галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш.Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.
Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э). Паўзаній (2 ст.н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.Ж.Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст). Першы робат сканструяваў амер.інж. Дж.Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп вучоны Н.Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн.тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл.Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш.тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.
На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл.Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).
Літ.:Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп.М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р, Ли К. Робототехника: Пер. с англ.М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.
Г.І.Хуцкі, У.М.Сацута.
Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАМУ́ЗЫКА,
спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.
У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.Анегер, Ж.Арык, Ж.Ібер, Д.Міё, А.Бліс, Р.Воан-Уільямс, Б.Брытэн, Дж.К.Меноці, А.Копленд, Дж.Антэйл, Г.Эйслер, П.Хіндэміт, В.Этк, В.Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.Багаслоўскі, В.Баснер, А.Пахмутава, А.Пятроў, М.Фрадкін, Ц.Хрэннікаў, А.Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын, А.Хачатуран, Дз.Кабалеўскі, К.Караеў, Г.Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.Дзянісава, Р.Шчадрына, М.Карэтнікава, А.Шнітке, С.Губайдулінай і інш.
Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.Салаўёў-Сядой, У.Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г. — муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.Бяльзацкім), Дз.Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.Лукас («Несцерка», 1956), У.Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.
Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.Альхімовіч, А.Залётнеў, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, У.Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.Бельцюкова, В.Капыцько, Л.Сімаковіч, А.Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.Будніка, А.Елісеенкава, Э.Зарыцкага, Я.Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.
Літ.:
Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;
Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;
Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;
Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СНЯ,
форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.
Нар. П. ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў (гл.Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.Аляб’еў, А.Варламаў, А.Гурылёў, М.Глінка) і зах.-еўрап. (І.Брамс, Ж.Бізэ, Ф.Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст.вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.Брасенс, Ш.Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.Акуджава, У.Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт.Эстрадная музыка).
На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл.Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел.нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел.прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.Любан, Л.Маркевіч, А.Туранкоў, У.Тэраўскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, В.Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял.Айч. вайны (М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш.Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.Буднік, Я.Глебаў, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Кузняцоў, І.Лучанок, У.Мулявін, І.Палівода, В.Раінчык, Семяняка, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж.т-рамуз. камедыі, Нац.акад.т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.
Літ.:
Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;
Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл.Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ МУ́ЗЫКА музыка, адрасаваная дзіцячай аўдыторыі або прызначаная для выканання дзецьмі. Дз. м. ўласцівы вобразная дакладнасць. канкрэтнасць, інстр. творам — праграмнасць. Яе тэмы часцей за ўсё звязаны з казачнасцю, сюжэтамі ці сцэнкамі з дзіцячага жыцця. замалёўкамі роднай прыроды. Сярод чыста муз. асаблівасцей твораў для дзяцей — абагульненне праз бытавыя жанры, выкарыстанне выяўл. прыёмаў, выразнасць і прастата формы, меладычнасць, нац. акрэсленасць муз. мовы. У Дз. м. прадстаўлены амаль усе муз. жанры, аднак, улічваючы выканальніцкія магчымасці дзяцей, кампазітары адмаўляюцца ад складаных прыёмаў інстр. і вак. тэхнікі.
Узоры Дз.м. былі вядомы ўжо ў Стараж. Грэцыі (песенькі, творы для навучання ігры на аўласе і інш.). У розных народаў свету існуе дзіцячы фальклор. Уклад у развіццё Дз.м. зрабілі многія кампазітары-класікі, у т. л. І.С.Бах, І.Гайдн («Дзіцячая сімфонія»), Р.Шуман («Альбом для юнацтва» для фп.), П.Чайкоўскі («Дзіцячы альбом» для фп.), а таксама зах.-еўрап. кампазітары 20 ст. [«Мікракосмас» Б.Бартака (6 сшыткаў фп. п’ес, у якіх юныя музыканты далучаюцца да сучасных сродкаў выразнасці), песні і хары З.Кодая, прызначаныя для рэалізацыі яго метаду муз. выхавання, «Музыка для дзяцей» у 5 тамах К.Орфа, што дае аснову для калектыўнага музіцыравання дзяцей, оперы «Мы будуем горад» П.Хіндэміта, «Маленькі трубачыст» і «Ноеў каўчэг» Б.Брытэна, дзе шэраг роляў выконваюць дзеці]. Класікамі Дз.м. сталі С.Пракоф’еў (фп. цыкл «Дзіцячая музыка». сімф. казка «Пеця і воўк», вак.-сімф. сюіта «Зімовы касцёр») і Дз.Кабалеўскі (дзіцячыя лірычныя песні, 3 сшыткі фп. п’ес, кантата «Песні ранку, вясны і міру», трыяда юнацкіх канцэртаў); шырока вядомы песні Ю.Чычкова, У.Шаінскага, музыка да дзіцячых кінафільмаў Я.Крылатава і інш.
