АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАВІКІ́,

прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас. рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв. рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.

Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.​Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.​Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.​Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, С.​Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.​Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.​Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.​М.​Семянтоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​І.​Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.​Л.​Пахілевіча, З.​Ю.​Капыскага, П.​Р.​Казлоўскага, А.​П.​Грыцкевіча, Я.​К.​Анішчанкі, Л.​А.​Малчанавай, К.​У.​Скурата, польскіх даследчыкаў Л.​Калянкоўскага, У.​Пацехі, Р.​Мяніцкага, В.​Кулі, С.​Александровіча, Г.​Дунін-Вансовіч, Я.​Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.​Р.​Буткову, Дз.​І.​Празароўскаму, Ф.​І.​Петрушэўскаму, А.​І.​Нікіціну, І.​І.​Каўфману, Л.​У.​Чарапніну, В.​Л.​Яніну, Б.​А.​Рыбакову, А.​І.​Каменцавай, М.​А.​Шасцьіну, І.​Э.​Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАВЫ,

баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл. Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл. Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл. Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус. правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.

Літ.:

Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];

Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];

Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг. М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,

вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.​Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч. тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ва Кітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.​Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс. чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас. ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл. Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.​І.​Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл. Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.​М.​Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд. ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг. Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Тайны русско-японской войны. М., 1993;

О.​Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;

Игнатьев А.В. С.​Ю.​Витте — дипломат. М., 1989.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАЗНАЎСТВА

На Беларусі гэты кірунак развіваецца з 1930-х г., з часу заснавання ў АН Беларусі Фіз.-тэхн. ін-та (1931), дзе даследаваліся рэкрышталізацыя металаў і іх стомленасць. У пасляваенны час у АН Беларусі створаны Фіз.-тэхн. сектар, у 1947 на яго аснове адноўлены Фіз.-тэхн. ін-т, дзе пад кіраўніцтвам К.​В.​Горава і С.​І.​Губкіна праведзены шырокія даследаванні па металазнаўстве. Вывучаны працэсы крышталізацыі высокатрывалых чыгуноў з шарападобным графітам, уплыў на іх структуру і ўласцівасці хім. саставу і тэрмічнай апрацоўкі, фазавыя раўнавагі ў трайных сістэмах жалеза—вуглярод—крэмній. Унесены значныя змены ў метастабільную дыяграму стану жалеза—вуглярод—крэмній (Л.​Р.​Дудзецкая, Л.​А.​Шаўчук).

Даследуюцца гарачатрываласць і гарачаўстойлівасць сплаваў на жалезнай і нікель-хромавай аснове, уплыў на іх структуру і ўласцівасці легіравальных элементаў і тэрмічнай апрацоўкі (Р.​П.​Гарэцкі, Л.​І.​Шведаў); разумацавальныя працэсы (адпал, рэкрышталізацыя) у дысперснацвярдзеючых сплавах. Працэсы плаўлення і зацвердзявання металаў вывучаліся пад кіраўніцтвам А.-В.​Т.​Вейніка яго вучнямі Г.​А.​Анісовічам, Я.​І.​Маруковічам, В.​І.​Тутавым. Распрацаваны і рэалізаваны тэхналогіі ліцця намарожваннем, цэнтрабежнага ліцця, гарыз. накіраванага ліцця ў водаахаладжальныя метал. формы, какільнага ліцця з рэгулюемым паветраным ахаладжэннем і абсталяванне для машынабуд. прадпрыемстваў.

