ДЗМІ́ТРЫЕВА-БА́ЛАШ Ганна Яраславаўна

(н. 27.5.1964, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вучылася ў творчай майстэрні В.Ф.Сумарава (1972—78), скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). Працуе ў галіне тэкстылю і мадэліравання. Стварае аб’ёмныя тэкст. кампазіцыі з выкарыстаннем тэхнік габелена, ціснення па скуры, вышыўкі, аплікацыі, калажу, жывапісу і інш.: «Цар-царыца» (1987), «Салавей і ружа» (1996), «Дзівосная краіна» (1997), «Раніца ў Венецыі», «Мурашыная каралева», «Развітанне славянкі» (усе 1990-я г.; з С.Даманавай), пано «Мой горад» (1997). Мастак-пастаноўшчык тэлефільма «Пастка для зубра» (1992—94). Аформіла сцэн. касцюмы ансамблям «Харошкі», «Крупіцкія музыкі», «Камерата» і інш.

Г.Дзмітрыева-Балаш. Кампазіцыя «Развітанне славянкі». 1997.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮФІ́ (Dufy) Рауль

(3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),

французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.

Р.Дзюфі. Прыстань. 1908.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́НЦІ (Viskonti) Лукіна

(сапр. Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),

італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.Шэкспіра, Т.Уільямса, Ж.Ануя, А.Мілера, А.Чэхава, оперы Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Р.Штрауса).

Літ.:

Шитова В.В. Лукино Висконти. М., 1965.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА АКВАРЭ́ЛІ,мастацкая школа ў Віцебску. Пачала складвацца на пач. 1950-х г. Характэрныя рысы — засяроджанасць на выяўленні жывапісных якасцей акварэлі, праблеме каларыту, сувязь з традыцыямі мясц. культуры. Каля вытокаў Віцебскай школы акварэлі стаяў І.Сталяроў. У фарміраванне яе традыцый зрабілі ўклад мастакі Ф.Гумен, А.Карпан, М.Ляўковіч, В.Ляховіч, В.Ральцэвіч, А.Кастагрыз, І.Шкуратаў. У традыцыях Віцебскай школы акварэлі мастакі працавалі і працуюць у розных манерах, кірунках (Л.Воранава, М.Драненка, У.Іваноў, І.Кісялёў, В.Лук’янава, У.Напрэенка, Я.Панамарэнка, Р.Танковіч, Г.Шутаў, А.Шыёнак і інш.). У 1995 створана суполка «Віцебская акварэль», якая аб’ядноўвае найб. вядомых прадстаўнікоў школы.

Літ.:

Цыбульскі М. Акварэльная аўра Віцебска // Беларусь. 1995. № II;

Рынковіч У. І лёд, і полымя // Мастацтва. 1995. № Ю. М.Л.Цыбульскі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ Уладзімір Мікалаевіч

(н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак, графік. Чл. Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.Ягоўдзіка (усе 1993).

Л.Ф.Салавей.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЯ́ЧЫЧ Віктар Лук’янавіч

(н. 11.7.1934, г. Харкаў, Украіна),

бел. эстрадны спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы (1959—62). З 1957 саліст Дзярж. нар. хору Беларусі, хору Бел. радыё, Ансамбля песні і танца БВА. З 1966 у Бел. філармоніі, маст. кіраўнік канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт». У 1992—96 маст. кіраўнік Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 — Дзярж. аб’яднання «Белканцэрт». Першы выканаўца песень многіх бел. кампазітараў (І.Лучанка, Я.Глебава, Л.Захлеўнага і інш.). Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1967), Фестывалю сучаснай эстраднай песні (Токіо, 1973, Вял. прыз).

І.І.Зубрыч.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСТА́ЎКА ў кніжнай графіцы,

невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.

Застаўка з рукапісу 11 ст.
Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.
Застаўка з «Бібліі» Ф.Скарыны. 1518.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́ВА Барыс Яўгенавіч

(24.5.1896, г. Паўлаград, Украіна — 25.11.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1967). Д-р мастацтвазнаўства (1964). З 1913 у Студэнцкай студыі пад кіраўніцтвам Я.Вахтангава (з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). Сярод роляў: Доктар («Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка), хан Цімур («Прынцэса Турандот» К.Гоцы). Сярод рэжысёрскіх работ: «Барсукі» Л.Лявонава (1927), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1932), «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Рэвізор» М.Гогаля (1939), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1958). З 1925 кіраваў школай пры Тэатры Вахтангава (з 1939 Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна), з 1939 прафесар. Аўтар кніг па тэорыі акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва, тэатр. педагогіцы. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІН Мікалай Мікалаевіч

(13.12.1904, г. Уладзімір, Расія — 4.4.1976),

рускі археолаг і гісторык мастацтва. Д-р гіст. н. (1945), праф. (1946). Скончыў Уладзімірскі ін-т нар. асветы (1923), Ленінградскі ун-т (1926). З 1932 навук. супрацоўнік Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (з 1959 Ін-та археалогіі АН СССР). Вывучаў гісторыю культуры і дойлідства гарадоў Стараж. Русі. У 1949 вёў раскопкі на Замкавай гары ў Гродне. Даследаваў збудаванні і фрэскі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра ў Полацку, дойлідства Смаленска 12—13 ст. Арганізатар выдання, рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі культуры Старажытнай Русі» (т. 1—2, 1948—51). Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1965.

Т.М.Каробушкіна.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ

(свецкае імя Тамашчык Уладзімір; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны, Беласточчына — 9.6.1970),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя. Скончыў Пражскі політэхн. Ін-т (1934), Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене (1948). У 1927 арыштаваны польск. ўладамі за бел. грамадска-паліт. дзейнасць. З 1930 у г. Прага. З 1941 на Беласточчыне. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1949 пастрыжаны ў манахі і яму нададзены сан архімандрыта, пасля — епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. З 1951 у ЗША, узначаліў амер. епархію БАПЦ, у 1951—52 — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Браў удзел у выданні час. «Голас царквы».

Л.У.Языковіч.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)