Дзіцячы фальклор беларусаў побач з размоўнымі жанрамі, ўключае, калыханкі і песенькі для дзяцей старэйшага ўзросту. Нар. песні змешчаны ў найб. ранніх нац. зб-ках «Школьны спеўнік» (1920) і «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча. Інтэнсіўна і разнастайна працуюць у галіне Дз.м. бел. кампазітары. Ствараецца нац. рэпертуар для муз.т-ра. Сярод муз.-сцэн. твораў для дзяцей першая дзіцячая опера «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), першая муз. камедыя «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі (паст. 1979), шырока вядомы балет «Маленькі прынц» Я.Глебава (паст. 1982). З канца 1980-х г. на Беларусі ўзнікаюць тэатр. калектывы з дзіцячымі трупамі, якія значна стымулююць паяўленне дзіцячых муз.-сцэн. твораў; сярод іх: мюзікл «Пітэр Пэн» А.Будзько (паст. 1990; Дзіцячы муз.т-р-студыя пры Нац. т-ры оперы), опера «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка (паст. 1993 і 1996, Дзіцячы муз.т-р-студыя «Казка» пры Дзярж. т-ры муз. камедыі), опера «Мілавіца» У.Солтана (1991). Пачынаючы з оперы «Рукавічка» М.Чуркіна (1941, паст. 1948), развіваецца жанр радыёоперы для дзяцей («Рак-вусач» Дз.Лукаса паводле казкі Я.Коласа, 1941, паст. 1960; «Тараканішча» Л.Шлег паводле К.Чукоўскага, паст. 1973; опера «32 волаты» Н.Усцінавай 1983, Віцебская абл. студыя тэлебачання). Значнае месца адводзіцца музыцы для дзяцей у спектаклях драм. т-раў. З Бел.рэсп. т-рам юнага гледача актыўна супрацоўнічалі Я.Глебаў, Э.Зарыцкі, Дзярж. т-рам лялек Беларусі — А.Залётнеў, І.Кузняцоў, В.Помазаў, К.Цесакоў, з Брэсцкім абл. т-рам лялек — М.Русін. Муз. афармленню дзіцячых тэле- і радыёперадач, мультфільмаў вял. ўвагу аддавалі Л.Абеліёвіч, Г.Вагнер, Глебаў, Зарыцкі, Л.Захлеўны, У.Кандрусевіч, С.Картэс, А.Мдывані, Семяняка. У жанры вак.-сімф. і харавой музыкі найб. значныя араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» Глебава і «Бай прыдумаў» Картэса, кантаты «Песня згоды» Помазава і «Упарты Фама» Р.Суруса, сюіта «Званы» М.Васючкова і харавыя гульні «Ладачкі» В.Кузняцова. Дасціпнасцю муз. вырашэння адметныя вак. цыклы «Вясёлыя дзіцячыя песні» Картэса, «Пра дзяцей» П.Падкавырава, «Містэр Кваклі і іншыя» Э.Тырманд, разлічаныя на дарослых выканаўцаў. Багата пададзена ў бел. музыцы дзіцячая хар. песня. Далучэнню дзяцей да бел. фальклору спрыяюць хар.апрацоўкібел.нар. песень Семянякі, Цесакова, Цікоцкага, папулярныя ў дзяцей кампазіцыі У.Дамарацкага, Ш.Ісхакбаевай, В.Сярых. Камерна-інстр. жанр Дз.м. прадстаўлены цыкламі праграмных мініяцюр тыпу «Дзіцячых альбомаў», «Школьных сшыткаў» для розных інстр. складаў. У рэпертуар бел. школьнікаў трывала ўвайшлі п’есы Абеліёвіча, А.Багатырова, Вагнера, Г.Гарэлавай, Ісхакбаевай, В.Карэтнікава, Л.Мурашкі, Падкавырава, Суруса, Тырманд, Усцінавай, Цесакова і інш. Асобная галіна інструктыўнай музыкі — творы, звязаныя з фалькл. элементам у спалучэнні з сучаснымі сродкамі выразнасці, у т. л. сшытак эцюдаў-карцін для цымбалаў Войціка, «Карагоды» для фп. трыо, «25 беларускіх песень і танцаў» для скрыпкі і фп., «П’есы з эпіграмамі» для балалайкі і фп., «7 п’ес у ладах» для цымбалаў і фп. Гарэлавай, «поліфанічны сшытак» для фп., «Беларускія сшыткі школьніка» для баяна і домры, сюіта-казка «Кацігарошынка» для домры і фп., цыклы «Лубочак» для трубы і фп., «Дударачка» для кларнета і фп. Шлег. Развіццё Дз.м. стымулюецца павышэннем тэхн. ўзроўню выканальніцтва і агульнай муз. культуры дзяцей, што звязана з удасканаленнем сістэмы муз. адукацыі і муз. выхавання.
