раздзел фізікі, які вывучае ўласцівасці плазмы і працэсы, што адбываюцца ў ёй.
Даследуе працэсы, якія адбываюцца ў нізка- (т-ра менш за 108К) і высокатэмпературнай плазме. Асн. праблемы ў галіне высокатэмпературнай плазмы звязаны з распрацоўкай эфектыўных метадаў разагравання плазмы да т-р не менш за 108К і ўтрымання яе на час, неабходны для ўзнікнення тэрмаядзернай рэакцыі ў большай частцы рабочага аб’ёму плазмы. Ф.п. зорак і касм. прасторы вывучаецца ў астрафізіцы. Ф.п. даследуе таксама калектыўныя з’явы, што ўзнікаюць пад уздзеяннем самаўзгодненых эл. і магн. палёў, створаных аб’ёмнымі зарадамі і эл. токамі часціц плазмы. Рассейванне часціц на турбулентных флуктуацыях эл. поля абумоўлівае анамальна інтэнсіўныя пераносу з’явы (дыфузію, цеплаправоднасць і інш.), а таксама вядзе да турбулентнага разагрэву (гл.Плазмадынаміка, Плазменныя патокі). Даследаванні Ф.п. звязаны з праблемамі радыёфізікі, фізікі цвёрдага цела, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных сродкаў пераўтварэння энергіі, плазменнай тэхналогіі, кіравальнага тэрмаядзернага сінтэзу, а таксама з касм. даследаваннямі.
На Беларусі даследаванні Ф.п. пачаліся ў 1940-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі, сістэматычна вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах фіз. і фіз.тэхн. профілю Нац.АН, БДУ і інш. Пад кіраўніцтвам М.А.Ельяшэвіча і Л.І.Кісялеўскага прапанаваны метады атрымання нізкатэмпературнай плазмы, вывучаны працэсы ўзаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, развіты спосабы ўнутрырэзананснай спектраскапіі і рэзананснай флуарэсцэнцыі для дыягностыкі плазмы, распрацаваны плазменныя прыстасаванні для атрымання дэкаратыўных і ахоўных пакрыццяў на паверхні розных матэрыялаў, асновы тэхнал. працэсаў металізацыі высоканадзейных токаправодных сістэм электроннай тэхнікі.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987;
Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ЖЫЦЦЯ́,
1) «практычная філасофія», філасофія, арыентаваная на распрацоўку праблем сэнсу, каштоўнасці і мэты жыцця, пашырэнне этычных і прагматычных прынцыпаў паводзін. Да прадстаўнікоў Ф.ж. адносяць многіх дасакратыкаў (асабліва Эмпедокла) і стоікаў, М. дэ Мантэня, Ф. дэ Ларошфуко, ням. натурфілосафаў 16—17 ст. (Парацэльс, Я.Б.Гельмант), ірацыяналістаў 18 ст. (І.Г.Гаман і інш.), Ф.В.І.Шэлінга і інш. 2) Кірунак у зах.-еўрап. філасофіі канца 19—пач. 20 ст., у якім зыходным з’яўляецца паняцце «жыццё» як першасная рэальнасць, не тоесная ні духу, ні матэрыі. Узнікненне Ф.ж. выклікана імкненнем абгрунтаваць беспадстаўнасць рацыяналізму і абвергнуць прынцыпы метадалагізму і гнасеалагізму, што панавалі ў філасофіі на мяжы 19—20 ст. (пазітывізм, неакантыянства). Ідэйным папярэднікам Ф.ж. быў А.Шапенгаўэр, які сутнасцю свету лічыў «жыццё» як волю, што выяўляецца ва ўсіх падзеях Сусвету. Як цэласнае светаразуменне Ф.ж. аформілася ў працах Ф.Ніцшэ і А.Бергсона, якія сцвярджалі, што ў аснове свету ляжаць адпаведна «воля да ўлады» ці «жыццёвы парыў». У канцэпцыях В.Дзільтэя, О.Шпенглера, Г.Зімеля, і інш. «жыццё» выступае як культ.-гіст. вопыт цывілізацыі, дзякуючы якому выяўляецца яе непаўторнасць, унікальнасць. У тэорыі пазнання Ф.ж. арыентуецца на прынцыпы інтуітывізму і лічыць адпаведнымі формамі «жыццепазнання» інтуіцыю, міф, сімвалічнае і маст. пазнанне і інш. У тлумачэнні чалавечай гісторыі Ф.ж. прытрымліваецца прынцыпу культ.-гіст. плюралізму, стрыжнем якога выступаюць абгрунтаванне унікальнасці, своеасаблівасці асобных народаў і культур і адхіленне аб’ектыўных законаў у гіст. працэсе. Ідэі Ф.ж. развіваліся і інтэрпрэтаваліся ў экзістэнцыялізме, персаналізме, прагматызме і інш. кірунках зах.еўрап. філасофіі 20 ст.
