СУПРЭМАТЫ́ЗМ (ад лац. supremus найвышэйшы),

кірунак у авангардысцкім мастацтве сярэдзіны 1910—20-х г.; від геам. абстракцыі (гл. Абстракцыянізм). Засн. ў 1913 К.С.Малевічам. Тэорыя С., якая сцвярджала вяршэнства абстрактнай формы, зведзенай да квадрата, круга, трохвугольніка, прамавугольніка, крыжа, была выкладзена ў маніфесце Малевіча «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (1916). Першыя свае супрэматычныя карціны Малевіч паказаў у 1915 на выстаўцы «0,10» у Петраградзе. Для С. характэрна падкрэсленая сімволіка колеру. Камбінацыі рознакаляровых плоскасцей увасаблялі абсалютныя, «вышэйшыя» пачаткі рэчаіснасці, спасцігнутыя інтуіцыяй мастака. У рэчышчы С. працавалі І.​Клюн, І.​Пуні, Эль Лісіцкі, М.​Суэцін. С. увасобіўся ў жывапісе, графіцы, сцэнаграфіі, дэкар.-прыкладным мастацтве і інш., значна паўплываў на канструктывізм.

Літ.:

Шунейка Я. Супрэмус, або Творца беспрадметнага мастацтва // Мастацтва Беларусі. 1989. № 2;

Наков А. Русский авангард: Пер. с фр. М., 1991;

Сарабьянов Д.В., Шатских А.С. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Супрэматызм. К.​Малевіч. Супрэматычная кампазіцыя. 1916.
Да арт. Супрэматызм. М.​Суэцін. Кубак і сподак з супрэматычнай размалёўкай. 1923.
Да арт. Супрэматызм. Эль Лісіцкі. Пра 2 квадраты. Супрэматычная казка ў шасці карцінках. 1920.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)