Літ.:
Асафьев Б. Русская музыка о детях и для детей // Сов. музыка. 1948. № 6;
Сосновская О. Советские композиторы детям. М., 1970;
Степанцевич К., Глущенко Г. Школьникам о музыке. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́ (Mali),
Рэспубліка Малі (République du Mali), дзяржава ва ўнутр. частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на З з Сенегалам, на Пн з Маўрытаніяй і Алжырам, на У з Нігерам, на ПдУ з Буркіна-Фасо, на Пд з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй. Пл. 1,22 млн.км². Нас. 11,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г.Бамако. Падзяляецца на 8 абласцей і адм. раён (дыстрыкт) Бамако.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная рэферэндумам у 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нар. сходу са 129 дэпутатаў, 116 з якіх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах (13 мандатаў рэзервуюцца для малійцаў, што знаходзяцца за межамі краіны). Парламент выбіраецца на 3 гады. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная (выш. 200—500 м). На Пн — частка пустыні Сахара (больш за 30 % тэр. М.), па верхнім цячэнні р. Нігер — алювіяльная раўніна. На 3, Пд і У раўнінная тэр. краіны акаймавана невысокімі горнымі масівамі. Найвыш. пункт — г. Хамбары-Тандо (1155 м). На ПнУстараж. плато Адрар-Іфарас выш. да 853 м. Карысныя выкапні: фасфарыты, жал., уранавыя, алюмініевыя, літыевыя, медныя і поліметал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, ападкаў 50—200 мм за год, дажджлівы перыяд менш за 3 месяцы, сярэдняя т-растудз. 20—22 °C, ліп. 32—35 °C; на Пд клімат экватарыяльных мусонаў, ападкаў 500—1000 мм (на крайнім Пд — 1500 мм), дажджлівы перыяд 3—5 месяцаў, сярэдняя т-растудз. 22—23 °C, ліп. 26—27 °C. Пастаянныя рэкі толькі на Пд, галоўныя — Нігер, Сенегал і іх прытокі; на асобных участках суднаходныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Расліннасць мае шыротную занальнасць. У пустыні і паўпустыні расліннае покрыва вельмі рэдкае: злакі, эфемеры, салянкі, тамарыксы і акацыі. У саванне суцэльнае травяное покрыва, дрэвы — баабаб, сейба, пальмы. На крайнім Пд высакатраўная саванна з галерэйнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 6 % тэрыторыі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопы, газелі, гепарды, шакалы, леапарды, гіены, жырафы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Букль-дзю-Баўле, 5 запаведнікаў. Прыродны запаведнік скала Бандыягары («Зямля дагонаў») уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Палавіну насельніцтва, складаюць народы моўнай сям’і мандэ (бамбара, малінке, санінке), жывуць на З і ў цэнтр.