Пад кіраўніцтвам К.​В.​Горава і М.​М.​Бадзякі даследаваліся фазавыя раўнавагі, структура і ўласцівасці сплаваў на аснове жалеза, тытану і алюмінію; створаны тэхнал. асновы атрымання кампазіцыйных і гарачатрывалых матэрыялаў метадам накіраванай крышталізацыі (Г.​У.​Купчанка, Л.​М.​Несцяровіч); мартэнсітна-старэючых сталей (В.​М.​Алефірэнка, С.​А.​Астапчык, Г.​Б.​Ярашэвіч), тытанавых сплаваў (А.​І.​Гардзіенка, В.​В.​Івашка, А.​А.​Шыпко). У 1960 у Фіз.тэхн. ін-це пачаты металазнаўчыя даследаванні структуры і ўласцівасцей тонкіх плёнак пры крышталізацыі ў вакууме і ў (працэсе тэрмічнага адпалу (Л.​І.​Гурскі, М.​У.​Румак, В.​П.​Севярдэнка, Э.​І.​Тачыцкі). Вывучана структура халоднадэфармуемых сталей і сплаваў (С.​І.​Губкін, Л.​І.​Гурскі, М.​І.​Калачоў, Я.​М.​Макушок, В.​П.​Севярдэнка, Э.​І.​Тачыцкі), працэсы рэкрышталізацыі адпалу (С.​А.​Астапчык, А.​І.​Гардзіенка, Л.​М.​Грэскі, Г.​Б.​Ярашэвіч), у т. л. з выкарыстаннем індукцыйнага і электракантактнага награвання (С.​А.​Астапчык, М.​М.​Бадзяка, Л.​С.​Касмовіч, С.​М.​Кашулін). Асновы ультрагукавой апрацоўкі металаў і сплаваў закладзены ў працах У.​У.​Клубовіча, В.​П.​Севярдэнкі, А.​В.​Сцепаненкі. У Бел. нац. тэхн. ун-це даследаваны новыя працэсы хім.-тэрмічнай апрацоўкі: дыфузійнага насычэння сталей рознымі элементамі (барыраванне, сіліцыраванне, храміраванне і інш.), тэорыя дыфузійнага насычэння (Л.​Р.​Варашнін, Л.​С.​Ляховіч, Ф.​І.​Панцялеенка, Б.​М.​Хусід); уплыў розных мадыфікаваных дамешкаў у працэсе крышталізацыі на структуру і ўласцівасці мадыфікаваных сплаваў на жалезнай і алюмініевай аснове (М.​З.​Лубенскі, П.​А.​Пархуцік, Дз.​М.​Худакормаў). У Бел. дзярж. навук.-вытв. канцэрне парашковай металургіі праведзены комплекс работ па кампазіцыйных парашковых сплавах рознага функцыянальнага прызначэння, спосабах іх атрымання і апрацоўкі (П.​А.​Віцязь, Я.​А.​Дарашкевіч, У.​С.​Івашка, А.​П.​Ласкаўнёў, А.​У.​Роман, В.​К.​Шэлег). Даследаванні праводзяцца таксама на мінскіх аўтамаб., трактарным з-дах, БелАЗе і інш.

Літ.:

Ляхович Л.С., Ворошнин Л.Г. Борирование стали. М., 1967;

Северденко В.П., Точицкий Э.И. Структура тонких металлических пленок. Мн., 1968;

Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;

Бодяко М.Н., Астапчик С.А. Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977;

Гордиенко А.И., Шипко А.А. Структурные и фазовые превращения в титановых сплавах при быстром нагреве. Мн., 1983;

Инженерная теория пластичности. Мн., 1985;

Купченко Г.В., Нестерович Л.Н. Структура и свойства эвтектических композиционных материалов. Мн., 1986;

Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998;

Ласковнев А.П. Композиционные материалы на основе порошковых сплавов алюминия. Гомель, 2002.

С.​А.​Астапчык, А.​І.​Гардзіенка.

т. 18, кн. 2, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 1944—50-х гадоў.