Літ.:
Кутлунин А.Г. Немецкая философия жизни. Иркутск, 1986;
Ницше Ф. Соч.: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1990;
Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Мн.;
М., 2000;
Зиммель Г. Избранное: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1996;
Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Т. 4. СПб., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКФУРЦКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у ням. філасофіі і сацыялогіі ў 1930—70-х г.; адзін з варыянтаў неамарксізму. Склалася ў пач. 1930-х у г. Франкфурце-на-Майне (Германія) з цэнтрам у Ін-це сац. даследаванняў (у 1934—39 у Жэневе і Парыжы, у 1939—49 у ЗША). Гал. прадстаўнікі — Т.Адорна, В.Беньямін, Г.Маркузе, Э.Фром, Ю.Хабермас, М.Хоркхаймер. У філас.-сацыялагічнай «крытычнай тэорыі грамадства», запазычанай імі ў К.Маркса, крытычны падыход да буржуазнай культуры спалучаецца з ідэямі гегелеўскай дыялектыкі і псіхааналізу З.Фрэйда. Лічылі, што развіццё навукі і новай тэхналогіі аказвае рэпрэсіўнае ўздзеянне на культуру, прыводзіць да адчужэння чалавека ад грамадства, адрыву сац. адносін ад прыродных і канфлікту паміж імі, штурхае чалавецтва да «новага тыпу варварства» («Дыялектыка асветы» Адорна і Хоркхаймера, 1947). Пастаяннае імкненне да панавання над усімі і ўсім, маніпуляцыя свядомасцю мас і яе падпарадкаванне пануючай эліце прыводзяць да ўзнікнення «аўтарытарнай асобы» як сац.-псіхал. перадумовы фашызму (калект. праца «Аўтарытарная асоба», 1950). Г.Маркузе сцвярджаў, што ва ўмовах «аднамернага грамадства» з панаваннем рацыяналізму, масавай культуры, масавым падманам і немагчымасцю якой-н. апазіцыі сам чалавек, яго мысленне таксама становяцца аднамернымі («Аднамерны чалавек», 1964). Члены Ф.ш. зыходзілі з таго, што створаныя ў імя марксізму паліт. сістэмы нясуць такую ж адказнасць за дэгуманізацыю чалавечага існавання, як і тыя, што створаны капіталізмам; такая пазіцыя прывяла да ўзнікнення руху «новых левых», які асабліва актыўна дзейнічаў у 1960—70-х г. Выкарыстаная Ф.ш. метадалогія і канкрэтныя вынікі навук. даследаванняў паўплывалі на развіццё сац. філасофіі, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі ў ФРГ, ЗША, Францыі, Італіі і інш. краінах.