ч. краіны. Есць народы бантоідных моўных груп (фульбе, валоф, мосі, сенуфа), на Пн і ПнУ — туарэгі і маўры. Невял. колькасць еўрапейцаў, пераважна французаў. 90% насельніцтва вызнае іслам, 9% — традыц. вераванні (на Пд), 1 % — хрысціянства (у гарадах). Сярэднегадавы прырост 3,18% (1997). Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км², на Пд да 30—50 чал. на 1 км². На Пн амаль усё насельніцтва качавое і паўкачавое, шчыльн. каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найб. гарады (1995, тыс.ж.): Бамако—919, Сегу—99, Мопты—78. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 1%, У абслуговых галінах — 19%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя М. вывучана слаба. З 3-га тыс. да н.э. развівалася земляробства. У сярэднія вякі на тэр. сучаснага М. існавалі дзярж. ўтварэнні Гана (3—13 ст.), Малі (8—17 ст.), Сангаі (15—16 ст.); пануючай рэлігіяй стаў іслам. Дзяржава Сангаі пасля разгрому яе ў 1591 мараканскімі войскамі распалася на шэраг дробных княстваў, якія ў 3-й чвэрці 19 ст. ўвайшлі ў склад дзяржавы тукулераў Хадж Амара, а ў канцы 19 ст. заваяваны Францыяй. У 1890 б.ч.тэр. М. аб’яднана ў калонію Франц. Судан (у 1899 скасавана, у 1920 адноўлена), з 1895 — у складзе Франц.Зах. Афрыкі. З 1945 М. — «заморская тэр.» Францыі. У 1946 у М. заснавана паліт. партыя Суданскі саюз на чале з М.Кейтам (з 1959 адзіная партыя ў краіне), якая ўзначаліла нац.-вызв. рух. З 28.9.1958 М. пад назвай Суданская Рэспубліка — аўт. дзяржава ў складзе Франц. супольнасці. У крас. 1959 М. аб’ядналася з Сенегалам у Федэрацыю М., якая 20.6.1960 абвясціла сваю незалежнасць. У жн. 1960 федэрацыя распалася.
22.9.1960 абвешчана Рэспубліка М. Выбраны прэзідэнтам Кейта пачаў ажыццяўляць курс на некапіталіст. развіццё краіны. У 1967 ва ўмовах эканам. крызісу Кейта стварыў Нац.к-т абароны рэвалюцыі, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу (парламент быў распушчаны). У выніку ваен. перавароту (ліст. 1968) да ўлады прыйшоў Ваен.к-тнац. вызвалення на чале з М.Траарэ. У 1974 прынята новая канстытуцыя, якая ўстанавіла аднапарт. рэжым. У 1979 створана кіруючая і адзіная ў краіне партыя Дэмакр. саюз малійскага народа, адбыліся прэзідэнцкія (выбраны Траарэ) і парламенцкія выбары. У 1990 у М. пачаўся шырокі дэмакр. рух супраць аўтарытарнага рэжыму Траарэ. Пасля масавых дэманстрацый прыхільнікаў дэмакратыі 26.3.1991 Траарэ скінуты і ўлада перайшла да Савета нац. згоды на чале з А.Т.Турэ; распушчаны парламент і Дэмакр. саюз малійскага народа, уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя М., якая абвясціла прынцып падзелу ўлад. На выбарах у парламент у студз.—лют. 1992 перамог Альянс за дэмакратыю ў М. (АДЭМА), яго лідэр А.У.Канарэ ў крас. 1992 выбраны прэзідэнтам краіны. Акрамя АДЭМА у М. дзейнічаюць Нац.к-тдэмакр. ініцыятывы, Суданскі саюз — Афр.дэмакр. аб’яднанне, Малійская партыя за развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і прагрэс і інш. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 3.11.1993.