Гэты перыяд быў прынцыпова важным для развіцця горадабудаўніцтва і архітэктуры. Ён звязаны з фарміраваннем комплексу рознаўзроўневых праблем, ідэй і канцэпцый, што залежалі ад паліт., сацыяльна-эканам., ідэйна-маст. і тэхн. умоў. У гэты час актыўна вялося пасляваеннае аднаўленне гарадоў і вёсак. Пры распрацоўцы новых генпланаў (Мінска і інш.) намеціўся падыход да вызначэння гал. горадабудаўнічай канцэпцыі — увасабленне ўсімі магчымымі сродкамі пафасу вялікай Перамогі, узвелічэнне здзейсненага народам подзвігу. У рэчышчы гэтай эстэтыкі праектавалася і забудоўвалася 1-я чарга гал. магістралі Мінска — вул. Савецкай (сучасны праспект Ф.​Скарыны). Архітэктурна-маст. аблічча гэтага ансамбля сведчыць пра ўрачыстую манументальнасць, параднасць, мажорную прыўзнятасць усёй забудовы, дзе кожны будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры. Плошчы, бульвары, курданёры і разрывы паміж будынкамі ствараюць разнастайнасць, рытмічны лад і змену ўражанняў. У жніўні 1944 у Мінску працавала спец. камісія камітэта па справах архітэктуры пры СНК СССР, якая распрацавала схему новай планіроўкі горада («Эскіз планіроўкі Мінска», арх. А.​Шчусеў, М.​Колі, А.​Мардвінаў, У.​Сямёнаў, Б.​Рубаненка, І.​Лангбард); сярод распрацоўшчыкаў «Эскіза» быў і бел. архітэктар Н.​Трахтэнберг. Былі ўнесены прынцыповыя ідэі-прапановы па стварэнні радыяльна-кальцавой планіровачнай структуры горада, дзе гал. месца адводзілася цэнтральнай гар. магістралі вул. Савецкай (напрамак усход—захад) і перпендыкулярна ёй — вул. Леніна (напрамак поўнач—поўдзень) — другому дыяметру горада. У паўд.-ўсх. частцы горада прадугледжвалася размяшчэнне прамысл. зоны (фарміраванне пачалося перад вайной), дзе знаходзіліся буйныя прадпрыемствы. Уздоўж р. Свіслач планавалася стварыць суцэльны зялёны масіў, утвараючы паркавую і рэкрэацыйную зоны — рэзервуар чыстага паветра. Далейшыя распрацоўкі генпланаў Мінска і інш. гарадоў імкнуліся захаваць пераемнасць папярэдніх. Роля горадабудаўніцтва ў пераўтварэнні гарадоў стала найб. важным заваяваннем сав. архітэктуры. Праблема ансамблевасці разглядалася як сродак стварэння прынцыпова новага аблічча горада. Горадабудаўнічыя ідэі ансамблевасці ўключалі ў маст. адзінства не толькі грамадскія будынкі, а і жылыя фарміраванні. Сярод распрацоўшчыкаў генплана Мінска (рэдакцыя 1946) бел. праекціроўшчыкі М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг, інж. К.​Іваноў, Р.​Абразцоў, В.​Талмачоў. У выніку шматлікіх конкурсных спаборніцтваў дойлідаў у 1948 прыняты да рэалізацыі праект планіроўкі і забудовы цэнтр. раёна горада (аўтары арх. Г.​Баданаў, У.​Кароль, М.​Асмалоўскі, М.​Паруснікаў). Праектаванне і будаўніцтва праспекта Ф.​Скарыны — яркая старонка сав. горадабудаўніцтва. Вялікая ўвага звярталася на маст.-вобразны бок архітэктуры, у большасці выпадкаў яе разглядалі з пазіцыі мастацтва. Тэндэнцыя пошуку архітэктурна-маст. вобразнасці паступова набывала супярэчлівы характар (калі архітэктуру аздаблялі архітэктурай). Імкненне дасягнуць маст. ўзроўню за кошт «класікі» прывяло да неадэкватнасці формы, функцыі, зместу і тэктонікі збудаванняў. На гэтым этапе пачала пераважаць выяўленчасць у архітэктуры, якая стала істотным іманентным сродкам маст. формы, накіраванай на ідэйна-эмацыянальнае мадэліраванне сац. асяроддзя. Найбольшае пашырэнне атрымаў аплікатыўны тып архітэктуры (з канструктыўна пасіўнай выяўленчай формай), напр., «прыстаўка» класічнага порціка як дэкаратыўна-знакавага дапаўнення, а таксама спалучэнне класічнага ордэра з выкарыстаннем дэкору, запазычанага з народна-прыкладнога мастацтва (арнаментыка раслінных матываў са знакамітых слуцкіх паясоў). Архітэктары супрацоўнічалі з мастакамі (мастак-кераміст М.​Міхалап і інш.). Сярод значных будынкаў грамадскага прызначэння: у Мінску — галоўны паштамт (арх. А.​Духан, У.​Кароль), адм. будынак і дзярж. банк (арх. М.​Паруснікаў), Палац прафсаюзаў (арх. У.​Яршоў), цэнтр. тэлеграф (арх. А.​Духан, У.​Кароль); ансамбль забудовы вул. Кірава ў Віцебску (арх. В.​Гусеў, В. і А. Данілавы), драм. тэатр у Гомелі (арх. А.​Тарасенка). Архітэктура гэтых будынкаў заснавана на прынцыпах выкарыстання класічных форм і кампазіцый. К сярэдзіне 1950-х г. гіст. формы ўступілі ў супярэчнасць з нарастаючымі тэмпамі і павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва. Асэнсаванне гэтай праблемы прывяло да адмаўлення ад прыярытэтных гал. фасадаў будынкаў, што выходзілі на магістралі; пачалася карэнная перабудова архітэктурна-праектнай справы, архітэктура ўступіла ў новую стадыю свайго развіцця.