Літ.:
Рассел Б. История западной философии: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Маркузе Г. Одномерный человек: Пер. с англ.М., 1994;
Фромм Э. Бегство от свободы;
Человек для себя: Пер. с англ.Мн., 1998;
Оливер М. История философии: Пер. с англ.Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУКО́ (Foucault) Мішэль Поль (15.10.1926, г. Пуацье, Францыя — 25.6.1984),
французскі філосаф і культуролаг, прадстаўнік постструктуралізму. Д-р філасофіі (1961). Выкладаў ва ун-тах Клермон-Ферана, Ліля, Упсалы, Варшавы, Гамбурга, Венсена і інш., з 1970 — у Калеж дэ Франс. Аснову яго філасофіі складае пераасэнсаванне ўзаемаадносін унутры сістэмы «суб’ект — пазнанне — свет». Імкнуўся да пераадолення антрапалагічнай накіраванасці філасофіі. Сцвярджаў, што асн. характарыстыкі суб’екта (рацыянальнасць, сексуальнасць) і феномен суб’ектыўнасці ўвогуле — не вечныя і аб’ектыўныя, а гістарычна абумоўленыя, сацыяльна зададзеныя катэгорыі. Даследаваў інстытуты і механізмы іх распаўсюджвання і замацавання (царква, медыцына, права, мастацтва, сям’я і інш.). У процівагу традыц. гісторыі з яе кумулятыўнасцю і эвалюцыянізмам распрацаваў «археалагічны» метад (рэканструкцыя агульнага поля ведаў пэўнай гіст. эпохі і даследаванне ўмоў магчымасці іх узнікнення), заснаваны на ідэі перарыўнасці гіст. працэсу. У працы «Словы і рэчы» (1966) вылучаў 2 «разрывы» ў гісторыі еўрап. культуры і адпаведна 3 эпістэмы: рэнесансавую, класічную (з сярэдзіны 17 ст.) і сучасную (з пач. 19 ст.). Распрацаваў канцэпцыю ўладных адносін («генеалогію ўлады»), заснаваную на даследаванні ўзаемасувязі ўлады і ведаў, аналізаваў латэнтныя механізмы і інструменты, з дапамогай якіх улада, фарміруючы свядомасць індывіда, ажыццяўляе маніпуліраванне і дыктат над ім.
Тв.:
Бел.пер. — Чым ёсць аўтар // Фрагменты. 1997. № 1/2. Рус.пер. — Слова и вещи: Археология гуманит. наук. СПб., 1994;
Археология знания. Киев, 1996;
Воля к истине: По ту сторону знания, власти и сексуальности. М., 1996;
История безумия в классическую эпоху. СПб., 1997;
Рождение клиники. М., 1998;
История сексуальности — III: Забота о себе. Киев, 1998.
Літ.:
Делез Ж. Фуко: Пер. с фр.М., 1998;
Розин В.М. Опыт гуманитарного изучения творчества: (Эволюция взглядов М.Фуко) // Обществ. науки и современность. 2000. №3;
Ашкеров А.Ю. Политика и человеческое бытие в работах Мишеля Фуко // Человек. 2002. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО ШЫ МІН [Hô Chi Minh (сапр. імя Нгуен Тат Тхань) 19.5.1890, в. Кімліен, правінцыя Нгеан, В’етнам — 3.9.1969],
дзяржаўны і паліт. дзеяч В’етнама. Скончыў Нац. каледж у г. Хюэ. Выкладаў у навуч. установах г. Сайгон. У 1916—23 жыў у Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі. З 1917 чл.Франц.сац. партыі, з 1920 чл.Франц.камуніст. партыі. У 1923—24 у СССР, працаваў у Камуністычным інтэрнацыянале. У 1924 накіраваны Камінтэрнам у Кітай (у 1925 стварыў у г. Гуанчжоў Таварыства рэв. моладзі В’етнама). Пасля разрыву Камуніст. партыі Кітая з Гаміньданам (1927) вярнуўся ў СССР. У 1928—30 прадстаўнік Камінтэрна ў Сіяме (Тайланд). У 1930 арганізаваў у Сянгане (Ганконгу) устаноўчы з’езд Камуніст. партыі Індакітая (КПІК). За рэв. дзейнасць прыгавораны завочна франц. судом да смяротнага пакарання. У 1934—38 вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве. З 1938 у Яньані — сталіцы камуніст. раёнаў Кітая. У 1941 вярнуўся ў В’етнам і ўзначаліў патрыят. арг-цыю В’етмінь. У 1942—43 зняволены ў гамінданаўскай турме. Пасля абвяшчэння 2.9.1945 Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ) старшыня яе Часовага ўрада. З сак. 1946 прэзідэнт ДРВ, адначасова ў 1946—55 прэм’ер-міністр. у 1946—51 ген. сакратар ЦК КПІК. У 1951—60 ген. сакратар ЦК Партыі працоўных В’етнама, створанай на базе КПІК, у 1951—69 таксама старшыня ЦК ППВ. У 1950—54 узначальваў узбр. барацьбу супраць франц. каланізатараў, у 1960-я г. — барацьбу за аб’яднанне краіны. Пахаваны ў маўзалеі.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1979.