Гаспадарка. М. — адна з найбяднейшых краін свету. Штогадовы даход на 1 чал. каля 280 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы ствараецца 49% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 17%. Эканоміка адрозніваецца шматукладнасцю: натуральныя і паўнатуральныя дробнатаварныя сял. гаспадаркі, прыватны і замежны капітал, дзярж. сектар. Сялянскае землеўладанне дробнае (каля 0,5 га на душу). Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,5 млн.га, пад пашу выкарыстоўваюць каля 110 млн.га зямель у саваннах, паўпустынях і пустынях. У земляробстве пераважае аблогавая сістэма. Арашаецца 78 тыс.га (1993). Пад збожжавымі (проса, сорга, рыс, кукуруза) 85% пасяўных плошчаў, пад бавоўнай 7%, пад арахісам 5%. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, кенаф, з харчовых — ямс, батат, маніёк. Асн. раён земляробства ў цэнтры і на ПдЗ — у далінах Нігера і прытокаў Сенегала, асабліва ва ўнутр. дэльце Нігера ў раёне г. Мопты. Садоўніцтва (ананасы, манга, папайя, гуаява, цытрусавыя) і агародніцтва (памідоры, перац, капуста, морква) на арашальных землях. Збор збожжа ад 0,9 млн.т у засушлівыя гады да 1,5 млн.т ва ўраджайныя. Жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пераважае качавая, паўкачавая і адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — больш за 5, авечак і коз — больш за 11, аслоў — больш за 0,4, вярблюдаў — каля 0,2, коней — каля 0,2. Рыбалоўства ў Нігеры і інш. рэках, каля 100 тыс.т штогод. Збіральніцтва дзікарослых пладоў (найб. арэхаў карытэ). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы харчовай і звязанай з ёй вытв-сці: рысаачышчальная, па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення, цукр., чайная, кандытарская, мукамольная, мясная, малочная, кансервавая, піваварная. Ёсць прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, тэкст. камбінат у Бамако, з-д мешкатары ў Сане, гарбарна-абутковая ф-ка ў Бамако, цыгарэтная і запалкавая ф-кі (Бамако), цэм.з-д (Дыяму), керамічны з-д (Джыкарані); наладжана вытв-сць кіслароду, ацэтылену, фармацэўтычных і парфумерных вырабаў (Бамако). Ёсць невял. прадпрыемствы электрамех. і металаапр. прам-сці, па зборцы веласіпедаў, вырабе с.-г. інвентару, ф-ка транзістарных прыёмнікаў і магнітафонаў (Бамако). Вытв-сць электраэнергіі 290 млн.кВтгадз (1995). Электрастанцыі працуюць пераважна на імпартным паліве, найб.ЦЭС у Бамако, ёсць невял. ГЭС. Горназдабыўная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, фасфарытаў, каменнай солі, вапняку, мармуру. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны. У М. 14,8 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 1,8 тыс.кмунутр. водных шляхоў. Адзіная чыгунка (641 км) звязвае Бамако з портам Дакар (Сенегал). Суднаходства па р. Нігер. У краіне 24 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бамако. У 1994 экспарт склаў 320 млн.дол., імпарт — 422 млн. долараў. У экспарце пераважаюць бавоўна, жывёла, золата, арахіс, рыба, у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва, тэкст. вырабы. Гал.гандл. партнёры: Францыя і інш. краіны ЕЭС, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк КФА (Афрыканскай фін. садружнасці).
Літаратура. Вусная нар. творчасць народаў М. (бамбара, малінке, фульбе, сенуфа) прадстаўлена міфамі, гераічным эпасам, казкамі і песнямі. Пасля пашырэння ісламу (з 11 ст.) узнікла л-ра на араб. мове, якая існавала да 19 ст. (гіст. хронікі Махмуда Каці, 16 ст.; ас-Садзі, 17 ст.), была пашырана рэліг.л-ра. Да канца 1960-х г. мовы народаў М. не мелі пісьменства (акрамя фульбе). Першы твор на мове бамбара — паэт.зб. «Песні грыёта» Ж.Б.Сісако (1977). Сучасная л-ра М. развіваецца пераважна на франц. мове. У 1930—40-я г. з’явіліся першыя апрацоўкінар. легенд. У 1950-я г.л-ра развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху (гіст. раманы І.М.Уана, грамадз. творы С.Бадыяна, С.Дэмбеле). Пасля атрымання незалежнасці (1960) творчасць Ф.Д.Сісако, І.Б.Траарэ, С.Дыяра прасякнута пафасам антыкалан. барацьбы. У прозе 1970-х г. побач з асв. тэндэнцыямі (М.Галаго, Я.Сангарэ) характэрна выкарыстанне фалькл. матываў (А.А.Ба). З канца 1970-х г.асн. літ.