Жылы дом на вул. Мяснікова ў Мінску. 1950-я г. Фота 2004.

т. 18, кн. 2, с. 644

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НЦЫ (саманазва українці),

народ усходнеславянскай моўнай групы, асн. насельніцтва Украіны (35,7 млн. чал., 2002). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 237 тыс. чал. (перапіс 1999), Балтыі, Канадзе, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Венгрыі і інш. Агульная колькасць 46 млн. чал. (1992). Гавораць на ўкраінскай мове. Вернікі праваслаўныя, католікі, уніяты.

Традыц. сялянскае жыллё — хата, пераважна з 2-, радзей 3-камернай планіроўкай, глінабітнай падлогаю, 4- ці 2-схільнай (Палессе) саламянай страхою. Як правіла, хата звонку і ўнутры пабеленая. Двор уключаў адну ці некалькі гасп. пабудоў. Жаночы касцюм складаўся з вышытай кашулі, да якой у прахалоду дадавалі безрукаўкі, паяснога адзення — запаскі, плахты, з 19 ст. спадніцы. Жанчыны насілі чапцы, пакрывалі іх наміткаю або хусткаю. Дзяўчаты ўпрыгожвалі галовы кветкамі, вянкамі з папяровых кветак, рознакаляровымі стужкамі. Мужчыны насілі кашулі і штаны (на Палессі і ў Карпатах вузкія, на астатніх тэрыторыях тыпу шаравараў), іх галаўныя ўборы — брылі, войлачныя лямцавыя* ці барановыя шапкі. У халодную пару мужчыны і жанчыны апраналі світку з даматканага сукна, зімою — кажухі. Цяпер традыц. адзенне набліжана да агульнаеўрап. касцюма.