Літ.:
Афонин С.Н., Кобелев Е.В. Товарищ Хо Ши Мин. М., 1980;
Кобелев Е.В. Хо Ши Мин. 2 изд. М., 1983;
Хонг Ха. Хо Ши Мин в Стране Советов: Пер. с вьет. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНІПЧЫНЫ,
орган паліт. прадстаўніцтва бел.нац. руху ў зах. частцы Беларусі ў час польск. акупацыі 1919—21. Утворана 9—10.6.1919 на Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. У 1-ы склад прэзідыума ўвайшлі: К.Душэўскі (старшыня), М.Кахановіч (віцэ-старшыня), Я.Станкевіч, Б.Тарашкевіч, Я.Чарапук, святар Кушнеў, ксёндз М.Пятроўскі і інш. Выступала ў абарону сац. і нац. правоў бел. народа, спрыяла развіццю бел. школы, выдавецкай справы, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. Знаходзілася пад уплывам партыі бел. эсэраў. У паліт. дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР за незалежную і дэмакр.бел. рэспубліку. У 1919, калі Рада БНР фактычна не функцыянавала, прэтэндавала на ролю гал.паліт. цэнтра бел.вызв. руху. 2.8.1919 ініцыіравала стварэнне Бел.вайск. арг-цыі (пазней пераўтворана ў Беларускую вайсковую камісію), 15.7.1919 — выдавецкага т-ва «Веда», 22.9.1919 — бел. настаўніцкіх курсаў у Вільні. З 18.9.1919 выдавала інфарм. бюлетэнь рады лацінкай і кірыліцай (выйшла больш за 10 нумароў). У вер. 1919 у склад Рады кааптаваны прадстаўнікі ад Бел. настаўніцкага саюза ў Вільні, Бел.т-ва дапамогі ахвярам вайны, Віленскага Белнацкома, Віленскага саюза кааперацыі і інш. арг-цый: І.Канчэўскі, А.Карабач, Ф.Кушаль, В.Ластоўскі, Ф.Ярэміч і інш. 18.9.1919 у новы склад прэзідыума ўвайшлі Тарашкевіч (старшыня), Кахановіч, Карабач (віцэ-старшыні), Ластоўскі (сакратар), Ярэміч (скарбнік). На працягу сваёй дзейнасці Рада неаднаразова выступала з пратэстамі супраць рэпрэсій і рэквізіцый бел. жыхароў, арыштаў бел.нац. дзеячаў, закрыцця бел.навуч. устаноў з боку польск. акупац. улад. Ў пач. 1920-х г. з-за адсутнасці Тарашкевіча абавязкі старшыні выконваў Карабач. У гэты час у сувязі з моцным паліт. і адм. уціскам польскіх улад рада фактычна спыніла сваю дзейнасць. Спробы актывізаваць яе працу ў канцы 1920 — пач. 1921 поспеху не мелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл.Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСТО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага даведніка, у якім адлюстраваны лічбавыя паказчыкі выкарыстання моўных адзінак (афіксаў, словаформ, лексем, словазлучэнняў) у тэкставай выбарцы пэўнага аб’ёму. Да лічбавых паказчыкаў адносяць: частату ўжывальнасці пэўнай адзінкі; колькасць тэкстаў, у якіх выкарыстоўваецца пэўная моўная адзінка; частату ўжывальнасці мнагазначнай лексемы асобна для кожнага з яе значэнняў; частату выкарыстання слоў пэўнай часціны мовы; частату кожнай з першай тысячы самых ужывальных моўных адзінак і інш. Ч.с. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лексічных мінімумаў і напісанні вучэбных дапаможнікаў па мовах, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу, устанаўленні крытэрыяў моўнай нормы, вырашэнні тэарэт. пытанняў фанетыкі, лексікалогіі, граматыкі, стылістыкі пэўнай мовы, іх генет. або тыпалагічнай блізкасці. Першы Ч.