ВІТГЕНШТЭ́ЙН (Пётр Хрысціянавіч) (5.1.1769, г. Нежын, паводле інш. звестак г. Пераяслаў-Хмяльніцкі, Украіна — 11.6.1843),

рускі ваенны дзеяч. Граф, з 1834 князь. Ген.-фельдмаршал (1826). З роду Вітгенштэйнаў. На вайск. службе з 1781. Удзельнік польск. кампаніі 1794, вайны з Персіяй 1795—96, рус.-аўстра-франц. вайны 1805, рус.-тур. вайны 1806—12, кампаніі 1807 супраць Францыі, рус.-швед. вайны 1808—09. З кастр. 1810 камандзір 1-га пях. корпуса 1-й Зах. арміі М.​Б.​Барклая дэ Толі, прыкрываў паўн. частку зах. граніцы Расіі. У вайне 1812 удзельнічаў у вырашальных бітвах на тэр. Беларусі. Пакінуты для самаст. дзеянняў у раёне Дрысы—Полацка для прыкрыцця стратэг. напрамку на Пецярбург, корпус Вітгенштэйна стаў фактычна асобнай арміяй, вызваляў ад французаў Полацк, Лепель і інш. (гл. Полацкія бітвы 1812, Клясціцкія баі 1812, Чашніцкія баі 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). Са снеж. 1812 Вітгенштэйн галоўнакаманд. Зах. арміяй, у крас. — маі 1813 камандаваў аб’яднаным рус.-прускім войскам, рус. войскамі ў складзе Багемскай (Галоўнай) арміі. З 1818 галоўнакаманд. 2-й арміяй, чл. Дзярж. савета. У 1828—29 камандаваў рус. войскам у вайне з Турцыяй.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭН СЯАПІ́Н (22.8.1904, прав. Сычуань, Кітай — 18.2.1997),

дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Кітая. На пач. 1920-х г. вучыўся і працаваў у Францыі. З 1924 чл. Кампартыі Кітая. У 1925—27 вучыўся ў СССР. Удзельнік Вялікага паходу Кітайскай Чырв. арміі (1934—36). У час антыяпонскага супраціўлення (1937—45) кіраваў баявымі аперацыямі. З 1952 неаднаразова займаў пост нам. прэм’ера Дзярж. савета КНР. У 1977—80 нач. Генштаба Народна-вызв. арміі. У 1983—90 Старшыня Цэнтр. ваен. савета КНР (фактычна галоўнакамандуючы арміяй). З 1945 чл. ЦК КПК, у 1956—66 ген. сакратар ЦК партыі. Рэпрэсіраваны ў перыяд «культурнай рэвалюцыі». Пасля 1978 фактычна вызначаў палітыку краіны, быў ініцыятарам курсу на правядзенне эканам. рэформ, буд-ва сацыялізму з кіт. спецыфікай. Вывеў Кітай з руін «культурнай рэвалюцыі», добраахвотнай самаізаляцыі, садзейнічаў прытоку зах. інвестыцый, нармалізацыі адносін Кітая з СССР і ЗША, паставіў краіну на рэйкі рыначных рэформ ва ўмовах захавання сацыяліст. ідэалогіі і дзярж. кантролю, што прывяло краіну да эканам. буму. У 1990 пакінуў дзярж. пасады, але захаваў ролю духоўнага лідэра КНР.

І.​Ф.​Раманоўскі.

Дэн Сяапін.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА́РНІК (Ян Барысавіч) (14.6.1894, г. Жытомір, Украіна — 31.5.1937),

савецкі парт. і ваен. дзеяч, армейскі камісар 1-га рангу (1935). З 1915 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У рэв. дзейнасць уключыўся ў 1913, з 1916 чл. РСДРП. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл., сакратар Кіеўскага к-та РСДРП(б), чл. рэўкома. У 1918—20 чл. Усеўкраінскага падп. цэнтра; адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на Украіне, чл. РВС Паўд. групы 12-й арміі, камісар дывізіі, старшыня Адэскага, Кіеўскага губкомаў КП(б)У, Кіеўскага губвыканкома. З 1923 старшыня Дальрэўкома, крайвыканкома, сакратар Далькрайкома ВКП(б). З ліст. 1928 1-ы сакратар ЦК і чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. РВС Бел. ваен. акругі. З кастр. 1929 нач. Палітупраўлення Чырв. Арміі, чл. РВС СССР, адказны рэдактар газ. «Красная звезда». З 1930 нам. наркома абароны і нам. старшыні РВС СССР. Чл. ЦК ВКП(б) у 1927—37. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР у 1929. У час рэпрэсій абвінавачаны як «вораг народа», скончыў самагубствам. Рэабілітаваны ў 1955.