У. ўзыходзяць да паўд. групы старадаўняга ўсх.-слав. моўнага адзінства, нашчадкамі якога з’яўляюцца таксама рускія і беларусы. Іх агульнай дзяржавай была Кіеўская Русь. Канчатковы этап фарміравання ўкр. (як і бел., і рус.) народнасці адносіцца да 14—15 ст. Са стараж. часоў у шырокіх кантактных зонах бел.-ўкр. памежжа адбываліся своеасаблівы абмен насельніцтвам, інтэнсіўныя культурна-быт. ўзаемаўплывы. З 14 ст. б.ч. ўкр. зямель уваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, У. разам з беларусамі і літоўцамі ўтваралі дзярж. этнас княства. Шэраг буйных магнацкіх родаў ВКЛ выводзілі свой радавод з Украіны ці мелі там гал. родавыя маёнткі: Астрожскія, Вішнявецкія, Тышкевічы, Хадкевічы, Чартарыйскія і інш. Мова стараўкр. актаў 15 ст. з Валыні і Галіцыі практычна мала адрознівалася ад тагачаснай бел. мовы. Пісьменства і кніжнасць У. і беларусаў развівалася разам. Агульным здабыткам укр. і бел. народаў 16—17 ст. з’яўляюцца кнігадрукаванне і літ. дзейнасць брацтваў, палемічная літаратура, патрыстыка і інш. Шэраг выдатных дзеячаў культуры таго перыяду (Л. і С. Зізаніі, М.​Сматрыцкі, С.​Косаў, І.​Казлоўскі, Хрыстафор Філалет і інш.) былі адначасова ўкр. і бел. пісьменнікамі. У. і беларусы разам удзельнічалі ў казацка-сял. паўстаннях канца 16—17 ст. У 1569 укр. землі ВКЛ адышлі ў склад Польскага каралеўства (гл. Люблінская унія 1569). З сярэдзіны 18 ст. Украіна далучана да Рас. імперыі. З 1922 саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1991 абвешчана незалежная Украіна.

На Беларусі вылучаюць 2 групы У.: выхадцы з Украіны і аўтахтонныя жыхары Бел. Палесся.

