ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак.Пл. 360 тыс.км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 ммза год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ржаўка. На аўтадарозе Рагачоў—Буда-Кашалёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 85 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Жлобін. 1145 ж., 471 двор (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 18 ст. У 1880 мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ.; 820 ж., 130 двароў, царква, нар. вучылішча, яўр. малітоўная школа, 3 крамы, 2 кірмашы ў год. Належаў Драбышэўскім, Дашкевічам, Судзілоўскім. З 1924 цэнтр Гарадзецкага раёна і сельсавета, з 1927 у Рагачоўскім р-не. Перад Вял. Айч вайной 1319 ж., 240 двароў. У снеж. 1943 ням.-фаш. акупанты часткова спалілі вёску і загубілі 181 жыхара. У 1970 — 1046 ж., 331 двор.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛА́ЧЫК ЖО́ЎТЫ (Nuphar),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца звычайны гарлачык жоўты жоўты, або жоўтая вадзяная лілея (N. lutea), і вельмі рэдкі гарлачык жоўты малы (N. pumila), занесены ў Чырв. кнігу. Растуць у азёрах, вадасховішчах, у рэках з павольнай плынню на глыб. да 2 м, нярэдка ўтвараюць зараснікі. Вядомы міжвідавыя гібрыды.
Шматгадовыя бессцябловыя травяністыя расліны з моцным тоўстым гарыз. карэнішчам і плаваючым на паверхні вады авальна-эліптычным, глыбока-сэрцападобным скурыстым лісцем на доўгіх чаранках. Кветкі адзіночныя, двухполыя, жоўтыя ці аранжавыя, з моцным пахам, дыяметрам да 2—5 см, на доўгіх кветаножках. Плод — падобная на гарлачык (адсюль назва) шматнасенная мясістая зялёная ягада. Лек., кармавыя і дэкар. расліны. Карэнішча мае ядавіты алкалоід нуфарын, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёныз масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ (Павел Арсенавіч) (11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),
украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 зарэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў зрус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,
12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам зВялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайна хрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 10—13.2.1954 у Мінску. Прысутнічала 745 дэлегатаў з рашаючым і 68 з дарадчым голасам ад 130 026 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КПБ. З’езд падвёў вынікі выканання планаў эканам. і культ. развіцця БССРза 3 гады пяцігодкі, адзначыў поспехі і прааналізаваў недахопы. Абавязаў парт. органы накіраваць усе сілы на датэрміновае выкананне плана 5-й пяцігодкі, ажыццявіць рашэнні вераснёўскага (1953) пленума ЦККПСС па пытаннях сельскай гаспадаркі. Выбраў ЦККПБ у складзе 125 чл. і 74 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБз 35 чл.
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXI з’езду КПБ. Мн., 1954;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п.Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛОБ,
тып бел.нар. лялечнага т-рабатлейка. Найб. быў пашыраны на Віцебшчыне ў 17—19 ст. Спалучаў статычную лялечную панараму з рухомым т-рам ценяў. Паказы адбываліся на Каляды, звязаны зрэліг. святам нараджэння Хрыста. На Віцебшчыне словам «Ж.» наз. яслі для кармлення жывёлы; паводле падання, Хрыстос у час пакланення вешчуноў ляжаў у яслях.
Знешне Ж. нагадваў макет 2-яруснай 3-купальнай царквы. Ніжні ярус меў 3 нішы-аддзяленні. У сярэдняй, са шклянымі дзверцамі. у час паказу запальвалі свечку і статычная лялечная мізансцэна адлюстроўвалася на задняй люстраной сценцы. Аддзяленні, дзе адбывалася дзеянне (верхні ярус і бакавыя нішы ніжняга), заклейваліся прамасленай паперай — экранамі, за якімі ставілі вяртушкі (рухала іх цяпло ад запаленай свечкі або батлейшчык) з сілуэтамі. Паказы нараджэння Хрыста і пакланення яму вешчуноў суправаджаліся спяваннем псальмаў і кантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,
асабліва небяспечнае дзярж. злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.