І.​П.​Хаўратовіч.

Я.Б.Гамарнік.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЕ НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857—59,

антыкаланіяльнае паўстанне пераважна на Пн і ў цэнтры Індыі. Выклікана ўзмацненнем калан. прыгнёту з боку брыт. Ост-Індскай кампаніі, рэзкім павелічэннем падаткаў і інш. Асн. масу паўстанцаў складалі сяляне, ударную сілу — палкі сіпаяў, незадаволеных сваім непаўнапраўным становішчам (у т. л. прыніжэннем рэліг. пачуццяў) у англ. калан. арміі. Пачалося ў маі 1857 з узбр. выступлення бенгальскай арміі (135 тыс. сіпаяў) і яго падтрымкі гарнізонам і насельніцтвам Дэлі. Паўстанцы занялі Дэлі, прымусілі фармальнага магольскага імператара Бахадур-шаха II абвясціць сябе правіцелем Індыі і падпісаць адозву да насельніцтва з заклікам да паўстання, якое хутка ахапіла тэр. ад Пенджаба да Бенгаліі і інш. раёны. Мусульм. духавенства абвясціла свяшчэнную вайну (газават) супраць англічан. Паўстанцы знішчалі англ. ваен. і цывільных чыноўнікаў (часта разам з сем’ямі), здраднікаў, авалодалі некалькімі крэпасцямі. У асн. цэнтрах паўстання (гарады Дэлі, Канпур, Лакхнаў) утварыліся самаст. мясц. ўрады. Раз’яднанасць паўстанцаў (сярод іх кіраўнікоў была княгіня Лакшмі-Баі) аблегчыла задушэнне паўстання англічанамі, якія былі лепш узброены і арганізаваны.

Літ.:

Юрлова Т.Ф. Народное восстание 1857—1859 гг. в Индии и английское общество. М., 1991.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНО́Ў (Пётр Мікалаевіч) (22.9.1869, Пецярбург — 17.1.1947),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, пісьменнік. Генерал-лейтэнант (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1888). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 на чале казацкага атрада накіраваны А.Ф.Керанскім на задушэнне рэвалюцыі ў Петраградзе, але пацярпеў паражэнне і ўзяты ў палон. Вызвалены і адпушчаны сав. ўладамі. Перабраўся на Дон, дзе ў маі 1918 выбраны атаманам Войска Данскога, і ў маі—чэрв. 1918 ліквідаваў там сав. ўладу. Абапіраўся на Германію. У 2-й пал. 1918 на чале казацкай арміі развіваў наступленне на Царыцын (цяпер Валгаград). У студз. 1919 прызнаў вяршэнства А.І.Дзянікіна, але з-за супярэчнасцей з камандаваннем Добраахвотніцкай арміі 19.2.1919 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Германію. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, дапамагаў ім у фарміраванні антысав. казацкіх часцей з эмігрантаў і ваеннапалонных; у 1945 захоплены сав. вайскоўцамі. Пакараны смерцю паводле прыгавору Ваен. калегіі Вярх. суда СССР. Аўтар мемуараў і гіст. раманаў.

Тв.:

Цареубийцы. М., 1994;

Екатерина Великая. М., 1994;

От двуглавого орла к красному знамени. Кн 1—3. Екатеринбург, 1994—95.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІНО́ЎСКІ (Радзівон Якаўлевіч) (23. 11.1898, г. Адэса, Украіна — 31.3.1967),

савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1958). Нар. Герой Югаславіі (1964). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. ў складзе рус. экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. У Чырв. Арміі з 1919. Пасля грамада. вайны ў войсках і штабах Паўн.-Каўк. ваен. акругі і БВА. Удзельнік (1937—38) вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну на Данскім, Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах: камандзір стралк. корпуса, каманд. арміямі, франтамі. З ліп. 1945 камандуючы войскамі Забайкальскага фронту, які ўдзельнічаў у разгроме яп. Квантунскай арміі (гл. Маньчжурская аперацыя 1945). Пасля вайны камандуючы войскамі Забайкальска-Амурскай ваен. акругі, галоўнакамандуючы войскамі Д. Усходу, камандуючы войскамі Далёкаўсходняй ваеннай акругі. З 1956 першы нам. міністра абароны СССР і Галоўнакамандуючы сухап. войскамі. У 1957—67 міністр абароны СССР. Узнагароджаны ордэнам «Перамога». Аўтар кніг «Пільна стаяць на варце міру» (1962), «Веліч перамогі» (1965), «Салдаты Расіі» (выд. 1969).

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАРА́ДАВІЧ (Міхаіл Андрэевіч) (12.10.1771, Пецярбург — 27.12.1825),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1809), граф (1813). Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Гётынгена, Страсбурга. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Італьянскага і Швейцарскага паходаў 1799 А.​В.​Суворава, кампаній супраць Францыі 1805—07, рус.-тур. вайны 1805—12, замежных паходаў рас. арміі 1813—14. Найб. вызначыўся ў вайну 1812 у Барадзінскай бітве (камандаваў правым крылом 1-й рас. арміі, на чале ар’ергарда прыкрываў яе адыход ад Масквы і забяспечваў яе флангавы марш на Старую Калужскую дарогу). У час праследавання французаў па Старой Смаленскай дарозе (камандаваў авангардам у складзе 2-га і 7-га пяхотных, 2-га кав. карпусоў і 4 казацкіх палкоў) вызначыўся ў баях пад Вязьмай, Дарагабужам і інш.; на тэр. Беларусі заняў мяст. Гараны, пасля пераправы цераз Дняпро ішоў з войскам праз населеныя пункты Стараселле, Маляўку, Талачын, Крупкі, Барысаў, Лагойск, Ракаў, Радашковічы, Гальшаны і інш. У час замежных паходаў удзельнічаў ва ўсіх гал. бітвах, у т. л. ў Лейпцыгскай бітве 1813. З 1818 ваен. губернатар Пецярбурга. Смяротна паранены на Сенацкай плошчы П.Р.Кахоўскім у час паўстання дзекабрыстаў.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Дзмітрый Рыгоравіч) (4.11.1897, в. Паўлава Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — ліп. 1941),

сав. ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1937), ген. арміі (1941), удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Скончыў Омскую вышэйшую кав. школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928), акад. курсы пры Ваенна-тэхн. акадэміі (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1931 на ваен. службе ў Гомелі, Бабруйску. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39, баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1940 камандуючы войскамі Зах. асобай ваен. акругі, з пач. Вял. Айч. вайны — войскамі Зах. фронту, пасля разгрому якіх у Навагрудскім «катле» Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР адхілены ад пасады і 22.7.1941 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны 31.7.1957. Чл. ЦВК БССР у 1935—36. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1940.

Літ.:

Качелин М.М. Дальний костер: Воспоминания. М., 1968;

Голубев Е.П. Боевые звезды. 2 изд. Ярославль, 1972;

Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. Т. 1. 10 изд. М., 1990.

Дз.Р.Паўлаў.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРНА́ЦКІ (Дзмітрый Васілевіч) (24.7.1912, г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 23.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Арлоўскае пях. вучылішча (1942). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, Данскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах. 21.1.1945 капітан Бярнацкі на чале групы байцоў у баі каля г. Брэслаў фарсіраваў Одэр, выбіў праціўніка з траншэі, адбіў 5 варожых контратак. Загінуў у баі.

Дз.В.Бярнацкі.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (18.8.1909, в. Ціхны Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 29.9.1941),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў школу ваен. пілотаў (1932), у 1940 вучыўся на Вышэйшых курсах удасканалення каманднага складу ВПС ВМФ. У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, зрабіў 69 баявых вылетаў, збіў 4 самалёты, знішчыў 7 агнявых пунктаў ворага і інш. У Вял. Айч. вайну ваяваў пад Ленінградам. Загінуў пры выкананні баявога задання.

І.І.Валасевіч.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)