Этн. межы рассялення У. і беларусаў былі заўсёды невыразныя, што з развіццём этнагр. навукі з 19 ст. выклікала ў даследчыкаў цяжкасці ў гэтым пытанні. Асабліва складана правесці мяжу ў Зах. Палессі, якое з’яўляецца стараж. зонай слав. засялення і доўгі час захоўвала архаічныя рысы ў культуры і нац. побыце, вызначалася этн. неразмежаванасцю. Этн. самасвядомасць палешукоў характарызавалася прыналежнасцю як да ўсх. славянства, так і да пэўнай усх.-слав. этнагр. групы. Адна з найб. значных такіх груп — брэсцка-пінская (загародская) этнагр. група, у якой у параўнанні з інш. палескімі групамі на тэр. Беларусі ў гаворцы і самасвядомасці праяўляюцца рысы «ўкраінскасці». Саманазвай для палешукоў доўгі час з’яўляўся агульны для ўсх. славян этнонім рускія (руськы). Перапісы 19 ст., якія праводзілі чыноўнікі па губернях, даюць супярэчлівыя і недакладныя звесткі пра колькасць У. на Палессі. У 1850—70-я г. афіц. рас. ўлады адносілі да У. (маларосаў, маларасіян) карэннае ўсх.-слав. насельніцтва Бельскага, Брэст-Літоўскага, Кобрынскага, Пінскага, Пружанскага і значнай ч. Мазырскага паветаў. Паводле дзярж. перапісаў у канцы 19 і пач. 20 ст. таксама цяжка меркаваць пра дакладны склад ўсх.-слав. насельніцтва гэтага рэгіёна: перапісчыкі пераважна ігнаравалі пытанне аб нац. прыналежнасці і роднай мове і запаўнялі анкеты найчасцей згодна з інструкцыяй афіц. улад. Так, паводле перапісу 1897 у паўд. паветах Гродзенскай і Мінскай губ. «маларосаў» (У.) было: у Бельскім 64 256 (39,1%), у Брэст-Літоўскім 140 561 чал. (64,4%), у Кобрынскім 146 789 (79,6%), у Пружанскім — 9278 (6,7%), у Пінскім — 1423 (0,6%), у Мазырскім — 264 (0,2%). Паводле польскага перапісу 1921 «русіны» (назва У. паводле тагачаснай афіц. Польскай тэрміналогіі) складалі ў Драгічынскім пав. 3693 (5,8%), Брэсцкім — 2744 (2,4%), Кобрынскім — 2224 (3,5%), Лунінецкім — 1602 (1,8%), Пінскім — 339 (0,2%), Пружанскім — 112 (0,2%), Столінскім — 112 (0,2%). Паводле перапісу 1931 У. было: у Кобрынскім пав. 21 934 (19,3%), Брэсцкім 17 926 (8,3%), Столінскім — 2663 (2,1%), Драгічынскім 1493 (1,5%), Пінскім 1063 (0,6%), Пружанскім — 301 (0,3%), Лунінецкім — 264 (0,2%). У 1921—39 у Зах. Украіне і Зах. Беларусі развіццём укр. нац.-культ. руху кіравала грамадская арг-цыя «Просвіта». Сваёй дзейнасцю Зах. Палессе ахоплівала ўкр. паліт. арг-цыі «Сельраб», «Сельсаюз», Кампартыя Зах. Украіны і інш. На выбарах у польскі сейм 1922 укр. кандыдаты ў дэпутаты з Брэстчыны ўваходзілі разам з бел., яўр. і інш. кандыдатамі ў Блок нацыянальных меншасцей. У Сав. Беларусі паводле перапісу 1926 было 34 681 У. Да У. тады была аднесена частка карэннага насельніцтва некат. мясцовасцей Тураўска-Мазырскага Палесся: у Камарынскім р-не (цяпер у складзе Брагінскага р-на) — 4178 чал. (16,2% ад колькасці насельніцтва раёна), Нараўлянскім — 4256 (13,1%), Каралінскім (цяпер у складзе Ельскага і Лельчыцкага р-наў) — 1159 (4,3%). Туг існавалі 6 нац. укр. сельсаветаў: у Камарынскім р-не — Верхняжарскі (1933—37), Гдзенскі (1927—37), Лукаедаўскі (1927—37), Ніжняжарскі (1933—37), у Нараўлянскім р-не — Акопскі (1929—37) і Хаткаўскі (1931—37; укр.-ням.). Да 1950-х г. у вёсках і гар. пасёлках Зах. Палесся развівалася ўкр. маст. самадзейнасць. Паводле пасляваен. перапісаў дынаміка колькасці У. і іх доля сярод насельніцтва Беларусі была наступная: у 1959—133 061 чал. (1,7%), у 1970—190 839 (2,1%), у 1979—230 985 (2,4%), у 1989—291 008 (2,9%). Павелічэнне колькасці У. адбывалася пераважна за кошт перасяленцаў з Украіны і іх нашчадкаў, абсалютная ж большасць карэнных жыхароў Зах. Палесся была пазначана ў перапісах як беларусы. З канца 1980-х г. у сувязі з дэмакратызацыяй грамадскага жыцця пачалося і нац.-культ. адраджэнне У. Беларусі. Сталі стварацца ўкр. грамадскія арг-цыі, якія ставілі задачай адраджэнне і захаванне ўкр. культуры, мовы, гісторыі, традыцый. Найб. актыўна гэта адбывалася на Пд Брэстчыны, дзе паводле перапісу 1989 У. было больш за 60 тыс. чал. У 1990—99 дзейнічала Укр. грамадска-культ. аб’яднанне Брэсцкай вобл. «Берасцейшчына» (у 1991—97 выдавала газ. «Голос Берестейщини»), у 1995—99 грамадскае аб’яднанне «Просвіта Берасцейшчыны» імя Т.​Шаўчэнкі (у 1996—99 выдавала газ. «Берестейський край»). У 1990-я г. дзейнічалі таксама ўкр. арг-цыі «Кабзар» (Мінск), «Верховина» (Гомель) і інш. На 2002 зарэгістраваны: Украінскі навукова-пед. саюз «Берегиня» (Брэсцкая вобл., з 1997); Грамадскае аб’яднанне «Культурна-асветнае адзінства ўкраінцаў «Палесся» (Брэсцкая вобл., з 2000); Беларуская асацыяцыя У. «Ватра» (з 1991), якая аб’яднала арг-цыі «Краяні» (г. Маладзечна), «Саюз украінок» і «Обрій» (Калодзішчы Мінскага р-на), «Заповіт» (Мінск); грамадскае аб’яднанне «Цэнтр украінскай культуры «Січ» (з 1994); Гродзенскае культ.-асв. грамадскае аб’яднанне У. «Барвінок» (з 1997; 3 апошнія арг-цыі аб’ядноўваюць пераважна выхадцаў з Украіны).