с. на Беларусі — спіс найбольш частых слоў, ужытых у артыкуле «Рэалісты» Дз.І.Пісарава, складзены М.Г.Булахавым (1969). Найб. поўны паводле аб’ёму рэестравага матэрыялу і велічыні абследаванай тэкставай выбаркі «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.С.Мажэйкі і А.Я.Супруна (вып. 1—5, 1976—92), кожны выпуск якога пабудаваны на матэрыяле маст. прозы, публіцыстыкі, вуснай нар. творчасці, паэзіі, гутарковай мовы. Зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Мажэйкі (2003; 1801 тыс. словаўжыванняў) апрача матэрыялаў папярэдняга Ч.с. ўключае вынікі стат. аналізу дзелавых, навук., вучэбных і энцыклапедычных тэкстаў. Ч.с. ствараюць і на ЭВМ (падрыхтаваны «Частотны слоўнік словаформаў» П.Ф.Глебкі ў 2 т.). Да бел. Ч.с. у пэўнай ступені можна аднесці шэраг гіст. канкардансаў [поўны паказальнік слоў з ілюстрацыямі пэўнага літ. тэксту; напр., «Частотны слоўнік» (т. 10, 1992) у рукапісным «Канкардансе беларускай мовы XIX ст.» ў 11 т.] і слоўнікаў мовы пісьменнікаў, паколькі ў іх прадстаўлены і стат. параметры: «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—5, 1997—2003) і інш.
Літ.:
Алексеев П.М. Статистическая лексикография: (типология, составление и применение частотных словарей). Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ХМАТАЎ Аляксей Аляксандравіч (17.6.1864, г. Нарва, Эстонія — 16.8.1920),
рускі мовазнавец. Акад.Пецярб.АН (1894). Скончыў Маскоўскі ун-т (1887). У 1906—20 старшыня Аддз.рус. мовы і славеснасці, з 1909 праф.Пецярб. ун-та. Даследаваў слав. акцэнталогію, пытанні параўнальнай фанетыкі і граматыкі слав. моў, стараж. і сучасныя індаеўрап. мовы, фін. і мардоўскую мовы. Распрацаваў гіст. марфалогію рус. мовы. Заклаў асновы вывучэння летапісаў і тэксталогіі як навукі. Аўтар прац па гіст. фанетыцы («Даследаванні ў галіне рускай фанетыкі», 1893—94; «Да гісторыі гукаў рускай мовы», 1896—1903; «Нарыс найдаўнейшага перыяду гісторыі рускай мовы», 1915), марфалогіі і сінтаксісе («Курс гісторыі рускай мовы», 2-е выд., 1910—11; «Нарыс сучаснай рускай літаратурнай мовы», 1913; «Сінтаксіс рускай мовы», выд. 1925—27), дыялекталогіі, лексікаграфіі, гісторыі і сучаснай рус. мове, гісторыі ўсх. славян, стараж.-рус. л-ры, укр. і бел. мовах. Выдаў тэксты бел.-літ. летапісаў і хронік у серыі «Поўны збор рускіх летапісаў» (т. 17, 1907, з С.Л.Пташыцкім). Вял. ўвагу аддаваў Супрасльскаму спісу Беларуска-літоўскага летапісу 1446, зрабіў выснову пра яго рус. крыніцы. Запісваў фальклор у Барысаўскім пав. У 1914—15 чытаў у Петраградскім ун-це курс «Беларуская мова ў сучасных яе гаворках», дапамагаў Б.Тарашкевічу ў стварэнні «Беларускай граматыкі для школ». Перапісваўся з дзеячамі бел. навукі і культуры У.Дабравольскім, М.Доўнар-Запольскім, Я.Дылам, Я.Карскім, Е.Раманавым, П.Шэйнам і інш.
Тв.:
Разыскания о русских летописях. М., 2001.
Літ.:
Макаров В.И. А.А.Шахматов. М., 1981;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1. Мн., 1976;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981. С. 323—326;
Чамярыцкі В.А. Гістарыяграфія беларуска-літоўскага летапісання (дасавецкі перыяд) // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981.