жанрам стаў сац. раман (М.М.Дыябатэ, М.Канатэ, І.Лі і інш.). Для Драматургіі характэрны паліт. накіраванасць і публіцыстычнасць (п’есы А.Кабы, Г.Дыявары). Паэзія вызначаецца грамадзянскасцю і лірызмам (Галаго, Дыявара, А.Кунта). Вядомасць атрымалі літ.апрацоўкі вуснай нар. творчасці М.Сідыбэ, І.Траарэ.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі культуры М. адносяцца да эпохі неаліту (наскальныя размалёўкі ў Бандыягары; малюнкі са сцэнамі палявання, вайны, танцаў у гротах у раёне Бамако, менгіры ў Тандыдару каля Ніяфунке, гліняныя і каменныя фігуркі ў раёне Мопці). У вёсках здаўна будуюць хаціны з сумесі гліны і саломы (банка), пераважна круглыя ў плане, на каркасе з жэрдак, без акон, з нізка навіслым саламяным дахам. У гарадах жытлы часцей прамавугольныя, з перакрыццем з бамбуку, цыновак і лісця. У горных раёнах у народа дагон вёскі ўмацаваныя, жытлы прамавугольныя, з плоскімі дахамі, свяцілішчы з вежачкамі па вуглах. На Пн качэўнікі жывуць у палатках і круглых хацінах з цыновак ці скур. У дзяржавах, што існавалі на тэр. М. ў 11—16 ст., развівалася горадабудаўніцтва; гарады Ніяні, Гао, Тамбукту, Джэне і інш. з няправільнай сеткай вуліц, умацаваныя сценамі, забудоўваліся грамадскімі будынкамі (палац у Тамбукту, 14 ст., арх. Эс-Сахелі), мячэцямі з верт. цягамі на сценах і характэрнымі канічнымі мінарэтамі (у Джэне). Жылыя дамы з гліны ці банка, пераважна прамавугольныя ў плане, плоскія земляныя пакрыцці насцілаюцца на бэльках, сцены ўмацаваны Магутнымі верт. цягамі ці падзелены на кесоны, што ўтвараюць знешні каркас будынка, фасады завершаны закругленымі зубцамі ці мініяцюрнымі вежачкамі. З прыходам каланізатараў у гарадах пачалі будаваць на еўрап. ўзор (саборы, адм. будынкі, асабнякі), а таксама глінабітныя жытлы-баракі з драўлянымі жалюзі. З 1950-х г. у будаўніцтве выкарыстоўваюць жалезабетон, пластыкі і інш. З маст. рамёстваў у М. здаўна развіта разьба, якой аздабляюць рэчы з дрэва (табурэткі, дзверы, талеркі, грабяні), вырэзваюць рытуальныя маскі, фігуркі людзей, жывёл. Пашырана ліццё з медзі, выраб рэчаў са скуры змей і кракадзілаў (сумкі, рамяні), шкур пантэр і леапардаў, керамічнага посуду; тканін з геам. арнаментам. З 1960-х г. фарміруецца прафес. мастацтва (жывапісец Б.Кейта). Старыя ч. гарадоў Джэне і Тамбукту ўнесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Малі.Да арт.Малі. Тыповае вясковае жыллё.Да арт.Малі. Рака Нігер каля г. Сегу.Да арт.Малі. Папайя — адна з пашыраных трапічных культур.Да арт.Малі. Горад Тамбукту.Да арт.Малі. Мячэць у г. Джэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).