Літ.:

Украинцы. М., 2000;

Черная Н.В. Украинское население России и СССР за пределами Украины (XVIII—XX вв.): Динамика численности и размещения // Расы и народы. М., 1991. Вып. 21;

Винниченко І. Українці Берестейщини, Підляшшя й Холмщини в першій половині XX ст.: Хроніка подій. Київ, 1997;

Шелюбская Т.Н. Украинская диаспора в Беларуси // Беларусачка. 1998. № 4—5;

Вабищевич А.Н. Из культурно-просветительской жизни украинцев в Западной Беларуси (1920—30-е гг.) // Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Мн., 2001;

Українське зарубіжжя: Бібліогр. покажчик літ. (1900 — грудень 1999 р.). Київ, 1999.

Ф.​Д.​Клімчук, І.​У.​Гунчык, Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТАРА́С НА ПАРНА́СЕ»,

сатырычна-гумарыстычная паэма; помнік бел. літаратуры 19 ст. Верагодна, напісана ў 1850-я г. Доўгі час распаўсюджвалася ў рукапісах, упершыню апубл. як ананімны твор у газ. «Минский листок» (№37 за 16.5.1889). Праблема аўтарства складаная. Выказваліся думкі, што паэма належыць пяру В.​Дуніна-Марцінкевіча ці А.​Вярыгі-Дарэўскага, але творчая манера гэтых пісьменнікаў далёкая ад манеры аўтара паэмы. Меркавалі, што паэму напісаў В.​Равінскі, з імем якога звязвалі паэму «Энеіда навыварат», або беглы дзекабрыст, які пад імем Яўхіма Крупенькі жыў у Клімавіцкім пав. на Магілёўшчыне. Большасць даследчыкаў аддавала перавагу меркаванню этнографа Е.​Р.​Раманава, што аўтар паэмы — адзін са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Былі падставы думаць. што паэма напісана якім-н. пецярбургскім літаратарам-беларусам, цесна звязаным з рус. літ. коламі. Перспектывы для даследчыкаў адкрыў спіс паэмы з паметай: «К.​Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок» (гл. Вераніцын К.В.). Апошнім часам паэма ўсё часцей друкуецца як аўтарскі твор Вераніцына. У снежні 2001 у г. Гарадок Віцебскай вобл. і на радзіме Вераніцына ў в. Астраўляны Гарадоцкага р-на ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы і яе верагоднага аўтара. Магчыма, у напісанні паэмы ўдзельнічаў гімназічны таварыш Вераніцына Я.Вуль.

