніка або з рэдукаваным калякветнікам: 1 — пшаніцы; 2 — вярбы (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка); 3 — ясеню; 4 — малачаю (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка). II. Правільныя актынаморфныя кветкі: 5 — энатэры; 6 — стрэлалісту; 7 — тытуню; 8 — званочку; 9 — цюльпану; 10 — нарцысу; 11 — адонісу. III. Зігаморфныя кветкі: 12 — кірказону; 13 — фіялкі; 14 — боцікаў; 15 — васілька; 16 — архідэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»
(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр.т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.Аксамітава, В.Бандарчыка, М.Чурак, Я.Чачота, М.Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (НАК),
нацыянальная арг-цыя, якая прадстаўляе краіну ў міжнар.алімпійскім руху. Стварэнне НАК. прадугледжваецца алімпійскай хартыяй у краінах і на асобных тэрыторыях. Садзейнічае развіццю алімп. руху і аматарскага спорту, наглядае за захаваннем алімп. прынцыпаў у краіне, забяспечвае ўдзел спартсменаў нац. каманд у Алімпійскіх гульнях. Стварэнне НАК і прызнанне яго Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК.) — умова допуску нац. каманд да ўдзелу ў Алімп. гульнях. НАК аб’ядноўвае 5 і больш нац. федэрацый па алімпійскіх відах спорту (федэрацыі ўваходзяць у адпаведныя міжнар.спарт. аб’яднанні). У НАК уваходзяць члены МАК краіны, кіраўнікі нац.спарт. федэрацый па алімп. відах спорту, прадстаўнікі краіны ў міжнар.спарт. аб’яднаннях, дзеячы фіз. культуры і спорту (згодна з уставам МАК). НАК карыстаецца алімпійскай сімволікай. У 1968 (Мехіка) створаны пастаянная Ген. асамблея НАК і аб’яднанне еўрап. НАК (э 1979 — Асацыяцыя НАК Еўропы).
На Беларусі НАК створаны 22.3.1991, прызнаны МАК 21.9.1993. Першы прэзідэнт НАК У.М.Рыжанкоў (1991—96), з 1997 А.Р.Лукашэнка. Вышэйшы орган — алімп. сход. Паміж сходамі працуе выканком (на чале з прэзідэнтам НАК) і бюро выканкома. Арганізац.выканаўчую і фін.-гасп. дзейнасць ажыццяўляе сакратарыят. Працуе 11 пастаянных камісій. НАК мае прадстаўніцтвы ў кожнай вобласці рэспублікі і ў Мінску.
П.П.Рабухін.
Эмблема Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн.орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЯ́РНАЯ ЗВЕЗДА́»,
рускія літ. альманахі 19 ст. 1) літ. альманах, легальны органдзекабрыстаў. Выдаваўся ў 1823—25 у Пецярбургу А.А.Бястужавым і К.Ф.Рылеевым. Выйшлі 3 кнігі. У ім друкавалі свае творы А.Пушкін, А.Грыбаедаў, І.Крылоў, В.Жукоўскі, Я.Баратынскі, В.Кюхельбекер, Ф.Булгарын і інш., літ. крытычныя арт. Бястужава. Перастаў існаваць у сувязі з паўстаннем 14.12.1825.
2) Літ.-паліт. альманах Вольнай рус. друкарні, які выдаваў А.Герцэн (з 1856 разам з М.Агаровым). У 1855—62 у Лондане выдадзена 7 кн., у 1868 (на 1869) у Жэневе 8-я кн. Назва, малюнак на вокладцы профіляў 5 пакараных смерцю дзекабрыстаў, эпіграф «Няхай жыве розум!», змест зборнікаў сведчылі аб пераемнасці традыцый дзекабрыстаў. На старонках «П.з.» надрукаваны ўспаміны дзекабрыстаў, асобныя творы Пушкіна, М.Лермантава, В.Бялінскага, М.Някрасава, Герцэна, Агарова. Тайнымі карэспандэнтамі ў Расіі былі амнісціраваныя дзекабрысты І.Дз.Якушкін, М.А.Бястужаў, М.І.Мураўёў-Апостал, а таксама І.Тургенеў, І.Аксакаў і інш. «П.з.» выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, адыграла вял. ролю ў развіцці грамадскай думкі і л-ры ў Расіі.