Сюжэт твора — прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўшыся аднойчы ў пушчу, трапіў знянацку на Парнас — месца знаходжання багоў і паэтаў. Некат. вонкавымі адзнакамі твор прымыкае да травесційных паэм (гл. Бурлеска), да «Энеіды навыварат». Але зніжэнне вобразаў стараж. багоў і герояў і барацьба з эстэтыкай класіцызму не гал. мэта аўтара. У паэме даецца яскравая, напоўненая мноствам рэалій карціна побыту бел. сялян. З вял. сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса — адзін з першых рэаліст. вобразаў чалавека з народа ў бел. л-ры. Другая важная тэма — адлюстраванне становішча ў рус. л-ры сярэдзіны 19 ст., барацьбы перадавога і рэакц. кірункаў у ёй. Гэтаму прысвечана сцэна ўзыходжання пісьменнікаў на Парнас. Сімпатыі аўтара цалкам на баку перадавых пісьменнікаў, якія вызначалі сваёй творчасцю развіццё л-ры. Сваёй эстэт. сістэмай, дэмакр. сутнасцю паэма скіравана супраць эстэтыкі афіц. народнасці, супраць булгарынскай псеўданар. эстэтыкі. У паэме сатыр. выпады супраць славянафільскай ідэалізацыі патрыярхальнага побыту, адмаўленне сентыменталізму, уласцівага некат. творам тагачаснай бел. л-ры. Паэма адстойвала сапраўдную народнасць л-ры, сцвярджала неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Твор напісаны 4-стопным ямбам пушкінскай школы, у аснове мовы — усх.-бел. гаворкі, якімі аўтар валодае віртуозна. Адчуваецца цесная сувязь з фальклорам, нар. гумарыстычным апавяданнем. Вялікую ролю адыгрываюць нар. параўнанні, выслоўі, устойлівыя звароты. Арыгінальным сюжэтам, высокім узроўнем маст. дасканаласці «Т. на П.» — якасна новая з’ява ў бел. л-ры. Яна адыграла вял. ролю ў станаўленні бел. літ. мовы, развіцці бел. л-ры, ва ўмацаванні дэмакр.рэаліст. кірунку ў ёй. Перакладзена на рус., укр., польск., англ. мовы.

Публ.:

Энеіда навыварат;

Тарас на Парнасе. Мн., 1982;

Тарас на Парнасе: Нар. паэма. Мн., 1998.

Літ.:

Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Шаўцоў П. Спрадвечнае. Мн., 1973;

Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978;

Яго ж. Разыскивается классик...: Пер. с бел. Мн., 1989;

Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. Мн., 1990. [Вып. 1.];

Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX ст. Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎ,

горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс. ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).

Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст. Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш. бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл. Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс. ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.​В.​Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял. Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).

Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.

паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх. І.​Р.​Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.​І.​Шэдэль і П.​І.​Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.​В.​Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.​П.​Антропаў і Р.​К.​Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.​Ф.​Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.​Дз.​Коўнір і П.​І.​Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.​І.​Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.​І.​Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.​І.​Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.​В.​Берэці, І.​В.​Штром, Спаро; размалёўкі В.​М.​Васняцова, М.​В.​Несцерава, М.​К.​Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.​А.​Шротэр), будынкі Музея ўкр. выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.​П.​Байцоў і У.​У.​Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.​В.​Кобелеў і А.​М.​Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі, П.​К.​Клот, арх. К.​А.​Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.​В.​Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.​І.​Грачына), помнік Т.​Р.​Шаўчэнку (1938, скульпт. М.​Г.​Манізер, арх. Я.​А.​Левінсон). У Вял. Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх. А.​В.​Уласаў, А.​У.​Дабравольскі, Б.​І.​Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш.), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.​І.​Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.​Дз.​Елізараў, Н.​Б.​Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.​А.​Марынчанка, І.​Г.​Вайнер, П.​Н.​Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1981, скульпт. Я.​В.​Вучэціч, В.​З.​Барадай, Ф.​М.​Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.​В.​Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л. Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л. Укр. т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.​Р.​Шаўчэнкі, гіст., укр. выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал. нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш. Рэсп. стадыён.

З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.​І.​Мурашкі створана маст. вучылішча.

Літ.:

Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;

Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;

Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.

Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.​Берэці, І.​Штром, П.​Спаро. 1862—96.
Плошча Незалежнасці ў Кіеве.
Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.​Р.​Шаўчэнкі.
Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.​Гарадзецкі. 1902—03.

т. 8, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)