Публ.: Полярная звезда. М.; Л., 1960; Полярная звезда: Журнал А.И.Герцена и Н.П.Огарева: [Факс. изд.]. Вып. 1—9. М., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-паліт.орган, які фарміруецца з мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў прэзідэнта ў галіне забеспячэння нац. бяспекі краіны. Утвораны паводле пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 15.11.1991. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет бяспекі фарміруе і ўзначальвае прэзідэнт. Савет бяспекі разглядае пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі краіны, якія закранаюць інтарэсы яе нац. бяспекі і абароны, прымае рашэнні па забеспячэнні паліт., эканам., ваен., гуманітарнай, экалаг. і інш. відаў бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. У яго склад уваходзяць прэзідэнт, пастаянныя члены Савета (прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нац. сходу, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, дзярж. сакратар — памочнік прэзідэнта па нац. бяспецы), члены Савета (міністры абароны, унутр. спраў, замежных спраў, фінансаў, старшыні к-таў дзярж. бяспекі і дзярж. кантролю, ген. пракурор, а таксама інш. асобы, якіх прызначае прэзідэнт). Рашэнні Савета бяспекі афармляюцца ў выглядзе пастаноў, якія набываюць сілу пасля іх падпісання прэзідэнтам. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят (да 1997 — апарат) Савета бяспекі. У 1992—94 Савет бяспекі ўзначальвалі старшыні Вярх.
Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, потым М.І.Грыб. З 1994 палажэнне аб Савеце бяспекі і яго складзе зацвярджаюцца ўказамі прэзідэнта. Дзярж. сакратары Савета бяспекі: з 1994 В.В.Шэйман, з 2000 У.Р.Латыпаў, з 2001 Г.М.Нявыглас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ СССР (СМСССР),
вышэйшы выканаўчы і распарадчы органдзярж. улады, урад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у 1946—91. Створаны ў выніку пераўтварэння Савета Народных Камісараў (закон ад 15.3.1946). Да 1989 утвараўся Вярхоўным Саветам СССР на 1-й сесіі чарговага склікання ў складзе старшыні, першых намеснікаў, намеснікаў старшыні, міністраў СССР, старшынь дзярж. к-таў СМСССР, старшыні к-таДзярж. бяспекі пры СМСССР (да ліп. 1978). Уваходзілі таксама паводле сваіх пасад старшыні Саветаў Міністраў саюзных рэспублік. СМСССР аб’ядноўваў і накіроўваў работу агульнасаюзных і саюзна-рэсп. міністэрстваў, рабіў захады па ажыццяўленні планаў сац.-эканам. развіцця, умацаванні крэдытна-грашовай сістэмы, кіраваў агульным будаўніцтвам узбр. сіл краіны, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва ў галіне зносін з замежнымі дзяржавамі і г.д.; выдаваў пастановы і распараджэнні на падставе дзеючых законаў. Паводле закона СССР ад 1.12.1988, які ўнёс змены ў Канстытуцыю СССР 1977, пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР зацвярджаў склад СМСССР і прызначаў яго старшыню, якога зацвярджаў З’езд народных дэпутатаў СССР. У студз. 1991 замест СМСССР утвораны Кабінет Міністраў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЖУРНАЛІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СІ.
Беларускі саюз журналістаў, добраахвотная грамадская арганізацыя прафес. работнікаў перыяд. друку, тэлебачання, радыёвяшчання, інфарм. агенцтваў, выдавецтваў. Створаны ў 1959 як С.ж.Б. З 1995 наз.Бел. саюз журналістаў. Гал. задачы саюза — павышэнне прафес. майстэрства журналістаў, іх кругагляду і абагульненне лепшага вопыту. Арганізоўвае творчыя семінары, стажыроўку маладых журналістаў, прэс-канферэнцыі, творчыя конкурсы, выстаўкі. Членамі саюза могуць быць журналісты, фотакарэспандэнты, мастакі, рэдактары, якія працуюць у друку, на радыё і тэлебачанні, у інфарм. агенцтвах не менш як 3 гады і валодаюць высокім прафес. майстэрствам. Вышэйшы орган — рэсп. з’езд. Паміж з’ездамі дзейнасцю саюза кіруе сакратарыят і рада. З’езды адбыліся ў 1959, 1962, 1966, 1971, 1977, 1982, 1987, 1990, 1995, 2000. Дзейнасць С.ж.Б. распаўсюджваецца на тэр. Рэспублікі Беларусь. У абласцях створаны абласныя журналісцкія арг-цыі, у рэдакцыях — пярвічныя. Уваходзіць у склад Міжнар. канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у міжнар. сустрэчах і сімпозіумах журналістаў, арганізоўваюць аналагічныя мерапрыемствы на Беларусі, спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж сродкамі масавай інфармацыі розных краін свету. Выдае газ. «Вдохновение». Старшыні С.ж.Б.: Ф.Я.Кляцкоў (1959—71), У.В.Мацвееў (1971—73), А.А.Тоўсцік (1973—87), І.П.Макаловіч (1987—90), Л.С.Екель (з 1990). На 1.9.2001 аб’ядноўвае 2500 чл.